Аўторак, 19.03.2024, 11:45
Прывітанне, Госць

Таццяна Марозава

ЗНАЁМЦЕСЯ: новая кніга

Васіль Ліцьвінка.

Крыніца народнай мудрасці. З літаратурнай спадчыны

Мінск, Беларуская навука, 2012


Шаноўныя студэнты, магістранты, аспіранты, выкладчыкі, аматары навуковай і навукова-папулярнай літаратуры! Выйшла з друку кніга прац вядомага беларускага фалькларыста, даследчыка і папулярызатара айчыннай этнакультуры Васіля Ліцьвінкі "Крыніца народнай мудрасці. З літаратурнай спадчыны” (Мінск, Беларуская навука, 2012). Яго заўчасная смерць у ліпені 2007 года ўскалыхнула фалькларыстычную грамадскасць, глыбокім жалем адукнулася ў сэрцах яго шматлікіх сяброў – як асобных выканаўцаў народных песень, так і цэлых фальклорных калектываў, калег па навуковай ніве і проста знаёмых. У снежні 2012 года споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння Васіля Дмітрыевіча. Гэтая кніга – плён яго шматгадовай фалькларыстычнай дзейнасці, прадстаўленай у шматлікіх артыкулах. Цяпер яны змешчаны ў адным выданні, што робіць яе ўдвая каштоўнай. Кніга ўбачыла свет дзякуючы Наталлі Міхайлаўне Ліцьвінка, жонцы Васіля Дзмірыевіча, якая ажыццявіла вялікую працу па падборцы матэрыялаў, ўкладанні і рэдагаванні.

У кнізе 6 асобных раздзелаў: "Васіль Ліцьвінка-фалькларыст”, "Вялікая скарбніца”, "Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года” Яна Чачота 1942-1844 гадоў – гістарычны эпас беларусаў”, "Славутыя землякі”, "Па старонках "Беларускага фальклору”, "Далягляды даследавання народнай творчасці”. Звяртае на сябе ўступ-споведзь Наталлі Міхайлаўны Ліцьвінка аб Васілю Дзмітрыевічу аб тым, якім ён быў дома з роднымі і блізкімі людзьмі, што яго турбавала, якія яго планы засталіся нерэалізаванымі. Шчырыя і адкрытыя ўспаміны аб мужу, таварышу, сябру па жыцці…

Часткі "Ад укладальніка”, 3 дадаткі і поўная бібліяграфія Васіля Дзмітрыевіча лагічна дамалёўваюць цэласнае ўяўленне аб чалавеку, асобе, навукоўцу, якім быў і застанецца Васіль Ліцьвінка.

Больш падрабязна пазнаёміцца з выданнем можна, набыўшы яе ў кнігарнях, наведаўшы бібліятэкі, а таксама вучэбна-навуковую лабараторыю беларускага фальклору (Мінск, вул. К. Маркса, 31, аўд. 39 флігеля), якая атрымала кнігу ў падарунак ад укладальніка.