Таццяна Марозава

Вячаслаў Пятровіч Рагойша: рысы чалавека і асобы

У народзе кажуць: каб спазнаць чалавека, трэба з ім схадзіць у разведку або падзяліцца сваімі поспехамі. У падобных сітуацыях выкрышталізоўваюцца самыя прыхаваныя чалавечыя якасці – як станоўчыя, так і адмоўныя: здольнасць да самаахвярнасці ці нізкасць, уменне парадавацца за калегу і падтрымаць у яго пачынананнях ці зайздрасць і стрыманае жаданне “прытрымаць” і г. д. Усё залежыць ад чалавека, ад асобы. Шкада тых, каму прыйшлося сустрэць на пачатку свайго працоўнага шляху людзей няшчырых. І, наадварот, шчаслівыя тыя, каму трапіліся людзі неабыякавыя. Як раз менавіта такія людзі працуюць на кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ, кіруе якой Вячаслаў Пятровіч Рагойша.

Напярэдадні паважанага юбілея хочацца выказаць Вячаславу Пятровічу шчырыя словы падзякі за яго ўважлівасць да нас, калег-кафедралаў, за адданасць справе, якой ён займаецца на карысць беларускага пісьменства, за тое, што падтрымлівае маладых і нявопытных добрым словам, асабістым прыкладам натхняе на вялікія справы. Усё гэта я асабіста на сабе адчула, калі прыйшла на кафедру тэорыі літаратуры яшчэ ў якасці аспіранткі. Ужо 15 гадоў я працую ў асяроддзі зацікаўленых сваёй справай людзей, і за гэты час ні разу не пашкадавала, што працую менавіта тут. Дзякуй вам за гэта, Вячаслаў Пятровіч! Дзякуй вам, паважаныя калегі!

Цяпер хачу падзяліцца сваімі самымі моцнымі ўражаннямі, якія ў свой час выклікаў (і працягвае выклікаць) у мяне Вячаслаў Пятровіч.

Гасціннасць
Як вядома, свая хата для кожнага чалавека – свая крэпасць. І пускаюць у гэту крэпасць толькі выбраных з ліку родных або сяброў. І далёка не кожны запросіць у родны дом, ды яшчэ на сваю малую радзіму, калег-выкладчыкаў і нават аспірантаў. Паказаць самае запаветнае – у гэтым Вячаслаў Пятровіч увесь. Ніколі не забуду нашу паездку ў Ракаў, у бацькоўскі дом Вячаслава Пятровіча. Крынічка на ўездзе ў Ракаў, экскурсія па мястэчку, смачнае частаванне за доўгім сталом у гасцёўне, герб на жалезных варотах, глыбокі сад, бяседка ў галінках вінаграду і пранізлівы пах яблык усюды… І ўсё гэта прыпраўлена ўважлівым позіркам гаспадара, яго мяккай усмешкай. Такое адчуванне, што ты дакрануўся да сваёй малой радзімы, душою дома пабываў, сагрэўся сэрцам.

Добразычлівасць
Як сёння, памятаю дзень, калі Вячаслаў Пятровіч узяў мяне працаваць на кафедру. Я яшчэ заканчвала аспірантуру, заставалася ўсяго два с паловай месяцы, а на пачатку верасня ў мяне не было аніякіх планаў наконт будучага. І раптам на кафедры вызваляецца цэлая стаўка. Лёс? Магчыма. З лёгкай рукі Рымы Мадэстаўны, майго навуковага кіраўніка, Вячаслаў Пятровіч звярнуў увагу на мяне як на выпускніцу аспірантуры. Нават калі ён даведаўся, што мне яшчэ неабходна ўладкоўваць важныя жыццёвыя пытанні (шукаць прапіску і жыллё), Вячаслаў Пятровіч не адмовіўся ўзяць мяне спачатку на палову стаўкі, а з другога семестра перавесці і на цэлую стаўку. Даверыў мне чытаць тэорыю літаратуры на 5 завочным курсе, і гэта мне, неабстралянай птушцы! У адзін момант мой жыццёвы лёс быў вырашаны раз і назаўсёды.

Адданасць сям’і
Сямейныя каштоўнасці – самыя важныя і блізкія для кожнага чалавека, і гэта зразумела. Але кожны дзень даказваць сям’і сваю адданасць, прычым рабіць гэта так натуральна, не на паказ, а проста жыць гэтым – гэта выклікае павагу і нават белую зайздрасць. Трое сыноў, і ўсе размаўляюць па-беларуску! Трапяткія адносіны да жонкі, любоў да якой бачная нават у кожным руху. І зборнік шчымлівых вершаў, у якім пачуцці, як хвалі, накатваюць, пераліваюцца, зіхацяць… Упэўнена, што любая жанчына пазайздросціць Таццяне Вячаславаўне, калі пазнаёміцца хаця б з адным з гэтых вершаў.

Напрыканцы хачу павіншаваць вас, Вячаслаў Пятровіч, з юбілеем! Вы – шчыры і светлы чалавек. Вы аб’ядналі вакол сябе людзей таленавітых, адданых справе, людзей сапраўдных. Працаваць у такім калектыве – шчасце. Будзьце заўсёды шчаслівым! Здароўя, доўгіх гадоў жыцця і натхнення вам ва ўсіх справах! З юбілеем!


   - Таццяна Марозава. Вячаслаў Пятровіч Рагойша: рысы чалавека і асобы
   - Вольга Прыемка. Вячаслаў Рагойша - кіраўнік і чалавек
   - Ізольда Ківель. Вячаслаў Рагойша – аўтар падручнікаў
   - Міхась Кенька. Вячаслаў Рагойша – перакладчык
   - Рыма Кавалёва. Вячаслаў Рагойша і фальклор

Сайт создан в системе uCoz