Панядзелак, 09.12.2024, 03:41
Прывітанне, Госць

Віншуе Таццяна Шамякіна


СЛОВА ПРЫВІТАННЯ ДА КАЛЕГІ

         Маё знаёмства з Рымай Мадэстаўнай Кавалёвай даўняе і прыемнае. Калі мы з ёй былі маладымі дацэнтамі, то працавалі на розных кафедрах, але ў 1970-1980-я гады факультэт быў невялікі, выкладчыкаў не так і шмат, усе адзін аднаго добра ведалі, намнога часцей сустракаліся, чым цяпер, – у прафесарскай, на агульных сходах, навуковых канферэнцыях. Гэта быў час, калі калектыў філфака адчуваў сябе сапраўды адзінай сям’ёй, а не раз’яднанымі вытворчымі адзінкамі. Мы шчыра хваляваліся пра выхаванне студэнтаў, пра іх будучае; гарэлі энтузіязмам, пастаянна прыдумлялі нейкія навацыі – ідэі ўзнікалі ледзь не штодня. Чыноўнікі тады ціснулі намнога менш, бюракратычныя рамкі так, як у наш час, не адчуваліся (як ні парадаксальна гэта гучыць, улічваючы сённяшні стэрэатып успрыняцця савецкага мінулага), таму адкрываўся прастор прыватнай ініцыятыве. Нават цяжка ўявіць, што такое было: жылі ў залатым веку (пішу без двухкосся), але не ўяўлялі гэтага, тым больш не цанілі…

Мы з Рымай Мадэстаўнай даволі часта ў прафесарскай, перад лекцыямі, абмяркоўвалі творчыя здольнасці і розныя захапленні сваіх – тады маленькіх дачок, не ведаючы, што гэтыя дочкі праз пэўны час будуць нашымі студэнткамі і аспіранткамі. У нас з Кавалёвай аказалася агульнае захапленне – навуковай фантастыкай. Што ж здзіўляцца, што менавіта нашы дзеці пачалі цікавіцца міфалогіяй, усім чароўным, цудоўным, загадкавым – казкамі, замовамі, літаратурай фэнтэзі.

         У 1990-я гады мы апынуліся з Рымай Мадэстаўнай разам на адной кафедры – новай кафедры тэорыі літаратуры пад кіраўніцтвам прафесара Вячаслава Пятровіча Рагойшы. 1990-я гады – надзвычай складаныя, цяжкія проста для нармальнага існавання: усталяваўся іншы сацыяльна-палітычны лад, змяніліся каштоўнасныя прыярытэты ў грамадстве, і не сакрэт, што змяняліся і стасункі паміж людзьмі – сталі больш жорсткія, прагматычныя. Шчыра кажучы, немагчыма было б вытрымаць такія рэзкія перамены ў жыцці, такую страшную дэградацыю маралі,  калі б не выключна добразычлівая, сардэчная, цёплая атмасфера на кафедры. Жахлівы час перажывалі ўсе разам, і рукі не апускаліся. Тон задавалі старэйшыя калегі – Вячаслаў Пятровіч і Рыма Мадэстаўна. Шмат працавалі, працавалі творча: распрацоўвалі новыя курсы лекцый, актыўна займаліся навуковай работай. Адзін з напрамкаў навуковай дзейнасці кафедры – міфалогія і фальклор; тут прызнаным кіраўніком кафедральнай секцыі заўсёды была Рыма Мадэстаўна; для ўсіх нас яна – бясспрэчны аўтарытэт. Пад яе кіраўніцтвам плённай  навуковай дзейнасцю займаліся студэнты і аспіранты. Дастаткова сказаць, што менавіта творчыя калектывы, арганізаваныя Кавалёвай, заўсёды, і ў большасці выпадкаў – адзіныя на факультэце, атрымлівалі рознага роду гранты. Творчы вынік відавочны: рэгулярнае правядзенне Шырмаўскіх чытанняў і іншых фалькларыстычных форумаў, штогадовыя выданні зборнікаў навуковых артыкулаў, падрыхтаваныя на кафедры аспіранты.

         Рыма Мадэстаўна натхняе, заўсёды ўмее зацікавіць навуковай праблемай, даць накірунак дзейнасці, а потым даволі жорстка (што заўсёды на карысць маладому даследчыку) вядзе па выбранаму накірунку, не адступаючы перад цяжкасцямі. Яна вучыць маладых разважаць выключна лагічна, укладваць думку ў строгія рамкі дыялектыкі, адсюль выдатная структуралізацыя ўсіх прац пад яе кіраўніцтвам. Добра было б усім маладым даследчыкам факультэта наведваць майстар-класы Кавалёвай менавіта па метадалогіі навуковых даследаванняў.

         Пра ўсе навацыі, якія ёсць ў яе асабістых творах і якімі яна шчодра дзеліцца з вучнямі, можна было б напісаць асобную працу. Яе кнігі, артыкулы, брашуры, распрацоўкі ўражваюць глыбінёй пранікнення ў паэтыку фальклору, у змест кожнай з’явы беларускай культуры.

         Ведаю, што найбольш запамінаюцца пачатак і канец тэксту. Таму ў канцы свайго прывітання з асаблівай прыемнасцю гавару пра чалавечую, жаночую абаяльнасць Рымы Мадэстаўны – пра тое, што так прыцягвае да яе калег і студэнтаў: добразычлівасць да людзей, сардэчную манеру размовы, заўсёдную ўсмешку на твары пры кожнай сустрэчы.

         У юбілейным слове хочацца не толькі падводзіць вынікі плённай, вялікай працы Рымы Мадэстаўны Кавалёвай, але і нацэліць яе на будучае, прасіць не спыняцца, не запавольваць тэмп, імкнуцца да новых вышынь.

 

Прафесар Т.І. Шамякіна