Вольга Прыемка

Вячаслаў Рагойша - кіраўнік і чалавек

Шчыра кажучы, спачатку хацела расказаць пра Рагойшу–фалькларыста. Пра яго напрацоўкі і набыткі ў фалькларыстычным кірунку, пра навуковую і ідэйна-выхаваўчую дзейнасць у кантынууме беларускай духоўнай культуры. Але яго інтэлектуальны патэнцыял відавочны – гэта шматлікія навуковыя, метадычныя, энцыклапедычныя, творчыя працы доктара філалагічных навук, прафесара Вячаслава Пятровіча Рагойшы. А вось яшчэ пра адзін бок яго дзейнасці – у якасці загадчыка кафедры тэорыі літаратуры БДУ – ведае не кожны. Але пра гэта добра вядома членам кафедры, якую Вячаслаў Пятровіч узначальвае амаль 20 год. І мы можам расказаць пра Рагойшу – Кіраўніка i Чалавека ці, наадварот, Чалавека i Кіраўніка. Так, менавіта з вялікай літары, таму што членам кафедры тэорыі літаратуры пашчасціла, а асабліва нам, фалькларыстам. Шчаслівы білет мы выцягнулі ў той час, калі Вячаслаў Пятровіч вырашыў арганізаваць кафедру тэорыі літаратуры і ўзяць фалькларыстаў пад сваё крыло. Справа ў тым, што раней на філалагічным факультэце нацыянальны фальклор выкладаўся на розных кафедрах: беларускі – на кафедры беларускай літаратуры, рускі – на кафедры рускай літаратуры. І толькі дзякуючы Вячаславу Пятровічу, бацьку-заснавальніку кафедры тэорыі літаратуры, які аб’яднаў усіх фалькларыстаў пад адным дахам, мы атрымалі ДОМ. І з таго часу Вячаслаў Пятровіч заўсёды з намі, клапаціцца аб нас, накіроўвае нас, падтрымлівае, падбадзёрвае, стымулюе. Ён вельмі далікатны, інтэлігентны чалавек, таму і кіруе намі вельмі карэктна. Вячаслаў Пятровіч ніколі не дазваляе сабе груба ўмешвацца ў нашы справы, маралізаваць, дыктуючы сваю волю. Калі трэба, наш “шэфуня” (як ласкава мы завем яго паміж сабой) заўсёды выслухае, параіць. Да кожнага з нас ён ставіцца з павагай, разуменнем, асабістай падтрымкай. Стымулюе Вячаслаў Пятровіч нас таксама вельмі карэктна, але настойліва і пастаянна. Не, ён не гаворыць: “Вам патрэбна (ці Вы павінны) зрабіць тое-тое”, а кажа: “Я вас, дзяўчаты, ўхваляю, АЛЕ…”. І ў гэты момант мы, нават не паспеўшы парадавацца (“Ура! Мы малайцы!”), адразу імкнемся зрабіць ўсё яшчэ лепей, каб толькі не было гэтага “АЛЕ”.

І мы шчыра жадаем Вам, дарагі Вячаслаў Пятровіч, здароўя, бадзёрасці духа, творчых і навуковых дасягненняў і, галоўнае, заўсёды заставацца такім цудоўным прыгожым, уважлівым Чалавекам і Кіраўніком. І мы спадзяемся, што і далей нам будзе добра, цёпла і надзейна пад вашым крылом–кіраўніцтвам. Мы Вас любім!


   - Таццяна Марозава. Вячаслаў Пятровіч Рагойша: рысы чалавека і асобы
   - Вольга Прыемка. Вячаслаў Рагойша - кіраўнік і чалавек
   - Ізольда Ківель. Вячаслаў Рагойша – аўтар падручнікаў
   - Міхась Кенька. Вячаслаў Рагойша – перакладчык
   - Рыма Кавалёва. Вячаслаў Рагойша і фальклор

Сайт создан в системе uCoz