Субота, 21.12.2024, 14:34
Прывітанне, Госць
 

Рыгор Раманавіч Шырма…

Гэтае імя залатымі літарамі ўпісана ў летапіс беларускай нацыянальнай культуры. Фалькларыст, этнамузыказнаўца, збіральнік, выдавец, рэдактар, інтэрпрэтатар і папулярызатар народнай песні, кіраўнік знакамітай на ўвесь свет музычнай капэлы. Ён пражыў доўгае жыццё, сумленна служачы свайму народу, ратуючы за справу адраджэння традыцыйнай культуры беларусаў, гучанне роднай мовы, захаванне народнай песні. Яго біяграфія і шматгранная дзейнасць неаднаразова станавіліся аб’ектам вывучэння як прафесійных даследчыкаў розных галін навук – фалькларыстаў, музыказнаўцаў, гісторыкаў, этнографаў, культуролагаў. Яго постаць натхняла аматараў беларускіх народнай лірыкі – кіраўнікоў і ўдзельнікаў мясцовай самадзейнасці, журналістаў, супрацоўнікаў музеяў, архіваў, бібліятэк. Аднак у гісторыі любога народа сустракаюцца настолькі маштабныя асобы, што кожнаму новаму пакаленню даследчыкаў раскрываюцца па-іншаму, чым папярэднікам, дэманструюць невядомыя старонкі біяграфіі і дзейнасці, адкрываюць новыя грані свайго таленту, застаючыся пры гэтым сціплымі людзьмі. Для Беларусі такім чалавекам з’яўляецца Рыгор Шырма, чыя шмагранная асоба паўплывала на станаўленне фалькларыстычнай школы ў БДУ.

У 2012 годзе беларуская грамадскасць адзначыла 120-гадовы юбілей з дня нараджэння Майстра. Мы, фалькларысты БДУ, наўздагон дадзенай падзеі ў рубрыцы "Асобы” нашага альманаха змясцілі матэрыялы, якія, мяркуем, будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў. Сярод іх – рарытэтныя фота з архіва сям’і Рыгора Раманавіча Шырмы, фота з архіва вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору БДУ, артыкулы вучня Р. Р. Шырмы Генадзя Цітовіча, якія ў рукапісным і машынапісным выглядзе захоўваліся ў вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору БДУ, а таксама вытрымкі з навуковых артыкулаў, змешчаных у зборніку "Фалькларыстычныя даследаванні: кантэкст, тыпалогія, сувязі” і прысвечаных асобе і шматграннай дзейнасці.Р. Шырмы.

Рэдкалегія выказвае шчырую падзяку ўнукам Рыгора Раманавіча Шырмы – Раману Расціслававічу і Аляксею Расціслававічу – за фота з сямейнага архіва.

Рубрыку падрыхтавала Таццяна Марозава, загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору БДУ

Творчая група: Вера Дзянісенка

Вольга Палукошка

У афармленні выкарыстанае фота з архіву ВНЛ беларускага фальклору