НІЛ ГІЛЕВІЧ: “НЕ ТРАЦЬЦЕ ВЕРЫ І МУЖНАСЦІ, СЯБРЫ!”
У народзе бытуе трапнае і справядлівае выслоўе, што не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Яно ў поўнай меры адпавядае слыннаму паэту і грамадскаму дзеячу ХХ і ХХІ стагоддзяў прафесару Нілу Сымонавічу Гілевічу.
Яго шматгранная дзейнасць на карысць Беларусі, беларускага народа, роднай мовы, нацыянальнай культуры ўзвысіла не толькі Лагойшчыну, дзе ён нарадзіўся 80 гадоў таму назад, але і ўсю беларускую зямлю. Нам пашчасціла жыць і працаваць, весяліцца і расчароўвацца, змагацца і спадзявацца разам з вялікім чалавекам эпохі, роднай зямлі, асвечанай прасветлай любоўю паэта і грамадзяніна.
Высокая асветніцкая місія настаўніка праявілася ў першых кроках на педагагічнай ніве кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сотні выпускнікоў вядучага флагмана навукі і культуры з асаблівай цеплынёй успамінаюць урокі любові да роднай мовы, літаратуры, вуснай народнай творчасці, Беларусі, Гілевічавы ўрокі, якія даюць няскончаную моц у змаганні за роднае і адвечнае. Аснова кандыдацкай дысертацыі лягла ў аснову літаратуразнаўчай працы “Акрыленая рэвалюцыяй (паэзія “Маладняка”)” (1962).
Спасцігаючы ісціну быцця нельга было не вярнуцца да вытокаў слова, вуснай народнай творчасці, дзе Ніл Гілевіч спраўдзіў сябе як творца-паэт, літаратар, крытык, перакладчык, фалькларыст, удумлівы даследчык таямніц народных скарбаў. Творчае выкарыстанне здабыткаў народнай паэтыкі і архітэктонікі праглядаецца асабліва ў цыклах “Сучасныя замовы-загаворы”, “Праклён”, паэмах “Недзяленя”, рамане ў вершах “Родныя дзеці”, сатырычных творах. Прыкладам глыбокага даследавання паэтыкі народнай спадчыны вызначаюцца кнігі “Наша родная песня” (1968), “З клопатам пра песні народа” (1970), “Паэтыка беларускай народнай лірыкі” (1975), “Паэтыка беларускіх загадак” (1976). Укладзеныя і рэдагаваныя ім тамы з’яўляюцца надзённымі настольнымі дапаможнікамі студэнта, педагога, фалькларыста і этнографа: “Песні сямі вёсак: Традыцыйная народная лірыка Міншчыны” (1973), “Песні народныя свят і абрадаў” (1974), “Лірычныя песні” (1976), “Лірыка беларускага вяселля” (1979), “Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі” (1983), “Замовы” (2000).
Больш пераканаўча і запамінальна можна сказаць у паэзіі, таму і нездарма нам думаецца, што Настаўнік і Грамадзянін звярнуўся да ёмкіх сродкаў паэтычнага радка. “Песня ў дарогу” (1957), “Прадвесне ідзе па зямлі” (1959), “Неспакой” (1961), “Бальшак” (1965), “Перазовы” (1967), “Лісце трыпутніку” (1968), “А дзе ж тая крынічанька” (1972), “Запаветнае” (1975), “Актавы” (1976), “У добрай згодзе” (1979), “Выбраныя творы” (1981; 1991), “Родныя дзеці” (1985), “Повязь” (1987), “Незалежнасьць” (1991), “Жыта, сосны і валуны” (1992), “На высокім алтары”, “Талісман” (1994), “Збор твораў: У 23 т.” (з 1996) – важкія этапы развіцця беларускай лірыкі. А яшчэ ж – творы для дзяцей, проза, кнігі сатыры і гумару, у тым ліку – паўлегендарны “Сказ пра Лысую Гару” (1971-1975). Народам паэзія вялікага творцы прынята, уключана ў вучэбныя хрэстаматыі, многія вершы сталі песнямі.
Сэрца паэта-грамадзяніна перапоўнена эмоцыямі, настроямі, перажываннямі: спявае ад прыгажосці і любові да роднага краю, здзейсненых подзвігаў і бескарыслівых учынкаў людзей; смяецца над яго заганамі; грозна і трывожна трымціць, ірвецца ў роспачы і гучыць набатам, крышачы крыўдзіцеляў Беларусі. Найбольш вострыя і набатныя кнігі – гэта публіцыстыка, літаратурна-крытычныя артыкулы, вершы – “У гэта веру” (1978), “Удзячнасць і абавязак” (1982), “Годнасць, сумленне, мужнасць” (1988), “Вяртанне і працяг” (1990), “Мой белы дзень” (1992), “Выбар” (1993), “Талісман” (1994), “Любоў прасветлая” (1996), “Толькі мы самі” (2005), “Мой тэстамент” (2006). Гэта – “белыя” кнігі, у якія гонар патрапіць любому беларусу-патрыёту і ганьба “герастрату”, памятаючы пра судны дзень.
Добра ведаюць Ніла Сымонавіча і за межамі Беларусі як перакладчыка і грамадскага дзеяча. У перакладзе з балгарскай у нас загучала паэзія, проза, фальклор братняга народа: аповесць П. Вежынава “Сляды застаюцца” (1960), раман С. Даскалова “Свая зямля” (1961) і яго зборнік апавяданняў “Любча-безбілетнік” (1959), зборнік апавяданняў “Скарб” (1967), зборнікі вершаў “Чарадзейны ліхтарык” (1968), “Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень” (1978), “Перазараджаным набоем” (1981), Н. Вацпарава “Песня пра чалавека” (1982), анталогіі “Ад стром балканскіх” (1965), “Хай зорыць дзень!” (1973), “Верная вялікім запаветам. Сучасная балгарская паэзія. 1956—1976” (1977), зборнік “Балгарскія народныя песні” (1961) і інш. Дзякуючы старанням перакладчыка, паэта і фалькларыста знаёмы беларускі чытач з фальклорам і творамі югаслаўскіх (“Па камянях, як па зорах”, 1981), славенскіх (“Маці мая, Славенія”, 1976), а таксама польскіх, рускіх, украінскіх, сербалужыцкіх паэтаў. У 1983 годзе ўбачыў свет зборнік выбраных перакладаў славянскіх паэтаў “Роднасць”, а яшчэ раней – манаграфія “Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян” (1978). У сваю чаргу творчасць пісьменніка ведае англамоўны, балгарскі, польскі, украінскі, рускі чытач.
Прафесійная і грамадская дзейнасць арганічна спалучаліся. 1-ы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР (1980—1989), сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР (1981-1991), старшыня пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (1990—1996), старшыня Таварыства беларускай мовы (1989-1997), уваходзіў ці ўваходзіць у кіраўнічыя органы розных арганізацый – Савет міжнароднага фонду славянскага пісьменства і славянскіх культур, Міжнародная асацыяцыя беларусістаў і інш. Цяжка назваць усё здзейсненае дзеля Беларусі.
За вялікую дзейнасць паважанага ў народзе чалавека адзначалі Дзяржаўнай прэміяй імя Янкі Купалы (1980), Міжнароднай прэміяй імя Хрыста Боцева (1986), ганаровымі званнямі Заслужаны дзеяч навукі (1980), Народны паэт Беларусі (1991), узнагароджвалі ордэнамі балгарскім – Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені (1966), Дружбы народаў (1981), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1984), Югаслаўскай зоркі са стужкай (1986), украінскага – князя Яраслава Мудрага 2-ой ступені (2006), медалём Францыска Скарыны (1990).
* * *
Зрэдку, прыязджаючы ў сталіцу Беларусі, я, тады яшчэ малады завуч, дырэктар СШ з Палесся, пачынаючы паэт і літаратар, з цікаўнай узнёсласцю, акрылёнасцю і асаблівай душэўнай чуйнасцю адносіўся да сустрэч са слыннымі творцамі прыгожага пісьменства, чые партрэты аздаблялі школьныя падручнікі, чые мудрыя вочы глядзелі на дзяцей па-боску, настаўлялі нас, настаўнікаў, як пасрэднікаў-святароў, на святарскую дзейнасць з маладымі душамі. Я з вучнёўскай сарамлівасцю найчасцей слухаў і, асмеліўшыся, сціпла распытваў пра творчасць і нейкія сямейныя справы ў Васіля Быкава, Пімена Панчанкі, Паўла Кавалёва, Сяргея Грахоўскага, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча…
Бадай што першай публікацыяй у “ЛіМе” быў мой водгук “І зборнік, і нарыс” на фальклорны том “Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі” (1983), дзе Н.С. Гілевіч выступаў не толькі як складальнік дабротнага выдання разнастайных апавядальных і афарыстычных твораў, сабраных студэнтамі-філолагамі БДУ, але і аўтарам тэарэтычных нататкаў мала вывучаных на той час жанраў (анекдоты, бываліцы, апавяданні-ўспаміны, прыгаворкі-зычанні, прымхліцы і інш.). Памятаецца, пазней мой калега-фалькларыст прызнаваўся, што ў коле спецыялістаў яны задаваліся пытаннем, хто ж такі настаўнік з глыбінкі, што сумеўся азвацца пра даволі на той час спрэчныя пытанні жанравай дэфініцыі.
З удзячнасцю, а парой і вінаватасцю за залішнюю сваю паспешнасць, малады максімалізм і нігілізм успамінаю Гілевіча-навукоўца і грамадскага дзеяча перыяду перабудовы. Калі аднойчы паўстала праблема кворума на спецыялізаванай навуковай радзе па абароне кандыдацкіх дысертацый у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнагарфіі і фальклору АН, давялося тэлефанаваць Нілу Сымонавічу-дэпутату і кіраўніку камісіі Вярхоўнага Савета і прасіць яго прысутнасці на чарговым пасяджэнні, дзе ў парадку дня мая праца, і ён прыйшоў. Затым праглядаў тэлебачанне, дзе транслявалася пасяджэнне сесіі, і з няёмкасцю ў душы заўважыў: пытаецца старшыня пасяджэння Вярхоўнага Савета, а дзе Гілевіч, нехта з дэпутатаў дэмакратычнага кола апраўдваецца, што прафесар на важнай нарадзе ў Акадэміі навук.
Затым не аднойчы даводзілася наведваць будынак Вярхоўнага Савета, дзе актыўна працавала Камісія па адукацыі і культуры, захаванні гістарычнай спадчыны, у якую ўваходзілі нашы сябры Алег Трусаў, Лявон Баршчэўскі, Яўген Цумараў і іншыя. Н.С. Гілевіч, можна сказаць, змяніў крэсла старшыні ТБМ на старшыні адной з важнейшай названай камісіі. Спраў было нямала. Тады я ўзначальваў ТБМ Акадэміі навук і быў намеснікам старшыні Гарадскога бацькоўскага камітэта (ГБК) беларускамоўных класаў Мінска. Нашы сябры па ГБК былі абраны ў розныя саветы: у Вярхоўны – Уладзімір Новік, Яўген Цумараў, Уладзімір Голубеў, Пятро Садоўскі (старшыня камісіі), у Мінскі гарадскі – Ігар Чарняўскі і Анатоль Гурыновіч (намеснік старшыні Савета). Асноўная ідэалагічная барацьба паміж старым і новым, аджываючым і адраджэннем разгаралася на вуліцах і плошчах, сесіях і аўдыторыях, газетах і часопісах. Вось дзе спатрэбілася выдатнае майстэрства прамоўцы, вытанчанае і загартаванае паэтычным і публіцыстычным пяром у пакаёвай цішы і вірлівай студэнцкай і разнастайных літаратурных аўдыторыях. Гілевічавы ўспаміны, летапісца той незабыўнай пары, чытаюцца з неймаверным захапленнем. З якой цяжкасцю прабіваліся ў кіраўніцтва камісій нашы дэмакраты, а несумненны аўтарытэт Ніла Сымонавіча ўзнёс яго, здаецца, з першай спробы і амаль адзінагалосна.
Шмат дыскусій у авальнай зале было прысвечана адукацыйным пытанням. Ды й не дзіўна! Беларусь з такой шматпакутнай гісторыяй, вынішчаная няшчадным заваёўніцкім кап’ём і асімілятарскім бізуном. Ад генерал-губернатараў мураўёвых і самавырашчаных генералаў сарокіных цягнецца наша бяда. Памятаецца, Нілу Сымонавічу спадабаўся мой артыкул у “Народнай газеце”, дзе даводзілася апаніраваць дэпутату-генералу Сарокіну, які бэсціў часопіс “Пралеска”, што друкавала патрыятычныя творы Уладзіміра Арлова, тагачасную школу, у якой нібы пераважае беларуская мова і інш.
Думаю, што Нілу Гілевічу была вельмі блізкая думка аб паступовым павяртанні чыноўніцтва да роднай мовы і нацыянальнай культуры. І гэтую лінію ён паслядоўна праводзіў, што супярэчыла многім гарачым нацыяналістычным галовам, якія імкнуліся “ссякаць” зрусіфікаваныя галовы, як у час рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, пакінуўшы расцярушаную краіну па сутнасці без спецыялістаў. Сталі ж з’яўляцца ў нас і свае генералы і палкоўнікі, эканамісты і фізікі.
У адно памкненне раўнуюцца дзеянні, тыпу ўручэнне Кебічу на адным са з’ездаў пасведчання сябра ТБМ. Часам, выпрацоўваючы розныя дакументы, мы не заўсёды разумелі Гілевіча і не аднойчы ў запале дыскусій пыталіся ў яго, ці з намі Вы. А Сойм БНФ наогул выключыў палітыка са свайго складу.
У чарговы раз, калі павісла зноў пагроза над беларускай асветай, паўстала неабходнасць ствараць Таварыства беларускай школы, як некалі ў Заходняй Беларусі. Раўнуючыся на Гілевічаў прынцып у адносінах да чыноўнікаў я прапаноўваў сябрам шырока далучаць кіраўнікоў розных рангаў у новае аб’яднанне, каб разам за адным сталом вырашаць надзённыя праблемы беларускага школьніцтва, не заўсёды выходзячы на плошчу. Дзеля гэтага нават выкарыстаць такі “пернік”, як рэгламентаванае наданне званняў “акадэмікаў”, “прафесараў” і г.д. Дарэчы, на ўстаноўчы з’езд ТБШ у 1996 годзе прыехала нямала і раённых чыноўнікаў. Адным з вядучых пасяджэння быў прафесар Леанід Ціханаў, рэктар БДПУ, а рэктар Інстытута ўдасканалення настаўнікаў Аляксандр Жук, што тады месціўся на Ульянаўскай вуліцы, для такога мерапрыемства выдзеліў без аплаты памяшканне. У той час я па службе быў звязаны з многімі кіраўнікамі ад адукацыі, у тым ліку і ў галоўным ведамстве – працаваў дырэктарам Беларускага навукова-метадычнага цэнтра гульні і цацкі Міністэрства адукацыі.
Агульны настрой з’езда быў нервовы. Дэмакраты ганьбяць чыноўнікаў, якія на самой справе нішчаць беларускую школу, а апошнія імкнуцца хутчэй збегчы. У перапынку з’езда пра іх я пачуў ад некага: прыехалі сюды, захацелі ў ТБШ і новых пасад.
Зразумела, мая ідэя не прайшла, хоць і абралі мяне віцэ-прэзідэнтам, а былога першага намесніка міністра адукацыі Мікалая Пятроўскага па маёй прапанове прэзідэнтам РГА “ТБШ”. Н.С. Гілевіч тады рэзка выступіў супраць ідэі ТБШ-акадэмія, заявіўшы, што ў такую арганізацыю ён і нагой не ступіць. Цяпер думаю, што ён меў рацыю, хоць і стаю на тым, што нельга было ў любы перыяд безаглядна адкідаць чыноўнікаў ад нацыянальнай справы. Даўно каюся, што ў запале тады кінуў паважанаму Нілу Сымонавічу: “А Вас яшчэ і ніхто сюды не запрашаў!”. Прабачце, каюся, віноўны!
І вельмі ўдзячны, што ён ніколі пра крыўду і не ўспамінаў, працаваў дзеля працвітання роднай мовы, культуры, Беларусі. Асабліва прыгадваюцца два мерапрыемствы, якія разам мы ў ТБШ зладзілі. Гэта – чарговы конкурс адукацыйных выданняў, вучнёўскіх і студэнцкіх работ (2004) і конкурс “Прэмія імя акадэміка Вацлава Ластоўскага для беларускамоўных выкладчыкаў ВНУ” (2007), дзе яму арганізацыя прапанавала ўзначаліць журы.
Асноўнае публіцыстычнае крэда Гілевіча-грамадзяніна, яго вызначальныя словы-сімвалы: Беларусь, Незалежнасць, Мова. Побач таксама яшчэ можна дадаць – нацыянальная школа. Колькі сказана і здзейснена ім дзеля станаўлення асветы на роднай мове. Асабліва гэта бачна, перачытваючы публіцыстычны том “Толькі мы самі”. Адны толькі назвы артыкулаў, прамоў і нататак яскрава навораць самі за сябе “Падручнікі для выхавання… каго? Манкуртаў ды Іванаў без роду-племені?”, “І яшчэ раз аб роднай мове”, “Апомніцеся!”(у абарону ліцэя імя Якуба Коласа), “Голас настаўніцтва”, “Не трацьце веры і мужнасці, сябры!” (слова да настаўнікаў, выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры) і інш.
Здароўя Вам, паважаны Ніл Сымонавіч!
Алесь ЛОЗКА
кандыдат філалагічных навук, дацэнт,
дацэнт кафедры этналогіі і фалькларыстыкі БДПУ імя М. Танка
1. Уладзімір Васілевіч. «Здаецца, так даўно было…»
2. Віктар Красней. «Шчыры руплівец на ніве роднага слова»
3. Алесь Лозка. «Ніл Гілевіч: “Не трацьце веры і мужнасці, сябры!”»
4. Тамара Нуждзіна. «Высокае служэнне адной ідэі»
5. Ніл Гілевіч пра Ніну Гілевіч (з кнігі “Добры анёл беларускасці”)
6. Фота з сямейнага архіва Ніла Сымонавіча і Ніны Іванаўны Гілевічаў
7. Песні на словы Ніла Гілевіча
8. Хто для мяне Ніл Гілевіч? (вынікі апытання)