Панядзелак, 04.11.2024, 07:32
Прывітанне, Госць

Віншуе Таццяна Марозава


Запаведзі Рымы Мадэстаўны Кавалёвай


Жыццё кожнага чалавека падпарадкоўваецца шэрагу правілаў, усталяваных грамадствам, а таксама выхаваннем і ўнутраным маральным імператывам – тым, што робіць яго ЧАЛАВЕКАМ. Ёсць агульнапрынятыя нормы паводзінаў і маральныя пастулаты, выпрацаваныя чалавецтвам напрацягу свайго існавання. Але ёсць пастулаты, выпрацаваныя ўласным жыццёвым вопытам кожнага чалавека. Жыць у адпаведнасці з імі, не здрадзіць ім – вялікі паўсядзённы подзвіг, які заслугоўвае павагі. Асабліва калі гэта дэманструе кожны дзень твой НАСТАЎНІК, неабыякавы, таленавіты, шчыры.

Менавіта пра такога чалавека, майго настаўніка, а дакладней настаўніцу, хачу я сёння распавесці. Рыма Мадэстаўна Кавалёва. Чалавек, якім я ганаруся, якім захапляюся і якому я бясконца ўдзячна за клопат, падтрымку і добразычлівасць. Удзячна за тое, што маё усхваляванае лірычнае захапленне фальклорам Рыма Мадэстаўна здолела паставіць на трывалы падмурак тэорыі, выгадавала цікавасць да абагульненняў шляхам скрупулёзнага аналізу, сваім асабістым прыкладам натхніла і ўвесь час натхняе на пошук новага, арыгінальнага ў спасціжэнні скарбніцы народных ведаў.

Мая настаўніца жыве па сваіх правілах – я б іх назвала запаведзямі, -- якія падказалі ёй сумленне і ўласны жыццёвы вопыт. Магчыма, гэта не запаведзі ў класічным (біблейскім) разуменні, але правілы, якія добра характарызуюць Рыму Мадэстаўну як чалавека.

 

Не публікавацца з аспірантамі і студэнтамі ў сааўтарстве

Усе, хто мае гонар лічыць сябе вучнем (вучаніцай) Рымы Мадэстаўны, добра ведаюць, наколькі нялёгкай справай з’яўляецца падрыхтоўка навуковай публікацыі, асабліва першай, пад кіраўніцтвам дацэнта Кавалёвай. І справа тут не ў тым, што кіраўнік надта прыдзірысты, а ў тым, што пачынаючаму не хапае ведаў і вопыту. Як раз гэта і дае сваім вучным Рыма Мадэстаўна, прычым абсалютна бескарысліва. У матэматыкаў, напрыклад, прынята публікавацца са сваімі вучнямі ў  сааўтарстве, нават калі кіраўнік паправіў у рабоце толькі некалькі слоў. Рыма Мадэстаўна можа напісаць і паправіць у артыкуле цэлыя абзацы і старонкі, але ніколі не ўспомніць пра гэта, а тым больш забараняе ўпісваць сябе ў сааўтары. Як яна любіць казаць: "Гэта мой святы абавязак”.

 

Не хандрыць і не ўпадаць у дэпрэсію

Усе людзі час ад часу адчуваюць незадавальненне ад жыцця, калі ўсё раздражняе, калі хочацца кідацца кніжкамі, плакаць або біцца галавой аб сцену. Самае простае – упасці ў дэпрэсію, паддацца хандры і пачаць шкадаваць сябе, любімых, пры гэтым націскаць сваім станам на ўсіх, хто побач. У падобных сітуацыях аказвалася не раз і Рыма Мадэстаўна. Але ж у яе ёсць адзін добры рэцэпт ад падобных станаў. Яна кажа: "Калі ў вас дэпрэсія, выйдзіце на балкон, адчыніце вакно і пачніце крычаць: "У мяне дэпрэсія! У мяне дэпрэсія! У мяне дэпрэсія!” Колькасць такіх выкрыкаў суразмерная ступені палёгкі, якая абавязкова заявіць пра сябе, асабліва калі на вас пачнуць звяртаць увагу на вуліцы. Пасля гэтага вы скажаце дэпрэсіі "пака-пака”.

 

Дапамагаць

Здавалася, што тут незвычайнага? Нармалёвае жаданне чалавека. Але ж далёка не кожны захоча дапамагаць іншаму чалавеку, не роднаму ці блізкаму, але проста -- іншаму. Праяўленне дапамогі ў Рымы Мадэстаўны самае рознае. Так, яна можа запраста аддаць апошнія грошы, каб нехта (калега, сусед) змог звесці канцы з канцамі да заробку; гадзіну размаўляць па тэлефоне і словам натхняць на дзеянне і творчасць паўшага духам калегу; як рэдактар даводзіць да ладу артыкулы студэнтаў у зборнік "Фалькларыстычныя даследаванні”, каб паказаць ім, як неабходна пісаць, як трэба паглыбляць праблему, уводзіць навуковы кантэкст ці дыскусію. Часам гэта цэлыя старонкі яе ўласнага матэрыялу. Такім чынам Рыма Мадэстаўна трымае высокі навуковы статус зборніка і выхоўвае ў студэнтаў імкненне да ўдасканалення сваіх навуковых намаганняў.

 

Радавацца кожнаму дню

Як вядома, лозунг аптымістаў гучыць так: "Ніколі не бывае так дрэнна, каб не магло стаць яшчэ горш”. А яшчэ кажуць, што менавіта аптымісты варочаюць зямны шар. Нават калі цяжка на душы і галава не хоча сябраваць з целам, жыццё выдатнае! Менавіта так лічыць і Рыма Мадэстаўна. Яна ніколі (ці амаль ніколі) не скардзіцца на ўласныя нягоды, у дрэнным бачыць другі бок медаля і пры неверагоднай занятасці знаходзіць час на тое, каб адчуць прыгажосць жыцця: схадзіць у тэатр або на выставу, выехаць на экскурсію, уважліва паслухаць вулічнага музыканта ў пераходзе. Менавіта так жыццё становіцца РАДАСНЫМ. Дзеля гэтага трэба толькі радавацца кожнаму дню.

 

Чытаць, чытаць і яшчэ раз чытаць!

Прапісная ісціна канстатуе:разумнейшым чалавек становіцца толькі ў працэсе чытання. Ніякі прагляд інтэлектуальнай перадачы не прымусіць працаваць галасавыя звязкі, дзякуючы чаму пачынае працаваць мысленне, а разам з ім -- свядомасць. Чытаць не толькі тое, што неабходна для прафесіі, што павышае ўзровень адукацыі, але найперш звяртацца да іншых навук, да новых методык, да ўсяго, што пашырае межы вядомага і зразумелага на пэўным этапе ўласнай самаадукацыі. У гэтым Рыма Мадэстаўна ўся. Яна з аднолькавым захапленнем можа прачытаць дзіцячую казку пра Курачку Рабу і навуковыя опусы Жака Дэрыды, пры гэтым бачыць нешта такое, што ніхто іншы, акрамя Рымы Мадэстаўны, у гэтым не ўбачыць. А пасля напісаць даклад або артыкул, ад якога мурашкі па целе: цікава і страшна адначасова, таму што разумееш, наколькі сам далёкі ад такіх рэфлексій, або здзіўляешся: чаму ж я сам не дадумалася да гэтага, толькі пасля таго, як Рыма Мадэстаўна на гэта звярнула ўвагу. І таму імкнешся ўзяць у рукі новую кніжку!

 

Праўду ў вочы, нягледзячы на чыны

Як цяжка нам часам быць шчырымі самімі перад сабой! Тым больш выказваць сваю думку адкрыта, у твар. Тым больш рабіць гэта пастаянна, а не час ад часу або зусім выпадкова. Нехта назаве такую прамалінейнасць мужнасцю, нехта – прынцыповасць, а нехта – недальнабачнасцю. Толькі самому чалавеку, які валодае такімі якасцямі, не важна, як гэта выглядае ў вачах іншых. Для яго важна справа, да якой чалавек неабыякавы, і праўда. Такім людзям нялёгка ісці па жыцці. Але па-іншаму яны жыць не могуць. Рыма Мадэстаўна – з такіх людзей. І гэтым усё сказана.

 

Творчасць – у жыццё!

Далёка не кожнаму ўдаецца выявіць у сабе творчыя адносіны да жыцця, заявіць пра крэатыў на самым звычайным, паўсядзённым узроўні, упусціць у справы – працоўныя і хатнія – хаця б крышачку ўзнёслага і нестандартнага. Хаця творчыя парывы, кажуць навукоўцы, уласцівы ўсім людзям, якія здольныя ўбачыць прыгажосць. Акрамя таго, гэта можна выхаваць у сабе, толькі прыклаўшы намаганні. Але ёсць людзі, у якіх творчасць "упітана з малаком маці”. Прычым датычыць яна не толькі праяў натхнення, звязаных з мастацтвам або з навуковай рэфлексіяй, але і з кожнадзённай сервіроўкай стала, выбарам шпалер для пакоя ці прагулкай з дзіцем на вуліцы. Галоўнае тут не быць абыякавым і не дазваляць сабе ўрастаць у ціну паўсядзённасці.

Творча падыходзіць да любых спраў – крэда Рымы Мадэстаўны. Дзякуючы гэтаму, на мой погляд, яна такая, якой мы, яе калегі і вучні, яе ведаем: апантаная справай, пульсуючая ідэямі, з агеньчыкамі ў вачах і з гарачым сэрцам. Для яе само слова "абыякавасць” як такое не існуе. Яна – яскравы прыклад самаадданасці, бескарыслівасці і талерантнасці. Прыклад для нас усіх.

 

Дарагая Рыма Мадэстаўна! Сардэчна віншую Вас з юбілеем! Зычу здароўя, дабрабыту, натхнення ва ўсіх справах, творчага непакою! Гарыце, пульсуйце, тварыце на ніве нашай роднай фалькларыстыкі, рухайце яе тэорыю наперад, раскрывайце таямніцы фальклорнага слова, натхняйце на вялікія справы сваіх родных, калег, вучняў! Працаваць з Вамі, ісці за Вамі па фалькларыстычнай сцежцы – вялікі гонар.

Vivat Рыма Мадэстаўна!