Чацвер, 31.10.2024, 10:00
Прывітанне, Госць

Беларускі культурны кантэкст

Яўген Андрэевіч Гарадніцкі – літаратуразнавец, літаратурны крытык, паэт. Нарадзіўся 29.07.1951 у мястэчку Ракаў Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў у 1977 годзе філалагічны факультэт БДУ. Працаваў у выдавецтвах БДУ і “Вышэйшая школа”. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Напрамкі даследаванняў: філасофская і эстэтычная праблематыка літаратуры, тэарэтычная паэтыка, метадалогія літаратуразнаўчага аналізу, нараталогія.

Аўтар звыш ста навуковых публікацый. Адзін з укладальнікаў біябібліяграфічнага слоўніка “Беларускія пісьменнікі” ў 6 тамах (1992 – 1995). Прымаў удзел у стварэнні персанальных энцыклапедый “Янка Купала” (1986), “Максім Багдановіч” (2011).

Асноўныя навуковыя працы аўтара:

  • Думка і вобраз: Праблема інтэлектуалізму ў сучаснай беларускай лірыцы (1986).
  • Сучасная паэзія і фальклор (1988; у сааўтарстве з Т. К. Чабан).
  • Мастацкі свет беларускай літаратуры ХХ стагоддзя (2005).
  • Беларускае літаратуразнаўства: канцэпцыі, метады, напрамкі (2006).
  • Паэтыка беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: Суб’ектна-аб’ектныя адносіны (2010).

Гл. таксама артыкул Я. А. Гарадніцкага “Працы Барыса Кормана ў беларускім літаратуразнаўчым кантэксце (да 90-годдзя з дня нараджэння вучонага)” ў кн. “Беларуская і руская літаратуры: тыпалогія ўзаемасувязей і нацыянальнай ідэнтыфікацыі : матэр. Міжнар. навук. канф. (Мінск, 18 – 19 красавіка 2012 года)” – Мінск : Права і эканоміка, 2012. – С. 68 – 73.

У тым ліку манаграфій “” (1986), “ “Паэтыка беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: Суб’ектна-аб’ектныя адносіны” (2010), раздзелаў у калектыўных манаграфіях і зборніках. Выступае з артыкуламі і рэцэнзіямі ў перыядычным друку. Адзін з аўтараў-укладальнікаў біябібліяграфічнага слоўніка “Беларускія пісьменнікі” ў 6 тамах (1992 – 1995). Прымаў удзел у стварэнні персанальных энцыклапедый “Янка Купала” (1986), “Максім Багдановіч” (2011). 

“НЕВЯДОМЫ” ДАСЛЕДЧЫК

(Барыс Корман і беларускае літаратуразнаўства)

 

Калі і акажацца, што камусьці з чытачоў вядома гэтае імя – Барыс Корман (а ў расійскіх літаратуразнаўчых працах яно апошнім часам сустракаецца ўсё часцей), дык затое, хутчэй за ўсё, выкліча пэўнае здзіўленне абазначаная ў падзагалоўку сувязь гэтага вучонага з беларускім літаратуразнаўствам. Сапраўды, якія адносіны мае выбітны расійскі тэарэтык і гісторык літаратуры да беларускай літаратуры і навукі пра гэтую літаратуру? Такое пытанне можа ўзнікнуць як у тых, хто знаёмы з асноўнымі працамі гэтага даследчыка, так і ў знаўцаў беларускага літаратурнага працэсу.

Менавіта таму і названы тут Барыс Корман “невядомым даследчыкам”, што ён невядомы, па сутнасці, як даследчык, які звязаны з беларускай літаратурай, з беларускім культурным кантэкстам. У той час як яго ў нейкім сэнсе можна назваць... беларускім літаратуразнаўцам! Так, гэта зусім не перабольшанне, тым больш не выдумка.

Але звернемся спачатку да фактаў больш вядомых, з якімі можа лёгка азнаёміцца кожны, хто зацікавіцца біяграфіяй выдатнага філогага.

Барыс Восіпавіч Корман нарадзіўся і даволі значны адрэзак свайго жыцця пражыў у Беларусі. Нарадзіўся ён 19 красавіка 1922 года ў г. Рэчыца Гомельскай вобласці. На жаль, мы вельмі мала ведаем пра гады, праведзеныя ім у Беларусі. Вядома толькі, што ён вучыўся ў Гомельскім педагагічным інстытуце, куды паступіў у 1939 годзе. Вайна перарвала вучобу юнака. На гэтым, як быццам, і абрываюцца яго непасрэдныя сувязі з роднай зямлёй, паколькі ў пасляваенны час навуковая і педагагічная дзейнасць Б. В. Кормана, стварэнне ім галоўных тэарэтычных і гісторыка-літаратурных прац адбывалася ў глыбіні Расіі. З 1950 па 1971 год Б. В. Корман працаваў у Барысаглебскім педагагічным інстытуце, дзе адбывалася яго станаўленне як глыбокага даследчыка, былі сфарміраваны яго асноўныя навуковыя канцэпцыі. Восенню 1971 года Б. В. Корман выбіраецца на пасаду загадчыка кафедры рускай і савецкай літаратуры Удмурцкага ўніверсітэта, які ў той час толькі адкрываўся. З гэтым універсітэтам у сталіцы Удмурціі Іжэўску звязаны апошнія гады жыцця і працы выдатнага вучонага-філолага. Памёр Б. В. Корман 2 сакавіка 1983 года.

Між тым Б. В. Корман мае непасрэдныя адносіны і да беларускага літаратуразнаўства, паколькі ён, як высветлілася апошнім часам, займаўся даволі грунтоўна на першым этапе сваёй навуковай дзейнасці даследаваннем беларускай літаратуры, у прыватнасці, творчасці Максіма Багдановіча. У 1950 годзе ім была абаронена кандыдацкая дысертацыя “Поэзия Максима Богдановича (творческий путь)”, былі і іншыя публікацыі пра беларускага класіка. Варта адзначыць, што гэта было наогул першае дысертацыйнае даследаванне творчасці Багдановіча. Таму Б. В. Кормана можна з поўным на тое правам аднесці да ліку багдановічазнаўцаў.

Апошнім часам і расійскімі даследчыкамі адзначаюцца сувязі Б. В. Кормана не толькі з беларускай зямлёй, але і беларускай літаратурай. Так, у артыкуле вядомага літаратуразнаўцы Б. Ф. Ягорава, які змешчаны ў якасці пасляслоўя да грунтоўнага тома тэарэтычных прац Б. В. Кормана, гаворыцца: “А стихия белорусского языка, белорусского фольклора, родная с детства, обусловила прочный интерес Б. О. Кормана к лирике и, в частности, к белорусской поэзии. он очень любил белорусскую литературу, горячо ее пропагандировал даже в личных беседах…”

Адным словам, матэрыял для навуковых пошукаў і даследаванняў па гэтай тэме – Барыс Корман і беларуская літаратура / літаратуразнаўства – надзвычай цікавы. Ён яшчэ чакае будучых даследчыкаў. Пакуль што не знойдзены тэкст дысертацыі пра М. Багдановіча, не сабраны і не вывучаны публікацыі Б. Кормана па беларускай літаратуры, якія былі ў перыядычным друку.

Выкажам спадзяванне на тое, што ў далейшым беларуская старонка навуковай дзейнасці Б. В. Кормана будзе прачытана належным чынам, будзе грунтоўна прааналізаваны і ацэнены ўклад гэтага вучонага ў беларускую навуку пра літаратуру. 

Яўген Гарадніцкі