Шчыры руплівец на ніве роднага слова
Ніна Іванаўна Гілевіч амаль 40 гадоў плённа працавала на кафедры беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У яе асобе студэнты і выкладчыкі бачылі нястомнага рупліўца на ніве роднага слова. У светлых празрыстых глыбінях беларускай мовы яна адкрывала створаны сілаю народнага духу, поўны думкі і пачуцця ўвесь складаны свет духоўнага жыцця народа. І гэты свет, створаны рознымі пакаленнямі нашых суайчыннікаў, праз народнае слова да чулай душы навукоўца даносіў і голас гістарычных падзей, і народныя вераванні, і перажытыя гора і радасці, і любоў чалавека да Бацькаўшчыны. Ніна Іванаўна сэрцам, душою адчувала ў родных словах, як у жывых сведках мінулага і сучаснага, чым і як жылі нашы продкі і жывуць сучаснікі, як шчыравалі і шчыруюць у працы, як весяліліся і весяляцца ў вольны час, як змагаліся і змагаюцца, адчувала ўсё тое, што жыве, звініць, адгукаецца ў слове, у кожным яго гуку. I ў сваіх навуковых працах яна імкнулася знайсці такія падыходы ў асвятленні прыроды роднага слова, каб раскрыць яго багаты сэнсавы і экспрэсіўна-эмацыянальны змест (“Таямніцы роднага слова”), вобразна-выяўленчыя патэнцыі (“Вобразнае слова Купалы”), жыццё ў мастацкім творы (“Стылістыка мастацкай мовы”, “Дыялектызмы ў прозе беларускіх пісьменнікаў”) і інш.
Тонка адчувала Ніна Іванаўна красу, сілу, выразнасць, гармонію роднага слова ў розных жанрах мастацкай літаратуры і публіцыстыкі, у гутарковым і афіцыйным маўленні, у роднай песні і ў родных напевах, у прыказках і прымаўках. Таму невыпадкова ўпершыню ў практыцы вышэйшай школы яна пачала распрацоўваць новы курс “Асновы культуры мовы і стылістыкі”. Па гэтым курсе падрыхтавала праграму, зацверджаную Міністэрствам адукацыі ў якасці тыповай (1986 г.), распрацавала курс лекцый, сабрала багаты дыдактычны матэрыял з твораў старажытных асветнікаў, а таксама дзеячаў культуры і навукі, паэтаў, пісьменнікаў і публіцыстаў ХІХ-ХХ стст. і на лекцыях, практычных занятках вучыла студэнтаў у роднай мове, у незвычайных спалучэннях бачыць цудадзейную сілу слова, услухоўвацца ў жывое народнае слова, каб зразумець вытокі нацыянальнай свядомасці, самабытнасці і непаўторнасці, не страціць генетычнай памяці. Багацце роднай мовы раскрывала Ніна Іванаўна і ў спецыяльным семінары “Стылістыка мастацкай прозы”, і ў спецсемінары, дзе ў творчай атмасферы, у дыскусіях абмяркоўваліся актуальныя пытанні моўнага майстэрства беларускіх пісьменнікаў, выявіліся індывідуальныя адзнакі іх творчай манеры, асаблівасці іх светабачання і светаразумення, увасобленыя ў слове.
Ніна Іванаўна, як чалавек адкрыты, добразычлівы, тактоўны, прыцягвала да сябе і студэнтаў, і выкладчыкаў. Яна ўмела зацікаўлена выслухаць, даць мудрую параду, падтрымаць, падказаць, дапамагчы і словам і справай. Пры гэтым, як ніхто іншы, яна валодала тонкім гумарам, што заўсёды збліжала з суразмоўцам, выклікала на шчырую размову, падчас якой даверліва раскрывалася душа. Для ўсіх яна знаходзіла патрэбныя словы і інтанацыю. Але пры ўсім тым не магла дараваць фальшу, фанабэрыі, няшчырасці.
Праз такую школу навучання і выхавання родным словам прайшлі амаль усе супрацоўнікі кафедры сучаснай беларускай мовы і кафедры гісторыі беларускай мовы. I сёння кожны з нас удзячны Ніне Іванаўне Гілевіч за навуку, за далучэнне да крамяністага, чыстага, як крыштальная крынічная вадзіца, жывога ў вяках беларускага слова.
Віктар Красней,
кандыдат філалагічных навук, дацэнт
1. Уладзімір Васілевіч. «Здаецца, так даўно было…»
2. Віктар Красней. «Шчыры руплівец на ніве роднага слова»
3. Алесь Лозка. «Ніл Гілевіч: “Не трацьце веры і мужнасці, сябры!”»
4. Тамара Нуждзіна. «Высокае служэнне адной ідэі»
5. Ніл Гілевіч пра Ніну Гілевіч (з кнігі “Добры анёл беларускасці”)
6. Фота з сямейнага архіва Ніла Сымонавіча і Ніны Іванаўны Гілевічаў
7. Песні на словы Ніла Гілевіча
8. Хто для мяне Ніл Гілевіч? (вынікі апытання)