Ганна Чумакова
"Сёння ўсё мусіць быць добра!..”
У рубрыцы "Нашы выданні” вы маглі пазнаёміцца з кароткай прэзентацыяй зборніка Ганны Чумаковай. Тут жа мы прапаноўвае вам звярнуцца да найноўшага плёну працы паэта.
Лёгкія, дужа шчырыя, з ноткамі гумару, з ноткамі тугі, з ноткамі сонечнага мандарынавага смаку. Вершы, якія, сапраўды, варта чытаць, перачытваць і памятаць.
Таму што, як упэўнівае нас Ганна, ўсё мусіць быць добра.
Вершы ад Ганны
***
Ён мне далёкі,
Ты – яшчэ далей.
І пацалунак не баліць мне здрадай,
Ты браў чужое
Бы знарок, але,
Як пазычаюць, а не так, як крадуць…
***
А мне сказалі па радыё,
Што ўсе мусяць быць добрымі,
І я ад самага рання
Пасміхалася як ненармальная.
А людзі неяк не радасна
Моўчкі спяшалі па гораду,
Наступаючы, бы спецыяльна,
На ногі мне ў трамваі.
Яны ж напэўна не чулі,
Таму ніякіх прытэнзіяў
І пакрыўджанасцяў ніякіх
Я да людзей не маю…
І толькі адна бабуля,
Якой я торбу паднесла,
Ціха сказала: "Дзякуй!”
І мандарынкай пачаставала.
Мандарын узыходзіць над горадам –
Сёння ўсе мусяць быць добрымі…
Сёння ўсё мусіць быць добра!..
Санет №3
У большасці кінастужак
Жанчына сыходзіць увечары
Часцей за ўсё да іншага
І ў дождж абавязкова…
Крупным плакам: постаць напружаная…
У торбу кідае рэчы,
Фатаздымкі няшчадна нішчыць
І на люстры крэмзае "LOVE”.
Азіраецца па кватэры,
Застывае ў прыгожай позе,
Каля ўваходнай дзверы
Кідае апошні позірк…
Я ў гэта, на жаль, не веру,
Таму, што сама сыходзіла…
Санет№4 "Багема”
У сапраўднай багемнай паэткі
У слоіку - ссохлыя кветкі,
Ля люстра – памады і пудры,
А ў шафе – штучнае футра…
Бяз рамак пажоўклыя фоткі,
Адвечна сонная котка…
Стан стомлена-дэпрэсіўны
Лякуецца шклянкай "Марціні”…
Стос вершаў недрукаваных,
Спіс каханых недакаханых…
У вачах – пагарда з адчаем,
А ў кватэры бардак звычайны…
Праблемы – адвечная тэма…
Што ўзяць?..
Адным словам – "багема”…
***
Радзіма-зязюля, дзеці твае
Павырасталі ў гнёздах чужацкіх…
І віна, і хлеба – усяго стае,
Толькі позіркі ўсё адно вар’яцкія,
Толькі вочы ўсё адно з блакітам
І кроў з воцатам усё адно,
A сэрцы крыж-на-крыж прашытыя
Чырвонаю ніткаю ільняной.
Хто ваўчанём вырас, а хто – ягняці,
Хто – ясным сокалам, хто – барАнам…
Іх кармілі-расцілі іншыя маці,
Ім ніколі не будуць балець твае раны.
На жабрачку шэрую глядзячы з жалем,
Медны ці срэбны грош
у кош кІдаюць…
І з’язджаюць…
……………………………
Радзіма-зязюля ізноў цяжарная
Ужо не вядома якім
па ліку
пакаленнем вырадкаў
з вачамі блакітнымі…
30.03
****
Дарога да дому – чатыры гадіны,
А там ля парога чакае адзіная,
Што пільна так сочыць,
Бы совесць, за намі.
Глядзець ёй у вочы складаней з гадамі…
Бо ў восені маёй –
вочы, поўныя тугой
і жалем…
Бо ў восені маёй залівае лістабой
Дажджамі…
Да родных змаршчынкаў і цёплых каленяў
Лічу я прыпынкі,
Дажджынкі,
Імгненні…
Там пахі і гукі
былой весялосці,
І мілыя рукі
лунаюць ў валоссі…
Там ў восені маёй –
вочы, поўныя тугой
і жалем…
Там ў восені маёй залівае лістабой
Дажджамі…
Да дому дарога –
чатыры гадіны,
А там ля парога чакае Радзіма…
****
Я ў сталіцы таксама рамантык, але
Тут рамантыкаў гэткіх даволі…
Раскіданыя вершы ляжаць на стале
Горкай горкаю з’едзенай солі…
Мне б прагматыкам быць і грошы капіць
На машыны, Канары, кватэры.
Толькі болей ад солі той хочацца піць
І ў дабро чалавечае верыць!..
Пасміхаецца сябра: "Пара пасталець!”,
Толькі цяжка ўздыхае матуля…
У сталіцы рамантыкаў сотні, але…
Сярод іх затрымаюсь пакуль я.
****
П’янкі водар вясновы
душу абудзіў
Успамінамі…
Я прыехала зноў
на малую радзіму –
Край язмінавы.
Да пакінутай маці
ў закінутай хаце
Бабулінай,
Дзе заўжды мяне помняць
і будуць чакаці
Любую…
……………………
Цераз будняў сталічных
жыццёвую стому,
Рагачоў мой,
Ахілі мае сненні
бусліным крылом
Бела-чорным…