ВЕРШЫ ПРА КВЕТКУ ДЗЬМУХАВЕЦ
З дзяцінства люблю гэту кветку: па-першае, увесну заўважаць, як нечакана, шырокай “жоўтай раццю” яна акупіруе зялёныя паўзгоркі, падступае аж да самых шыбаў сельскай хаты; па-другое, плесці з дзьмухаўцоў вянкі, рабіць “пярсцёнкі”, наручныя “гадзіннікі” разам з дзяўчаткамі-сяброўкамі; па-трэццяе, здзьмухваць з іх пасівеўшых па часе галовак пухкае семя: “Хто далей? хто эфектней? хто аблысіць “белы гузік”, што ўсярэдзіне кветкі, з першага разу?”
І вось нядаўна, перабіраючы свае зборнікі лірычных вершаў за 30 гадоў, знайшла 3 вершы пра дзьмухаўцы ці з вобразамі дзьмухаўцоў. Яны былі напісаныя з інтэрвалам прыкладна ў 15 гадоў: з пачатку 1980-х па пачатак 2010-х. І адлюстроўваюць як быццам тры ўзросты жанчыны. Жанчыны-маці, “баявой сяброўкі” сваіх калег-літаратараў, творчай жанчыны ўвогуле…
Спадзяюся, гэтыя выбраныя вершы спадабаюцца чытачам адмысловага сучаснага электроннага часопіса “Дзьмухавец”!
                    х х х
Каханне, ты – з галовак дзьмухаўцовых,
Празрыстых, пухкіх, лёгкіх, як уздых!
А фу-у-у! – і агаліўся сэнс жыццёвы…
      (Зборнік вершаў “Ластаўка ляціць…”, с. 71)
                    Дзьмухавец
Адпусці мяне,
Дзьмухавец,
Дазволь рысу падвесці,
Канец!
Разляцецца
Ва ўсе бакі
У дзіравыя словы,
Радкі.
І ў тым змроку
Знайсці спакой.
Зажаўцецца
З новай вясной!..
Ты – мой шчыт, мой меч,
Друг-баец,
Круглатвары Бог –
Дзьмухавец!
      (Кніга вершаў “Горад Мілаград”, с. 84)
          Дзяўчынка насупраць мяне ў цягніку
Бялявая дзяўчынка –
Букецік дзьмухаўцоў! –
Пускала без прычыны
Слязінкі ў рукаўцо.
І ўсё ў вакно глядзела
Электрацягніка:
Там хаткі і арэлі,
Шасейка, лес, рака…
Куды яе старая
Вязла ў Вялікі свет?
Я і цяпер не знаю.
Ды ўсё не выкідаю
З кішэні той білет.
Здаецца мне, што гэта
Быў нейкі лёсу знак:
Прыціхлы дух паэта
У высахлых руках…
      (Кніга вершаў “Горад Мілаград”, 123)
Тут паэтычныя вобразы спляліся з вобразамі гарадскога фальклора, у тым ліку дзіцячага (магічнага, “страшнага”). Усёткі наш фальклор жыве, хоць бы ў снах літаратараў-філолагаў (асабліва былых “бэдэушнікаў”)!
Я вучылася ў легендарнай выкладчыцы Веры Захаравай. Можа быць, нейдзе і карткі з маімі фальклорнымі запісамі на лістах тыпу “чарцёжных сетак” захаваліся. Мяне тады звалі Людміла Капуцкая, і гэта была сярэдзіна 1970-х гг. Мінск рыхтаваўся да святкавання 30-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Голас выкладчыцы быў адценены дрыжыкамі, высокімі нотамі. Яна ўмела гаварыць пра фальклор і народную міфалогію “высокімі нотамі”. Як бы збліжаючы народнае светаўспрыманне і дзяржаўнае, падымала першае – на высокі ўзровень. Прафесіянал… І час быў такі, нейкі вясновы, дзьмухаўцовы: “жаўтароцікі” і побач, наяве пачціва, пухкія “сівагаловыя”… з ордэнамі, медалямі, нестарой памяццю пра вайну і ўсё-ўсё-ўсё…