Да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы

Вячаслаў Рагойша

Калі б мы былі японцамі

Усяму свету вядома: народны паэт Беларусі Янка Купала нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года ў вёсцы Вязынка цяперашняга Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. Аднак мала хто ведае, што перад самым яго нараджэннем Дамінік і Бянігна Луцэвічы – бацькі песняра – жылі і працавалі ў Паморшчыне, невялікай вёсачцы, што ўжо даўно злілася з мястэчкам Ракаў Валожынскага раёна той жа Мінскай вобласці. Прычым, дробныя арандатары Луцэвічы, як і іншыя арандатары, нідзе доўга не маглі затрымацца. Звычайна ўладальнікі зямлі не трымалі іх даўжэй за тры гады, не хацелі, каб тыя “ўрасталі” ў зямлю, бо па тагачасных законах выселіць з той зямлі іх пасля было б цяжка. Паслухаем, што пра гэта пісаў сам Янка Купала 23 лістапада 1927 г. у Пецярбург свайму біёграфу Л. М. Клейнбарту:

1) Отец мой родился в застенке (хуторе) Пески Игуменского уезда Могилянской волости Минской губернии.

Эти Пески были подарены предкам отца за какие-то заслуги, но потом оказались во владении князей Радзивиллов. Эти последние выбросили весною от посевов всю семью Луцевичей на улицу (как говорится)

2) После этого Луцевичи взяли в аренду фольварок Камень помещика Говорки, около Ивенца, Минской губернии.

3) Из Каменя переехали тоже на аренду в Раговичи помещика Наборовского Старосельской волости Минской губернии. Там же отец мой в 1879 г. женился на Бенигне Ивановне Волосевич, родом из фольварка Нешота, около местечка Рубежевичи, Минской губернии.

4) Из Рагович отец отделился от семьи и пошел служить в Поморщину около Ракова (Минская губерния)к помещику Здеховскому, отцу братьев Здеховских, из которых в настоящее время в Польше один – профессором (был и министром), а другой – романист, литератор.

5) Из Поморщины отец снова переходит на арендованную землю в фольварок Вязынка помещика Замбржицкого Радошковичской волости, Вилейского уезда, Виленской губернии.

6) в 1883 г. отец снова на службе в имении Юзефове у помещика Богдановича (Минской губернии, Борисовского уезда) 1

Такім чынам, Луцэвічы, бацькі Янкі Купалы, з’явіліся ў Паморшчыне ў 1879 годзе. Гэта дакладна вядома. Аднак колькі часу яны тут жылі і калі пераехалі ў Вязынку? І чым займаліся ў Паморшчыне? На апошняе пытанне можна даць даволі пэўны адказ. Маладажонам, у якіх, як кажуць, не было ні кала ні двара, патрэбна было як мага хутчэй сабраць неабходныя сродкі, каб уладкоўваць свой сямейны быт. Не забудзем, што Дамінік Луцэвіч быў з беднай сялянскай сям’і (дакладней – са збяднелай, т. зв. “шарачковай”, шляхты), а Бянігна – з даволі заможных сялян. І бацькі не хацелі аддаваць яе за беднага, хоць прыгожага і разумнага, Дамініка, якога яна палюбіла ўсім сэрцам. За тое, што яна тайна павянчалася з арандатарскім хлопцам, яны не далі ёй пасагу і доўгі час увогуле ні яе, ні зяця не прызнавалі. Як гэта нагадвае некаторыя калізіі з п’есы Янкі Купалы “Паўлінка”!..

Працуючы ў Паморшчыне, сабраць неабходныя сродкі, каб стаць самастойным арандатарам, у той час можна было. Там яшчэ ў 1850 г. пан Ваўжынец Здзяхоўскі, які купіў Ракаў з навакольнымі землямі і сялянамі ў рускага князя Мікалая Салтыкова (яму Екацярына ІІ падарыла мястэчка ў 1793 г. пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай), пабудаваў бровар. У той час, калі ў Паморшчыну прыехалі бацькі Янкі Купалы, прыгоннае права амаль дваццаць гадоў было як адменена, і працаваць на бровары і на зямлі прымусіць сялян нельга было. Можна было іх наймаць, прапануючы выгадныя ўмовы працы. Эдмунд Здзяхоўскі (1837–1901) – сын Ваўжынца, бацька прафесара Мар’яна і раманіста Казіміра, пра якіх згадвае Янка Купала, славіўся на ўсю Міншчыну культурай вядзення гаспадаркі. Ён у свой час скончыў Горы-Горацкі земляробчы інстытут (вучыўся там, дарэчы, разам з бацькам Юзафа Пілсудскага). Адным з першых у Беларусі яшчэ ў 1896 г. наладзіў тэлефонную сувязь – паміж сваім вялікапанскім дваром у Ракаве і Паморшчынай. Ён вёў узорную гаспадарку згодна рэкамендацый тагачаснай сельскагаспадарчай навукі. Несумненна, многае з гэтых рэкамендацый засвоілі Дамінік і Бянігна, а праз іх — і сын Ясь, будучы беларускі пясняр, які, як вядома, да канца жыцця захаваў любоў да працы на зямлі, уменне працаваць на ёй…

Умовы працы ў Здзяхоўскіх, несумненна, задавальнялі Луцэвічаў. Можна было арандаваць кавалак панскай зямлі, з вясны да восені працаваць на ёй. А зімой, калі рамкі сялянскай працы рэзка звужаліся, – пачыналася праца на бровары, дзе можна была зарабіць “жывую капейку”. Спірт гналі з бульбы, якую нарыхтоўвалі восенню, складалі ў доўгія бурты. Печы палілі торфам, які капалі і сушылі на навакольных тарфянішчах цэлае лета. Арандатарам можна было пры неабходнасці падзарабіць і на гэтай працы. З жыллём таксама не было праблем: Здзяхоўскі недалёка ад бровара пабудаваў інтэрнат для арандатараў і найманых работнікаў (яго ў народзе ахрысцілі “баракам”, прастаяў ён да 1960-х гг.). Вядома, што ў 1880 г. на бровары працавалі 1 майстар і 7 рабочых, за той год было выгнана 4100 вёдзер спірту на 29 725 рублёў. Як на той час і на тыя грошы – нямала. Дарэчы, той бровар (вядома, некалькі ўдасканалены) працуе ў Паморшчыне і цяпер, належыць СВК “Ракаўскі”, прыносіць гаспадарцы не малыя прыбыткі.

Такім чынам, Луцэвічы жылі ў “бараку”, працавалі на бровары і, відавочна, арандавалі ў Здзяхоўскіх кавалак зямлі. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць выказванне Янкі Купалы: “Из Поморщины отец снова переходит на арендованную землю в фольварок Вязынка…». Але калі “пераходзіць”? Недзе ў архівах сённяшняга Вільнюса ў бухгалтарскіх матэрыялах Здзяхоўскіх захоўваюцца не адшуканыя дасюль запісы аб найме Луцэвічаў. Яны пральюць святло і на сутнасць, і на час працы ў Паморшчыне бацькоў Янкі Купалы. Аднак калі ўлічыць умовы і звычайны трохгадовы тэрмін арандатарства, а таксама характар працы бровара, то можна выказаць меркаванне: позняй вясной ці ў самым пачатку лета 1882 года, калі леташні ўраджай быў цалкам спарадкаваны, а бровар спыніў сваю працу. А чаму ў Вязынку? Адказаць на гэта пытанне можам і без архіўных росшукаў. У той час менавіта Вязынку арандавалі бацькі Дамініка Луцэвіча, жылі ў асобнай хаце (а не ў агульным інтэрнаце). Яны цёпла ставіліся да сям’і сына і маглі рэальна дапамагчы цяжарнай нявестцы Бянігне – і пры нараджэнні дзіцяці, і ў першыя, самыя складаныя, месяцы гадавання немаўляці…

Такім чынам, калі б мы былі японцамі (ці ўвогуле народамі азіяцкага Усходу), то часам нараджэння песняра лічылі б кастрычнік 1881 года (да ўзросту чалавека дадаецца яшчэ 9 месяцаў яго развіцця ў лоне маці), а месцам нараджэння – Паморшчыну (улічваецца месца, дзе чалавек зачынаўся, а не дзе з’явіўся на свет). Але мы жывем у цэнтры Еўропы, і ў нас у гэтым сэнсе свае еўрапейскія традыцыі. Таму ў 2002 годзе, да 120-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, у Паморшчыне на сцяне бровара з’явілася мемарыяльная шыльда наступнага зместу: “У Паморшчыне ў 1879–1882 гг. жылі і працавалі бацькі Янкі Купалы Дамінік Ануфрыевіч і Бянігна Іванаўна Луцэвічы”.

А ў Вязынцы маладыя Луцэвічы доўга не затрымаліся. Ужо ў 1883 годзе, калі Ясь не стаў яшчэ і на ногі, яны, маючы заробленыя грошы, пачалі арандаваць зямлю ў маёнтку Юзафова, у 1887 – у Косіне, у 1889 – у Сенніцы… Арандатарскі лёс не раўнуючы як цыганскі: вечныя пераезды з месца на месца. У гэтых, як і іншых, мясцінах мог таксама нарадзіцца будучы геній роднай літаратуры Янка Купала. І абяссмерціць іх. Шкада, канечне, што не нарадзіўся ён у Паморшчыне (фактычна – сённяшнім Ракаве). Але не забывайма і Паморшчыну. Хоць мы і не японцы.

1Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Янка Купала. – Мінск: Маст. літ., 2003. – Т. 9. – Кн. 1. – С. 262–263.


   - Вячаслаў Рагойша. Ахоўнік душы народа
   - Вячаслаў Рагойша. Аляксандр Дэйч і беларускія песняры
   - Вячаслаў Рагойша. Калі б мы былі японцамі

Сайт создан в системе uCoz