Віншуе Уладзімір Васілевіч
Высокі паверх Рымы Кавалёвай
У гады майго студэнцтва, зрэшты, як і ва ўсе іншыя часы, наш філфак быў пераважна жаночым ў сваёй масе. Можа, таму, што ў тую пару і выкладчыцы, а тым больш студэнткі, падоўгу насілі адну і тую ж сукенку, адзін і той жа касцюм, так яны лепш нам запаміналіся – найперш зрокава. І сярод самых разнастайных прыгажунь факультэта мужчынскае вока не магло не адзначыць стройную чарнявую аспірантку ў сінім элегантным гарнітуры. (Студэнты, хто хоць крышачку займаўся ў нейкім гуртку, з павагаю і прыхаванай зайздрасцю глядзелі на ўсіх аспірантаў – гэтых абраннікаў, якім дараваны быў шлях у высокую і такую недасяжную навуку, шлях да чытання лекцый перад зялёнымі студэнтамі.)
Дык вось, тою прыкметнаю аспіранткаю была Рыма Кавалёва. Яе можна было бачыць не толькі ў калідорах корпуса ці ў пакоі кафедры. Яна пакрысе заяўляла пра сябе на канферэнцыях, выступаючы з дакладамі. Лёс звязаў яе з незабыўнай выкладчыцай, дацэнтам Верай Анісімаўнай Захаравай, якая выкладала сярод іншых дысцыплін і фальклор. Відаць, гэтая садружнасць настаўніцы і вучаніцы і вызначыла далейшы прафесійны шлях Рымы Кавалёвай. Фальклорная практыка, цікавейшы рэгіён – Заходняе Палессе, запісы народнай паэзіі, якой па тым часе было мора! Яшчэ ў сіле і ў памяці ў кожнай хаце жылі носьбіты спрадвечнага фальклору. Менавіта ў тым кутку Беларусі і знайшла маладая даследчыца сваю тэму, якую да яе ніхто ўсур’ёз не закранаў. Старажытнейшы абрад "Куст” з яго адметнымі песнямі стаў тым вытокам, з якога і пачалася навуковая дзейнасць Рымы Мадэстаўны.
Вельмі добра, што фальклорныя запісы ўдзельнікаў фальклорных практык не засталіся пыліцца ў кафедральным архіве, а неўзабаве былі апублікаваныя ў кнізе "Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры: Брэсцкая вобласць”, да падрыхтоўкі якой прычынілася і маладая даследчыца. Гэты пачатак меў і свой працяг. Серыю прадоўжылі кнігі па Гомельскай, Мінскай абласцях, дзе Р. М. Кавалёва таксама была адной са складальніц. Апошнюю кнігу выпускалі ўжо без В. А. Захаравай. І яе справу годна прадоўжыла яе былая студэнтка, аспірантка. Так адбываецца пераемнасць пакаленняў.
Працуючы нязменна на выкладчыцкай ніве, Р. М. Кавалёва ўвесь час знаходзіцца ў віры студэнцкага жыцця. Тут і правядзенне фальклорных практык, і яскравае чытанне лекцый з глыбокай падачай матэрыялу, і напісанне вучэбна-метадычных дапаможнікаў "Каляндарна-абрадавая паэзія”, "Чарадзейныя казкі”, вучэбна-метадычнага комплексу "Беларуская вусна-паэтычная творчасць”. А зборнік артыкулаў "Фалькларыстычны калейдаскоп” выявіў, здаецца, усю шырыню творчага дыяпазону вучонага Р. М. Кавалёвай. У садружнасці з калегамі яна апублікавала працу "Свет славянскага фальклору”, метадычны дапаможнік для выкладчыкаў "Фалькларстыка”. І ўжо не толькі пры яе ўдзеле, а пад яе рэдакцыяй пабачылі свет такія грунтоўныя выданні, як "Усходнеславянскі фальклор: Пошукі новых падыходаў”, "На хвалях філалогіі: Даследаванні па тэорыі літаратуры і славянскай фалькларыстыцы”, "Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі”. Ды хіба ўсё згадаеш, хіба ўсё пералічыш?
Для даследчыцы характэрна надзвычайная эрудыцыя, уменне адчуць патрэбы свайго слухача і чытача, здольнасць убачыць і асэнсаваць даследуемы матэрыял, узняўшыся на вышыню сама меней – птушынага палёту. Відаць, Рыма Мадэстаўна за свой шматгадовы вопыт ва ўсім прывыкла да вышыні – яна і жыве ў высотным доме на самым апошнім паверсе, адкуль з вокнаў, як на далоні, паўстае ледзь не ўвесь Мінск да самога гарызонту.
У гэтыя юбілейныя дні вельмі хочацца пажадаць прыгожай жанчыне, выдатнаму вучонаму і педагогу, надзейнаму сябру, здольнаму памагчы, падказаць, выручыць, Рыме Мадэстаўне Кавалёвай заставацца такой жа маладой душою, непаўторнай, энергічнай, творчай. І – надалей трымаць тую ж вышыню, якая дасягнута працаю і жыццём.
Уладзімір Васілевіч