Панядзелак, 09.12.2024, 03:54
Прывітанне, Госць
Віншуе Валянціна Новак

"Рыма Мадэстаўна Кавалёва – выдатны педагог, руплівы фалькларыст, цудоўны чалавек!"


 Я ўдзячна лёсу, па волі якога ў 1990 годзе пашчасціла пазнаёміцца з Рымай Мадэстаўнай Кавалёвай, якая выступала ў якасці аднаго з афіцыйных апанентаў на абароне маёй кандыдацкай дысертацыі. Пачынаючы ўжо з таго часу і па сённяшні дзень, я не перастаю захапляцца яе высокім прафесіяналізмам і як надзвычай творчага педагога-лектара (мела гонар слухаць лекцыі і чуць апладысменты студэнтаў), і як сапраўднага вучонага (практыка і тэарэтыка). Імпануюць сур’ёзныя, добрасумленныя адносіны Рымы Мадэстаўны да ўсіх відаў навуковай і вучэбна-метадычнай дзейнасці: гэта датычыць і правядзення заняткаў са студэнтамі, і непасрэднай працы з аспірантамі, і падрыхтоўкі вучэбна-метадычных і навуковых выданняў, і арганізацыі дзейнасці кафедральнага навуковага семінара, на якім сістэматычна абмяркоўваюцца актуальныя праблемы даследавання тых ці іншых аспектаў фалькларыстыкі, і выступленняў або ў якасці эксперта, або афіцыйнага апанента па тэмах кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый.

Рыма Мадэстаўна – вельмі сціплы і высокаінтэлігентны чалавек, цікавы субяседнік, мудры дарадца, няўрымслівы ініцыятар розных творчых задумак, праектаў і мерапрыемстваў. Яна самааддана працуе на ніве даследавання і захавання  скарбаў народнай мудрасці і далучэння моладзі да незамутнёных крыніц этнічнага фальклору. Робіць гэта з душой, з энтузіязмам, з павагай да роднага слова, шчыра прызнаючыся ў тым, што "любіць працаваць са студэнтамі і радавацца іх поспехам у вывучэнні роднага фальклору – без станоўчых эмоцый я проста чахну”.

Заўважым, што Рыма Мадэстаўна з пачуццём вялікай любові да духоўнай спадчыны роднага краю плённа працягвае высакародную справу развіцця ўніверсітэцкай школы фалькларыстыкі, заснавальнікамі якой з’яўляюцца Вера Анісімаўна Захарава і Ніл Сымонавіч Гілевіч. Паводле выказванняў шаноўнай Рымы Мадэстаўны, можна прыгадаць і іншых "сапраўдных рыцараў фальклору, так або інакш звязаных са станаўленнем навуковай фалькларыстычнай школы БДУ – Рыгора Раманавіча Шырму, Генадзя Іванавіча Цітовіча, Уладзіміра Іосіфавіча Раговіча, Васіля Дзмітрыевіча Ліцьвінку”.

На рахунку выдатнага фалькларыста, кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта шэраг цікавых змястоўных прац, падрыхтаваных аднаасобна і ў сааўтарстве з калегамі. Знаёмства з рознымі выданнямі, аўтарам якіх з’яўляецца Рыма Мадэстаўна Кавалёва, дазваляе пераканацца ў неардынарнасці мыслення выкладчыка і навукоўцы і дае падставы меркаваць, што перад намі даследчык рознабаковых навуковых інтарэсаў, які смела і аргументавана спрабуе сцвердзіць свой пункт гледжання на тую ці іншую фалькларыстычную праблему, па-новаму перачытаць і асэнсаваць тэксты фальклорных жанраў, з роздумам спасцігнуць іх спецыфіку. Пры гэтым Рыма Мадэстаўна не толькі сама шукае новыя тэмы для тэарэтычнага асэнсавання, іншы раз эксперыментуючы, сумняваючыся і акрэсліваючы праблемы даследавання для пачынаючых свой шлях у фалькларыстыцы калег, але і, працуючы з маладымі людзьмі, натхняе іх таксама на пошукі ўласнай інтэрпрэтацыі тых ці іншых жанраў, сюжэтаў, матываў. Нельга не пагадзіцца з вывадамі даследчыцы адносна таго, што "мы, выкладчыкі ВНУ, проста не можам чакаць, калі хто-небудзь зробіць адкрыццё, з’явіцца новы падручнік, а вымушаны самі шукаць новыя падыходы да асэнсавання фальклорных з’яў, бо рыхтуем спецыялістаў для заўтрашняга дня …”.

Прадстаўляючы чытачам зборнік артыкулаў пад назвай "Фалькларыстычны калейдаскоп” (Мн., 2009), Рыма Мадэстаўна далікатна адзначае, што ўсё напісанае ёю, хоць і ўключае новыя погляды, аднак не вычэрпвае тую ці іншую акрэсленую праблему ў фалькларыстыцы, што выклікае несумненную павагу да аўтара і выключае магчымасць у сувязі з гэтым камплексаваць, а, наадварот, натхняе кожнага на пошукі свайго творчага месца ў "бясконцым навуковым калейдаскопе”.

Падрыхтаваныя Рымай Мадэстаўнай (а тасама ў сааўтарстве) іншыя кнігі ("Абрысы рытуальна-магічнай сферы беларускага фальклорую – Мн., 2005; "Жанравы код фальклорнай карціны свету. – Мн., 2012 (у сааўтарсве з Т.В. Лук’янавай); "Хто прадзе сярэбраныя ніці?” – Мн., 2013) адрозніваюцца яскрава выражаным самастойным падыходам да асэнсавання важных праблем айчыннай фалькларыстыкі, вызначаюцца выразнай аргументацыяй, трапнымі ўласнымі экспедыцыйнымі назіранннямі і глыбокімі высновамі. Высокім аўтарытэтам у навуковым грамадстве карыстаюцца і шматлікія выпускі выдання "Фалькларыстычныя даследаванні”, у падрыхтоўку якіх штогод Рыма Мадэстаўна разам са сваімі калегамі-фалькларыстамі ўкладае шмат фізічных і душэўных намаганняў. У сувязі з гэтым маецца на ўвазе і нялёгкая адказная праца па сістэматычнай арганізацыі навуковай канферэнцыі "Шырмаўскія чытанні”.

Я з вялікім задавальненнем і шчырай удзячнасцю да аўтара выкарыстоўваю матэрыялы вышэйназваных і іншых навуковых выданняў падчас працы са студэнтамі на лекцыйных і практычных занятках. Мяркую, што акрэсленае Рымай Мадэстаўнай яе жыццёвае крэда – "спяшацца рабіць дабро” знайшло яскравае ўвасабленне не толькі ў яе паўсядзённым жыцці,  клопатах аб іншых людзях, узаемаадносінах з блізкімі, сябрамі, студэнтамі і выкладчыкамі, калегамі-навукоўцамі, але і ў яе навуковых і метадычных працах, вучэбных праграмах і  дапаможніках, зборніках, манаграфіях, шматлікіх артыкулах, электронным выданні надзвычай карыснага і змястоўнага альманаха "Дзьмухавец”, аўтарам ідэі і праекта якога яна з’яўляецца. выступленнях на канферэнцыях розных узроўняў, шматлікіх адрасных кансультацыях па розных дыскусійных пытаннях,  і інш.

Сустрэчы з Рымай Мадэстаўнай Кавалёвай (асабістыя і маіх маладых калег-фалькларыстаў, а таксама студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў ГДУ імя Ф.Скарыны падчас канферэнцый і навуковых семінараў) заўсёды пакідаюць самыя прыемныя і цёплыя ўражанні, бо яны заўсёды вельмі гасцінныя, а яшчэ прыцягваюць, як магнітам, шчырая і добрая ўсмешка гэтай надзвычай абаяльнай жанчыны і яе імкненне ў любы момант рэальна дапамагчы чалавеку, падказаць, параіць, проста па-добраму пагаварыць, зразумець і суперажываць.

Дарагая Рыма Мадэстаўна, я і мае калегі шчыра жадаем, каб Ваш светлы розум не змаглі зацямніць ніякія перашкоды, каб Вы, шчаслівая маці і бабуля, выдатны педагог і сумленны фалькларыст, прыстойны ва ўсіх адносінах і неабыякавы да розных жыццёвых праяў чалавек высокага таленту, не хварэлі, бераглі сэрца ад засмучэнняў, каб хапіла ў Вас сіл яшчэ на многія гады для здзяйснення добрых і высакародных спраў на карысць родным і блізкім людзям, а таксама жадаем па-ранейшаму творча і глыбакадумна працаваць на педагагічнай і фалькларыстычнай ніве, заставацца такой жа актыўнай у фокусе разнастайных навуковых інтарэсаў і творчых праектаў, заставацца энтузіястам-падзвіжніцай у справе захавання скарбаў народнай мудрасці, паводле Вашага меркавання, – гэтай "найважнейшай, найкаштоўнейшай, найпрыгажэйшай часткі культуры, якая, можа, адзіная нейкім чынам апраўдвае існаванне на Зямлі чалавецтва”!

 

З любоўю і павагай,

 

 

загадчык кафедры

беларускай культуры і фалькларыстыкі,

д.ф.н., прафесар                                                                           


Валянціна Новак