Панядзелак, 09.12.2024, 03:20
Прывітанне, Госць

  Таццяна Лук'янава

Пра выданні юбіляра


Рыма Мадэстаўна Кавалёва – кандыдат філалагічных навук, фалькларыст, дацэнт кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аўтар шэрага кніг і шматлікіх навуковых артыкулаў па актуальных праблемах фалькларыстыкі.

 

Выбраныя навуковыя выданні

 

Абрысы рытуальна-магічнай сферы беларускага фальклору : зб. навук. артыкулаў / Р. М. Кавалёва. Мінск : Бестпрынт, 2005. – 183 с.

 


У артыкулах зборніка разглядаюцца некаторыя аспекты рытуальна-магічнай сферы беларускага фальклору, галоўным чынам, каляндарна-абрадавай паэзіі як адной з яе значных частак: гістарычныя карані ваджэння "казы” на Каляды, семантыка беларускіх калядных гульняў, нацыянальная спецыфіка масленічных песень, веснавыя абрадавыя песні і рытуальна-міфалагічны змест гукання вясны, мастацкі свет валачобных песень, песні абраду ваджэння і пахавання стралы, палескія абрады ваджэння Кусты (Куста) і Маі, міфалагічны падмурак купальскіх песень, жніўныя песні і інш.

 

Фалькларыстычны калейдаскоп : зборнік артыкулаў / Р. М. Кавалёва. Мінск : Бестпрынт, 2009. – 266 с.


У зборнік увайшло 29 артыкулаў, прысвечаных разнастайным праблемам фалькларыстыкі, прапануюцца новыя падыходы да разгляду фальклорных з’яў.

 

Жанравы код фальклорнай карціны свету : Няказкавая проза. Дзіцячы фальклор. Загадкі. Казкі / Р. М. Кавалёва, Т. В. Лук’янава. Мінск : Белпринт, 2012. – 122 с.

У аснове аўтарскага падыходу да вызначэння жанравых карцін свету палягае тэзіс, згодна з якім мастацкі свет твораў і жанравая карціна свету ўзаемазвязаныя, узаемазалежныя, але не тоесныя. Карціна свету – чысты феномен, які падлягае фенаменалагічнаму аналізу. Кожны жанр фарміруе сваю карціну свету, яе форма – эстэтычны аб’ект, якім з’яўляюцца фальклорныя творы з уласцівым ім мастацкім светам. Фальклорная карціна свету – гэта сукупнасць адрозных па шэрагу прыкмет жанравых карцін свету. Веданне гэтай акалічнасці дазволіла аўтарам прапанаваць тыпалогію карцін свету ў беларускай няказкавай прозе, дзіцячым фальклоры, загадках, казках.

 

Хто прадзе сярэбраныя ніці?.. : Фальклорныя падарожжы студэнтаў БДУ па Гомельшчыне / Р. М. Кавалёва. Мінск : Белпринт, 2013. – 152 с.


Жывую тканіну сусветнага фальклору замацоўваюць сярэбраныя ніці вусна-паэтычнай творчасці ўсіх зямных народаў. Канцы гэтых спрадвечных ніцей знаходзяцца на вастрыі лакальных этнічных традыцый. У кнізе на аснове запісаў першай паловы 80-х гадоў ХХ ст. расказваецца аб беларускім фальклоры, лакалізаваным ў трох раёнах Гомельшчыны – Хойніцкім, Петрыкаўскім, Жлобінскім.

 

Рыма Мадэстаўна – заснавальнік і ідэйны натхняльнік серыі зборнікаў навуковых артыкулаў "Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі”. У гэтым годзе рыхтуецца да выдання ўжо 10 выпуск.

 

 

Выбраныя вучэбна-метадычныя выданні

 

Беларуская вусна-паэтычная творчасць : вучэбна-метадычны комплекс. Мінск: БДУ, 2005. – 157 с.

Вучэбна-метадычны комплекс змяшчае праграму курса, модульны практыкум з распрацоўкай ключавых тэм, інфармацыйныя і метадычныя матэрыялы, неабходныя для мэтанакіраванага вывучэння курса беларускага фальклору, тэсты, заданні для самастойнай работы, тэматыку курсавых, дыпломных і навукова-даследчых работ.

 

Фальклорная практыка : метадычныя рэкамендацыі і праграма-аытальнік : вучэбны дапаможнік для студэнтаў 1 курса філалагічнага факультэта па спецыяльнасці 1-21 05 01 "Беларуская філалогія”, 1-21 05 02 "Руская філалогія”, 1-21 05 04 "Славянская філалогія” / Р. М. Кавалёва, В. В. Прыемка, Т. А. Марозава. Мінск : БДУ, 2008. – 151 с.

 

У дапаможніку прадстаўлены метады збірання фальклорных матэрыялаў, патрабаванні да іх запісу і правілы афармленя твораў для захавання ў архівах. Практыкантам прапануецца праграма-апытальнік, мэта якой – вызначыць напрамак работы па збіранні фальклору, аблегчыць працэс зносін з выканаўцамі і зафіксаваць асаблівасці фуекцыяніравання фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу ў розных рэгіёнах.

 

Лакальна-рэгіянальныя парадыгмы беларускага фальклору. Частка 1. Заходнепалескія куставыя песні : вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў філалагічнага факультэта. Мінск : БДУ, 2008. – 151 с.

 

Куставыя песні разглядаюцца ў каардынатах прасторы і часу беларускай традыцыйнай культуры. Вызначаюцца іх вытокі, сувязь са старажытнымі культамі, тыпалогія, склад, ідэйна-тэматычны змест, асаблівасці паэтыкі.

 

Масленічныя песні : метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял да правядзення фальклорнай практыкі студэнтаў 1 курса філалагічнага факультэта / Р. М. Кавалёва, В. В. Прыемка, Т. А. Марозава, А. Ф. Літвіновіч. Мінск : БДУ, 2008. – 40 с.




Адной з вартасцей гэтага выдання з’яўляецца ілюстрацыйны матэрыял – масленічныя песні ў запісах выкладчыкаў і студэнтаў.

 

Фалькларыстыка : метадычны дапаможнік для выкладчыкаў дысцыпліны "Фалькларыстыка” ў вышэйшых навучальных установах па спецыяльнасцях 1-21 05 01 "Беларуская філалогія”, 1-21 05 02 "Руская філалогія”, 1-21 05 04 "Славянская філалогія” / Р. М. Кавалёва, В. В. Прыемка. Мінск : РІВШ, 2009. – 72 с.

 

Метадычны дапаможнік распрацаваны з улікам агульнага выкладчыцкага вопыту фалькларыстаў кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Змяшчае разгорнуты план тэм, уключаных у тыпавую праграму "Фалькларыстыка”, спіс літаратуры і "Кароткі слоўнік фальклорна-этнаграфічных тэрмінаў”.

 

Карагодныя песні (карагоды) : метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял да правядзення фальк. практыкі студэнтаў 1 курса філалагічнага факультэта / Р. М. Кавалёва, Т. В. Лук’янава.  Мінск: БДУ, 2009. – 87 с.

 

У раздзеле «Праблемныя пытанні тэорыі і гісторыі карагодных песень» разглядаюцца наступныя пытанні: карагодныя песні – жанр або група жанраў? Што такое карагод? Карагоды – сфера экспрэсіўнага мастацтва; графіка карагодаў; вытокі карагодаў; семантычная трансфармацыя карагодаў. У раздзеле «Метадычныя рэкамендацыі». практыкантам прапануецца ўлічваць народную тэрміналогію (прыводзяцца прыклады) і разам з тым даваць навуковае азначэнне твораў, кіруючыся структурным прынцыпам (вылучаюцца песенныя, гульнявыя, танцавальныя карагоды) і функцыянальным (адзначаюцца каляндарныя, абрадавыя і пазаабрадавыя карагоды). Падаецца мадэль жанравага і фальклорна-этнаграфічнага апісання песень-карагодаў. У дапаможнік уключана праграма-апытальнік і дадатак з вытрымкамі з прац вядомых айчынных фалькларыстаў, якія займаліся збіраннем і вывучэннем песеннай традыцыі нашага народа, у тым ліку і карагоднай.

 Баладныя песні (балады) : метад. указанні і ілюстрацыйны матэрыял да правядзення фальклорай практыкі студэнтаў 1 курса філалагічнага факультэта / Р. М. Кавалёва [і інш.]; пад рэд. Р. М. Кавалёвай. Мінск: БДУ, 2010. – 100 с.

 

Праблемы баладазнаўства падаюцца ў прыкладном аспекце як навуковы і  метадычны падмурак палявой збіральніцкай працы студэнта-практыканта. Выданне забяспечана ілюстрацыйным матэрыялам, скампанаваным згодна з прынятай класіфікацыяй баладных песень, прадстаўленай у праграме фальклорнай практыкі студэнтаў-філолагаў. Раздзелы змяшчаюць даведачны матэрыял, праграму-апытальнік. Асобна вылучана тэма лёсу баладнага жанру ў літаратуры, пазначаны магчымыя тэмы навуковых курсавых работ.

 

Фальклорная няказкавая проза : метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял да правядзення фальклорнай практыкі студэнтаў 1 курса філалагічнага факультэта / Р. М. Кавалёва, Т. В. Лук’янава, В. С. Дзянісенка. Мінск: БДУ, 2012. – 115 с.

 

Актуальныя праблемы няказкавай прозы разглядаюцца ў форме пытанняў і адказаў. Проза сістэматызуецца ў адпаведнасці з вобласцю фальклору – дыскурсіўнай, наратыўнай, парэмійнай. Раздзелы змяшчаюць даведачны матэрыял, праграму-апытальнік.