Вячаслаў Рагойша
Ахоўнік душы народа
У народнага артыста СССР, Героя Сацыялістычнай Працы, вядомага музычнага дзеяча і фалькларыста Рыгора Раманавіча Шырмы (8 (20) 1. 1892 – 23. 3. 1978), быў любімы выраз, што з часам стаў крылатым: “Песня – душа народа”. Які глыбокі сэнс у трох гэтых словах! Асабліва, калі прыгадаць сказанае ў свой час Францішкам Багушэвічам: родная мова – гэта “адзежа душы” чалавека. Значыць, беларуская народная песня і ёсць сапраўдная душа беларуса!
Тады, восенню ўжо далёкага 1958 г., мы, студэнты-першакурснікі філалагічнага факультэта БДУ, з разуменнем успрынялі гэтую думку, агучаную Рыгорам Раманавічам у часе сустрэчы з намі. Дзіяна Пятроўна Багрова, высокая чарнявая прыгажуня з пявучым, добра пастаўленым голасам, якая чытала нам курс фалькларыстыкі, запрасіла тагачаснага кіраўніка Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (сёння – імя Р. Шырмы), на сустрэчу з будучымі настаўнікамі-філолагамі. Мы стараліся не прапусціць ніводнага слова маэстра, невысокага, сівавалосага, з чэхаўскай бародкай і своеасаблівай інтанацыяй – надзвычай меладычнай, павольнай па тэмпу, “окаючай” (яе, дарэчы, таленавіта пераймаў студэнт філфака Іван Курбека). А Рыгор Раманавіч гаварыў:
– Мы, беларусы, валодаем адной з самых багатых у славянскім свеце вусна-паэтычнай народнай творчасцю. Калі б сабраць яе – песні, казкі, легенды, замовы, галашэнні, прыказкі і прымаўкі, іншыя жанры – і выдаць, мабыць, не хапіла б і ста тамоў. Толькі ад адной сваёй цёткі Захвеі Хвораст на маёй роднай Пружаншчыне я ў свой час запісаў звыш 150 народных песень. Чым усё гэта тлумачыцца? Надзвычайнай таленавітасцю нашага народа, які, аднак, у выніку нацыянальнага і сацыяльнага прыгнечання не мог як след выявіць сябе ні ў слоўным мастацтве, ні ў прафесійнай музыцы. Простаму чалавеку “выйсці ў людзі”, скончыць вышэйшую навучальную ўстанову, як вам сёння, было амаль немагчыма. З другога боку, беларуская мова і панскімі польскімі, і царскімі расійскімі ўладамі забаранялася, за друкаванне на ёй нават бяскрыўднага вершыка пра каханне можна было трапіць у Сібір. Але талент забараніць нельга. Вось і выяўлялі сябе сотні безыменных геніяў у складанні казак, легендаў, слоў і мелодый песень, якія затым шліфаваліся, адточваліся, каб зазіхцець, як той камень-дыямент…
Словы Рыгора Раманавіча падалі не на камень. Маладыя нашы сэрцы былі акрылены рашэннямі ХХ з’езда КПСС, які выкрыў культ асобы Сталіна, хрушчоўскай грамадскай “адлігай”, што тады распачыналася. Гэта надавала нам адвагі, рашучасці і ў захаванні, прапагандзе народнай творчасці, і ў абароне роднага слова. А тое і другое ў той час (як, зрэшты, і цяпер) патрабавала маладых намаганняў. Панаваў пэўны нігілізм у дачыненні да народнага мастацтва, якое ўспрымалася некаторымі толькі як этнаграфічны атрыбут, не больш. Што да беларускай мовы, то яна таксама трапіла ў лік “неперспектыўных”… Зразумела, Рыгору Раманавічу пасля ягонага выступлення мы пачалі задаваць пытанні, якія нас – і не толькі як філолагаў, але і як грамадзян Беларусі – не маглі не хваляваць. Дзіяна Пятроўна, імкнучыся ахаваць госця ад “непрыемных” пытанняў, не ўсе нашы запіскі чытала. Тады мы падымалі рукі і рабілі запыты вусна. Як мне помніцца, не ўсе адказы маэстра былі адэкватнымі, такімі, якімі мы былі б задаволеныя. Зрэшты, у той час Шырма і не мог адкрыта, не рызыкуючы не толькі ўласнай кар’ерай, але і лёсам харавой капэлы, якая столькі рабіла для прапаганды роднай песні і роднай мовы, выказваць нязгоду з “генеральнай лініяй” партыі ці яе асобных тагачасных кіраўнікоў. Тым больш, што аднойчы, як стала гэта вядома пазней, за такую адкрытасць ён адсядзеў на Лубянцы, цудам вырваўся з лап смерці…
Дзіяна Пятроўна мне і маім двум сябрам-аднакурснікам – Міколу Пашкевічу і Леаніду Акаловічу – даверыла пасля сустрэчы правесці госця дадому. Па дарозе дадому Рыгор Раманавіч распытаў, хто мы, адкуль, хто нашы бацькі і г. д. Я прыгадаў, як год таму “хор Шырмы” (так у народзе называлі той славуты харавы калектыў) прыязджаў у мой Ракаў, выступаў у перапоўненай актавай зале школы, як мае землякі горача прымалі шырмаўцаў, як усе мы, школьнікі, хацелі пасля канцэрта бліжэй падступіцца да харыстаў, дакрануцца да іх фракаў… Рыгор Шырма цёпла адгукнуўся пра “прыгранічны” Ракаў, што быў вядомы на ўсю Заходнюю Беларусь як нелегальны “калідор” для заходнебеларускай моладзі, якая імкнулася ў БССР на вучобу і прыстойную працу. Добрым словам успомніў ён і тагачаснага дырэктара школы Васіля Пятровіча Налецкага, руплівага краязнаўцу і патрыёта Ракаўшчыны, які пасля канцэрта наладзіў харыстам нечаканы “царскі пачастунак”. Рыгор Раманавіч расказаў, як ён і яго сябры праз Таварыства беларускай школы (ТБШ) адстойвалі ў Заходняй Беларусі права беларусаў вучыцца на роднай мове, выказаў спадзяванне, што “перакос” у адносінах да беларускай мовы часовы…
Рыгор Раманавіч запрасіў нас да сябе на кватэру, накарміў смачнай вячэрай. Потым паказаў, чым займаецца. Ён тады якраз рыхтаваў да выпуску першы том свайго знакамітага чатырохтомнага збору “Беларускіх народных песень”. Тэксты песень былі раскладзены ў дзесяткі папак, ляжалі стосам на стале. Трэбы было іх не толькі сістэматызаваць, адрэдагаваць (і словы, і мелодыі), але і забяспечыць належнымі каментарыямі, а выданні – рознымі паказальнікамі: жанрава-тэматычным, імянным, геаграфічным. Маэстра наракаў на недахват часу, на нездароўе. Мы тут жа выявілі жаданне яму дапамагчы чым можам, напрыклад, першаснай сістэматызацыяй твораў (як-ніяк, мы ж вывучалі фальклор!), складаннем паказальнікаў… Рыгор Раманавіч задумаўся, уважліва паглядзеў на нас, а потым прамовіў: “Што ж, дзякую…”
Некалькі месяцаў мы даволі рэгулярна наведвалі кватэру Рыгора Раманавіча, з радасцю выконвалі розную працу: сістэматызавалі, перапісвалі і вычытвалі рукапісы песенных тэкстаў, пазней – чыталі карэктурныя адбіткі, рабілі розныя паказальнікі… Апрача гэтага, правялі і іншую “акцыю”. Справа ў тым, што тагачаснымі кіраўнікамі сталіцы рэспублікі авалодаў “сверб” знішчэння ранейшых (асабліва культавых) пабудоў, ператварэння Мінска ў “сучасны сацыялістычны горад”. Толькі ў раёне цяперашняй плошчы Незалежнасці былі знесены праваслаўная царква, што стаяла злева ад Дома ўрада, вялікі (здаецца, пяціпавярховы) паранены нямецкай бамбёжкай дом у цэнтры плошчы, што мог бы стаць цудоўным помнікам – напамінкам пра варварства фашыстаў падчас Вялікай Айчыннай вайны (такі дом-помнік – сведка “варварства амерыканскай бамбардзіроўкі” – і цяпер стаіць у нямецкім Лейпцыгу). Навісла рэальная пагроза знішчэння і над суседнімі з Домам урада Чырвоным касцёлам і жылым домам №19 па вуліцы Савецкай, дзе тады жыў Шырма, якія, быццам бы, перашкаджалі зрокаваму ўспрыманню галоўнага ўрадавага будынка рэспублікі. Чырвоны касцёл быў адразу пасля вайны рэквізаваны дзяржавай, у ім гаспадарылі кіношнікі, і вырашыць яго лёс было лягчэй. Цяжэй было з жылым домам. Пратэставалі жыльцы. Але яны, вядома, былі людзі зацікаўленыя. Вось тады Шырма і звярнуўся да нас, людзей старонніх, незацікаўленых, каб мы “ўзнялі” студэнцтва, напісалі калектыўныя лісты ў розныя партыйныя і ўрадавыя структуры. Што мы, зрэшты, і зрабілі, хоць, як вядома, калектыўныя лісты начальства тады вельмі не любіла. Не ведаю, ці нашы лісты дапамаглі, ці што іншае, але і Чырвоны касцёл, і дом Шырмы (дарэчы, на ім цяпер устаноўлена мемарыяльная шыльда) дагэтуль цешаць вочы жыхароў Мінска і яго шматлікіх гасцей.
А “Беларускія народныя песні” з часам, хоць і не без пэўных цяжкасцей, пачалі выходзіць з друку. Ужо ў самым пачатку другой паловы 1959 г. на прылаўкі кнігарняў лёг першы том, які склалі песні любоўныя, жартоўныя, баладныя і бытавыя, у 1960 г. – другі, у які ўвайшлі песні пра жаночую долю, недабраную пару, хрэсьбінныя і сіроцкія, казацкія, рэкруцкія і салдацкія, батрацкія і прымацкія, песні няволі і змагання, у 1962 г. – трэці, укладзены з вяснянак, валачобных і юраўскіх, купальскіх, пятроўскіх, жніўных, восеньскіх, калядных і масленічных. Што да чацвёртага, заключнага, тома, дзе сваё месца знайшлі вясельныя песні, адны з самых багатых у беларускім народна-песенным рэпертуары, то ён з’явіўся ажно ў 1976 г., праз васямнаццаць гадоў пасля нашай першай сустрэчы з Шырмам. На жаль, складзеных намі паказальнікаў у апошнім томе, як чакалася, не аказалася. “Паскупіліся выдаўцы на паперу”, – так пазней нам са шкадаваннем гаварыў сам стваральнік чатырохтомнага выдання.
Рыгор Шырма не толькі ў канцы 1950-х гг., але і пазней, ажно да самай сваёй смерці ў 1978 г., неаднойчы бываў на філфаку БДУ, сустракаўся са студэнтамі, аспірантамі і выкладчыкамі, адзін з якіх – Васіль Ліцьвінка – нават абараніў кандыдацкую дысертацыю пра Шырму– фалькларыста (1984), уклаў кнігу яго літаратурнай спадчыны “Песня – душа народа” (1976, перавыданне – 1993), фотаальбом пра яго (1990). Мне ж добра помніцца яшчэ адна сустрэча з Рыгорам Раманавічам. Аднак не на нашым філфаку, а на філфаку тагачаснага Мінскага педінстытута імя М. Горкага (сёння – БДПУ імя Максіма Танка).
Кафедрай беларускай мовы ў той час кіраваў слынны мовазнаўца і фалькларыст прафесар Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі. Сапраўдны патрыёт Бацькаўшчыны, ён не мог мірыцца з дэбеларусізацыяй, планамерным выцясненнем роднай мовы з грамадскага ўжытку. Чалавек мудры, прадбачлівы, тонкі дыпламат, ён арганізаваў у педінстытуце выключна папулярны клуб аматараў беларускай мовы, які назваў “Жывое слова”. Сама ўжо назва клуба гучала выклікам тым, хто лёс беларускай мовы нітаваў з лёсам мёртвай латыні. Для іх клуб быў косткай у горле, аб яго закрыцці неаднойчы ўздымалася пытанне на парткоме інстытута, але зрабіць з клубам нічога не маглі: кіраваў ім чалавек выключнай рэпутацыі, да таго ж камуніст, былы партызанскі разведчык (у часе вайны Ф.Янкоўскі камандаваў разведкай партызанскага атрада). Менавіта “Жывое слова” і запрасіла Шырму 7 студзеня 1967 года на сустрэчу са студэнтамі.
Гэта быў пярэдадзень 75-годдзя Рыгора Раманавіча і якраз – дзень праваслаўных Калядаў. У тыя камуністычна-атэістычныя часы Каляды афіцыйна не толькі не святкаваліся – забаранялася нават упамінаць гэты “перажытак мінулага”. А тут – сапраўднае свята. Свята сустрэчы з сівагаловым Саваофам беларускага адраджэння. І не толькі з ім. Фёдар Міхайлавіч у пярэдадзень Божага Нараджэння дыпламатычна-прадбачліва запрасіў на сустрэчу са студэнтамі – будучымі настаўнікамі – і перспектыўных, на яго думку, маладых прадаўжальнікаў справы Шырмы, а сярод іх – Арсеня Ліса (цяпер доктар філалагічных навук, вядомы фалькларыст і пісьменнік), Янку Саламевіча (сёння – кандыдат філалагічных навук, знаны фалькларыст і энцыклапедыст) і мяне (тады я якраз заканчваў працу над кандыдацкай дысертацыяй пра паэтыку Максіма Танка). Натуральна, на сустрэчы тэма Каляд, якія ў народзе сімвалізуюць нараджэнне нечага новага, добрага, гучала ўвесь час. Хоць бы таму, што калядкі – адзін з цікавейшых жанраў беларускай народнай песеннай лірыкі. Зрэшты, з характарыстыкі калядак Шырма і пачаў сваё выступленне. Потым перайшоў да народных песняў увогуле:
– Вышэй і прыгажэй за народную песню, калі гэта сапраўдная народная жамчужына, а не падробка пад яе, няма і быць нічога не можа! Песня – душа народа. Але не толькі. Песня творыць народ, збліжае людзей. Паглядзіце на прыбалтаў, на іх шматлюдныя святы песні. Тысячы людзей яднаюцца ў адным парыве – словамі роднай мовы, блізкай сэрцу мелодыяй. Усе яны становяцца як бы адной раднёй, якую не раз’яднаць, не пасварыць, не адолець. І ўсё гэта – дзякуючы песні. Таму мы павінны ўсімі сіламі і сродкамі захоўваць і ахоўваць яе.
Цёплыя словы Рыгор Раманавіч сказаў пра настаўнікаў, якія, нягледзячы ні на якія складанасці жыцця, перашкоды, “сеюць прыгожае, добрае, вечнае”, “аддаюць свае сэрцы дзецям – будучыні радзімы”. Нехта спытаў: “Што, на Вашу думку, трэба зрабіць, каб не толькі захаваць, але і ўзняць на новы ўзровень родную культуру?” І пачулася ў адказ:
– Найперш – рыхтаваць адукаваныя, таленавітыя, працаздольныя кадры, дарэшты аддадзеныя роднай культуры. Як рыхтуе іх у вашым інстытуце паважаны Фёдар Міхайлавіч. Менш трэба галаслоўна разважаць аб неабходнасці ўздыму асветы і культуры, у тым ліку і культуры роднага слова, а больш – канкрэтна дбаць аб належнай падрыхтоўцы прапагандыстаў роднай мовы, стваральнікаў нацыянальнай культуры.
Мне рупіла спытаць маэстра пра яго адносіны да цяперашняга Максіма Танка. Я ведаў, што ў свой час менавіта Шырма з дапамогай ТБШ выдаў першы зборнік паэта “На этапах” (1936). Неяк у адным артыкуле я назваў Танка класікам беларускай літаратуры. Супрацоўнік рэдакцыі запярэчыў: “Рана Вы яго ў класікі запісалі”, – і выкрасліў мае словы. А Шырма ж яшчэ ў прадмове да зборніка “На этапах” прароча пісаў, што “нам яшчэ прыйдзецца быць сведкамі, калі ягоны талент падымецца да вялікага сузор’я Купалы – Коласа”. Рыгор Шырма цвёрда заявіў:
– Перакананы, я тады не памыліўся. Максім Танк ужо сёння – у сузор’і Купалы–Коласа. Ён, без перабольшання, – класік нашай літаратуры. Можаце маю думку перадаць і супрацоўніку рэдакцыі...
Памятаю, на сустрэчы ўсчалася і невялікая спрэчка паміж Шырмам і асобнымі студэнтамі. У другой палове 1960-х гг. пачалі ўзнікаць вакальна-інструментальныя ансамблі, якія сталі эксперыментаваць з мелодыямі і нават словамі народных песень, па-свойму відазмяняць іх. Рыгор Раманавіч пурыстычна аберагаў народны мелас, лічыў кашчунствам “улазіць у душу народа”. Студэнты ж стаялі на тым, што дзеля папулярызацыі народных песень, а тым самым – і беларускай мовы, культуры ўвогуле, варта “ісці ў нагу з часам”. Спрэчка, як мы сёння ведаем, завяршылася кампрамісам: беларуская народная песня з поспехам гучыць і ў класічна-нязменным выглядзе (у выкананні той жа Дзяржаўнай харавой капэлы імя Р. Шырмы), і ў сучаснай аранжыроўцы (скажам, у выкананні “Песняроў”).
Такім чынам, меў рацыю і Рыгор Шырма. Ахоўнік беларускай народнай песні, а значыць – і душы народа.
   - Вячаслаў Рагойша. Ахоўнік душы народа
   - Вячаслаў Рагойша. Аляксандр Дэйч і беларускія песняры
   - Вячаслаў Рагойша. Калі б мы былі японцамі