Аўторак, 19.03.2024, 11:47
Прывітанне, Госць
Міхась Кенька

Анекдоты, што канулі ў Лету

Пазнаёміўся я з кнігай А. Я. і А. Д. Шмялёвых "Русский анекдот” (М., 2002) і быў уражаны тым, што ведаю амаль усе анекдоты, якія ў ёй аналізуюцца. Ці не змог бы я напісаць падобную кнігу сам? Мабыць, змог бы, хаця і па-свойму, і нават больш падрабязна, бо хаця ў цэлым тэму ўжо разгледзелі, але настолькі мала было і ёсць напісана пра анекдоты, што  "ніша” яшчэ далёка не запоўнена. Прынамсі, я заўважыў, што Шмялёвы не ўключылі ў свой разгляд анекдоты, якія паявіліся як водгук на пэўную падзею і якія адышлі ў нябыт, калі сама гэтая падзея стала гісторыяй, забылася, а новыя пакаленні яе ўжо не ведаюць. Я паспрабаваў занатаваць анекдоты, якія чуў сам. Яны адносіліся да ранейшых часоў, але тады апавядальнік ведаў акалічнасці, звязаныя з імі, і разлічваў на тое, што іх ведае і яго суразмоўца, а таму будзе смяяцца. Першы з анекдотаў апавядаў мне былы танкіст, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Павел Іванавіч (прозвішча не памятаю), які засведчыў, што чуў яго непасрэдна пасля падзей, што з ім звязаны.

         1944 год. Канферэнцыя кіраўнікоў трох дзяржаў-саюзніц у Ялце. Сярод пытанняў, якія там абмяркоўваліся, нібыта было і такое: "Якое пакаранне  вызначыць Гітлеру, калі ўдасца захапіць яго жывым?” Рузвельт, вядома, адказаў, што трэба пасадзіць на электрычнае крэсла, Чэрчыль – павесіць. А Сталін сказаў: "А не лучше ли нам спросить подлинного творца победы, простого солдата?” Паклікаў салдата з аховы і пытаецца: "Какую казнь вы бы определили Гитлеру?” А салдат адказвае: "Мы, товарищ Сталин, промеж собой уже толковали об этом. И решили, что лучше всего будет докрасна накалить на огне железный лом и засунуть его Гитлеру холодным концом в задницу”. Тут умешваецца Чэрчыль: "Нет, горячим, горячим!” А салдат: "Не-а… Именно холодным. Иначе вы, союзники, захотите его вытащить…”

         Выходзіць, ужо ў вайну жыў у народзе недавер да саюзнікаў. Пазней я гэты анекдот болей ні ад каго не чуў. Хаця, можа ён паявіўся недзе ў інтэрнэце паводле чыіх-небудзь успамінаў.

         1964 год. Год, у які знялі з пасады галоўнага тагачаснага партыйнага кіраўніка краіны Мікіту Сяргеевіча Хрушчова. Адбылося гэта тады, калі быў запушчаны касмічны карабель "Восход”. У анекдоце гэта было заўважана, знайшлося і ключавое слова, якое паяднала дзве гэтыя падзеі. Пытанне: "Што агульнага паміж запускам "Восхода” і адстаўкай Хрушчова?” Адказ: "Яны вылецелі амаль адначасова”.

         Тады ж хадзіў і такі анекдот: "За што знялі Хрушчова? За шэсць "к”: "Культ. Кукуруза. Китай, Карибский кризис, Кузькина мать, Коммунизьм”. Цяпер з гэтага анекдота пасмяюцца толькі тыя, хто ведае аб правалах Хрушчова ў знешняй і ўнутранай палітыцы.

         1970. Паявілася многа анекдотаў у сувязі з пампезным святкаваннем стагоддзя з дня нараджэння У. І. Леніна. Новы генсек Леанід Ільіч Брэжнеў прыняў удзел у юбілейным камуністычным суботніку. Было заўважана, што ў яго імя па бацьку такое самае, як ва Уладзіміра Ільіча Леніна, заснавальніка традыцыі ўдзелу кіраўнікоў партыі ў камуністычных суботніках. На першым з іх ён сам дапамагаў пераносіць бярвенні. Ёсць здымак, дзе занатавана, як ён з групай рабочых нясе бервяно. Анекдот. "Пытанне: У чым розніца паміж суботнікам 1921 і 1970 гадоў? Адказ: "Бервяно такое самае, Ільіч не такі”.

         Анекдот адносіцца да часу, калі аўтарытэт першага Ільіча быў непарушны, ён тады служыў узорам.

         1979 год. Паўсюдна ўсхваляецца літаратурны твор "товарища Леонида Ильича Брежнева” (такую падхалімскую сардэчна-афіцыйную форму ў адносінах да яго прыдумалі) − "Малая земля”. У той год была страшэнная засуха і быў запушчаны чарговы касмічны карабель "Саюз”, у якім сапсаваўся асноўны рухавік, і касманаўты аварыйна прызямліліся на запасным. У анекдоце гэтыя падзеі былі аб’яднаны. Нібыта Брэжнеў у трывозе за ўраджай папрасіў касманаўтаў звярнуцца да Бога. Яны вылецелі, кружацца па арбіце, раптам бачаць, сядзіць Бог на воблаку і чытае кніжку. Яны звяртаюцца да яго: "Товарищ Бог, просим Вас помочь, в СССР засуха”. Бог зірнуў на іх, раздражнёна махнуў рукой: "Не мешайте!” Ад таго ўзмаху карабель сапсаваўся і касманаўты ледзьве змаглі яго пасадзіць. Далажылі Брэжневу. Той раззлаваўся: "У нас жа яшчэ там ёсць касмічная станцыя. Хай з дапамогай яе паспрабуюць”. Тыя, хто быў на борце станцыі, разагналі яе, ды і шурхель воблака, на якім сядзеў Бог. Той зірк на іх і пытае: "Чего вам?” Яны яму: "Товарищ Бог, в СССР засуха, все посевы сгорят!” Бог задумаўся і кажа: "Это ж надо! За этой "Малой землёй” совершенно забыл про Большую землю!”

         Анекдотаў пра аўтабіяграфічны твор Брэжнева хадзіла досыць многа, гэты ж па сваёй фантастычнай неверагоднасці пераўзышоў усе іншыя, бо па ім выходзіла, што сам Бог захапіўся ягонай кнігай.

         1980 год. Той самы, калі саслалі ў Горкі акадэміка Сахарава, увялі войскі ў Афганістан, зрабілі ампутацыю нагі выгнанаму з краіны іранскаму  шаху, калі быў байкот алімпійскіх гульняў у Маскве. Гэтыя падзеі былі тады на слыху. У анекдоце яны аказаліся цесна звязанымі: "Сустракаюцца двое. Адзін пытаецца:  "Чаму ты не паяўляешся ў піўбары, ці не хварэў?” Другі абурана адказвае: "Які бар, якое піва! Тут такія падзеі ў свеце, а табе б толькі піва жлукціць!” "Якія такія падзеі?” "Ты што, нічога не ведаеш? Афганскаму шаху адрэзалі нагу, саслалі яго ў Горкі, і цяпер, можаш сабе ўявіць, ён не хоча ехаць на маскоўскую алімпіяду!” Зразумела, што тут высмейваецца афіцыйная інфармацыя, якой тады былі забіты тагачасныя СМІ.

         1986 год. Гібель шматразовага амерыканскага касмічнага карабля "Чэленджэр”. Нібыта напярэдадні гэтай трагедыі звоніць Брэжнеў амерыканскаму прэзідэнту: "Господин Рейган, позвольте мне выразить свои соболезнования по поводу гибели «Челленджера». Рэйган у адказ: "Он же ещё не взлетал. Брэжнеў: "Извините, позвоню завтра. Тут намёк не толькі на розніцу ў часе паміж Масквой і Вашынгтонам, але і на тое, што амерыканскі карабель сапсавалі рускія. Cітуацыя даведзена да абсурду: хаця і вялася касмічная гонка супердзяржаў, працягвалася халодная вайна, але да выкарыстанння дыверсійных метадаў не даходзіла.

         Многія анекдоты, пра якія забыліся, былі рэакцыяй на пэўныя партыйныя дакументы, гучныя дэкларацыі КПСС, перахлёсты ў партыйнай прапагандзе. Часцей за ўсё яны былі звязаны з так званымі "паведамленнямі армянскага радыё”. Вось некаторыя з іх:

− Армянское радио сообщает, что в Cуздале в монастыре найдена неизвестная глава Библии, в которой говорится о том, что "конец света может случиться в одной, отдельно взятой стране”.

Закавычанае – намёк на Праграму КПСС, у якой дэкларавалася, што "коммунизм может быть построен в одной, отдельно взятой стране”. Само сабой разумелася, у якой.

Армянское радио сообщает, что археологи раскопали пещеру времён первобытно-общинного общества, над входом в неё прочли надпись: "Да здравствует рабовладельческий строй – светлое будущее  всего человечества. Намёк на вядомы тады лозунг: "Да здравствует  коммунизм – светлое будущее  всего человечества”.

А вось анекдот нібыта "з будучага”, які адносіцца прыблізна да 1980 года:

− "2000 год. Радиостанция „Голос Америки” сообщает о новостях социалистического соревнования между колхозниками Мичиганщины, Техасчины и Примисисипья”. Але анекдот не стаў явай, усё выйшла наадварот, не сацыялізм запанаваў у ЗША, а капіталізм у былых краінах сацыялізму.

Падобных анекдотаў, якія нарадзіліся ў сувязі з пэўнымі падзеямі, з’явамі, а потым засталіся выключна ў памяці тых, хто чуў іх у тыя часы, нямала. І звязана гэта з хуткаплыннасцю часу, імклівай зменай падзей.

Цікава, што з развалам СССР многае змянілася і ў тэматыцы анекдотаў як у цяперашняй Расіі, так і ў нас. Практычна зніклі цыклы анекдотаў пра Чапаева, пра армянскае радыё, у якіх парадзіраваліся ідэалагічныя штампы, розныя несуразнасці тых часоў, праявы партыйнага бюракратызму. Затое з’явіліся новыя цыклы, зразумелыя  новым пакаленням. Сярод іх цыклы пра камп’ютаршчыкаў, бізнесменаў, папсу і − чамусьці пра бландзінак. Часам новыя сучасныя анекдоты нараджаюцца ў сувязі з паяўленнем неалагізмаў, сэнс якіх масавы рэцэпіент яшчэ не паспеў уведаць. Тут ужо можа скласціся сама сітуацыя анекдатычная, калі не ведаеш, з чаго смяяцца, бо не разумееш значэння новаз’яўленага слова. Вось свежы прыклад: у газеце з’явіўся свежы анекдот: "Калі сямейства мерчэндайзера фатаграфуецца, то наперадзе ставяць самых прыгожых дзяцей”. Слова "мерчэндайзер” з’явілася зусім нядаўна, і людзі, далёкія ад сферы гандлю яго яшчэ не ведаюць, таму і не могуць зразумець, у чым "соль” анекдота. Назіраецца таксама прафесіяналізацыя анекдотаў у камп’ютаршчыкаў, дзе з’явіўся ўжо свой жаргон, які не пасвячоным не зразумелы. Мабыць, такое адбываецца і ў сферы бізнесу, музычных колах. Так што пра анекдот як жанр сучаснага фальклору яшчэ будзе што пісаць.