Ізольда Ківель

Акадэмічная грунтоўнасць і наватарскі імпэт
(Вячаслаў Пятровіч Рагойша – аўтар падручнікаў)

Падручнік для кожнага з нас – гэта не толькі кніга, якая навучае, якая заўсёды “пад рукамі” і можа даць адказ на нашае пытанне. Падручнік – гэта кніга, якая “пад рукі” вядзе кожнага з нас па шляху мудрасці, прыступка за прыступкай – да прафесійнай вяршыні.

Сёння не толькі падлічыць – уявіць цяжка, колькі пакаленняў навучэнцаў выйшла на шлях Філалогіі “пад руку” з кнігамі-дапаможнікамі аўтарства Вячаслава Рагойшы. Паступова і паслядоўна – з базавай школы праз каледж і ліцэй у вышэйшую – праводзяць яго падручнікі будучых настаўнікаў, тэкстолагаў, перакладчыкаў, паэтаў.

“Гутаркі пра верш: Метрыка. Рытміка. Фоніка” (1979), як бачыцца сёння, сталіся пачаткам маштабнага адукацыйнага праекта, які ўжо ў 21-м стагоддзі атрымаў назву “Тэорыя літаратуры, літаратурныя сувязі: школа, каледж, універсітэт”. Пасля прафесійных і ў той жа час даступных нават для “субяседніка”-пачаткоўца “Гутарак” былі “Навука вершавання: эксперыментальны дапаможнік для вучняў 11-12 класаў” (2004), “Вершаванне: вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў філалагічнага факультэта” (2004) і, як вышэйшая ступень, “Беларускае вершаванне. Вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў па філалагічных спецыяльнасцях” (2010).

Той жа прынцып – прафесійна, акадэмічна і ў той жа час даступна – пакладзены ў аснову падручнікаў па беларускай літаратуры для сярэдняй школы. В. П. Рагойша быў не толькі адным з ініцыятараў складання падручнікаў для класаў з паглыбленым вывучэннем беларускай літаратуры, але і ўзначаліў калектыў аўтараў. Сапраўднай сенсацыяй у метадычных колах сталася выданне вучэбнага дапаможніка “Беларуская літаратура” для 10 класа агульнаадукацыйнай школы з профільным і паглыбленым вывучэннем беларускай літаратуры, для ліцэяў і гімназій (у суаўтарстве з Т. В. Кабржыцкай, Н. Б. Рашэтнікавай, Л. К. Тарасюк, Т. І. Шамякінай, 2001). Менавіта з гэтым выданнем тэорыя літаратуры прыйшла ў школу, так бы мовіць, грунтоўна і надоўга. Хіба магло быць іначай, калі кіраваў праектам і пісаў раздзел “Паўтарэнне і сістэматызацыя ведаў па гісторыі і тэорыі літаратуры” “Сам Рагойша”? Пад рэдакцыяй Вячаслава Пятровіча былі створаны таксама падручнікі па беларускай літаратуры для 9 класаў –для 12-цігодкі (паглыблены ўзровень, 2006) і для 11-цігодкі (2011). Лішне казаць пра тое, што тэарэтыка-літаратурны блок ува ўсіх дапаможніках належыць пяру В. П. Рагойшы. Паказальна, што названыя выданні для сярэдняй школы вядомыя ў народзе як “падручнікі Рагойшы”.

Застаецца дадаць, што вянцом (але не завяршэннем) шматгадовай стратэгіі, праведзенай у жыццё Вячаславам Пятровічам, стаў найноўшы падручнік “Уводзіны ў літаратуразнаўства: вучэбны дапаможнік” (у суаўтарстве з М. П. Кенькам і Т. А. Марозавай, 2010) – класічнае ўніверсітэцкае выданне, якое – верыцца і чакаецца – будзе мець працяг. Бо ідэй і імпэту Вячаславу Пятровічу не пазычаць, а падзяліцца імі ён заўсёды рады.


   - Таццяна Марозава. Вячаслаў Пятровіч Рагойша: рысы чалавека і асобы
   - Вольга Прыемка. Вячаслаў Рагойша - кіраўнік і чалавек
   - Ізольда Ківель. Вячаслаў Рагойша – аўтар падручнікаў
   - Міхась Кенька. Вячаслаў Рагойша – перакладчык
   - Рыма Кавалёва. Вячаслаў Рагойша і фальклор

Сайт создан в системе uCoz