ВЯЛІКІ ФЛАРЭНТЫЕЦ І БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА
Агульнапрызнана, што ў другой палове ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў назіраецца пік эпохі сусветнай літаратуры, якая склалася ў выніку развіцця каля дзвюх тысяч нацыянальных літаратур свету пры інтэнсіўных кантактах паміж многімі з іх. Але, на жаль, калі гаворка ідзе пра родную беларускую літаратуру і яе ўзаемадачыненні з еўрапейскімі, то чамусьці пастаноўка такіх праблем у неспецыялістаў выклікае здзіўленне, маўляў, якія могуць быць сувязі, напрыклад, у італьянскага і беларускага прыгожых пісьменств. Нават літаратуразнаўцы часта скептычна ставяцца да магчымасці атрымання станоўчых вынікаў пры распрацоўцы падобных тэм.
Тым не менш айчынныя даследаванні ў галіне кампаратывістыкі паступова разбураюць стэрэатыпы наконт замкнёнасці, адасобленасці, ізаляванасці айчыннага мастацтва слова і яго выключанасці з сусветнага літаратурнага працэсу.
Узяць хоць ужо згаданую італьянскую літаратуру, у прыватнасці, яе найбуйнейшага прадстаўніка, слыннага паэта Дантэ Аліг’еры (1265–1321). Яго творы, і перш за ўсё “Боская камедыя”, належаць да “залатога фонду” сусветнай літаратуры – зводу літаратурных твораў, якія (хоць бы па чутках) ведаюць ва ўсім свеце і распаўсюджанне якіх мала залежыць ад зменлівых умоў, а тым больш густаў, – г. зн. тых твораў, якія трапілі ў яе “крованосную сістэму”. Пра значнасць спадчыны Дантэ сведчыць ужо сама па сабе спецыяльная галіна літаратуразнаўства – данталогія (дантазнаўства), дзякуючы якой творы вялікага фларэнтыйца асэнсоўваюцца ў розных аспектах, уключаючы прысутнасць у нацыянальных літаратурах і іх сусветнае значэнне.
Што ж датычыцца непасрэдна праблемы рэцэпцыі творчасці Дантэ на беларускіх землях, то можна сцвярджаць: нягледзячы на тое, што поўныя пераклады твораў італьянскага паэта на беларускую мову былі зроблены толькі ў канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя (“Боская камедыя” (1997), “Новае жыццё” (2011) У.М. Скарынкіным і “Пра народнае красамоўства” (2004) А.А. Данільчык), знаёмства з яго спадчынай адбылося яшчэ ў ХVI стагоддзі. Маюцца звесткі пра копію з партрэта Дантэ, замоўленую ў XVI стагоддзі фундатарам Нясвіжскай бібліятэкі, канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Мікалаем Радзівілам (Чорным) (1515–1565), якая да пачатку XIX стагоддзя захоўвалася ў віленскім палацы Міхала Клеафаса Агінскага (1765–1833). Згаданы факт пераканаўча сведчыць, што распаўсюджванне твораў замежных літаратур, у тым ліку і спадчыны Дантэ Аліг’еры, на беларускіх землях адбывалася і на мове арыгінала (неабходна прымаць пад увагу італьянска-беларускія кантакты ў рамках асветы, непасрэдна праз тых беларусаў, якія атрымлівалі адукацыю ў Італіі, падарожнічалі па гэтай краіне, а таксама ролю ў збліжэнні культур архітэктараў, мастакоў, музыкантаў і педагогаў італьянскага паходжання, якія траплялі на нашы землі па запрашэннях тутэйшых магнатаў), і ў перакладах на іншыя мовы (асабліва рускую і польскую). Гэта ж пацвярджаюць усе даследчыкі, якія звярталіся да адпаведнай праблематыкі. Дарэчы, у Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь знаходзіцца рарытэтны экземпляр фларэнтыйскага выдання “Камедыі” 1481 года з ілюстрацыямі Сандра Бацічэлі.
Акрамя гэтага, як сцвярджае аўтарытэтны даследчык раманскай і славянскай філалогіі І.М. Галянішчаў-Кутузаў, у ХVІ стагоддзі Беларусь выконвала пасрэдніцкую ролю ў культурных зносінах паміж Масковіяй і Заходняй Еўропай, у тым ліку і Італіяй, прычым праз нашы землі Маскоўская Русь атрымлівала пераклады твораў заходнееўрапейскіх літаратур.
Трэба ўлічваць таксама, што італьянская мова выкладалася ў Гродзенскай тэатральнай школе Тызенгаўза (1774–1780), у так званай слонімскай “сядзібе муз” Міхала Казіміра Агінскага ў 1770-80 гг., у друкарні якога ў 1778 годзе была нават ведадзенапольска-італьянская, г. зн. з паралельнымі тэкстамі на польскай і італьянскай мовах, дыдактычная кніжка “Książka dla młodzi albo wyobrażenie rzeczy w których dzieci powinny być ćwiczone. Przełożona z franc. na włoski. Libro per la Gioventù...”. У першай палове ХІХ стагоддзя разам з мовай выкладалася таксама і італьянская літаратура ў Полацкай езуіцкай акадэміі (1812–1820) і ў Віленскім універсітэце (1803–1832)..
Калі ж звярнуцца непасрэдна да фактаў рэцэпцыі творчасці Дантэ ў беларускай літаратуры, то да пачатку ХХ стагоддзя ў беларускай літаратуры сустракаюцца толькі нешматлікія згадкі пра аўтара “Боскай камедыі”. Некаторыя даследчыкі лічаць, што беларускія публіцысты другой паловы XVI–XVII стст. пры выбары эфектыўных аргументаў вельмі часта звярталіся да меркаванняў заходнееўрапейскіх аўтарытэтаў эпохі Рэнесансу і Рэфармацыі, у тым ліку і да Дантэ Аліг’еры, што існуе сувязь паміж “Боскай камедыяй” і вершам “Быў у чыстцы” Ф. Багушэвіча. Але больш канкрэтную і абгрунтаваную гаворку пра сувязі творчасці беларускіх пісьменнікаў і вялікага фларэнтыйца можна весці на матэрыяле пазнейшага часу, калі засваенне спадчыны Дантэ Аліг’еры адбывалася інтэнсіўна і ў разнастайных формах.
Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, М. Гарэцкі, А. Бабарэка, Я. Пушча, У. Жылка, М. Танк, У. Караткевіч, А. Адамовіч – гэта пералік далёка не ўсіх айчынных пісьменнікаў, якія звярталіся да асобы і творчасці італьянскага паэта.
У беларускай крытыцы і літаратуразнаўстве ХХ стагоддзя Дантэ прадстаўлены як асоба, што прадвызначыла запачаткаванне італьянскай літаратуры, а таксама нацыянальных літаратур і культур наогул (М. Багдановіч), як паэт-грамадзянін, што ў індывідуальным прадстаўляе ўніверсальнае (М. Гарэцкі, А. Бабарэка) і можа быць сімвалам настойлівасці, мужнасці (У. Жылка). Паэт Дантэ Аліг’еры – прапаведнік гуманістычных ідэалаў (М. Тычына), які даў эталоны, а менавіта: узор жаноцкасці ў яе асноўных праявах і ў ідэале (М. Багдановіч), а яго творчасць з’яўляецца апірышчам у пастаноўцы і вырашэнні такіх актуальных гісторыка-літаратурных праблем, як сутнасць кантактаў паміж мастакамі слова і значэнне творчай пераемнасці (Я. Пушча, М. Тычына, А. Адамовіч), праблема рухаючай сілы ў літаратурнай творчасці (М. Багдановіч, М. Піятуховіч, В. Бухаркін), крытэрыі геніяльнасці твораў, актуальнасць і неактуальнасць шэдэўраў сусветнай літаратуры ў пэўны гістарычны перыяд (В. Бухаркіна, У. Сядура, М. Тычына), значэнне перакладаў скарбаў сусветнай літаратуры для развіцця беларускай літаратуры (М. Танк, У. Караткевіч, В. Рагойша).
У айчыннай мастацкай літаратуры мінулага стагоддзя выяўлены як тыпалагічныя сыходжанні з творчасцю італьянскага паэта, так і розныя формы рэцэпцыі: алюзіі, рэмінісцэнцыі, запазычанне вобразаў, матываў, літаратурныя стылізацыі і г.д. Матывацыі звароту да асобы і творчасці Дантэ Аліг’еры ў розныя перыяды мяняліся, што абумоўлена канкрэтнымі патрэбамі літаратуры наогул ці асобнага пісьменніка, адпаведнасцю іх інтарэсам, важнасцю мастацкага вопыту італьянскага паэта для вырашэння актуальных творчых задач. Некаторым беларускім пісьменнікам Дантэ Аліг’еры быў блізкі як асоба (для Я. Пушчы ён – паэт-выгнаннік); некаторых асабліва цікавілі пэўныя аспекты яго творчасці (напрыклад: пясняр Пекла – для Я. Коласа, М. Танка). Для М. Багдановіча, Я. Пушчы, М. Танка і У. Караткевіча асоба Дантэ і яго паэма “Боская камедыя” сталі “культурным субстратам” творчасці (напр.: санет “Дантэ Аліг’еры” Я. Пушчы, “Апошняя песня Дантэ” У. Караткевіча і інш.). Актуалізацыя спадчыны Дантэ Аліг’еры ў творчасці беларускіх пісьменнікаў адбывалася падчас вайны і ў творах ваеннай тэматыкі (Я. Купала, М. Танк, У. Караткевіч, А. Лойка). Уздзеянне творчасці фларэнтыйскага паэта адбывалася на ўзроўнях як зместу, так і формы. Тэрцына, уведзеная Дантэ Аліг’еры, заняла годнае месца ў беларускай паэзіі і ўзбагаціла яе новай паэтычнай формай (М. Багдановіч, І. Плаўнік, М. Танк, У. Караткевіч, А. Салавей, К. Кірэенка, Я. Сіпакоў, А. Грачанікаў, Р. Крушына і інш.).
Варта акцэнтаваць увагу на тым, што шматаспектнае даследаванне праблемы рэцэпцыі спадчыны Дантэ Аліг’еры ў беларускай літаратуры скіравана не толькі на канстатацыю знешніх праяў цікавасці да прадстаўніка іншанацыянальнай літаратуры, выяўленне асаблівасцей формаў успрымання італьянскага паэта і яго творчасці айчынным мастацтвам слова, але разам з тым дазваляе і больш паглыблена вывучыць нацыянальную спецыфіку, заканамернасці развіцця і працэсаў беларускай літаратуры, якая засвойвае сусветны мастацкі вопыт і стварае свае ідэйна-мастацкія каштоўнасці, дапамагае больш грунтоўна асэнсаваць некаторыя асаблівасці творчасці такіх выдатных пісьменнікаў, як Я. Купала, М. Багдановіч, Я. Пушча, М. Танк, У. Караткевіча і інш.
Не без падстаў можна сцвярджаць: творчасць вялікага фларэнтыйца, успрынятая ў розных аспектах, з’яўляецца “дзейсным фактарам” беларускага літаратурнага працэсу, а ў самім Дантэ Аліг’еры трэба бачыць не толькі паэта далёкай ад нас эпохі, але і “жывога” ўдзельніка сучаснага культурнага працэсу.
***