СКАРБЫ НЁМАНА
Раней мне даводзілася чуць, што Гродна – вельмі прыгожы горад. І вось аднойчы мы з сябрамі трапілі туды. Ехалі павольным цягніком, які, хістаючыся ў цемры, плыў кудысьці ў незнаёмыя мясціны.
Гродна – гэта дзе? Гэтак, напэўна, запытае кожны кітаец, які ведае только Мінск. І цяпер я адкажу яму: "Гэта на захадзе". Калі мы толькі выйшлі з цягніка, я ўбачыла вакзал. Які, што цікава, меў даволі сучасны выгляд, але зусім без кафэ ці рэстарана, што для кітайскай гастранамічнай культуры – жах. Ну дзе паесці, як не на вакзале?
Вуліцы (а была раніца выхаднога дня) сустрэлі нас нейкім вакуумам. Людзей не шмат, тыя, што трапляюцца, ідуць, не звяртаючы увагі на замежнікаў. І вось мы набліжаемся да цэнтра. На плошчы – Ленін, добра знаёмы нам па падручнікам. Побач – прыгожы парк з атракціёнамі, вядома, маленькі, асабліва ў параўнанні з Кітаем.
Ідзем па Савецкай вуліцы, дзе вельмі прыгожа. Такога кутка старажытных будынкаў даўно не бачыла, хіба што ў Мінску, дзе аднавілі Траецкае прадмесце. Холадна. Кафэ зачынены, пайсці нямя куды. І вось – надзея!
Надзея – гэта аптэка, а дакладней – музей аптэкі ля касцёла Францішка Ксаверыя і турмы. Маленькія бутэлькі, вагі, невядомыя парашкі і прылады захапляюць, нават калі ты зусім не знаёмы з працай правізара. Набыўшы гематаген, які мне вельмі падабаецца, рушым далей.
Мы мінуем яшчэ адзін прыгожы касцёл, драматычны тэатр і падыходзім да замкаў. Так, ў Гродне два замкі: Стары і Новы, аб чым я раней не ведала. У кожным – музей. Кітайскі фарфор, пудзілы жывёлаў, рыцарскія даспехі – ўсё гэта, калі апыняецца у адным месцы, нязвыкла для вачэй кітайскага наведвальніка.
І вось мы над ракой. Нёман мне спадабаўся з першага позірку. “Праход забаронены,” – кажа шчыльда над схілам, але мы пачынаем спускацца. Пара хвілін – і вось можна дакрануцца да вады. Цёмна-блакітныя хвалі ціха труцца аб бераг. Раптам недзе ў пяску праглядвае іржа. – Што там? Глядзі! – крычу я, працягваючы руку да невядомага. За паўгадзіны я адчула сябе археолагам, а разам з тым набыла шмат цвікоў, кавалкаў дроту ды нейкіх неядомых прылад.
Скарбы Нёмана ляжаць у мяне дома ў шафе. А на халадзільніку вісіць маленькая паштоўка з музея Максіма Багдановіча ў Гродне, на якой надрукаваны верш аб зорцы Венеры.
Пераклад на беларускую мову Сяргея Прохарава