Філалагічныя гульні

За туманам нічога не відно

РАЗДЗЕЛ II
Светлае дзіцячае ваконца


А яшчэ кажуць. Нібыта знікае “рыфмаваная” паэзія. Нібыта ўсе літаратары абленаваліся і вырашылі пісаць выключна верлібры.
Іхнія б словы ды Богу ў вушы…
А зараз пра беларускую ментальнасць.Студэнтам прапанавалі: “Напішыце верш па першым радку”. І хай шаноўныя статысты падлічаць,колькі зрыфмаваных вершаў прыходзіцца на адзін верлібр. Вось так, рабіце высновы,паважаныя…Дык вось, пра беларускую ментальнасць…І хто зараз скажа, што беларусы не традыцыяналісты?
Больш за тое. Беларусы працавітыя. У сэнсе – не толькі бульбу саджаць, але й вершы пісаць. Маглі б сесці за стол,
                        -на крэсла,
                        -на ложак,
                        -пад стол,
                        -на падлогу
                  (патрэбнае падкрэсліць), --
карацей, туды, дзе раптам дасць па галаве натхненне,пачухаць патыліцу,пакалупаць у носе ( не для друку) дый накрэмзаць сякі-такі верлібрычак. Дык не! Наш народ у некалькі разоў ускладняе сабе задачу і сутаргава пачынае перабіраць у галаве словы, якія рыфмуюцца з “відна”. Але перабіраць асабліва няма чаго.У сэнсе, мала такіх словаў. Можа аўтары і палічылі цікавым вынаходніцтвам “крыўдна” й “агідна”. А можа й не. Хочацца верыць, што ўсё ж не палічылі. Ды былі і больш арыгінальныя варыянты – “ сіраціны”, “крылы”.
Але досыць пра самае сумнае. Асаблівая падзяка за рыфму [“не відна -- малітва” ] – самую запамінальную. Вось можна ж , калі захацець…Таксама вельмі прыемна, калі
                        …чапляецца сонца
                        за руплівыя
                        крылы
                        фіранак…
А яшчэ прыемна, калі ёсць хоку, і калі Эдып невідушчы. Усё прыемна, калі шчыра.

Алена Пятровіч

                        Алена Слівінская
за туманам
нічога
не відна
сад пусцее
сутонне
уранку
звоніць сонца
росна і дымна
узварушана
вейкі
світанку
будзяць ганак
чапляецца сонца
за руплівыя
крылы
фіранак
звоніць студня
уздыхам бясконцым
пацалункамі
шчырай
вадою
аржаным
палявым
смаляною
ільняною
малінавым
кветным
прачынаецца
шчырым і ветлым
у абдымках
бясконцае
сонца
светлае дзіцячае ваконца

                        Ганна Дубіна
За туманам нічога не відна,
Кволыя фарбы няспынна
Губляюць адценні.
Дарэмна малюю бястварае заўтра.

                        Паліна Куксанава
                        ВЕСНАВЫ ПАВЕЎ
За туманом нічога не відаць…
І толькі сціплыя абрысы збудаванняў
Спрабуюць мне зрэдчасу нагадаць
Пра шэрасць і самоту існавання.
Глядзець на свет праз бруднае вакно,
Як на агонь і на ваду, займальна.
Разводы вымалёўвае яно
З чуццём і талентам фенаменальным.
І плачуць ціха з дахаў капяжы
Па маім мокрым,хуткабежным лёсе.
Прамень блукае ў бэзавай імжы,
Напэўна,марачы аб хуткай перамозе…

                        Настасся Грышан
За туманам нічога не відна,
Засмучае душу золкі дзень.
Хмара кіне слязу сіраціны,
Дождж свой след на зямлю пакладзе.
Журавы адлятаюць у вырай.
Усё ў чаканні зімовага сну.
Слухай ноччу,як вецер завые,
Ды чакай зноў з надзеяй вясну.

                        Дыяна Даражок
За туманам нічога не відна,
Золкі снег ахінае зямлю…
Горад спіць. І спрадвеку адзіны
Сон маркотны прыходзіць яму.
Небарака з камення й металу,
Шкла і цэглы – сваіх кайданоў –
Мроіць сонцам,імклівым каскадам,
Сакавітай вясновай травой,
Песняй сірына, водарам бэзу,
Свежай чорнай разорай раллі,
Небасхілу блакітам без межаў,
Шчодрай працай у цёплыя дні…
За туманам нічога не відна,
Золкі снег ахінае зямлю.
Рык матораў,ліхтар і світанне
Безжурботна рвуць мару тваю.

                        Хрысціна Дзедзіц
За туманам нічога не відна,
І дрыжаць амярцвелыя зоры.
На душы неяк брыдка, агідна –
Я блукаю ў начным калідоры.
У прадчуванні ўсё новых сустрэчаў,
У пакутлівым пошуку мрояў
Ягляджу, як і гэты мой вечар
Склаў пад цяжарам ночы ўсю зброю.
І здаецца, што раніца з сонцам,
Напужаўшыся, збеглі ў пустэчу.
А вакол толькі ноч ды бясконцасць,
Ды тужлівы ўспамін пра мой вечар…
Усё было: і падзеі, і мроі,
І ўпэўненасць ў колішнім свеце.
Я блукаю ў начным калідоры,
Я згубілася ў цёмным Сусвеце.

                        Уладзімір Лянкевіч
За туманам нічога не відна,
А мяне гэта мала цікавіць
І я забіваю любыя рамантыка –
сентыментальныя пачуцці яшчэ ў зародку
І нейкая сіла ў імгненне збудуе з туману сцяну
А рэшта яго пертворыцца
ў тытуню дым, што есці будзе вочы…
За туманам нічога не відна
Асабліва Эдыпу.

                        Алена Ярац
За туманам нічога не відна…
Ён стаміўся чакаць непяспекі,
А на сэрцы ад жахаў агідна,
І, здаецца, не знойдуцца лекі,
Што яму дапамогуць падняцца
І ўзняцца ў неба высока,
Каб ніколі ўжо не паддацца
Той, што цягне ўсе моцы, усе сокі.
Безнадзейнасць накрыла туманам
Шэры час, што ў кропку скруціўся.
Вочы цешацца гэтым падманам:
Дым у формы ператварыўся.
Ён убачыў даскавыя промні
І вясёлкавы позірк анёла.
Углядаюцца вочы ўдзячна
У туман, дзе нічога не бачна.

                        Ганна Кіслячук
За туманам нічога не відна,
Нават сонца не свеціць ужо.
Анёл сонечны склаў свае крылы
Па-за спінай адно на адно.
Цьмянеюць ліхтары ў імглістай цемры.
Дэман ночы сышоў на зямлю.
Я са звадкамі пантэры
Паляваць на зоркі выхаджу.
Хавайцеся,зоркі начныя,
Ад вострых маіх капцюроў!
І поўнні праменні касыя
Ільюцца, нібыта кроў…

Мы не знаёмы ў твар з нашым заўтра, але мы губляем і ўчора. Мы спадзяемся на сон, але часам і ён не разбурае трывогі. Нашыя думкі няспынна свідруюць прастору і не знаходзяць яе межаў. Мы не бачым сваіх анёлаў…Мы людзі…І туман хавае ад нас нешта тое, што прыцягвае сваёй загадкавасцю, пужае таямнічасцю, адштурхоўвае свядомасць у свет мрояў. Мы ўглядаемся ў туман – пасля плачам разам з дажджом, знікаем у бязмежжы ночы, “губляемся ў цёмным сусвеце”. Вясёлкавыя пачуцці раз’ядае жоўць смутку, пакутаў, адчаю, і адзіныя лекі – надзея на вясну, а разам з ею і на перамогу. І раптам успамінаеш, што з туманам надыходзіць раніца, па-дзіцячаму чыстая, бесклапотная, безабаронная, сонечная…І ўжо не так страшна, і верыш, што калі-небудь там, за туманам, сустрэнемся са сваім анёлам.
Ганна Дубіна


1. РАЗДЗЕЛ I. “Ці чакаць цябе, месяц нязгасны?..”
2. РАЗДЗЕЛ II. Светлае дзіцячае ваконца
3. РАЗДЗЕЛ III. “І кахаць, да вар’яцтва кахаць!..”
4. РАЗДЗЕЛ IV. “Без асновы людзі-канчаткі…”
5. РАЗДЗЕЛ V. “І клялася сваім я дзявоцтвам…”
6. РАЗДЗЕЛ VI. “Толькі чуецца дзесьці – курлы!..”
7. ПАСЛЯСЛОЎЕ
8. Аутары


Наверх старонкі || За туманам нічога не відно || Да зместу

Сайт создан в системе uCoz