Асобы: Ніл і Ніна

“ЗДАЕЦЦА, ТАК ДАЎНО БЫЛО…”

Колькі год ужо мінула з таго часу, калі мы, сёння ўжо пасівелыя і палыселыя немаладыя людзі, а тады – учарашнія абітурыенты, адолеўшы ўступныя экзамены (у тыя часы пра тэсты яшчэ ніхто не чуў), шчаслівыя пераступілі парог запаветнага ўніверсітэта і ўжо ў якасці студэнтаў запоўнілі аўдыторыі філфака. І адным з першых нашых новых выкладчыкаў, які паўстаў перад намі ва ўсёй сваёй красе найлепшага мужчынскага веку, быў Ніл Гілевіч. Ну хто ж з нас не ведаў, не чытаў яшчэ ў школе яго кніг, хто не любіў яго паэзіі? А тут раптам – ён стане нашым выкладчыкам! Ён будзе чытаць у нас прадмет, якога не было ў школьных праграмах – “Вусная народная творчасць”. Не верылася! Гонар літаральна распіраў нас. Якое сузор’е “прафесарска-выкладчыцкага складу” кафедры беларускай літаратуры раскрылася перад намі! Міхась Рыгоравіч Ларчанка… Іван Якаўлевіч Навуменка… Алег Антонавіч Лойка… Сцяпан Хусейнавіч Александровіч… Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў… Маргарыта Барысаўна Яфімава… Кузьма Рыгоравіч Хромчанка… Вячаслаў Пятровіч Рагойша… І сярод іх – ён, які адразу запаланіў нашы душы і сэрцы. Дзяўчаты ўсе як адна закахаліся ў Гілевіча, хлопцы таксама не хавалі свайго стрыманага захаплення. Многія кінуліся запісвацца да яго ў фальклорны гурток. А якія гэта былі лекцыі! З першых жа заняткаў мы напоўніцу адчулі ўсю значнасць і маштабнасць асобы Гілевіча. О, гаворка ішла не толькі пра фальклор. Ва ўсім, што гаварыў нам настаўнік, адчувалася і перадавалася нам яго непахісная грамадзянская пазіцыя, яго клопат і боль за стан нашай мовы. І гэта было ўжо тады, калі на беларускім філфаку, акрамя моўных і літаратурных дысцыплін, усё свядома выкладалася па-руску.

Нілу Гілевічу тады не было яшчэ і сарака… З тае ўжо даўняе пары змяніліся пакаленні студэнтаў і выкладчыкаў. Даўно ўжо не працуе на філфаку Ніл Сымонавіч. Але ні на міг не сумняваюся, што калі б можна было нейкім чынам апытаць усе тыя тысячы яго былых студэнтаў, рассыпаных па ўсёй Беларусі, то кожны з іх як найярчэйшы ўспамін універсітэцкага жыцця назваў бы Ніла Гілевіча.

“Здаецца, так даўно было…” Калі толькі пачаць пералічваць усе пасады Ніла Сымонавіча (сярод якіх былі і гады працы Старшынёю праўлення ў тады яшчэ адзіным, не расколатым пісьменніцкім саюзе, і лідэрства ў Таварыстве беларускай мовы, і праца да пары да часу ў Вярхоўным Савеце), званні, узнагароды, гэта б заняло не адзін абзац. Калі пачаць згадваць усе назвы выпушчаных ім кніг – тут і некалькіх старонак аказалася б мала. Няма, здаецца, ніводнай сферы ў літаратуры, дзе б плённа і натхнёна не працаваў Гілевіч – паэзія, проза, драматургія, пераклады, мемуарыстыка, публіцыстыка, крытыка, літаратуразнаўства, фалькларыстыка… Няма, здаецца, ніводнай ў свеце паэтычнай формы (ад мініяцюры да рамана), якая б не прарасла ў нашай паэзіі пад яго пяром (дарэчы, па сённяшні дзень – пад звычайным, ужо забытым вучнёўскім пяром, якое акунаецца ў такую ж забытую чарніліцу…).

Колькі пачуццяў ужо доўгія гады выклікае яго паэзія ў чытачоў – ад нястрыманых слёз, калі перад табою “Сто вузлоў памяці” або “Лодачкі” да выбуховага рогату, калі чытаеш паэтаву гумарыстыку, сатыру, асабліва “Сказ пра Лысую Гару”, што так доўга захоўвала таямніцу свайго стваральніка (ах, як сяго-таго расчаравала гэтае прызнанне ў аўтарстве – не таго, маўляў, жадалася бачыць за Ведзьмаком Лысагорскім). А беспрыкладная Гілевічава грамадзянская лірыка! Колькіх людзей абудзіла ад бяспамятства і абыякавасці яна!

А якой грунтоўнасцю пазначаны яго навуковыя даследаванні – ці пра паэзію маладнякоўцаў, ці пра паэтыку народнай лірыкі і загадак (ужо не адно дзесяцігоддзе прайшло, як яго манаграфіі знаходзяцца ў актыўным навуковым і, што не менш значна, вучэбным звароце, але не састарэлі і невядома, калі будуць пераўзыйдзеныя навукоўцамі наступных пакаленняў). І па сённяшні дзень асобныя тэмы, распрацаваныя фалькларыстам Гілевічам, уваходзяць у вучэбныя праграмы, экзаменацыйныя пытанні і білеты. А колькі з дапамогаю студэнтаў ім было выпушчана зборнікаў фальклорнай паэзіі і прозы! Прыгадваецца, як неспадзявана і радасна было нам, ужо старшакурснікам, сустрэць на іх старонках і… свае ўласныя прозвішчы як збіральнікаў. Наша праца на фальклорнай практыцы не прапала!

Тытанічная штодзённая праца Майстра. І як адолець яе аднаму, самому? Каб прысвяціць сябе толькі творчасці, трэба было мець надзейны тыл. І такім тылам была ў Ніла Сымонавіча яго верная, любая жонка Ніна Іванаўна, якая ва ўсім была грунтоўнай апораю, сябрам, дарадчыкам, крытыкам, Музаю. Гэта ёй, перад самым адыходам яе з жыцця, прысвяціў ён свой лірычны раман з біблейскай назваю “…І плямы на табе няма”. Гісторыя ведае нямала прыкладаў, калі ўдовы славутых пісьменнікаў пасля іх смерці рабілі ўсё, што маглі, каб толькі данесці іх спадчыну да нашчадкаў. Але ці знойдзецца хоць адзіны прыклад, каб славуты пісьменнік пасля смерці сваёй жонкі зрабіў такі подзвіг? Нібы аддаючы доўг найраднейшаму чалавеку, Ніл Сымонавіч ужо пасля смерці Ніны Іванаўны публікуе яе ўласныя архіўныя матэрыялы, кнігі яе памяці. І праз гэтыя кнігі добра праглядаецца адметная асоба спадарожніцы паэта, яе таленавітасць і самаахвярнасць. Ніна Іванаўна таксама была нашай любімай настаўніцай. Яна выкладала ў нас стылістыку…

Калі не так даўно было абвешчана, што Ніл Гілевіч пачынае выдаваць свой 23-томнік (!), куды ўвойдзе далёка не ўсё, а толькі лепшае, старанна самім ім адсеенае, можна было здзіўляцца: няўжо такое магчыма ў наш час? Але выданне пачалося, і кожны ў стане пераканаццца па праспекту шматтомніка, якога сучасніка мы, беларусы, маем! І вось ужо большая палова тамоў намечанага пабачыла друк. А тым часам пяро літаратара не спыняецца, усё новыя і новыя публікацыі з”яўляюцца ў друку – у “Дзеяслове”, “Новым Часе”, “Народнай Волі”... Выходзяць новыя зборнікі паэзіі, публіцыстыкі, прозы… І хто ведае, ці не будзе лічба 23 мець працяг?

Сярод усіх кніг, выдадзеных за апошнія гады Нілам Гілевічам, адной, напэўна, суджана стаць асабліва значнай у яго творчасці. Гэта “Мой тэстамэнт”, наказ Паэта сучаснікам і нашчадкам берагчы беларускую мову - тое галоўнае, што нас трымае на гэтым свеце як народ. З такім запаветам у кожным радку звяртаецца да нас Ніл Гілевіч.

Завяршаючы гэтае сваё слова, не магу не прыгадаць і нешта з асабістага. Добрым словам успамянуў я Гілевіча тады, калі ў сярэдзіне майго веку лёс прывёў мяне ў студэнцкую аўдыторыю выкладаць той жа прадмет, што выкладаў у нас Ніл Гілевіч. І як жа прыдаліся на ўваходзінах у новую прафесію мне, пачаткоўцу на ніве педагогікі, канспекты гілевічавых лекцый, якія ніколькі не састарэлі за доўгія гады! Нельга забыцца пра тыя шматлікія літаратурныя вечары, на якія прыходзіў да студэнтаў-філфакаўцаў педагагічнага ўніверсітэта Ніл Сымонавіч. Па некалькі гадзін будучыя выкладчыкі роднай мовы і літаратуры не маглі адарваць сваёй увагі ад таго, што і як гаварыў іх кумір. Колькі было пытанняў, якія былі адказы на іх! Пад канец кожнай вечарыны паэта чакалі горы кніг на падпісанне. Але аўтографы падпісваць Гілевіч прыходзіў назаўтра. І для кожнага ўладальніка кніжкі ён знаходзіў свае, непаўторныя словы. А ці магу я забыцца пра тое, што ён, мой настаўнік, першы (і адзіны) адгукнуўся ў друку рэцэнзіяй на складзены мною трохтомнік беларускіх прыкмет і павер”яў, за што я яму бязмежна ўдзячны. Калі я ўжо набраўся выкладчыцкага вопыту, неяк на экзамене адна са студэнтак, перадаючы мне свае фальклорныя запісы, прызналася, як бабуля, ад якой яна збірала народныя песні, сказала ёй: “А ведаеш, мая дзевачка, ты ўжо не першая запісваеш ад мяне песні. Быў у мяне тут некалі чалавек, а імя яго – ну, рака такая ёсць… Ніл!”

Ніл – гэтае найкарацейшае імя (а Гілевіч нарадзіўся паводле праваслаўнага календара ў дзень пакутніка Ніла) стала пэўным сімвалам у нашай літаратуры, у нашым грамадскім жыцці. Мы прамаўляем гэтае імя “Ніл” за спінаю паэта без ценю панібрацтва, а з вялікай пашанаю, ведаючы, хто і што за ім стаіць. Ёсць у далёкім свеце велічная і вечная рака Ніл. У нашым жа краі ёсць свій Ніл. Дакладней, – мы маем свайго Ніла. Ніла Гілевіча. І няхай плынь яго літаратурнай творчасці, яго грамадскай дзейнасці цячэ няспынна. Цячэ ў Вечнасць.

Уладзімір Васілевіч
загадчык кафедры этналогіі і фалькларыстыкі
Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта
імя Максіма Танка


1. Уладзімір Васілевіч. «Здаецца, так даўно было…»
2. Віктар Красней. «Шчыры руплівец на ніве роднага слова»
3. Алесь Лозка. «Ніл Гілевіч: “Не трацьце веры і мужнасці, сябры!”»
4. Тамара Нуждзіна. «Высокае служэнне адной ідэі»
5. Ніл Гілевіч пра Ніну Гілевіч (з кнігі “Добры анёл беларускасці”)
6. Фота з сямейнага архіва Ніла Сымонавіча і Ніны Іванаўны Гілевічаў
7. Песні на словы Ніла Гілевіча
8. Хто для мяне Ніл Гілевіч? (вынікі апытання)

Сайт создан в системе uCoz