Алесь Даўгатовіч
студэнт 2 курса завочнага аддзялення
Алесю і групе яго аднакурснікаў было прапанавана напісаць кароткае эсэ. Працу Алеся, як адну з найбольш паспяховых, мы публікуем у альманаху.
Аўтарская арфаграфія і пунктуацыя захаваныя.
Сьпевы, што зьмянілі маё жыцьцё
Музыка… Не ўяўляю жыцьця безь яе. Вельмі рэдка ўзьнікае прага да цішыні. Часьцей хочацца акунуцца, нырнуць паглыбей у вір мэлёдыі, драйва, глыбіннага сэнсу сьпеваў, што натхнёныя ўнутраным сьветам чалавека-творцы.
Бестурботнае жыцьцё ў дзяцінстве патрабавала й лёгкіх сьпеваў. Зараз з прыкрасьцю думаю: як я мог слухаць такую папсу?! У восьмай-дзявятай клясе гэта быў рэп і хіп-хоп. Паступіўшы ў каледж і пазнаёміўшыся зь нефармаламі (панкамі, рокерамі, готамі, мэталістамі), стаў большай часткай слухаць расейскі рок (“Акварыўм”, “Наўтылус-Пампіліюс”, “Кіно”, “Сплін”,”Танцы Мінус”, “Крэматорый”, “ДДТ”, “Грамадзянская абарона”). Дагэтуль цешаць сэрца радкі: “Бялесыя кроплі дажджу зарастаюць празрыстай вадой. У вады няма сьмерці, ні дна, я разьвітваюся з табой. Гэта ўсё, што застанецца пасьля мяне, гэта ўсё, што вазьму я з сабой”. Праўду сьпяваў саліст “Крэматорыя” спадар Грыгаран: “Калі ў сэрцы больш няма любові, значыць справы дрэнь, значыць хутка войны”. Але маё тагачаснае жыцьцё маглі больш трапна ахарактызаваць словы Віктара Цоя: “Мама, Анархія, Тата, Партвэйну Шклянка”.
Але ў траўні 2005 года я перажыў навяртаньне. Цяпер маім жыцьцём сталі радкі Барыса Барысавіча Грэбеньшчыкова: “Срэбра Госпада майго, срэбра Госпада, ці ведаю я словы, каб сказаць пра Цябе?”. Кранаў, набліжаў да Бога сьпеў-зварот хрысьціянскай сьпявачкі Алесі Ўнукоўскай: “Ты ведаеш сэрца маё, Ты ведаеш думкі, зь якімі няпроста, Ты ведаеш усё, што напаўняе мяне, Ты мой Госпад. Твае пальцы мяне ляпілі, дотыкі мяне будзілі, Твае вочы мною захапляліся, Твае вусны мне так усьміхаліся.”
Трошкі пазьней стаў цікавіцца беларускім рокам (“N.R.M.” (“Незалежная Рэспубліка Мроя”), “Крама” (якая пачынала свой музычны лёс з назовам “Бонда”), Памідораў... Так грэюць, так цягнуць у бацькоўскі дом словы Лявона Вольскага: “Простыя словы, простыя рэчы, хлеб на стале, полымя ў печы, гэта так проста, гэта так добра, як з галавою залезьці пад коўдру…Прыцемкам сінім, зімовай парою, у доме бацькоўскім усё так знаёма, ёсьць чым сагрэцца, ёсьць дзе схавацца, у доме бацькоўскім у матчынай хаце...Усё так надзейна, усё так грунтоўна, ну што тут дадаць, хіба што нічога, можна жыць далей, дзень прыйдзе новы, дабранач паненкі, дабранач панове, простыя словы, простыя рэчы…»
На сьвядомасьць паўплываў сьпеў спадара Аляксандра Памідорава “Быць беларусам”: “Нараджэньне заўсёды – гэта цудны прысуд, так павялося, што ты ў гэты сьвет прыйшоў тут, ты не мядзьведзь, не вавёрка, ты не лось, ты ня трус, цябе здалёку відаць, таму што ты беларус…Як тое нібыла, што б там ні казалі, амаль тысячагодзьдзе ты прапартызаніў. З кім ды супраць каго – вось гэта іншая справа, але быў час, калі ты сам сабе уладарыў. Гаспадароў былошмат, кожны хоча палову, ды ў адным з падзелаў, згубілася мова, шукаць самому – марна, лепей узяць у суседзяў,але ж пра мову больш ды менш напісана ў газэце. Быць беларусам, што гэта значыць, быць беларусам, цяжка патлумачыць, быць беларусам – няпростая праца, быць беларусам – людзьмі звацца…”
Зашкрэблі душу пытаньні: Хто я? Чаму я нарадзіўся менавіта тут? Чаму ўсюды кажуць, што беларуская мова родная, а размаўляюць на ёй так мала? Чаму? Чаму?! Чаму?!!
Нацыянальна сьвядомыя вернікі кажуць, што для беларусаў беларуская мова сьвятая, бо Богам дадзеная. Калі не шануеш тое, што табе даверана, як тады можаш шанаваць Таго, Хто даверыў?
Родны куток – там, дзе адрэзан пупок. Гэта так, сапраўды. Ня трэба глядзець на навакольную большасьць, “будзь сабой, калі нават няпроста скінуць маску вечнага страху” (гэта ўжо з творчасьці раней беларускамоўнага, а цяпер англамоўнага ню-метал-гурта “Тэзаўруса”). Цяпер ужо цьвёрда ўсьведамляю, што калі “я нарадзіўся тут” (як сьпявае Зьміцер Вайцюшкевіч) беларусам, то й памру ім, “я памру тут” (паводле “Нэйра Дзюбеля”).
Даюць пачуцьцё патрэбы й так нагадваюць Госпадаву вячэру радкі, што сьпявае Ігар Варашкевіч: «Паднясуць віна табе й кавалак хлеба, скажуць ты – прадвесьнік новых падзей. А што цябе чакае: крыж ці дарога ў неба? Кім станеш ты, анёл, для гэтых людзей? Ахіні нас, сьветлы анёл»...