Панядзелак, 09.12.2024, 03:05
Прывітанне, Госць

Маргарыта Латышкевіч

Што сніцца анёлам?..

Сапраўды, што? Наша сяброўка, паэтка, майстра і бард Ганна Чумакова (з вершамі якой вы зможаце пазнаёміцца ў рубрыцы "Дотык Паэзіі”) дае на гэтае пытанне свой адказ – паэтычным зборнікам.

У гэтай кнізе – цэлы калейдаскоп самых розных – рознакаляровых – вершаў. Радкі дужа шчырыя, дужа напеўныя; іх варта не проста чытаць, але прапяваць (што, трэба сказаць, у самой Ганны дужа добры атрымліваецца). Зборнік – гэта сапраўдны калейдаскоп пачуццяў, жыццёвых сітуацый. Пад любы настрой, пад любыя думкі, пад любы густ чытач здолее знайсці тут верш. Фактычна, перад намі – канструктыўны дыялог з чытачом, падчас якога сапраўды разумееш, што ты "не самотны, ты кнігу маеш”. Самы зваорт да чытачоў – "паважаныя, любыя” – паказальны. Любоў да свайго чытача – вялікая рэч, і заўжды знаходзіць водгук у сэрцах, скіроўвае да шчырых, сяброўскіх адносін.

Увогуле, сярод такой колькасці выбітных вершаў цяжка падабраць толькі адзін, бо кожны распачынае дыялог, наводзіць на роздум. Кожны папраўдзе цёплы і шчыры, а таксама – яркі, як калейдаскоп (вокладка адбівае напаўненне, так).

У адным са сваіх вершаў Ганна кажа пра "рамонкавы вырай” – нечаканы і пекны вобраз. На нашу думку, менавіта такі вырай і сняць анёлы. Але гэта, натуральна, толькі адно прачытанне, толькі адна каляровая карцінка, схопленая ў калейдаскопе.

А вы, шаноўныя чытачы, знойдзеце сваю.