Філалагічныя гульні

За туманам нічога не відно

РАЗДЗЕЛ III
“І кахаць, да вар’яцтва кахаць!..”


“За туманам нчіога не відна…” – радок з народнай песні стаў штуршком для ўзнікнення вялікай колькасці таленавітых вершаў, прычым шмат хто разгледзеў у загадкавых абрысах туману рысы кахання. Менавіта такія вершы трапілі мне пад руку, каб гэтая рука нешта пра іх напісала. Вершы ўсе розныя, як і павінна быць у асобаў, якія маюць яркую індывідуальнасць і прамое дачыненне да мастацтва. Розныя па “якасці” і “ўталентаванасці”, яны маюць адну агульную рысу ( і гэта не першы радок!) – вершы, шчырыя, часам сарамлівыя, выклікаюць станоўчыя ўражанні, і міжволі заплюшчваеш вочы на “цікавыя рыфмы” накшталт “уначы/журбы”, “дарозе/у полі”, а часам “пакручасты рытм.
Сярод вершаў можна знайсці шмат займальнага. Напрыклад, “Санет +”. Застаецца загадкай, чаму аўтарка назвала свой верш менавіта так, бо ад санета там няма ні традыцыйнай колькасці складоў у радку, ні 14-радковай цвёрдай формы. Радкоў у вершы значна больш, можа, таму гэта і “Санет+” – 14 радкоў + яшчэ некалькі. Але тады можна было б назваць і “Актава +”, і “Хоку*?”…
Асабліва павесяліла не вельмі багатая, так бы мовіць, рыфмоўка. Большасць творцаў нядоўга пакутавалі над ёю, зрыфмаваўшы “відна” з “крыўдна” ці “агідна”. Паказальна, што тумановая заслона невядомасці выклікае ў студэнтаў непрыемныя пачуцці і асацыяцыі.
Гэта вершы пра каханне, але не пра радасную захопленасць ад быцця разам, не пра прыгожыя заляцанні, а калі ўзнікае пяшчота ў стасунках і шчаслівае заспакаенне, то толькі ва ўспамінах.
Зрэдку вершы маюць назвы. Верш “Не кахаю...” Ганны Міхальчук гэтым вылучаецца з агульнага шэрагу (канешне, калі не ўлічваць “Санет+”). “Кахаць ці любіць?” – тонкая дылема стаіць перад лірычнай гераіняй, і, відавочна, яна размяжоўвае гэтыя паняцці не на карысць апошняга.
Верш Алены Плешкуновай – гэта вытанчаная метафорыка і тонкая гарманічная душа лірычнага героя. Вобраз каханай завершаны, як і сам твор, у якім няма ніводнага лішняга слова, так бы мовіць, ніводнай фальшывай ноты ў гэтай песні душы.
Тое.,што ў вершах не ўсё ідэальна, не памяншае іх вартасці, бо гэта – шчырыя гісторыі нешчаслівых каханнняў, уласцівыя кожнаму лёсу. Розныя, але аднолькава драматычныя і важныя для маладога ўражлівага сэрца.

Віялета Пачкоўская

                        Алесь Залеўскі
За туманам нічога не відна,а крыўдна,
Бо за ім яна чакае – кахае.
Агенчыкам у далечы мігціць,дрыжыць,
Ды зноў у шэрані знікае – хавае.
А туман ярам льецца…Смяецца
Месяц у небе чорным ды зорным.
Вось так брыду ў тумане, ім п’яны,
Шкаю яе старанна, ды марна.

                        Алена Бацяноўская
За туманам нічога не відна,
Шлях схаваўся ў белай нудзе.
Надушы неспакойна і крыўдна,
Што блукаеш няведама дзе.

Лес схаваўся за белай заслонай,
Толькі дрэвы далёка шумяць.
Сцежка сцелецца стужкаю чорнай,
І канца ей зусім не відаць.

Па жыцці ты блукаеш няспынна.
Нешта сэрца гаворыць унутры.
Ты не можаш прадбачыць, наіўны,
Бо ў тумане нязведнасці мы.

                        Ганна Міхальчук
                        Не кахаю
За туманам нічога не відна.
Бэзавы, спадае на зямлю.
Роспач, крыўда, моцны боль, агіда…
Што сказаць: кахаю ці люблю?

Што сказаць? Глядзіш у мае вочы.
Не шукай – адказу ў іх няма.
Цяжка зразумець усё аднойчы…
Шчасце адпусціла я сама?

Няхай так, я шкадаваць не буду,
Не пабачыш болей слёз маіх.
Не кахаю, не люблю..Забуду.
Буду жыць і радавацца буду,
Як дзіцё, ізноўку верыць у цуды,
Зноў чакацьсустрэч, ды не тваіх.

                        Настасся Макоска
За туманам нічога не відна…
За туманам знайшла я цябе.
Пахакала так моцна,бязвінна,
Што забыла зусім пра сябе.
Але больш не хачу пацалункаў,
Не хачу я абдымкаў і слоў,
Не прыму я тваіх падарункаў,
Буду прэч гаць, калі б не пайшоў.
За туманам нічога не відна…
За туманам пакіну цябе!
Не кахаю больш моцна, бязвінна –
Лепш успоўмню я зноў пра сябе.

                        Алена Плешкунова
За туманам нічога не відна:
Я стаю сярод белага мора,
Загусцелі і час, і прастора.
Нам с тобою балюча і крыўдна.
Ты мяне пакідала ў тумане,
Каб не гляну я ў любыя вочы.
Сярод цёмнай і стомленай ночы
Ты хавала аскепкі падману.
Я іду с бессэнсоўнасці пешкі…
Белы вэлюм маіх успамінаў…
Ты была быццам кветка язміну,
Са спакойнай і светлай усмешкай.
Малаком туманы расцякліся,
У далінах самотных паснулі.
З белых сноў, у якіх патанулі,
Мы пайшлі, а яны – засталіся…

                        Людміла Бутырчык
                                                За здраду найгорш карае
                                                Жанчына сябе сама.
                                                              Наталля Кучмель

За туманам нічога не відна.
Мне сумленне не паліць вачэй.
І асеннія ціхія тыдні
Не адродзяць летніх начэй.
Час прайшоў, загаіліся раны,
Што нанесла ваганнем сваім.
За нішто Вы былі пакараны,
Марнавацца праз гэта дваім.
Не забуду. Ад Вас мне надзея,
Што магу шчэ кагосьці здзівіць.
І жаданне ад Вас,дабрадзею, --
Быць каханай і шчыра любіць.
Разумею – і гэта не нова:
Пражылі, далей – хто куды.
Развітанне. І ўдзячнае слова
У маім сэрцы для Вас назаўжды…

                        Вераніка Давыдава
                        Санет +
За туманам нічога не відна,
Толькі чуецца голас начы –
Узлятае ў неба малітва
Аб маёй і тваёй душы.

Сядзім мы побач, закаханыя,
Пад зорным небам у цішы
Так ціха, быццам пакараныя,
Узрушаныя да глыбіні душы.

Глядзім у неба, прытуліўшыся,
Як два анёлчыкі на хмары.
Як добра так сядзець, забыўшыся
На клопаты зямлі,ды марыць!
У задуменні слухаць музыку нябёсаў,
Святочна вытрымаць сваё маўчанне
І разважаць пра скрыважанні лёсаў…

Пачуй чароўнай музыкі гучанне,
Магчыма,зразумееш сам,
Як важна людзям пачуццё кахання.

                        Алеся Шаблоўская
За туманам нічога не відна,
Толькі ў думках паўстаў вобраз твой,
Шчыры твар разам з рысамі дзіўнымі,
Блізкі сэрцу любімы пакой.

Я гляджу на цябе ў захапленні,
Жаркім полымем цела гарыць.
У хвіліны такога забвення
Я хачу пра цябе гаварыць.

Я хачу табой захапляцца,
Кожны рух твайго цела любіць.
Да рукі тваёй дакранацца
І любіць,да вар’яцтва любіць!

                        Юлія Несцяровіч
За туманам нічога не відна,
І на ружах кроплі даджу.
На душы так сумна і крыўдна.
Я на сад наш кахання гляджу.
Плечы мёрзнуць ад дотыку вішні,
Ногі стынуць у мокрай траве…
Ты не лішні. Ты чуеш? Не лішні!..
Слёзы горачы на рукаве.
Ты не лішні ў спрадвечнай дарозе
І на сцежцы ля хаты маёй.
Сяду я на жыццёвым парозе…
Я хачу быць заўсёды тваёй!

                        Таццяна Буцэлан
За туманам нічога не відна,
Мякка сцелецца ён па зямлі,
Ўжо не бачна ні дрэў, ні раллі…
За туманам нічога не відна.

Месяц – наш спадарожнік кахання –
Свеціць з неба, як бледны ліхтар, --
Сведка думак, спатканняў і мар,
Безнадзейнасці, страху, змагання.

Паўтарецца ўсё сотні год:
Зноўку шэпт, і прызнанні, і слёзы…
Не змагайся з наказамі лёсу,
Паўтарацца ўсё будзе сто год.
А каханне, раскінуўшы крылы,
Узнясе нас вышэй, да нябёс!
Вецер ціхую песню прынёс,
Над каханнем раскінуўшы крылы.

…За туманам нічога не відна…
Што ж чакае мяне за мяжой:
Сябар шчыры ці з чорнай душой?
За туманам нічога не відна.

А надзея заўсёды жыве
У нашым сэрцы нязгасна і цвёрда.
Нам вясна ўсміхаецца цёпла,
Бо надзея заўсёды жыве.


1. РАЗДЗЕЛ I. “Ці чакаць цябе, месяц нязгасны?..”
2. РАЗДЗЕЛ II. Светлае дзіцячае ваконца
3. РАЗДЗЕЛ III. “І кахаць, да вар’яцтва кахаць!..”
4. РАЗДЗЕЛ IV. “Без асновы людзі-канчаткі…”
5. РАЗДЗЕЛ V. “І клялася сваім я дзявоцтвам…”
6. РАЗДЗЕЛ VI. “Толькі чуецца дзесьці – курлы!..”
7. ПАСЛЯСЛОЎЕ
8. Аутары


Наверх старонкі || За туманам нічога не відно || Да зместу

Сайт создан в системе uCoz