Аўторак, 19.03.2024, 05:18
Прывітанне, Госць
    віншуе Вольга Вараб'ёва       
 "...
час пачынанняў і адкрыццяў..."

                                                                         

Калі я была маленькай, я любіла слухаць бабуліны песні. Мая бабуля і яе сяброўкі, такія ж бабулі з суседніх хат, выходзілі на вуліцу, садзіліся пад дрэвамі ў цяньку і пачыналі спяваць. Яны спявалі нягучна, але надзвычай пранікнёна. Я і зараз памятаю, як моцна ўразілі маю дзіцячую душу словы адной з іх песень:

Прымай, жана, хлеб-соль з стала,

Едзе ў госці сястра мая,

Едзе ў госці галодная,

Едзе ў госці гаротная.

Маміны песні гучалі інакш. Мама працавала ў саўгасе на палявых работах. На працу і з працы рабочых часта вазіла машына, звычайная, грузавая. Калі жанчын везлі на абед або з работы ўвечары, чула ўся вёска: яны спявалі песні, спявалі раскаціста, звонка, моцна.  Гэтыя песні арганічна злучаліся з водарам летніх кветак, чырванню заходзячага сонца, бяздонным блакітам неба, пахам варанай бульбы і цырканнем малака падчас вячэрняй дойкі. Вясковы лад жыцця абапіраўся на традыцыйныя каштоўнасці: мы, дзяўчынкі-падлеткі, перад купальскай ноччу рвалі крапіву-жыгучку і клалі яе на падваконнікі, запіхвалі пад дзверы, нават прасоўвалі ў клямкі, каб засцерагчы хату і падворак ад ведзьмы. Калі падраслі, варажылі на трыпутніку, кармілі аладкамі сабаку, падкладвалі пад падушку грэбень… Мы ведалі, як варыць куццю, фарбаваць яйкі, спраўляць Дзяды. Усё гэта сінкрэтычнае адзінства назаўсёды ўвайшло ў маю душу і стала неад’емнай часткай майго "я”, часткай, якая, аднак, доўгі час заставалася неўсвядомленай.

Потым быў універсітэт. Лекцыі, практычныя, залікі, экзамены, практыка. Практычныя заняткі па фальклору ў нашай групе вяла Рыма Мадэстаўна Кавалёва. З ёй жа мы паехалі летам і на фальклорную практыку ў в. Стрэшын. Цудоўны педагог, тонкі псіхолаг і далікатны чалавек, Рыма Мадэстаўна да кожнага студэнта падыходзіла індывідуальна. Я, напрыклад, не толькі збірала фальклорныя тэксты, але і параўноўвала традыцыі сваёй вёскі і в. Стрэшын.  А восенню, на другім курсе, пры падвядзенні вынікаў летняй практыкі, Рыма Мадэстаўна ўручыла мне і яшчэ неалькім студэнткам драўляныя распісныя лыжкі і пажадала: "Чэрпаць вам і не вычарпаць фальклорныя скарбы”. Было вельмі прыемна, што мяне вылучылі як лепшую, убачылі мой патэнцыял, і гэта,  безумоўна, акрыліла і падштурхнула да больш сур’ёзных заняткаў фалькларыстыкай. На працягу ўсіх гадоў навучання ва ўніверсітэце я адчувала падтрымку Рымы Мадэстаўны, яе неабыякавасць да майго лёсу. Яна не была маім навуковым кіраўніком   пры напісанні дыпломнай работы, аднак дыплом я напісала на тэму, прапанаваную ёй і на архіўных матэрыялах, якія мне дала таксама Рыма Мадэстаўна. Потым была аспірантура, абарона дысертацыі, апанентам па якой выступала зноў Рыма Мадэстаўна. Я не ведаю, якія іншыя варыянты жыццёвага шляху рыхтаваў для мяне лёс, але я рада, што ўсё склалася іменна так, і вельмі ўдзячна за гэта Рыме Мадэстаўне Кавалёвай.

Дарагая Рыма Мадэстаўна! Ад усёй душы віншую Вас з Днём нараджэння. Жадаю Вам моцнага здароўя, шчасця, поспехаў ва ўсіх Вашых пачынаннях, выканання жаданняў. Вы нарадзіліся ў цудоўную пару года, калі зеляніна самая чыстая, сонца – самае яркае, кветкі – самыя пяшчотныя, песні – самыя шчырыя. Гэта час пачынанняў і адкрыццяў, час нараджэння новых жаданняў, абуджэння надзей. І ўсімі гэтымі якасцямі прырода шчодра падзялілася з Вамі. Вы здолелі сумясціць у сабе энцыклапедызм ведаў, шчырасць пачуццяў, мудрасць, тактоўнасць і патрабавальнасць. Заставайцеся заўсёды такой. І няхай побач з вамі заўсёды будуць дарагія вам людзі: любімыя блізкія, надзейныя сябры і ўдзячныя вучні.

                                                                                                                                             Вольга Вараб'ёва