Рыма Кавалёва
Вячаслаў Рагойша і фальклор
“Шчасліўцы 60-х” – так назвала свій дакументальны фільм Галіна Далматоўская. Ён аб дзіўным, унікальным дзесяцігоддзі – аб 1960-х і іх знакавых асобах. Калі б такі фільм стварылі беларускія дакументалісты, то адным з яго герояў мог бы стаць Вячаслаў Рагойша, які нарадзіўся ў “саракавыя, ракавыя”. Невыпадкова В. П. Рагойша так пільна ўглядаецца ў сваё дзяцінства і студэнцкія гады. І мы бачым тую непрыкрытую чысціню пачуццяў чалавека, які не здрадзіў ідэалам юнацтва, свайму рднаму краю – Ракаўшчыне. Выразы “бацькоўскія сцежкі”, “матчына песня” напоўнены, відаць, для яго той асалодай, якая ўласціва сапраўднаму патрыёту. Ён настолькі захоплены прыгажосцю сваёй Ракаўшчыны, што называе яе беларускай Швейцарыяй. А Ракаўшчына выбрала яго, Вячаслава Пятровіча Рагойшу, каб ён прадстаўляў яе ў навуцы і культуры.
Творчы інтэлектуал творчы ва ўсім. Усе добра ведаюць Рагойшу-тэарэтыка літаратуры, які да таго ж плённа займаецца праблемамі вершазнаўства, тэорыі і практыкі перакладу. І менш Рагойшу-фалькларыста. А між тым і на гэтай навуковай дзялянцы ён годна заявіў пра сябе. Нам, фалькларыстам яго кафедры, прыемна, што ў вельмі саліднай кнізе В. П. Рагойшы “Тэорыя літаратуры ў тэрмінах” (2001) знайшлося месца і фалькларыстычным тэрмінам. Вось толькі некаторыя: балада, быліна, батлейка, былінны верш, быліна, валачобныя песні, выслоўі, вяснянкі, вясельныя песні, галашэнні, духоўны верш, жаўнерскія песні, загадка, замова… Дастаткова? А можна б было працягваць.
А зазірніце ў нашы зборнікі “Фалькларыстычных даследаванняў”, і вы там прачытаеце артыкулы Вячаслава Рагойшы пра слыннага фалькларыста Рыгора Раманавіча Шырму, пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча як фалькларыста, пра стваральніка нацыянальных энцыклапедычных выданняў фалькларыста Янку Саламевіча, пра фалькларызацыю літаратурных тэкстаў…
Пра Шырму ў жыцці Вячаслава Рагойшы асобная гаворка. Першы раз убачыўся ён са слынным маэстра ў 1958 годзе падчас сустрэчы таго са студэнтамі БДУ. “Я арганічна ўспрыняў, – піша Рагойша, – думку, агучаную Рыгорам Раманавічам, што “песня – душа народа”. І далей: “Словы Рыгара Раманавіча падалі не на камень. Маладыя нашы сэрцы былі акрылены рашэннямі ХХ з’езда КПСС, які выкрыў культ асобы Сталіна,хрушчоўскай палітычнай “адлігай”… Гэта надавала там адвагі, рашучасці і ў захаванні, прапагандзе, і ў абароне роднага слова”. Дарэчы, студэнт Рагойша разам з сябрамі-аднакурснікамі Міколам Пашкевічам і Леанідам Акаловічам дапамагаў потым Рыгору Раманавічу ў працы над паказальнікамі да яго “Беларускіх народных песень”.
Летам 1959 г. студэнт Рагойша выехаў на палявую фальклорную практыку…
Зусім нядзіўна, што Вячаслаў Пятровіч быў апантаны думкай сабраць фальклор Ракаўшчыны. Дзякуючы яго арганізацыйным намаганням, студэнты філфака БДУ двойчы пабывалі ў гэтых прыгожых мясцінах, разам з жыхарамі святкавалі Купалле, дзе слухаліцудоўныя мясцовыя купальскія песні, шукалі тую самую знакамітую кветку-папараць.
Вячаслаў Пятровіч уладкаваў кіраўнікоў практыкі на хутары, дзе, дарэчы, не было вады (яе прывозіў В. П.), але пагібельнае мноства камароў. Праўда, усё выкуплялася вячэрняй прыгажосцю, калі з-за гарызонта з’яўлялася поўня. Яна была таая вялічэзная, што здавалася, быццам да яе можна дайсці і дакрануцца рукой.
Мне давялося ўбачыць такога Рагойшу, якога не бачыў ніхто. Раніцай я выйшла з хаты. Сонца ўжо паднялося. Вячаслаў Пятровіч сядзеў у канцы імправізаванай тэрасы за сталом (і, відаць, даўно сядзеў) і пісаў: працаваў над чырговым слоўнікам, рукапіс якога трэба было тэрмінова здаць у выдавецтва. Сонца свяціла за ім, і я ўбачыла В. П. у нейкім светлым арэоле. А за тэрасай, побач з ім, час ад часу “пыхкала” крапіва, выкідваючы спелыя споры. “Калі ж ён падняўся?” – падумалася мне. Так, В. П. з племені “працаголікаў”, і з гэтым нічога не зробіш. Забарані такім працаваць – і яны звар’яцеюць. А ўсе на той час яшчэ спалі…
Тая карціна ўрэзалася ў маю памяць як дзіўны сімвал непарыўнай, кроўнай, сардэчнай сувязі чалавека з родным кутам. Менавіта таму да юбілею Вячаслава Пятровіча мы вырашылі даць падборку з ракаўскіх фальклорных запісаў, якую падрыхтавалі супрацоўнікі вучэбна-навуковай лабараторыі, яго былыя вучні Вера Дзянісенка (Арлова) і Маргарыта Латышкевіч.
Вячаслаў Пятровіч знаходзіцца ў прыгожым узросце сапраўднай навуковай спеласці. І мы ўпэўнены, што фалькларыстыка і надалей застанецца ў сферы яго інтарэсаў.
   - Таццяна Марозава. Вячаслаў Пятровіч Рагойша: рысы чалавека і асобы
   - Вольга Прыемка. Вячаслаў Рагойша - кіраўнік і чалавек
   - Ізольда Ківель. Вячаслаў Рагойша – аўтар падручнікаў
   - Міхась Кенька. Вячаслаў Рагойша – перакладчык
   - Рыма Кавалёва. Вячаслаў Рагойша і фальклор