БЕЛАРУСАЗНАЎСТВА
ЗРАЗУМЕЦЬ БЕЛАРУСАЎ, АБО ЯКІМ ЧЫНАМ ВЫЯЎЛЯЕЦЦА ДУХОЎНАСЦЬ НАРОДА
З матэрыялаў фальклорнай практыкі студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ.
Матэрыялы захоўваюцца ў фальклорным архіве ВНЛ беларускага фальклору.
Вядомы гісторык Леў Гумілёў прыйшоў да высновы, што «этнас — гэта калектыў, які адрозніваецца ад іншых этнасаў стэрэатыпам паводзінаў».
Шаноўныя сябры, суседзі! Калі Вы хочаце зразумець беларусаў, можаце нават не ехаць у Беларусь, а звярнуцца да нашай фальклорнай спадчыны, перш за ўсе — да радзінных і хрэсьбінных песень.
Як паводзяць сябе беларусы на радзінах і хрэсьбінах? Яны радуюцца, спяваюць, велічаюць, жартуюць, абдорваюць, зычаць «гаспадыні — талерачку, гаспадару — гарэлачку, сыну — долі шчаснае».
Ніл Гілевіч, народны паэт Беларусі, фалькларыст:
«Радасць сямейнага свята складае асноўны змест хрэсьбінных песень».
Гэтыя песні — сапраўдная аб'ектывацыя беларускага народнага духу. У іншых славянскіх народаў падобныя творы або зусім адсутнічалі, або даўно зніклі. З якой прычыны? Мы не ведаем. Можа, справа ў тым самым нацыянальным характары, пра які ўсе гавораць, а што гэта такое — не ведаюць.
Уэстан Ла Бар, антраполаг:
«Папуас з паўднёва-заходняй часткі Ціхага акіяна вельмі лёгка паддаецца весялосці, у той час як яго сусед з Новай Гвінеі пахмурны і недаверлівы».
Радзінная паэзія паказвае беларускіх мужчын добрымі і спагадлівымі, а жанчын ласкавымі і пяшчотнымі. У ёй мы знаходзім узоры нацыянальна адметных сямейных стасункаў.
 
Беларускія прыказкі пра мужа з жонкай
Калі мілы па душы, з мілым рай і ў шалашы.
Жывуць між сабою, як рыба з вадою.
Нема лучшага прыяцеля, як жонка.
Узоры мужчынскага суперажывання і клопату
А скацілася, а звалілася
А калодачка з печы,
А ўдарыла, а ўдарыла
Мішачку ў плечы.
Хоць бы яна мяне,
Хоць бы яна мяне
Ды зусім забіла,
Абы мая Леначка,
Абы мая Леначка
Сына нарадзіла.
З в. Шапялевічы Круглянскага раёна.
А між сошачак, між каморачак
Галечка павой хадзіла,
Павай хадзіла, сына радзіла.
— Ой, ты, Мішочка, ты мой душачка,
Ой, бяжы ж, бяжы па бабулечку!
Бабулька бяжыць, аж зямля дрыжыць,
І без пояса, ў адным чобаце,
І прасціначку ў руках нясе.
— Распрасці ж, божа, а дзве душачкі,
А дзве душачкі мае ўнучачкі:
Адную душу — ахрышчоную,
Другую душу — нараджоную.
З в. Паляны Барысаўскага раёна.
Звычай кувады
Уявіце сабе: будучы бацька, не баючыся насмешак, нязмушана кладзецца на лаву і сардэчна далучаецца да парадзіхі — разам з ёю стогне, енчыць, каб такім чынам адцягнуць на сябе яе боль, псіхалагічна аблегчыць пакуты. Дарэчы, тэрмін кувада паходзіць ад франц. couvade, што значыць «выседжванне яек». Смешна, але вельмі ёміста!
Ніл Гілевіч, народны паэт Беларусі, фалькларыст:
«Радзінныя песні прысвячаліся нованароджанаму, маці-парадзісе, бацьку, бабцы-павітусе і куму з кумой».
Беларус клапаціўся пра захаванне роду, але дзеткі яму былі роўныя:
Зацвіцела ў гародзе макоўка,
Ды зацвіцела й ў гародзе макоўка,
Ды й забалела Ганульцы галоўка,
Ды й забалела Ганульцы галоўка.
— А вы схадзіця ды прывядзіця
Ды Яўхімачку з току,
Няхай прынясець вішнёвага соку,
Няхай прынясець вішнёвага соку.
— Калі на сына — магу пастарацца,
Калі на сына — магу пастарацца,
А на дачушку — магу адказацца,
А на дачушку — магу адказацца.
Калі сыночак — касец, аратаёчак,
Калі сыночак — касец, аратаёчак,
Калі дачушка — дык мамчына служка,
Калі дачушка — дык мамчына служка.
Калі сыночак — будзе жыта, пшаніца,
Калі сыночак — будзе жыта, пшаніца,
Калі дачушка — вечная гаратніца,
Калі дачушка — вечная гаратніца.
А зацвіцелі ўсялякія кветкі,
А зацвіцелі ўсялякія кветкі,
Ці сын, ці дочка — ўсё роўныя дзеткі,
Ці сын, ці дочка — ўсё роўныя дзеткі.
З в. Наўгароды Міёрскага раёна
Ніл Гілевіч, народны паэт Беларусі, фалькларыст:
«Велічальнымі яны (радзінныя песні) з'яўляюцца ўжо за тое, што вылучаюць з грамады пэўнага ўдзельніка святкавання, выказваюць яму павагу і пахвалу, падкрэсліваюць яго заслугі і г. д.»
«У гэтум даму гаспадар гожы»
А наш Ванечка, хызяін маладой,
Рана звечара ўчэра пайшоў дамой.
А што ў яго случылася за беда?
Забалела, забалела жана.
Пайшоў Ваня к сабе бабку пазваць,
Штоба магла жане помач аказаць.
А ўчара у нас радзіны былі,
К нам сягонні на вясціны прыйшлі.
Жана мая пракрычала «о-ё-ёй»,
Радня мая прапіяла «гой-гой-гой».
З в.Мядзведка Віцебскага раёна
Паздароў, божа, каваля,
Што скаваў нам кавалянё,
Што скаваў нам кавалянё!
Яно ў ручкі ня хукня
І ножкамі ня стукня,
І ножкамі ня стукня.
Чабоцікаў не знасіў,
Паціхусеньку папрасіў,
Паціхусеньку папрасіў
І бяседачку нам зрабіў.
З в. Стругалапы Мядзельскага раёна
Беларусы шчыра ўхвалялі парадзіху і нованароджаных
А ў полі дажыначкі,
А доме радзіначкі.
Парадзіла маці сына
Беленькага, як сыра.
Сыр белы на талерку,
А сыночка ў калыбельку.
А сыр будзем калупаці,
А сыночка калыхаці.
З в. Дарасіно Любанскага раёна.
Садовая яблынька на ўзгорку стаяла,
Хоць беленька цвіла,
Ды два яблыкі мела.
Маладая Волечка ў полазі ляжала,
Хоць цяжэнька хадзіла,
Ды дачушку радзіла.
Хоць набралася мукі —
Дык падменіць мне рукі,
Хоць набралася бяды —
Прынясець мне вады.
З в. Астапаўшчына Ушацкага раёна.
Ой, завешаны каўры,
Ой, завешаны каўры
Аж да самай да зямлі.
А за тымі за каўрамі
Парадзішачка ляжыць.
А хто к ёй прыхінецца —
Мёду-віна нап'ецца.
Кумочак прыхінецца —
Мёду-віна нап'ецца.
Бабулька прыхінецца —
Мёду-віна нап'ецца.
З в. Скупліна Барысаўскага раёна.
Раса пала на травіцу,
Наша маці-парадніца,
Наша маці-парадніца
Дзевяць сыноў парадзіла.
Дзевяць сыноў парадзіла,
А дзесятую дачушку
Нарадзіла.
Яе браты калыхалі,
Калышучы, прымаўлялі:
— Люлі-люлі, сястрыца наша,
А спі доўга, расці скора
Сваёй маме на пацеху,
Чужым людзям на ўцеху.
З в. Ляпешкі Іўеўскага раёна.
Беларускія прыказкі пра родны кут
Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка.
Дораг той куток, дзе рэзалі пупок.
Хто роднага краю цураецца, той і маткі сваей цураецца.
Вовачка зорачку папрасіў:
— Свяці, мая зорачка, да свету,
Пакуль я к цятку заеду.
Вовачку зорачка адказала:
— Тады я табе свяціла,
Як цябе мамулька радзіла.
Хадзіла па сянёх без паяса,
Радзіла Вовачку, як паніча.
Хадзіла па сянёх, як пава,
Радзіла Вовачку, як пана.
З в. Рубеж Бешанковіцкага раёна.
Хрэсьбіны — з дзіўнымі звычаямі, весялосцю, абдорваннем
У. Касько, фалькларыст:
«Пасля хрышчэння ў царкве дзіця прыносяць дадому, склікаюць гасцей. Першай запрашаюць павівальную бабку. Тая прыходзіць з падарункамі, купае дзіця, спавівае яго ў пялёнкі, якія прыносіць з дому. За стол садзяць спачатку кума і куму, павівальную бабку, жонку кума, а потым ужо гасцей».
Каля саду сцежачка,
Каля саду сцежачка,
Туды ж пайшла бабуся,
Туды ж пайшла галубуся.
Сустрэў яе Гаспод Бог,
Сустрэў яе Гаспод Бог:
— Куды ідзеш, бабуся,
Куды ідзеш, галубуся?
— На хрэсьбіны, Гаспод Бог,
На хрэсьбіны, Гаспод Бог.
— Час табе добры, бабуся,
Час табе добры, галубуся.
З в. Паліцы Бешанковіцкага раёна
Ой, устань, устань, парадзішачка,
З-за белыя прасціны,
З-за белыя прасціны!
Паглядзі сама, парадзішачка,
Ці ўся твая радзінка,
Ці ўся твая радзінка:
Ці ёсць браціткі, ці ёсць сястрыцы,
Ці ёсць татка з мамкай,
Ці ёсць татка з мамкай?
Ой, ёсць браціткі, ой, ёсць сястрыцы,
Ёсць мая родна й мамка,
Ёсць мая родна й мамка.
Ёсць з кім піць-гуляць,
Ёсць з кім пагукаць,
Ёсць з кім пагукаць.
Ёсць з кім пагукаць —
Горачка й расказаць,
Горачка й расказаць.
З в.Уцеха Барысаўскага раёна.
«На хрэсьбіны нясуць падаркі. Усіх родственнікаў збіралі. І кожны павінен што-небудзь прынесці.
Парадзіху адорвалі.
Назаўтра бабу возяць на баране, дзе возера, – пакупаць. Калі зімой, то ў гурбу кінуць.
На поле завязуць і кінуць.
— А на чым вязуць?
— На калёсах. Запрагуць і едуць.
— А хто вёз, купаў, кідаў бабу?
— Хлопцы маладыя. Нарадзяцца цыганамі. Змажуцца сажай. Ходзяць па вёске, крадуць ці цыбулю, ці яшчэ што.
У хрэсьбіны бабы напякуць петушкоў і прадавалі гасцям. Збіралі грошы і водку (як лякарства). Сабранае — дзеля младзенца».
З в. Завельцы Астравецкага раёна.
Сур'ёзны і смехавы культы — два полюсы радзінна-хрэсьбіннай абраднасці беларусаў.
Адсюль вялікая колькасць жартоўных песень, звернутых да бабкі.
У. Касько, фалькларыст:
«Пасля першай чаркі павівальная бабка падае на стол буракі — ежу, прыгатаваную з мяса, каўбас, буракоў, вострых прыпраў. Госці робяць выгляд, што ежа ім не даспадобы, «ганяць» бабку за тое, што буракі перасаліла, крычаць «нясмачна». Але потым, быццам супакоіўшыся, прымаюцца за страву.
Пасля буракоў бабка падае на стол гаршчок кашы. Госці купляюць порцыю «кашы» за грошы. Больш за астатніх павінен даць кум. Госці навыперадкі хапаюць кашу і крычаць: адны — «Горка», другія — «Салодка!»
Велічальная бабцы
Ў нашага Віцечкі вінаград на дварэ,
Ў нашага Віцечкі вінаград на дварэ,
Вінаград на дварэ, хрэсьбіны ў хаце,
Вінаград на дварэ, хрэсьбіны ў хаце.
Пасадзіў ён бабусю ды на самым куце,
Пасадзіў ён бабусю ды на самым куце,
Частуець, вяльмуець людзям, сам сабе,
Частуець, вяльмуець людзям, сам сабе,
Дзінькуе бабуся не людзям, ды яму,
Дзінькуе бабуся не людзям, ды яму.
З в. Уцеха Барысаўскага раёна.
У. Касько, фалькларыст:
«Бабка часта замяняла маладой жанчыне і маці, і сяброўку, была адначасова і лекарам, і сядзелкай, і нянькай. Таму у час сямейных урачыстасцей бабуля — госць найпершы».
Жартоўная да бабкі
Наша бабулька-малімонка,
Наша бабулька-малімонка,
Не п'ець гарлкі, кажыць «горка»,
Не п'ець гарэлкі, кажыць «горка».
А ёй унучка падгадзіла,
А ёй унучка падгадзіла —
Мёдам гарэлку прасаладзіла,
Мёдам гарэлку прасаладзіла.
З в. Сэрвач Вілейскага раёна.
Жартоўная дакаральная да гаспадара
А ў полі ябланка зеляненька стаіць,
А ў полі ябланка зеляненька стаіць,
Ва Іванькі бабуля цверазенька сядзіць,
Ва Іванькі бабуля цверазенька сядзіць.
А ці ён чарачкі няпоўна наліваў?
А ці ён чарачкі няпоўна наліваў?
А ці ён бабулю нядобра запрашаў?
А ці ён бабулю нядобра запрашаў?
З в. Наваселкі Барысаўскага раёна.
У. Касько, фалькларыст:
«Самыя цеплыя, ласкавыя словы ў песнях адрасуюцца парадзіце (парадзіначцы). Яна і разумная, і хлебасольная, і спагадлівая: «А хто к ёй прыхінецца, той розуму набярэцца».
У песенных сюжэтах пра бацькоў захаваны вобраз беларуса: працавітага, нешматслоўнага, скупога на ласку, але для сяброў, блізкіх гатовага аддаць апошні кавалак хлеба са свайго стала. У многіх песнях раскрываюцца розныя грані характару гаспадара.
Малоціць жыта — значыць, гаспадарлівы, працавіты.
Водзіць пад руку цяжарную жонку — клапатлівы.
Гаруе, убіваецца па жонцы, якая памерла пры родах, — любячы, верны».
Рэкамендуем нашы выданні, дзе змешчаны запісы радзінных і хрэсьбінных песень:
1. Беларускі фальклор у сучасных запісах. Брэсцкая вобласць. Традыцыйныя жанры. — Мінск, 1973. — С. 173 — 176.
2. Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць. — Мінск, 1995. — С. 141 — 163.
Падрыхтавала да друку Р. М. Кавалёва