Аўторак, 19.03.2024, 13:13
Прывітанне, Госць

Віншуе Вольга Палукошка

НАСТАЎНІКУ

 Рыма Мадэстаўнна чытала ў нас лекцыі па беларускім фальклоры ў другім семестры на першым курсе. Яна ж вяла і практычныя заняткі. І студэнты па-рознаму адносіліся да яе. Адны не разумелі, пра што яна расказвае, іншыя ж, наадварот, лавілі кожнае яе слова і з нецярпеннем чакалі працягу. Часткова магу пагадзіцца з першымі. Сапраўды, лекцыі Рымы Мадэстаўны былі не з лёгкіх. Аднак і цяжкімі для ўспрымання і разумення іх таксама не назавеш. Проста яны былі на належным навуковым узроўні, прымушалі ўдумліва слухаць і запісваць. Яны вучылі. А за гэта можна толькі падзякаваць.

Асабіста для мяне знаёмства з Рымай Мадэстаўнай у многім стала лёсавызначальным. Менавіта яна адкрыла мне фальклор. Так, многія фальклорныя творы чыталіся ў дзяцінстве, нешта праходзілі па школьнай праграме. Але менавіта Рыма Мадэстаўна паказала, які глыбокі сэнс можа хавацца за, здавалася б, простымі радкамі.

У першым семестры пад уражаннем ад Уладзіміра Барысавіча Жураўля і, памятаючы пра "лёс”, які выцягнула на школьным выпускным, я была ўпэўнена, што стану мовазнаўцам. Але пасля знаёмства з Рымай Мадэстаўнай зрабіла свой выбар ужо на другім курсе. Пры гэтым зусім не вагалася і не сумнявалася, на які семінар пайсці. І не памылілася, бо Рыма Мадэстаўна – ідэальны навуковы кіраўнік. Яна выслухае і ўлічыць усе пажаданні пры выбары тэмы навуковага даследавання, абавязкова дапаможа знайсці "сваю” – арыгінальную, цікавую і актуальную. Да таго ж уважліва і скрупулёзна прачытае ўсё, што ні прынясе студэнт, магістрант ці аспірант. Часам нават некалькі разоў і амаль адное і тое ж (яе студэнты-семінарысты мяне, напэўна, зразумеюць). Падкажа і дапаможа ўсім і заўсёды.

Здзіўляе і захапляе навуковая актыўнасць Рымы Мадэстаўны. Яна не толькі асведчаны выкладчык, пастаянны ўдзельнік разнастайных навуковых канферэнцый, рэцэнзент і навуковы кіраўнік, укладальнік навуковых зборнікаў, аўтар многіх артыкулаў і выданняў, але і вечны шукальнік і генератар новага. Яна скарбніца ведаў, якая працягвае папаўняцца. З аднаго боку, гэта нармальна для навукоўца. Аднак не кожны малады даследчык праяўляе такі імпэт і любоў да сваёй справы. А Рыме Мадэстаўне ўсё яшчэ цікава тое, чым яна займаецца. І тое, чым займаюцца яе вучні. У іх здольнасці і магчымасці яна верыць нават больш за нас саміх. Таму вялікі дзякуй Вам, Рыма Мадэстаўна.

За ўсё.

 

Вольга Палукошка