Міхась Кенька

Пра Рагойшу – перакладчыка

Традыцыйны прыём аповеду пра юбіляра – расказаць пра свае з ім сувязі, узаемадачыненні, падзякаваць за дапамогу, падтрымку, спрыянне ў справах. Што ж, кожны раз гэты прыём спрацоўвае, бо дазваляе паказаць уганороўваемага, усхваляемага, тастуемага ў сувязях з людзьмі. Вячаслаў Пятровіч Рагойша якраз і вызначаецца тым, што ён увесь у справах, у віры жыцця. У яго многа навуковых інтарэсаў, творчых схільнасцей ды і проста жыццёвых захапленняў. Пра якія іншыя ягоныя дасягненні ў розных сферах раскажуць мае калегі, я ж хачу згадаць пра тое, што ў Вячаслава Пятровіча звязана з тэорыяй і практыкай мастацкага перакладу. Нароўні з паэзіязнаўствам, гэта адна з асноўных дзялянак, на якой ён працуе. Вось тут давядзецца скарыстаць вышэйпамянёны прыём. Тым больш дарэчны ён будзе, што дазвольць узгадаць пра пачатак, выток перакладазнаўчай тэмы ў яго даследаваннях. Звязаны ён з працай Вячаслава Пятровіча над манаграфіяй “Пераклаў Якуб Колас”. Кніжкай яна была выдадзена ў 1972-м годзе, але праца пачалася раней, водгаласам чаго з’явілася публікацыя з аднайменнай назвай у час. “Беларусь” №11 за 1962 год, г.зн. яшчэ за дзесяць год да таго. І за гэтыя гады Вячаслаў Пятровіч не засяроджваўся толькі на перакладчыцкай творчасці Коласа, ён пісаў і пра Танка – перакладчыка, і пра ўзаемасувязі літаратур, пераклады твораў беларускай літаратуры на іншыя мовы. Што да згаданай манаграфіі, то яна працягвала распачатую ў беларускім літаратуразнаўстве тэму даследавання перакладчыцкай спадчыны найбольш выдатных нашых паэтаў. Колас – перакладчык! Колькі каштоўных назіранняў было зроблена, колькі раскрыта прыёмаў перастварэння ім арыгінала, колькі прыкладаў майстэрства перакладчыка прыведзена! А методыка даследавання! Вячаслаў Пятровіч аналізаваў пераклады Коласа не ў гістарычнай паслядоўнасці іх з’яўлення на свет, а комплексна, звязаў іх з тымі мовамі, з якіх рабіліся пераклады. Не дзіва, што калі я (аўтар гэтых радкоў) атрымаў у 1973-м годзе ў Інстытуце літаратуры тэму для кандыдацкай дысертацыі “Аркадзь Куляшоў – перакладчык”, то першай кніжкай, да якой я звярнуўся, каб вызначыць для сябе прынцыпы, методыку, кампазіцыю даследавання, была кніга Вячаслава Пятровіча. Я на той момант яшчэ не быў знаёмы з аўтарам, бо мне шчасця вучыцца ў яго не выпала (скончыў Магілёўскі педінстытут) , але завочнае знаёмства адбылося, і яно аказалася вельмі важным. Не сказаць, каб я скапіраваў канву манаграфіі пра Коласа, бо ў мяне быў іншы аўтар, іншыя пераклады, але карысць была. Як пачынаўчы даследчык я ўзбагаціўся вопытам аналізу, прыёмамі параўнання арыгіналу з перакладам, убачыў магчымасці, якія яна дае.

А тым часам Вячаслаў Пятровіч прадаўжаў даследаваць мастацкія пераклады, узаемасувязі літаратур, якія праз іх ажыццяўляюцца. Адна за другой з’яўляюцца яго манаграфіі: “Карани дружбы” (сумесна з Тацянай Вячаславаўнай Кабржыцкай” (1976), “І нясе яна дар…” (1977), “Проблемы перевода с близкородственных языков (1980), “Кантакты” (1982). Тэма доктарскай дысертацыі: “Беларуская паэзія 20 стагодздзя ў кантэксце ўсходнеславянскіх літаратур: Тыпалогія, рэцэпцыя, мастацкі пераклад” (1993) тасама непасрэдным чынам звязана з перакладазнаўствам, кампаратывістыкай. А колькі ў яго тэарэтычных артыкулаў аб праблемах мастацкага перакладу, рэцэнзій на перакладныя кнігі – не злічыць! Са звыш 800 навуковых публікацый перакладазноўству прысвечана вельмі значная іх частка. Да таго ж Вячаслаў Пятровіч падаў добры прыклад і мне, і ўсім тэарэтыкам літаратуры – на практыцы праверыць тэарэтычныя разважанні і ўласныя крытэрыі ацэнкі якасці мастацкага твора. Ён многа перакладае, кола яго перакладчыцкіх інтарэсаў надзвычай шырокае. Нават у неспрыяльны для выдання перакладных кніжак час ён змог выдаць аднатомнічак выбраных твораў Івана Франко. Перакладае ён пераважна з украінскай і польскай моў, але ёсць таксама перакладзенае з ліку твораў сербахарвацкай, казахскай, узбекскай, літоўскай літаратур. І тут ён надаў мне адвагі, калі мне прапанавалі перакласці раман Г. Сянкевіча “Крыжакі”, а я быў у роздуме – ці змагу выканаць гэтую нялёгкую работу. З яго лёгкай рукі свае першыя крокі ў мастацкім перакладзе зрабіў не я адзін. Ён таксама прапанаваў мне тэму манаграфіі, над якой я цяпер працую – “Мастацкі пераклад. Праблема адэкватнасці”. Я ўдзячны яму і за пастаянную падтрымку, пачынаючы яшчэ з тых часоў, калі мы толькі пазнаёміліся, падтрымку ў навуковай працы, у жыццёвых абставінах.


   - Таццяна Марозава. Вячаслаў Пятровіч Рагойша: рысы чалавека і асобы
   - Вольга Прыемка. Вячаслаў Рагойша - кіраўнік і чалавек
   - Ізольда Ківель. Вячаслаў Рагойша – аўтар падручнікаў
   - Міхась Кенька. Вячаслаў Рагойша – перакладчык
   - Рыма Кавалёва. Вячаслаў Рагойша і фальклор

Сайт создан в системе uCoz