Аўторак, 19.03.2024, 06:19
Прывітанне, Госць

Дзейнасць Р.Р. Шырмы ў артыкулах навукоўцаў

Рыма Кавалёва

 

СЛОВА ПРА Р. Р. ШЫРМУ

 

<> Постаць Р. Р. Шырмы прыкметна вылучаецца на фоне яго сучаснікаў. Нястомны збіральнік беларускага фальклору, удумлівы этнамузыказнаўца і фалькларыст, уважлівы ўкладальнік зборнікаў народных песень – як ва ўласных запісах і нотных расшыфроўках, так і ў апрацоўках для практычнай дзейнасці прафесійных і аматарскіх калектываў, заснавальнік шматлікіх хораў з беларускім песенным рэпертуарам, заснавальнік і кіраўнік Акадэмічнай харавой капэлы, якая цяпер носіць яго імя, педагог, публіцыст, грамадскі дзеяч… І ўсё гэта адзін чалавек – Рыгор Раманавіч Шырма, сапраўдны беларускі інтэлігент, патрыёт, усёй душою адданы Радзіме і беларускай песні, высокія эстэтычныя вартасці якой ён падкрэсліваў у сваіх артыкулах і практычна дэманстраваў праз выступленні капэлы.

<> Праз песню Р. Р. Шырма здолеў паказаць душу беларускага народа, яго жывую гісторыю. У сваёй дзейнасці ён імкнуўся да таго, каб даць «вывучыць тыя асаблівасці творчага народнага калектыву, якія не даводзяцца разважаннямі, а заўсёды паказваюцца ў мастацкіх формах». Гэтая думка маэстра асабліва блізкая пазіцыі фалькларыстаў-філолагаў, якія зыходзяць з меркавання, што фальклор – перш за ўсё мастацтва слова, сінкрэтычна спаянага з напевам у лірычных жанрах вуснай народнай творчасці.

<> Свае погляды на фальклор Р. Р. Шырма выказваў не толькі прама – у артыкулах, выступленнях, дакладах, прадмовах, але і ўскосна – праз структурную канфігурацыю зборнікаў, адбор тэкстаў, іх класіфікацыю, размяшчэнне, заўвагі. Напрыклад, ён лічыў прынцыпова важным друкаваць каляндарна-абрадавыя песні, пачынаючы не з калядак, як гэта звычайна рабілася, а з вяснянак, бо ў народным святочным календары вясна трывала звязвалася з пачаткам новага года – дадатковым пацверджаннем для Р. Р. Шырмы паслужылі радкі валачобных песень, дзе веснавыя святы заўсёды, за рэдкім выключэннем, называюцца сярод гадавых першымі.

<> Р. Р. Шырма быў адным з нямногіх фалькларыстаў, хто свабодна выказваў думкі, якія разыходзіліся з пануючымі. Толькі цяпер у поўнай меры зразумела, наколькі заслугоўвае павагі навуковая пазіцыя Шырмы ў дачыненні да каляндарна-абрадавай паэзіі. У часы трыумфальнага шэсця т. зв. тэорыі працоўнага паходжання каляндарных свят, абрадаў і іх паэзіі, прапанаванай У. І. Чычаравым, Рыгор Раманавіч у адрозненне ад многіх фалькларыстаў не спяшаўся катэгарычна адмаўляцца ад папярэдніх навуковых думак. У ледзь не аднадушным хоры прыхільнікаў матэрыялістычнага падыходу да разумення генезісу абрадавай лірыкі яго голас не згубіўся. Р. Р. Шырма заставаўся на пазіцыі шматбаковага разгляду каляндарнай абраднасці ў сукупнасці яе жыццёвых вытокаў, псіхалагічнага напаўнення, адмысловай функцыянальнасці і міфалагічнага падмурку. На прыкладзе веснавой абраднасці ён паказаў, наколькі важна прымаць у разлік міфалагічны кампанент каляндарнай святочнай культуры: «Нашы далёкія продкі ладзілі спецыяльныя святы ў гонар вясны. Адно з такіх святаў называлася радаўніцай. Людзі ў дзень гэтага свята радаваліся, што прайшла зіма і настае вясна. Святкаванне пачыналася праводжаннем міфічнай багіні зімы і закліканнем багіні вясны. Пазней на радаўніцу паміналі памёршых».

<> Разам з тым, як можна пераканацца, у зборніках Р. Р. Шырмы змешчаны сапраўды ўнікальныя тэксты і варыянты. Некаторыя ўтрымліваюць матывы, зафіксаваныя толькі ў яго запісах, што дае прастору для шэрага новых інтэрпрэтацый, больш глыбокага ўсведамлення мастацкага зместу твораў, лепшага разумення асноў міфапаэтыкі. Запісы Р. Р. Шырмы – той універсум, дзе кожны даследчык знойдзе цікавы аб’ект аналізу, іншая справа, ці гатовы мы ўбачыць яго спадчыну ў новым ракурсе, ці падрыхтаваны да таго, каб сказаць пра яе новае слова, ці здольны данесці да слыху шырокіх колаў грамадскасці, наколькі гэта важна для духоўнага здароўя нацыі – памятаць пра тых, хто паклаў жыццё, каб спыніць імгненне, зафіксаваць і тым самым захаваць для наступных пакаленняў скарбы беларускай народнай творчасці.

 

Вытрымкі з артыкула, надрукаванага ў зборніку "Фалькларыстычныя даследаванні: кантэкст, тыпалогія, сувязі”, вып. 5, 2008.

 

 

Вячаслаў Калацэй

Рыгор Шырма – збіральнік фальклору, тэарэтык і метадолаг палявых даследаванняў

Сучаснікі, якія асабіста ведалі Рыгора Шырму, адзначалі, што маэстра заўсёды меў засяроджаны і сур’ёзны выгляд, які сведчыў аб тым, што ён перманентна пра нешта клапаціўся і аб нечым напружана разважаў. Цяжка сказаць, што на гэта больш паўплывала: «скіраваная ўглыбіню сябе» беларуская ментальнасць Рыгора Раманавіча ці канцэптуальны погляд на праблемы творчасці і навукі. Але яго працаздольнасць, педантызм (у станоўчым сэнсе), практычна скіраваная крэатыўная энергія і дэтальна прадуманы падыход да ўласнай дзейнасці агульнавядомы і шмат разоў абмяркоўваліся біёграфамі, фалькларыстамі і мастацтвазнаўцамі.

Як прызнаны майстар у галіне палявой фалькларыстыкі, тэарэтык і метадолаг фалькларыстычных даследаванняў Шырма за працяглы тэрмін сваёй практычнай дзейнасці дасягнуў вельмі значных пазіцый. Плён дасягненняў Рыгора Раманавіча ў гэтым кірунку адбіўся і ў практычных выніках (фалькларыстычных эдыцыях і канцэртных творах Капэлы Шырмы – якія агульнавядомы), і ва ўменні беспамылкова знаходзіць адэкватныя сучаснасці формы і метады працы з носьбітамі фальклору, не губляючы пры гэтым з далягляду мэту сваёй дзейнасці – спрыянне ахове і трансляцыі ў часе беларускай песні як аднаго з «краевугольных камянёў» нашай культуры.

<> Ад пачатку ўласных даследчых намаганняў у 1907 г. Шырма дакладна ведаў прыярытэтную задачу тагачасных даследчыкаў музычнага фальклору – паслядоўна-сістэмны збор беларускіх песенных мелодый. Перад Другой сусветнай вайной, з 1907 па 1937 гг., ён запісаў больш за тысячу разнастайных напеваў і на працягу далейшай дзейнасці – да 1960-х – значна пашырыў аб’ём і геаграфію ўласных сістэмных фалькларыстычных даследаванняў [2, 16]. Натуральна, што памножаная на яго асабістую пасіянарнасць і неабыякавы падыход да працы, колькасць шырмаўскіх фалькларыстычных архіўных матэрыялаў непазбежна перайшла ў якасць іх аналітычнай апрацоўкі і аўтарскіх эдыцый.

<> Адсутнасць фанографа ў час экспедыцый у Шырмы тлумачаць звычайна выключнай музычнай памяццю, слыхавымі і сенсітыўнымі якасцямі Рыгора Раманавіча. Аднак, калі прыгадаць яго заўвагі пра «роўных сярод роўных» і «удзел у абрадах», варта разглядаць гэты момант як канцэптуальнае жаданне адгледзець і ўпітаць скарбы фальклору «жыўцом», без «другасных эфектаў», штучнасці і ангажаванасці.

На карысць прадуманасці і невыпадковасці асаблівасцей методыкі палявых даследаванняў Шырмы сведчыць і аналіз «жывой спеўнай інтанацыі», характэрнай лепшым праявам фальклору, над асэнсаваннем якой даследчык шмат разважаў і заклікаў да такіх разважанняў іншых [2, 17]. Разуменне таго, што «стварыўшы прыгажосць абрадаў, народ літаральна кожны істотны акт свайго жыцця адлюстраваў у песні, ілюструючы ўласныя настроі і перажыванні адпаведнымі танамі песні, плывучай з глыбінь сэрца» [2, 18], сапраўды выводзіць даследчыка з першаснай, тэкставай плашчыні нот да больш высокай плашчыні музычнага мэтатэксту. Як фармулюе Тамара Варфаламеева (адзначаючы ўплыў на асаблівасці дзейнасці Шырмы інтанацыйнай тэорыі пецярбуржца Барыса Асаф’ева), у сваіх сталых, пазнейшых публікацыях Рыгор Раманавіч шмат увагі надаваў «музычнай мове, разнастайнаму ўвасабленню інтанацыі сродкамі мелодыі» [2, 19].

 

ЛІТАРАТУРА

2. Варфоломеева, Т. Григорий Ширма / Т. Варфоломева // Працяг будзе… / укл. М. Козенка. – Мінск, 2004.

 

Вытрымкі з артыкула, надрукаванага ў зборніку "Фалькларыстычныя даследаванні: кантэкст, тыпалогія, сувязі”, вып. 8, 2011.

 

Энгельс Дарашэвіч

КУЛЬТУРАЛАГІЧНЫЯ ІНТЭНЦЫІ ДЗЕЙНАСЦІ РЫГОРА ШЫРМЫ

Постать Шырмы, аднаго з тытанаў беларускага Адраджэння ХХ ст., невыпадкова звязана з беларускім каранёвым меласам, у якім сінкрэтычна «зышліся» ментальнасць, аксіялогія, эстэтыка ды і адаптацыйная стратэгія беларусаў. І справа тут не толькі ў тым, што нават вялікі Платон, калі разважаў аб прыродзе сапраўднай паэзіі [*2], спасылаўся менавіта на народныя ўяўленні пра тэхналогію і асаблівасці паэтычнай творчасці [4, 223]. Непераходзячую каштоўнасць этнічнага мастацтва дэкларуюць многія (калі не ўсе), але толькі адзінкі здольны комплексна «прапусціць» народны мелас і паэтыку роднага слова праз свае ўласныя галасавыя звязкі, сэрца і мозг. А потым – пралічыць бясконцую колькасць варыянтаў і знайсці аптымальны кірунак, у якім «сёння і зараз» трэба практычна рухаць «душу народа – песню», каб яна камернай, але ўпэўненай флейтай [*3] «звязала» памiжсобку розныя эпохі гісторыі народа і назаўжды засталася яго абярэгам і паратункам ад небяспек, пакут і выпрабаванняў.

Выключнае «прафесійнае валоданне спецыфічнай – музычнай – мовай народнай песні, яе меласам» [1, 11] дазволіла Шырму дасягнуць вельмі арганічнага заглыблення ў ментальнасць і культуру беларусаў, якое спрыяла (і на інтуітыўным, і на інтэлектуальным узроўні) дакладнаму разліку паспяховасці яго шматлікіх практычных культуртрэгерскіх пачынанняў у асяродку свайго народа. А паколькі ва ўсім свеце ў першую чаргу вітаюць і памятаюць «лица не общее выражение», маштаб асобы Рыгора Раманавіча і яго фундаментальны этнакультурны background сталіся галоўнай умовай паспяховай (нават бліскучай) творчай самарэалізацыі Шырмы і па-за межамі роднай Беларусі.

<> Сёння можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ў постаці Рыгора Шырмы беларусы мелі паспяховага стратэга нацыянальнага адраджэння, перавод стратэгіі ў практыку (т. зв. інтэнцыі) дзейнасці якога «пакрываюць» некалькі напрамкаў развіцця айчыннай навукі і соцыякультурнай практыкі, звязаных з мастацтвам тытульнага этнасу нашай краіны.

У галіне навукі ён спраўдзіў сябе як збіральнік фальклору, тэарэтык і метадолаг палявых даследаванняў, эдытар і друкар помнікаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны беларусаў, бліскучы аналітык фальклору, філолаг і этнамузыколаг. У галіне соцыякультурнай практыкі Рыгор Шырма неаднаразова меў поспех як тэарэтык культуры, публіцыст, музычны прадзюсер, харавы дырыжор, таленавіты педагог, прызнаны аўтар густоўных апрацовак народнай музыкі.

Як часта бывае, многія з інтэнцый, свядома ці спантанна вынайдзеных у працэсе жыцця і творчасці пэўнай асобы, паглыбляюцца, распрацоўваюцца, выкарыстоўваюцца не самім аўтарам, а яго паслядоўнікамі (часам і яго эпігонамі). Калі ўлічыць, што культуралагічныя інтэнцыі дзейнасці Рыгора Шырмы заўсёды былі шырока накіраваны на культуру і мастацтва беларусаў увогуле, падаецца, што становішча з масавай распрацоўкай сваіх дасягненняў тэарэтыкамі і практыкамі фальклору, філолагамі, музыкамі, дырыжорамі, мастацтвазнаўцамі і культуролагамі Беларусі Рыгор Раманавіч вітаў бы ад усяго сэрца.

 

ЗАЎВАГІ

**2. У часы Платона паэтычныя творы не дэкламаваліся, а спяваліся [2, 32].

 

ЛІТАРАТУРА

1. Варфоломеева, Т. Григорий Ширма / Т. Варфоломева // Працяг будзе… / укл. М. Козенка. – Мінск, 2004.

2. Калацэй, В. Параўнальная міфалогія / В. Калацэй. – Мінск, 2009.

3. Мациевский, И. Возрождение этнической музыки и специальное образование / И. Мациевский // Аўтэнтычны фальклор: праблемы вывучэння, захавання, пераймання : зборнік навуковых прац удзельнікаў III Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (Мінск, 29–30 крас. 2009г.) / БДУКМ ; рэдкал.: Мажэйка М.А. (адк. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2009.

4. Розин, В. Семиотические исследования / В. Розин. – М., СПб., 2001.

5. Шырма, Р. Песня – душа народа / Р. Шырма. – Мінск, 1976.

 

Вытрымкі з артыкула, надрукаванага ў зборніку "Фалькларыстычныя даследаванні: кантэкст, тыпалогія, сувязі”, вып. 8, 2011.

 

 

Тамара Якіменка

БЕЛАРУСКАЯ КАЛЯНДАРНА-ПЕСЕННАЯ ЭПІКА Ў ЗАПІСАХ Р. ШЫРМЫ

 

<> Калекцыі Р. Шырмы, якія змяшчаюць запісы аўтэнтычных каляндарна-песенных узораў, адкрываюцца тэкстава-паэтычным зборам «Беларускія народныя песні, загадкі і прыказкі» (Мінск, 1947), знаходзяць змястоўны працяг у музычна-фалькларыстычным выданні «Г. Ширма. Двести белорусских народных песен» (М., 1958) і найбольш маштабную прэзентацыю ў цалкам «каляндарным» па матэрыяле 3-м томе чатырохтомніка «Беларускія народныя песні. Запіс Р. Шырмы» (Мінск, 1962) [1]. У святле вызначальных для беларускай навуковай школы рэгіянальна і арэалагічна скіраваных даследаванняў этнамузычнай культуры беларусаў, а таксама ў аспекце мелагеаграфічных і сістэмна-тыпалагічных сістэматык беларускага каляндарна-песеннага меласу выданні Р. Шырмы паўстаюць сапраўднай анталогіяй, у якой «песенны каляндар» і непасрэдна каляндарны музычны «слых» беларусаў раскрыты ў фундаментальным ахопе і найбольш тыповых праявах ад Пружаншчыны да Дзісненшчыны, Віленшчыны, Гродзеншчыны, Ваўкавышчыны, Наваградчыны, Сакольшчыны, узбярэжжа Нарэва, Беласточчыны, Стаўбцоўскай і Смалявіцкай Міншчыны. Акрамя цэласнай панарамы каляндарна-песенных тыпаў гэтай агромністай тэрыторыі (у яе межах ‑ паўночна-заходняе Палессе, Панямонне, заходне-цэнтральнае Паазер’е і захад цэнтральнабеларускага рэгіёна), багацце паказаных у «каляндарнай анталогіі» Р. Шырмы веснавых, валачобных, юраўскіх, купальска-пятроўскіх, жніўных і дажыначных, яравых і восеньскіх, калядных паэтычных тэкстаў і напеваў ўвабрала ў сябе і такі магутны пласт вуснатрадыцыйнай культуры беларусаў, як песенная эпіка–каляндарная, паводле музычнага «азначвання» (М. Бахцін). За фактам яе руплівай фіксацыі не толькі выдатнае адчуванне «заглыбленасці», паводле выразу Р. Шырмы, беларускага народа ў сваю песенную творчасць [5, 122], але і разуменне сутнаснага ў самой беларускай песенна-эпічнай традыцыі, неаддзельнасці эпікі (як корпуса пададзеных у «ідэальных» канструкцыях эпічнай свядомасці, прыўзнятых над часам і прасторай паўсядзённасці музычна артыкуляваных расповедаў) ад карэннага каляндарна-песеннага рэпертуару, існавання яе разнастайных, паводле паэтычнага зместу, форм у складзе старажытнай земляробчай песеннасці як арганічнай і сакральнай часткі апошняй. Улучэнне каляндарна прымеркаваных песенна-эпічных артэфактаў у адпаведныя сезонныя і абрадавыя рубрыкі каляндарных збораў ‑ знак ведання Р. Шырмам псіхалогіі носьбітаў беларускай этнічнай традыцыі, існасці іх «духоўнага характару», а таксама тыпу беларускай традыцыйнай культурнай ментальнасці. Дар далучанасці да гэтай таямніцы («кожны народ мае свой асаблівы духоўны характар, які знаходзіць найбольшае адбіццё ў яго песнях» [3, 14]) даваў Р. Шырме магчымасць пісаць аб беларускім эпасе як «спакойным», «які плыве да сэрца велічнымі вобразамі» [4, 146].

<> Запісы з каляндарных калекцый Р. Шырмы паказваюць, што, акрамя міфалагічных песенна-эпічна тыпізаваных наратываў, узнаўленне якіх аказваецца для традыцыйных носьбітаў важным па сутнасці ва ўсіх сезонных перыядах, у абсягах каляндарнай музычна-стылявой тыпізацыі і ўласна інтанацыйных «азначванняў» знаходзяцца і рэпрэзентатыўныя для культуры беларускага «народнага хрысціянства» вуснатрадыцыйныя рэцэпцыі «кніжных» духоўных вершаў і псальмаў. Выразны прыклад ‑ «Даўно, даўно тое было» з сюжэтам «Юр’я і Цмок», занатаваны Р. Шырмам у 1929 г. ад Зосі Карпюк з в. Харкі Пружанскага павета і пададзены ў раздзеле «Вяснянкі» [1, № 61]. Яшчэ больш шырока ўлучана ў каляндарны цыкл сфера балад – цэнтральне звяно ў сістэме песеннай эпікі і песенна-апавядальным фальклоры беларусаў. Ярка спецыфічная матыўным і сюжэтным фондам, гэтая сфера ў запісах Р. Шырмы паўстае ў значнай сваёй частцы як прыналежная менавіта да сакральнага каляндарнага кола. Каляндарнымі па функцыянальнай і інтанацыйнай ідэі з’яўляюцца многія пададзеныя Р. Шырмам песенныя расповеды з баладна арганізаваным сюжэтам. <>

Уражвае раскрытая Р. Шырмам разгрупаванасць эпікі ў каляндарна-песенным цыкле, устойлівасць захавання розных яе тэматычных груп і форм у песенным рэпертуары ўсіх абследаваных ім мясцовасцей, неаддзельнасць гукавых кадыфікацый ад кадыфікацыі ўласна абрадавых, прынцыпова сугестыўных і сігнальных па меласу каляндарных артэфактаў. Поруч з паказаным у запісах Р. Шырмы цыклізмам функцыяніравання каляндарна прымеркаванай песеннай эпікі, магутнасць яе сувязей з каляднымі, валачобнымі, юраўскімі, купальскімі, жніўнымі, восеньскімі песеннымі тыпамі дазваляе бачыць у гэтым тэндэнцыі яе музычнай тыпізацыі праяву «каляндарнасці модуса» (З. Мажэйка) ўсяго беларускага этнапесеннага вопыту, непаўторнасці яго фундаментальнай структуры, у якой канстанты этнічнай традыцыі і яе генетычная памяць. Невыпадкова Р. Шырма з такой настойлівасцю падкрэсліваў, што «трэба прывесці ў парадак нашу спадчыну, тое, што было запісана і ляжыць цяпер мёртвым капіталам. … Да гэтых часоў з захапленнем чытаюць казкі «Тысяча і адна ноч». Наш беларускі матэрыял па сваіх мастацкіх якасцях ніколькі не ніжэйшы. ... Нашы вучоныя, паэты і пісьменнікі павінны прывесці беларускі эпас у парадак. Калі ёсць «Калевала», калі ёсць эпас каўказскіх народаў, трэба, нарэшце, прывесці ў парадак і наш беларускі эпас» [6, 158-159].

 

Вытрымкі з артыкула, надрукаванага ў зборніку "Фалькларыстычныя даследаванні: кантэкст, тыпалогія, сувязі”, вып. 7, 2010.

 

ЛІТАРАТУРА

 

1. Беларускія народныя песні: у 4-х т. Т. 3 / запіс Р. Шырмы. Мінск, 1962.

2. Мелетинский Е. М. Происхождение героического эпроса: Ранние формы и архаические памятники. М., 1963.

3. Путилов Б. Н. Фольклор и народная культура; In memoriam. / Б. Н. Путилов. СПб., 2003.

4. Шырма Р. Ад аўтара запісаў // Шырма Р. Песня – душа народа: З літаратурнай спадчыны / прадм. Н. Гілевіча; уклад., камент. і бібліягр. В. Ліцвінкі. Мінск, 1976.

5. Шырма  Р. Беларуская народная песня // Шырма  Р. Песня – душа народа: З літаратурнай спадчыны / прадм. Н. Гілевіча; уклад., камент. і бібліягр. В. Ліцвінкі. Мінск, 1993.

6. Шырма Р. Мае заўвагі // Шырма  Р. Песня – душа народа. Мінск, 1976.

7. Шырма Р. Прадмова да зборніка «Беларускія народныя песні» // Шырма  Р. Песня – душа народа. Мінск, 1976.


(у афармленні выкарыстанае фота з сямейнага архіву Шырмаў)