Аўторак, 19.03.2024, 13:25
Прывітанне, Госць

Дадзеная праца змешчана ў кнізе:

Ліцьвінка, В. Д. Крынiца народнай мудрасцi / В. Д. Ліцьвінка; уклад. Н. М. Ліцьвінка. – Мінск: «Беларуская навука», 2012. – 463 с. – С. 280-288.

(у афармленні выкарыстанае фота з сямейнага архіву Шырмаў)

 

Васіль Ліцьвінка

Вялікі беларус з-пад Белавежы

Відовішча жыцця вялікага

Чалавека заўсёды ёсць цудоўнае

Відовішча: яно ўзвышае душу,

Мірыць з жыццём,

Пабуджае да дзеяння.

       В. Бялінскі

Услухоўваюся ў шматлікія запісы на магнітных стужках, на якіх шчаслівы лёс наканаваў запісаць такі характэрны, захаваўшы асаблівасці гаворкі родных пружанскіх мясцін, голас Р. Р. Шырмы. Гаварыў ён няспешна, але выразна, удумліва, заўсёды цікава і вобразна. Абураючыся некваліфікаваным кіраўніцтвам культуры, жартаваў: "Калі рымскаму імператару не хапіла члена сената, дык ён увёў туды каня.” Пры гэтым ён часта гаварыў, што лягчэй змяніць урад і палітычную сістэму, чым вызваліцца ад "гнюса, машкары, камарыллі, якія ліпнуць да культуры”.

Ужо ад знешняга, у нечым блізкага да шаўчэнкаўскага вобліку Шырмы з яго горда прыўзнятай галавой, прыгожымі, чорнымі ў маладосці і пасярэбранымі з гадамі вусамі і бародкай веяла народнай жыццёвай мудрасцю, сапраўднай інтэлігентнасцю. Мяккія рысы твару, праніклівы позірк добрых шэрых вачэй з-пад навіслых брывей… Ён быў скіраваны на вас то з добрай усмешкай, то з глыбокай развагай, а, бывала, і з хітрынкай або іроніяй, але заўсёды з сапраўднай зацікаўленасцю. Нейкі своеасаблівы палымяны бляск з’ўляўся ў яго вачах, калі ён пачынаў гаварыць з палемічным жарам аб галоўным прадмеце свайго жыцця – беларускай народнай песні. Многа, часта агрэсіўных, вульгарных, наскокаў вытрымаў на сваім складаным жыццёвым шляху гэты сапраўдны дэмакрат з народных нізоў, але ні разу не здрадзіў мэце свайго жыцця: "Нашу простую сяляначку, беларускую народную песню, вывесці ў людзі і зрабіць дамай высокага культурнага свету.” Гэты поўны вялікай сыноўняй любові жыццёвы подзвіг у імя мастацтва свайго народа ён выканаў да канца.

Захапленне роднай песняй пачалося ў раннім дзяцінстве. У вялікай патрыярхальнай сям’і Шырмаў у вёсцы Шакуны на Пружаншчыне, дзе ён нарадзіўся 21 студзеня 1892 года, спевакамі былі ўсе, пачынаючы з бондара дзеда Васіля па мянушцы Майстровіч. Добра спявалі дзянна Ганна Іванаўна Шырма, яе дачка Алеся. Лепшыя калыханкі хлопчык пачуў ад маці Тэадоры Дзям’янаўны. Таленавітым выканаўцам быў бацька Раман Васільевіч, які двойчы прызываўся ў царскую армію і многа знаў казацкіх, рэкруцкіх  і салдацкіх песень.

Першай песенніцай была бацькава сястра Захвея Васільеўна Хвораст. Акрамя такіх выдатных народных песень, як восеньская "Ой, не вылятай, сіва зязюлька”, Шырма запісаў ад яе радзінны і вясельны абрады. Апошні ён называў "народнай операй, дзе жыццёвы драматызм пераплятаецца з вясёлым гумарам, песня з дыялогамі, а музыка і танцы дапаўняюць і ўпрыгожваюць гэта цудоўнае народнае прадстаўленне, якое заўсёды мае шчаслівы канец”. Аб багацці паэтычнай душы цёткі Захвеі ён пісаў у 1941 у артыкуле "Выдатная песенніца з народа”.

Рыгор Раманавіч часта ўспамінаў, як яго глыбока кранулі словы А. Фадзеева. Безнадзейна хворы пісьменнік, вялікі аматар харавых спеваў, у 1955 годзе праслухаў па радыё канцэрт Дзяржаўнай капэлы БССР з Калоннага зала Дома Саюзаў і напісаў кіраўніку калектыву Р. Шырме: "А вы самі знаеце, як гэта дзейнічае на душу, калі ў незвычайна майстэрскім, праніклівым выкананні пачуеш тое (або роднаснае), што спявала табе маці ў дзяцінстве.”

Першым, хто дапамог Шырме ад–чуць прыгажосць ха–равых спеваў, быў хатні настаўнік у Ша–кунах, былы семіна–рыст Салук. Любоў да песні ўзрасла ў час вучобы ў Пружанскім гарадскім вучылішчы. Таленавіты хлопчык ужо праз год стаў лепшым вучнем, іграў на струнных інструментах і ўдзельнічаў у аркестры і хоры вучылішча.

Моцна ўразіла юнака тое, што ў хоры не спявалі беларускіх песень. Яшчэ большае абурэнне вызывалі шавіністычныя наскокі на родныя песні, калі іх называлі перакручанымі рускімі ці ўкраінскімі або ўвогуле адмаўлялі іх мастацкую каштоўнасць.

Цягу Р. Шырмы да народнай паэзіі заўважыў настаўнік літаратуры Манцэвіч. Ён і параіў яму запісваць песні. Спачатку гэта былі запісы ад Ганны Дудзейка, у якой кватараваў юнак, ад сваіх шматлікіх родзічаў, запісы з ваколіц Белавежы, а пазней адусюль, дзе прыходзілася бываць.

У час навучання на двухгадовых Свянцянскіх настаўніцкіх курсах у 1911-1912 гадах Шырма праходзіць сальфеджыо, вучыцца іграць на скрыпцы, арганізуе настаўніцкі хор. Адначасова ён спрабуе запісваць мелодыі. Больш плённа гэта работа прадоўжылася ў Седлецкім настаўніцкім інстытуце. Не забываў ён аб роднай песні і тады, калі разам з інстытутам у пачатку першай сусветнай вайны апынуўся ў Яраслаўлі. На фотаздымку тых часоў мы бачым Шырму членам этнаграфічнай камісіі Рускага геаграфічнага таварыства. Грошы ад канцэртаў перадаваліся дзецям бежанцаў-беларусаў. Праўда, яго глыбока абразіла тое, што для гэтых канцэртаў ён не змог знайсці ніводнай апрацоўкі беларускай народнай песні. Можа з тых пор ён і пакляўся запоўніць гэту пустку ў нацыянальнай культуры і, як пабачым ніжэй, зрабіў гэта.

Адразу пасля рэвалюцыі па накіраванню беларускага нацыянальнага камісарыята Р Шырма едзе арганізоўваць школу ў вёсцы Навагольскай Новахапёрскага павета Варонежскай губерніі. Тут многабакова раскрыўся талент Шырмы-педагога. "Светам свайго юнацтва” назваў яго навагольскі вучань, цяпер рускі пісьменнік, аўтар аповесці "Белы Бім Чорнае Вуха” Гаўрыла Траяпольскі. Аднойчы ён сказаў : "Наўрад ці стаў бы я пісьменнікам, калі б не сустрэў у жыцці Рыгора Раманавіча”. На другім годзе існавання школы Шырму прызвалі ў Чырвоную Армію. Але калектыў вучняў напісаў пісьмо Н.К. Крупскай, і неўзабаве школьнікі зноў былі разам са сваім любімым настаўнікам.

Самымі цяжкімі ў жыцці Шырмы былі 1922-1925 гады, калі ён вярнуўся на радзіму ў Заходнюю Беларусь. "Ніякіх беларусаў няма, – гаварылі там польскія шавіністы, – гэта выдумка мінскіх бальшавікоў.” Калі Шырма адмовіўся запісацца палякам, яму забаранілі займацца настаўніцкай працай. І ў такіх умовах ён кліча на падмогу "самую моцную зброю – родную песню”. Ён арганізуе ў Пружанах хор, запісвае народныя песні і заахвочвае да гэтай працы здольных людзей, наладжвае канцэрты, пераносіць на заходнебеларускую глебу "Беларускія вечоркі” І. Буйніцкага пачатку века. Каб паліцыя не магла іх забараніць, яны праводзіліся пад выглядам "Вечароў славянскай песні”, а ў праграму ўключаліся і польскія народныя песні. Хутка выступленні хора і імя яго кіраўніка становяцца вядомымі ў Заходняй Беларусі.

Паваротным для Шырмы стаў канцэрт у Пружанах, на якім прысутнічаў правадыр стотысячнай Грамады Браніслаў Тарашкевіч. Пазнаёміўшыся з фальклорнымі запісамі збіральніка, сам вядомы філолаг, Б. Тарашкевіч убачыў у Шырме чалавека, здольнага ўзначаліць культурна-асветную працу, якая ва ўмовах Заходняй Беларусі набыла характар нацыянальна-вызваленчай барацьбы.

У 1925 годзе Шырма пераязджае ў Вільню, працуе ў сакратарыяце Грамады, выхавацелем у інтэрнаце для хлопчыкаў Віленскай беларускай гімназіі, выкладае тут спевы і арганізуе хор. Будучы паплечнік і найбольш паслядоўны вучань Шырмы, будучы арганізатар Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Беларусі, які носіць цяпер яго імя, Г.І. Цітовіч напіша: ”1926 год… Мая першая віленская восень. Бязмэтна блукаю па квадраце сціснутага манастырскімі сценамі двара (Базыльянскага манастыра – В.Л.). І раптам з напаўадчыненага акна палілася беларуская народная песня, за ёю другая, трэцяя. Чымсьці родным, блізкім дыхнула на мяне. ”Сасна!” Ды гэтую ж песню і ў нас спяваюць… Але тут прыгажэй! "Перапёлачку” я ўжо слухаю ў зале, схаваўшыся ў далёкім вугалку, таму што перад хорам строгі рэгент… Закончылася гэтая генеральная рэпетыцыя, і куды дзелася сур’ёзнасць кіраўніка. Ён стаіць цяпер з дабрадушнай усмешкай у акружэнні моладзі, а тую дзяўчыну, што запявала ”Зязюльку”, па-бацькоўску нават па галоўцы пагладзіў. Ад выходзячых я даведаўся, што гэты рэгент – Шырма, беларускі пясняр. Сказалі гэта, ды яшчэ да мяне насмешліва: маўляў, хто ты такі, што Шырмы не знаеш!”

Хутка хор гімназіі стаў наладжваць цікавыя "Вечары славянскай песні” ў Вільні. Значна абагацілася беларуская частка праграмы, калі ў калектыў прыйшоў таленавіты вучань М. Рымскага-Корсакава і А. Глазунова кампазітар і акампаніятар, ураджэнец Магілёўшчыны Канстанцін Галкоўскі. "Вечары…” сталі глебай інтэрнацыянальнага аб’яднання нацыянальных меншасцяў і прагрэсіўнай польскай інтэлігенцыі, сродкам барацьбы з палітыкай паланізацыі заходнебеларускіх земляў. Імі, шматлікімі публіцыстычнымі выступленнямі ў друку патрыёт паказваў прыклад паважных адносін да другіх народаў.

Каб захаваць Шырму для культурна-асветнай легальнай працы (па Рыжскаму дагавору Польшча абавязалася захаваць культурную аўтаномію нацыяльных меншасцяў) Б. Тарашкевіч рэкамендаваў яму не ўступаць афіцыйна ў Грамаду. З 1927 года Шырма ўзначаліў і быў найбольш прагрэсіўным кіраўніком забароненай у 1936 годзе народна-дэмакратычнай арганізацыі Таварыства Беларускай Школы – галоўнай апоры Грамады ў масах. За гэты час сакратар Галоўнай управы ТБШ Р. Шырма аб’ехаў заходнюю частку Беларусі, ён усюды наладжваў гурткі ТБШ і хоры, школы з беларускай мовай навучання, дапамагаў паставіць спектаклі.

Усюды, дзе б ні бываў Шырма, ён не забываў запісваць народныя песні, для чаго нястомна адшукваў таленавітых спевакоў. Частку песень ён перакладаў на блізкі да чалавечага голасу інструмент – скрыпку, якой добра валодаў. Шырма не спыняўся толькі на запісе народных песень, а шукаў кампазітараў, якія б апрацавалі іх. Не маючы магчымасці звярнуцца да музыкантаў Усходняй Беларусі, ён знайшоў выдатных майстроў – рускага кампазітара А. Грачані–нава ў Парыжы і ўкраін–скіх А. Кошыца і Гайваронскага ў Нью-Йорку. Атрыманыя ад іх і К. Галкоўскага апра–цоўкі адразу правяраліся ў хоры гімназіі ў другой палавіне 20-х і Бела–рускага саюза студэнтаў у 30-я гады. Апошні, калі з ім стаў выступаць выдатны саліст-інтэрпрэтатар народных песень Міхась Забэйда-Суміцкі, стаў выдатнай мастацкай з’явай у Заходняй Беларусі. Вытрымаўшыя праверку практыкай лепшыя апрацоўкі народных песень склалі зборнікі "Беларускія народныя песні” (1929) і "Наша песня” (1938).

У заходнебеларускі перыяд Р. Шырма ўдзельнічаў у дзесятках з’ездаў ТБШ, пастаянна змагаўся за стварэнне роднай школы для беларускіх дзяцей, прачытаў сотні лекцый аб беларускай культуры, выступіў са шматлікімі канцэртамі, ён быў выдаўцом папулярных ў Заходняй Беларусі часопісаў "Летапіс ТБШ” і "Беларускі летапіс”, паэта Міхася Васілька, прапагандаваў творчасць сваіх вучняў гімназіі Алеся Салагуба і Валянціна Таўлая, захаваў творчую спадчыну таленавітага паэта-самавучкі Сяргея Крыўца. Рыгор Раманавіч першым разглядзеў магутны талент удзельніка нацыянальна-вызваленчага руху Максіма Танка, адклаў выданне сваіх фальклорных запісаў і на ахвяраваныя грошы выдаў першы "пабіты шматкроп’ямі” і адразу ж канфіскаваны зборнік паэта "На этапах” са сваёй бліскучай празарлівай прадмовай.

Вялікая папулярнасць Р. Шырмы непакоіла польскую санацыю. Спачатку яна дабілася звальнення яго з гімназіі "за наладжванне беларускіх ячэек”, тройчы арганізоўвала судовыя працэсы ў першай палове 30-х гадоў, спрабавала спакусіць "цёплым месцам” за згоду выйсці з кіраўніцтва ТБШ. Аднойчы віленскі ваявода Бацянскі нават прапанаваў Шырме прадаць фальклорныя запісы, каб перакласці іх і выдаць як польскія, на што збіральнік гнеўна адказаў: "Каб перакласці народныя песні, трэба геній Адама Міцкевіча, а так як у вас яго няма, то гэта будзе тое самае, што абліць гэты белы абрус атрамантам!” У адказ на абвінавачванні "ў беларусізцыі ТБШ” Шырма смела заявіў на судовым працэсе 1933 года: "За вашымі пышнымі судзейскімі тогамі я бачу свае паляшуцкія світкі, дзеля асветы якіх мы працуем, і з гэтага кірунку нас не саб’е ніхто і ніколі”. Ад бяссілля паліцыя пайшла нават на правакацыю: выпусціла фальшыўку, што Шырма з’яўляецца агентам дэфензівы. Але прагрэсіўная беларуская грамадскасць не паддалася на яе. Пачаліся судовыя акцыі, праследаванні, якія цягнуліся да 1939 года.

З гэтага часу новыя творчыя гарызонты адкрыліся перад вядомым майстрам харавога спеву. 1 лістапада 1939 года ён атрымаў мандат на стварэнне прафесійнага калектыву. Шырма збірае вакол сябе таленавітых спевакоў, у тым ліку і многіх былых удзельнікаў віленскіх хораў, і пачынае мэтанакіраваную працу з імі ў Беластоку. У канцы 1940 года Беларускі ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Шырмы з вялікім поспехам выступае ў Мінску, а ў маі 1941 года – на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. Слухачы ўпершыню пачулі цудоўныя беларускія народныя песні "А ў полі вярба”, "Ці ня быстрая рэчка”, "Ой, у садочку цвіла лілея”, "Там, за садамі”, "Ой вышла маці” і інш.

"Чароўнасць беларускай народнай песні даносіць да слухачоў Ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Р. Шырмы, які на днях прыехаў у Маскву, – пісала "Правда” 6 чэрвеня 1941 года. – Арганізацыя ансамбля з’явілася пачаткам велізарнай працы па збіранню беларускага фальклору… Цяпер ансамбль выехаў у гастрольную паездку па гарадах Савецкага Саюза. Яго чакае немалы шлях – ад Урала і Калініна да Ташкента”.

Вайна застала калектыў у Арле. У цяжкі для нашага народа час артысты выступілі з тысячамі канцэртаў. Шырме запомніліся словы палітрука перад адным канцэртам на перадавой: "Страляць нас не вучыце – самі ўмеем, а вы дайце нам душу народную, заспявайце беларускія, рускія, украінскія песні”. З незвычайным уздымам гучалі гэтыя песні побач з гарачымі руінамі Мінска на беразе Свіслачы ў дзень партызанскага парада, прысвечанага вызваленню горада.

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што за спевы беларускіх народных песень (!!!) выдатнаму маэстру летам 1942 года прыйшлося вынесці жудасныя, па яго ўласнаму сведчанню, катаванні на Лубянцы ў Маскве. Патрабавалі, каб падпісаў паперу з прызнаннем, што ён нацыяналіст. "Я падпішу тое, што я люблю родныя песні, а ўжо ваша справа як гэта ацэньваць”, – годна адказваў патрыёт свайго народа. Ад вернай смерці выратавала ўмяшанне афіцыйных беларускіх улад.

Пасля вайны перайменаваны ў Дзяржаўны хор Беларусі калектыў плённа працуе ў Гародні. Тут у 1951 годзе кіраўніку прыйшлося ў чарговы раз абараняць сваю мастацкую пазіцыю. З вульгарна-сацыялагічных меркаванняў у артыкулах "Аб рэпертуары Беларускага дзяржаўнага хору” ("Советская Белоруссия”, 19 жніўня 1951 года) і "Канцэрты Дзяржаўнага хору” ("Літаратура і мастацтва”, 11 красавіка 1952 года) архаікай называліся такія выдатныя ўзоры песеннай класікі, як "У полі вярба, нахілёная”, "Камары гудуць”, "Ой, загуду, загуду”. Мала дасведчаныя ў мастацтве людзі ўбачылі ў іх "ідэалагічнае скрыўленне і безнадзейную безыдэйнасць”. У артыкуле-водпаведзі ”Песня служыць народу” і "Запісцы ў ЦК КПБ” з уласцівай Шырму-публіцысту палымянасцю ён адстаяў сваю арыентацыю на народную песню як аснову працы хору (ад чаго поўнасцю адыйшла цяперашняя капэла).

У 1952 годзе Дзяржаўны хор пераязжае ў Мінск, а ў 1955 бліскуча выступае на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве, пасля якой кіраўніку было прысвоена званне "Народны арыст СССР”, а калектыў прызнаны адным з лепшых прафесійных хораў краіны. У 1957 годзе яму надаецца званне Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Беларусі. Пасля Дэкады кіраўнік стварае з калектывам высокамастацкія праграмы, дзе лепшыя песні беларусаў выдатна гучалі побач з "Вечарам” С. Танеева, "Татарскім палонам” М. Рымскага-Корсакава, "Паэтычнай араторыяй” Г. Свірыдава, "Па слядах Руставелі” А. Тактакішвілі. За стварэнне іх ў 1962 годзе Шырме была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі. Да 1970 года Рыгор Раманавіч кіраваў калектывам, які называлі капэлай Шырмы. Майстрам унутранай тэхнікі лічылі яго за сціплую дырыжорскую манеру, калі "не толькі рукі, але і ўся істота дырыжора гаварыла, звала, маліла, і гэтыя зовы і просьбы і былі той галоўнай тэхнікай, якая вырашала лёс артыстычнага поспеху. Такім майстрам быў А. Свешнікаў, да таго роду майстроў належаў Шырма” (В. Балашоў).

Як і раней, многа клапаціўся Рыгор Раманавіч аб стварэнні і выданні высокамастацкіх апра–цовак беларускіх народных пе–сень. Добры іх знаўца, ён ведаў, якому кампазітару можна даве–рыць тую або іншую песню, каб не абламаць яе жывых парасткаў. Апрацоўкі, якія прайшлі мастацкую апрабацыю ў капэле, ён надрукаваў у зборніках "Выбраныя песні з рэпертуару Дзяржаўнага хору БССР” (1958) і "Спявае Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР” (1966). Завяршылася ўся гэтая велізарная праца выданнем у 1972 і 1974 гадах двух фундаментальных тамоў "Беларускія народныя песні ў апрацоўках для хору”, куды ўвайшло 217 разнастайных работ, да стварэння якіх Шырма прыцягнуў 44 кампазітары Беларусі, Расіі, Украіны, Польшы, Літвы, Эстоніі, Латвіі. Лепшымі сярод іх Шырма называў апрацоўкі А. Грачанінава, А. Багатырова і А. Пашчанкі. Выхад двухтомніка адкрыў магчымасці для шырока культурнага ўзаемаабмену з другімі народамі СССР. Заканамерным было прысуджэнне Шырму за яго стварэнне Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Новыя творчыя магчымасці (узятае ў народа вярнуць яму) адкрыліся перад Р. Шырмам – збіральнікам песеннага фальклору. Тысячы яго запісаў становяцца каштоўнейшымі зборнікамі. Шырма выдатна занатаваў багацейшую ў славянскім свеце, пра што сведчыў яшчэ Адам Міцкевіч, песеннасць беларусаў, збярог яе ад забыцця і перадаў у мастацкую практыку.

Першым ягоным песенным зборнікам сталі "Беларускія народныя песні, загадкі  і прыказкі” 1947 года. Але і гэты зборнік і наступны – "Беларускія песні” 1955 года з-за адсутнасці паліграфічнай базы былі выдадзены без нот. Толькі пасля востра крытычнага выступлен–ня Шырмы на ІІІ-м з’ездзе пісьменнікаў Бе–ларусі ў 1954 годзе і се–рыі артыкулаў аб няправільных адносінах да выданняў фальклору становішча змянілася. Новай з’явай сталі выдадзеныя ў 1958 годзе ў Маскве з мелодыямі "Дзвесце беларускіх народных песень” Р. Шырмы, дзе аўтар прадставіў усесаюзнай навуковай і творчай грамадскасці паэтычнае і меладычнае багацце народнай песні.

Па справядлівай ацэнцы Н. Гілевіча, лепшым выданнем беларускіх народных песень з нотамі за ўсю гісторыю беларускай фалькларысткі стаў чатырохтомнік Шырмы "Беларускія народныя песні”, асобныя тамы якога адпаведна выходзілі ў 1959, 1960, 1962 і 1976 гадах. Гэта быў вынік амаль 70-гадовай збіральніцкай і творчай дзейнасці Шырмы.

З 1966 года і да канца жыцця Шырма кіраваў кампазітарскай арганізацыяй Беларусі. Яго вельмі непакоіла, што людзі ў наш час менш спяваюць. Ён лічыў правільнай думку, што народ, які перастаў спяваць, перастае і жыць паўнакроўным жыццём. Прадметам яго асаблівай увагі былі спевы ў школе, аб чым сведчыць і выдадзены ў 1957 годзе "Школьны спеўнік”, і шматлікія выступленні і артыкулы пад дэвізам: "Заспявае школа – заспявае народ”. Самадзейнае мастацтва рэспублікі ён скіроўваў не на падробку пад вядомыя ўзоры, а на свае рэгіянальныя, мясцовыя традыцыі, на самабытнасць.

Творчае крэда Шырмы ў поўны голас прагучала ў кнізе 1976 года "Песня – душа народа”: ”Ёсць у музыцы бясспрэчная ісціна, якую нельга перадаць словамі, але яе выразна і моцна адчувае душа. Яе можна назваць музычнай праўдай. Гэта праўда жыве і дзейсная ў народнай песні. Лада-танальная і паэтычная сістэма, на якую робяць наскокі авангардысты ўсякіх масцей, – аснова гэтай праўды… Вышэй і прыгажэй за народную песню нічога не можа быць! Няма кампазітара больш геніяльнага за народ!”

Шчырым клопатам Шырмы сагрэта цэлае пакаленне дзеячоў беларускага мастацтва. Ён лічыў, што яго рады трэба папаўняць такімі людзьмі, якія з малаком маці ўвабралі любоў да свайго краю, народа, яго мастацтва, мовы. Многія і многія паэты, кампазітары, фалькарысты, музыканты атрымалі пуцёўку ў жыццё, дзякуючы яго бацькоўскаму благаславенню.

Многа зрабіў Рыгор Раманавіч, каб беларуская паэзія загучала ў музыцы. "Часта бывае неабходна падказаць кампазітару, напомніць добры тэкст, на які можа быць напісаны цікавы твор. Вось я і вырашыў, як кажуць, узяць ініцыятыву ў свае рукі”. Па шматлікіх ўспамінах у партфелі яго заўсёды былі з сабою лепшыя творы беларускіх паэтаў, якія ён часта раздаваў і рассылаў кампазітарам.

Плённа працаваў Шырма як нязменны старшыня Беларускага таварыства па культурных сувязях з суайчыннікамі за мяжою, для якіх яго імя, як і запісаная ім славутая "Зорка Венера”, былі сімвалам Радзімы. Ён асабліва клапаціўся, каб беларусы на чужыне бераглі сваю культурную спадчыну, перадавалі яе дзецям. За ўмацаванне культурных сувязяў паміж славянскімі народамі ўрад Балгарыі ўзнагародзіў Шырму ордэнам Кірылы і Мефодзія, а ў Польшчы яму надалі ганаровае званне "Заслужаны дзеяч польскай культуры”.

Афіцыйныя ўлады высока ацанілі шматгранную дзейнасць Р.Р. Шырмы. Ён ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знак Пашаны”. Яго імя носіць Дзяржаўная акадэмічная капэла Беларусі і Пружанская музычная школа. У сярэдняй школе №150 Мінска створана прысвечаная яму экспазіцыя, а ў Пружанах працуе музей Р.Р. Шырмы. Знешняя і ўнутраная абаяльнасць гэтага прыгожага чалавека натхніла многіх паэтаў, кампазітараў, скульптараў на стварэнне твораў аб ім.

Вялікі беларус, які нарадзіўся і пачаў сваю творчую дзейнасць на белавежскай зямлі, даў для нашых часоў прыклад вернага служэння беларускаму народу, яго ідэалам і творчасці.