Цяжка пераацаніць той уплыў, які аказала асоба Шырмы на Васіля Дзмітрыевіча. Відаць, мала хто ведае, што пасля заканчэння БДУ Васіль Дзмітрыевіч знаходзіўся пад магутным уплывам… рускай народнай творчасці! Падчас навучання ён сабраў багатую бібліятэку па рускім фальклоры, куды ўвайшлі як зборнікі саміх твораў, так і шматлікія навуковыя даследаванні па рускай фальклорнай спадчыне. І толькі пасля асабістага знаёмства з Рыгорам Раманавічам у светапоглядзе Васіля Дзмітрыевіча адбыўся пералом: ён адчуў, убачыў, ацаніў прыгажосць, унутранае багацце, вытанчанасць формы, душэўнасць гучання нашай роднай беларускай песні. Адчуў – і ўсё сваё сумленнае жыццё займаўся збіраннем, даследаваннем, выданнем і папулярызацыяй фальклору і этнічнай культуры беларускага народа.
З глыбокай павагай ставіўся Васіль Дзмітрыевіч да свайго Настаўніка, прысвяціўшы яму шэраг навуковых і навукова-папулярных прац, спіс якіх мы прапануем вам, чытачы, для самастойнага пошуку і азнаямлення. Адна з гэтых прац – "Вялікі беларус з-пад Белавежы” – заслугоўвае асаблівай увагі: яна змяшчае поўныя звесткі пра жыццёвы лёс і творчасць Рыгора Раманавіча, рарытэтныя фота з асабістага архіва В. Ліцьвінкі. Дадзеныя матэрыялы падрыхтавала Наталля Міхайлаўна Ліцьвінка, жонка Васіля Дмітрыевіча. Рэдкалегія "Дзьмухаўца” выказвае Наталлі Міхайлаўне падзяку за прадстаўленыя матэрыялы і дапамогу ў падрыхтоўцы рубрыкі.
Таццяна Марозава
Бібліяграфія (перайсці)
(у афармленні выкарыстанае фота з сямейнага архіву Шырмаў)