Вячаслаў Рагойша

Пра сябе

1. Дзе радзіўся і калі – пры нараджэнні не мог уцяміць. У дакументах жа запісана: вёска (на самай справе – мястэчка) Ракаў Валожынскага раёна Мінскай вобласці, 5 чэрвеня 1942 года. Дзіця вайны.

2. Пасля заканчэння ў 1958 годзе Ракаўскай СШ (з медалём) і паступлення ў БДУ (у ліку 5% тых, каго прымалі адразу пасля школы) асіліў у 1963 годзе аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры філфака гэтага універсітэта (з чырвоным дыпломам), што дазволіла адразу скіравацца ў аспірантуру, якую і скончыў (з гадавым перапынкам – службай у Савецкай Арміі) у 1967 годзе. У тым жа годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю ад нападаў афіцыйных і неафіцыйных апанентаў (дапамагла армейская служба гранатамётчыкам) і стаў працаваць выкладчыкам на славутай кафедры беларускай літаратуры БДУ пад кіраўніцтвам легенды факультэта прафесара М.Р.Ларчанкі, побач з С.Х.Александровічам, Дз.Я.Бугаёвым, Н.С.Гілевічам, А.А.Лойкам, І.Я.Навуменкам (тады яшчэ не прафесарамі) і інш.

3. Тэму кандыдацкай дысертацыі “Паэтыка Максіма Танка” абраў па любові, а не па разліку. Пра гэта сведчаць: а) мая дасюлешняя любоў да паэзіі Максіма Танка, які, я лічу, сваёй творчасцю ўзняўся да вялікага сузор’я Купалы—Коласа; б) даследаванне акурат паэтыкі, якая ў тыя часы некаторымі літаратуразнаўцамі ўспрымалася як генетыка ў біялогіі, г. зн. адмоўна. Ды дзякуй афіцыйным апанентам Ю.С.Пшыркову і В.А.Каваленку, а разам і У.А.Калесніку, які падпісаў знешні водгук на дысертацыю, – падтрымалі. Нават расхвалілі. Доктарскую ж – “Беларуская паэзія ХХ стагоддзя ў кантэксце ўсходнеславянскіх літаратур: тыпалогія, рэцэпцыя, мастацкі пераклад” – абараняў па незалежных ад мяне прычынах некалькі пазнавата, у 1993 годзе, ды яшчэ ў Маскве, у Інстытуце сусветнай літаратуры імя Максіма Горкага. Шчыра ўдзячны за падтрымку расійскім калегам – членам Вучонага савета, а таксама афіцыйным апанентам прафесарам П.М.Топеру, А.А.Каўку і А.А.Лойку.

4. На кафедры – першай і пакуль што адзінай у Беларусі – з моманту яе заснавання. Яе я і стварыў па загаду тагачаснага рэктара Ф.М.Капуцкага.

5. Самая важная публікацыя, відаць, -- “Паэтычны слоўнік”, у які, як напісаў Рыгор Барадулін у сваёй добразычлівай эпіграме на слоўнік, “просіцца сам поўнік”. Ну, калі месяц просіцца – значыць, нездарма!

6. Люблю садзіць дрэвы, палоць грады, збіраць грыбы… Але галоўнае хобі – праца. На жаль (на шчасце?) я працаголік.

7. Жанаты. Жонка нарадзіла мне трох сыноў, нявесткам – трох мужоў, чатыром унукам і двум унучкам – трох бацькоў.

8. Менш гаварыць, больш – рабіць. І -- не чакаць лепшых часоў, склаўшы рукі.

9. Кафедра – маё самае любімае дзіця (зразумела, апрача сыноў). Гэтым вызначаюцца мае адносіны да яе.

10. Выбраў філалогію, бо некаму ж трэба і словам, вусным і пісаным, апекавацца, ахоўваць яго, роднае, многімі пакінутае, -- ад молі абыякавасці, тлі асіміляцыі. І не шкадую аб гэтым! Хоць у школе светлай памяці Мяцельскі Мікалай Уладзіміравіч гадаваў з мяне матэматыка…


Фатаздымкі падрыхтаваны Элай Дзюкавай

Сайт создан в системе uCoz