Ніл Гілевіч пра Ніну Гілевіч
(з кнігі “Добры анёл беларускасці”)
«Яна вельмі высока цаніла ў людзях пачуццё гумару. I шкадавала тых, каго Бог абдзяліў гэтай цудоўнай чалавечай якасцю. Гэта цалкам датычыла і пісьменнікаў: найбольш імпанавалі ёй тыя, у чыіх творах было багата камічных здарэнняў, вясёлых сцэнак, трапных досціпаў, чыя мова іскрылася жывінкамі здаровага народнага смеху. Колькі разоў за гады нашага сямейнага жыцця яна зачытвала мне сёе-тое смеха-выбуховае ці з Коласа, ці з Чорнага, ці з Брыля. Або з Гогаля, ці з Чэхава, ці з Шукшына... Або з Рабле, ці з Сэрвантэса, ці з Гашака...»
«Голас – мяккі, спакойны, роўны, але — не манатонны, зусім не манатонны, у ім чулася ўпэўненасць, воля, унутраная сіла. У адказах — дакладнасць слова, яснасць, выразнасць, лагічнасць думкі, без мітуслівасці, блытанасці, пераскокаў».
«…моцнае пачуццё гумару, артыстычная дасціпнасць, прыродная весялосць натуры…»
«Кожны, хто быў асабіста знаёмы з Нінай Іванаўнай, мае, вядома ж, права на сваю думку, на сваю выснову наконт чалавечых – духоўных і маральных – вартасцяў яе асобы. I чыесьці думкі – высновы могуць адрознівацца ад маіх. Ну што ж, гэта натуральна. Меркі і крытэры ў кожнага свае, значыць, і свае высновы. У мяне выснова адна, па Дастаеўскаму: чыстая і прастадушная, як дзіця. Чалавек з будучыні. Промень з раю. У гэтай выснове мяне не пахісне ніхто».
«У Ніны Іванаўны было вельмі моцнае пачуццё чалавечай годнасці і гонару. I пачуццё самастойнасці, унутранай свабоды, гатоўнасці процістаяць абставінам і адпарадкаваць іх сабе. У яе характары была не абы-якая сіла волі і была мужнасць. А яшчэ — настойлівасць і мэтанакіраванасць. Яна вельмі рана зразумела, што мусіць разлічваць перадусім сама на сябе, што павінна пракладаць дарогу да мэты перш заўсё сама—спадзявацца, што хтось дапаможа, не даводзіцца».
«Шмат чытала — і шмат думала. I аб прачытаным, і аб пабачаным у кіно, і аб пачутым па радыё — музыку і песні, каб дазваляў час, магла б слухаць гадзінамі, — і аб пггодзён-ным навакольным жыцці, аб тым, што чула ад людзей старэйшых, якіх яна ўмела слухаць як рэдка хто. Дарэчы, гэтая здольнасць вельмі прыдасца ёй пасля на дыялекталагічнай практыцы — у размовах з носьбітамі жывой беларускай мовы».
«Усе пяць гадоў на філфаку Ніна Іванаўна «грызла граніт навукі» ў поўным сэнсе гэтых слоў і назапасіла багатыя веды па праграмных філалагічных дысцыплінах, і не толькі па праграмных. Яна любіла заглянуць і за межы праграмы, асабліва што датычыла сучаснай беларускай, рускай і замежнай літаратуры. Настойліва дабірала, папаўняла веды, калі працавала рэдактарам выдавецтва БДУ і затым вучылася ў аспірантуры. Стаўшы выкладчыцай кафедры беларускай мовы філфака, дбала пра павышэнне сваёй прафесійнай кваліфікацыі штодзённа».
«Праз усё жыццё, як помню, яна прагна накідвалася на новыя кнігі, часопісы і газеты. У 1960-1980-я гг. у нашу хату ішло не менш за трыццаць перыядычных выданняў, у асноўным літаратурных і мовазнаўчых. Новая пошта паступала найперш у яе распараджэнне, і я не пратэставаў. Па-першае, яна вельмі хутка чытала, у адрозненне ад мяне, а па-другое, часам мне было выгадна: яна падкрэслівала ў часопісах і газетах тое, на што я павінен звярнуць увагу і не прапусціць (яна ведала -— на што, яна надта добра ведала — што мяне цікавіць!)».
«Ніна Іванаўна была настаўніцай па прызванні. Галоўныя складнікі гэтага прызвання — любоў да людзей, дабрыня, душэўная шчодрасць, здольнасць спагадаць і спачуваць, здольнасць разумець чалавека, пранікаць у яго духоўны свет, разумець матывы Яго паводзінаў, нарэшце, талент кантактавання і дар слова, уменне знайсці яго — добрае, разумнае, дасціпнае, нязлоснае, шчырае, пераканальнае слова».
«Адным з яе галоўных педагагічных пастулатаў было — абудзіць і развіць у студэнта чуцце слова — жывога, прыгожага, праўдзівага слова, абудзіць і выпеставаць у яго душы любоў да роднага слова, паказаць студэнту таямніцы слова і навучыць яго пранікаць у тыя таямыіцы, навучыць яго глядзець на мову не як на скопішча слоў, а як на жывы арганізм. Без усяго гэтага — чуцця слова, любові да слова, ведання таямніц і магчымасцяў слова — сапраўднага філолага няма. А Ніна Іванаўна хацела, каб з філфака выходзілі сапраўдныя філолагі».
«Як педагог Ніна Іванаўна вельмі клапацілася пра свой аўтарытэт, у яе было высока развітае пачуццё прафесійнай годнасці. Больш за ўсё баялася, што студэнты «зловяць» яе на не зусім прафесійным разуменні якогась пытання. I таму рыхтавалася да лекцый і практычных заняткаў надзвычай старанна».
«Дарэчы, сан педагога абавязваў яе дбаць і пра знешні выгляд. Знаёмыя, калегі па працы, студэнты звярталі ўвагу, з якім густам яна апраналася. Не шыкоўна, не крыкліва ў колерах і фасонах, а стрымана, строга, падагнана» і — прыгожа».
«Гэтак жа, як жывое народнае слова, любіла Ніна Іванаўна і народныя песні — беларускія, украінскія, рускія, польскія, македонскія і іншых славянскіх народаў. Любіла не толькі слухаць, але і спяваць. Праўда, адна, сола, не спявала ніколі, не магу ўспомніць ніводнага такога выпадку. Спявала ў вузкім колцы ў застоллі, на сяброўскай вячэры. I — толькі свае самыя любімыя, а іх было няшмат. З беларускіх— «Закладайце, запрагайце коні вараныя», «Ой, чыё ж то жыта, чые то пакосы», «Капаў, капаў крынічаньку»...»
«Без перабольшання атулены арэолам святасці быў для Ніны Іванаўны і культ сям'і. Можа, таму, што прайшла ў дзяцінстве праз сямейную драму -— бацькі развяліся, калі ёй было восем гадоў, — яна ведала цану сямейнаму ладу, згодзе, гармоніі — усяму таму, што людзі называюць «сямейным шчасцем». I ведала, якая гэта бяда-гора, калі сцэментаванага ўзаемнай любоўю адзінства ў сям' і няма, калі ён, яна і дзеці не ёсць адно цэлае, непарушнае, маналітнае. Безумоўна, Ніна Іванаўна прыйшла ў свет дзеля гэтага шчасця, Бог ёй даў усё, каб гэтае шчасце забяспечыць: невычэрпную дабрыню і ласку, не проста непахісную, а святую вернасць шлюбу, самаахвярную любоў да свайго дзіцяці. А яшчэ даў талент дамавітасці — яна была на рэдкасць талковая і кемлівая гаспадыня, незвычайна клапатлівая жонка і маці».
«Мы сябравалі да жаніцьбы цэлых пяць гадоў. З вялікай узаемнай павагай і даверам. Вядома, я быў бы рады, каб шлюбаванне наша адбылося раней, але павінен быў лічыцца з яе воляй. А воля была такая: «Трэба закончыць універсітэт — і табе, і мне. А тады і падумаем». Яна вучылася выдатна і разлічвала на чырвоны дыплом (так і атрымалася). Пачуццё гонару дыктавала ёй: дасягні мэты! Так, у гэтым была і пэўная доля амбітнасці. Падняцца і годна заявіць пра сябе ў вачах тых, што ў свой час глядзелі на яе звысоку. Я разумеў гэтую яе маладую дзявочую волю і годнасць, і гонар».
«Успамінаю — і зноў і зноў здзіўляюся, і захапляюся, і чырванею запознена ад сораму: колькі яна брала гэтых клопатаў на сябе, цалкам вызваляючы ад іх гаспадара сямейства. Не было ніводнага дня, каб яна не патурбавалася і не памкнулася да таго, што ёсць ці можа стаць нашай супольнай сямейнай радасцю, уцехай, набыткам. Яна пастаянна думала пра тое, што яднае і мацуе сям'ю, узаемна абавязвае клапаціцца пра гэтае зямное чалавечае шчасце».
«З рускай класікі яе самымі любімымі творамі былі «Мёртвыя душы» і «Рэвізор» М. Гогаля, «Яўгеній Анегін» А. Пушкіна, «Гора ад розуму» А. Грыбаедава, а таксама аповесці і апавяданні А. Чэхава. На кожнага з іх спасылалася пры нагодзе безліч разоў і цытавала па памяці з асаблівым смакам. Гэтак жа, як і многіх творцаў сучаснай рускай літаратуры: В. Шукшына, Ю. Казакова, В. Астаф'ева, У.Салавухіна, В. Распуціна, В. Бялова, Я. Носава... А з паэтаў – Аляксандра Твардоўскага. Чытала і іншых, прымала да сэрца, высока цаніла (Ахматаву, напрыклад), але сапраўднай вялікай любоўю яе быў Твардоўскі».
«Як даследчыца мовы мастацкай літаратуры яна напісала і апублікавала назіранні над мовай Адамчыка, Пташнікава, Чыгрынава, Сачанкі, Кудраўца, над мовай рамана Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». А пра мову Янкі Брыля апублікавала аж некалькі артыкулаў. Рэч у тым, што ў яе чытацкіх і навуковых зацікаўленнях Брыль займаў асобае месца. Звычайна пра мову Брыля яна гаварыла толькі з захапленнем».
«Паверыўшы ў сваё сямейнае шчасце, яна ад першых дзён замужжа пачала браць на сябе амаль усе клопаты па доме — каб даць як мага больш часу мне на творчыя і грамадскія справы. Яна не адразу і не так хутка, але паверыла, што яе лёс — гэта ён, яе паэт, значыць — і ягоны лёс, яго жыццё, яго ўзыход да наканаванага. I паверыла яна ў гэта назаўсёды, і ўспрыняла як найвялікшую ўзнагароду Госпада Бога, якою трэба моцна-моцна даражыць. I паверыла, што яна яго ведае, як ніхто, і што толькі яна можа дапамагчы яму, падтрымаць яго, бо ніхто так, як яна, не разумее яго і не зразумее. I гэта, зноў жа, сапраўды было так».
«Яе сумленнасць была проста унікальная, як і яе прыродная сціпласць, — і адно, і другое ёсць праўдзівыя адзнакі высокай унутранай культуры. Яе ўменне заўсёды і ўсюды трымацца з годнасцю, паважна, немітусліва некаторыя прымалі за ганарлівасць - і моцна памыляліся. Ганарлівыя і пыхлівыя так не трымаюцца ў грамадскім побыце, як трымалася яна».
«Моцную рану наносіла ёй кожны раз і несправядлівасць у дачыненні да яе паэта, яе спадарожніка жыцця, — і з боку ўлады, і з боку журналістаў, і асабліва — з боку сяброў. Як яна брала да сэрца гэтыя несправядлівасці, як апантана кідалася абараняць мяне! У такія моманты я, можна сказаць, сам сабе зайздросціў. Мець такога самаахвярнага сябра—хіба не шчасце?»
падборку падрыхтавала Маргарыта Латышкевіч
1. Уладзімір Васілевіч. «Здаецца, так даўно было…»
2. Віктар Красней. «Шчыры руплівец на ніве роднага слова»
3. Алесь Лозка. «Ніл Гілевіч: “Не трацьце веры і мужнасці, сябры!”»
4. Тамара Нуждзіна. «Высокае служэнне адной ідэі»
5. Ніл Гілевіч пра Ніну Гілевіч (з кнігі “Добры анёл беларускасці”)
6. Фота з сямейнага архіва Ніла Сымонавіча і Ніны Іванаўны Гілевічаў
7. Песні на словы Ніла Гілевіча
8. Хто для мяне Ніл Гілевіч? (вынікі апытання)