Рубрыка "Хуткая дапамога "
7 жніўня.
Ілья. Надта мне падабаецца гэтае месца. Зайду ў першую ж хату і запытаюся, мо не пагоняць.
У хаце, зусім не здзівіўшыся нечаканаму госцю, мяне сустрэла Алена Мікалаеўна Суднік (1911 г.н., бел., 4 класы, в. Суднікі, пераехала ў в. Ілья ў 1934 г.).
Нягледзячы на сталы ўзрост (дай Бог кожнаму!) Алена Мікалаеўна цудоўна спявае і мае добрую памяць. Адна з любімых песень бабулькі “Каля грэблі”.
63. “Каля грэблі”
Каля грэблі раслі вербы,
Што я пасадзіла.
Няма майго міленька,
Што я палюбіла.
Няма яго і не будзе.
Паехаў у Адэсу,
А мне сказаў: “Расці дзеўка
Да майго прыезду”.
Расла дзеўка, расла красна,
Расці перастала.
Ждала-ждала казачэньку,
Да плакаці стала.
Плачце, вочы, плачце, кары,
Такая ваша доля.
Палюбіла казачэньку,
Не маю пакою.
Не яго я палюбіла –
Палюбіла маці,
А мне, беднай дзяўчынцы
Увесь век гараваці.
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – бытавая любоўная песня.
А гэта пра мужыка майго, нябожчыка. – Смяецца Алена Мікалаеўна.
64. “А ў лузе касец косіць…”
А ў лузе касец косіць,
Прысланіўшыся, галосіць.
А ў лузе касец косіць,
Прысланіўшыся, галосіць.
Ой, прыйшла яго матка:
Чаго плачыш, дзіцятка?
Ой, прыйшла яго матка:
Чаго плачыш, дзіцятка?
Ці твая каса тупа,
Ці твая жонка скупа?
Ці твая каса тупа,
Ці твая жонка скупа?
- Ой, мая каса востра,
Ой, мая жонка злосна.
- Ой, мая каса востра,
Ой, мая жонка злосна.
Прынясла палудняваць, прынясла
Да хлеба скарыначку.
Прынясла палудняваць, прынясла
Да хлеба скарыначку.
Да хлеба скарыначку,
Да солі друбіначку.
Да хлеба скарыначку,
Да солі друбіначку.
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – бытавая сямейная песня.
- Выйшла замуж рана. Ты ж толькі так не рабі, павер старой бабе. Гэта ж так бывае
65. Не мела баба клопату – купіла парася.
Заўвага: Малыя жанры беларускага фальклору – прымаўка.
66. Мой муж да нядуж
Ляжыць у запечку.
Далібог, каб ён здох –
Дала б яму свечку.
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.
Кажучы па праўдзе, нават не ведала, як рэагаваць на рэплікі субяседніцы. Яна, вельмі жывая, бегала па хаце, гучна гаварыла і, здаецца, не па чым не сумавала. Магчыма, гэта асаблівасць нашага менталітэту, аднак яна, стары чалавек, была ў разы жывейшай за моладзь, якую я сустракала, ідучы па вуліцы.
Падзякавала, пайшла далей.
Шмат людзей давялося пабачыць, са многімі паразмаўляць, аднак інфармантаў больш не знайшла. Жыхары вёскі з радасцю сустракалі, запрашалі ў хату, частавалі, расказвалі гісторыі свайго жыцця. І, як ні дзіўна, прасілі мяне падзяліцца песнямі, прыпеўкамі і выслоўямі. Рабіла гэта з задавальненнем.
Дамоў вярнулася стомленая і шчаслівая. Прыемна!
Дзень адзінаццаты. Дзень вясковых дарог і сталетнікаў.
8 жніўня.
Дома. Накіравалася ў родную школу. Да самага лепшага выкладчыка беларускай мовы і літаратуры Кажуры Віктара Віктаравіча (1959 г.н., бел., вышэйшая, в. Карпавічы, пераехаў у г. Вілейка ў 1985 г.).
Ну як ідзе практыка? Шмат засталося?
Два дні, а потым афармленне.
Вырашыла і мяне распытаць? Што ж, раскажу табе некалькі легенд.
67. Сутокі. Знаходзіцца вёска у вельмі прыгожым месцы. Раней была на яе месцы дуброва, а пасля таго, як пабудавалі вадасховішча, яе ўсю зрэзалі – і засталіся пад вадой адны пні. Вёска знаходзіцца на сутоках дзвюх рэк: славутай Віліі і Сэрвачы. І таму называецца Сутокі.
Заўвага: няказкавая проза – тапанімічная легенда.
68. Яміна. У часы Вялікай Айчыннай вайны на адным з палёў ішла вялікая і крывавая бойка, пасля якой поле ператварылася ў руіны, ямы. Адсюль і такая назва.
Заўвага: няказкавая проза – тапанімічная легенда.
69. У пушчы, недалёка ад вёскі Крывое сяло, ёсць месца, якое завецца Царковішча. Згодна падання, там некалі стаяла царква. Цяпер на гэтым месцы паляна з узгоркамі, вакол якой квадратамі растуць дубы, нібы іх нехта пасадзіў. Кажуць, што на вялікія святы, калі прыслухацца, можна пачуць (нібы з-пад зямлі) гул званоў.
Заўвага: няказкавая проза – тапанімічная легенда.
70. Невядома, адкуль пайшла назва вёскі Латыгаль. Навукоўцы сцвярджаюць, што гэта назва – этнонім. У XVI – XVII ст. Латыгаллю называлі Латгалію (усходнюю Латвію, а часам і ўсю Латвію). Народ жа кажа, што жыў тут вельмі-вельмі бедны люд: голь ды латы, латы ды голь.
Заўвага: няказкавая проза – тапанімічная легенда.
Тапаніміка краю – справа вельмі цікавая. Яна расказвае пра рысы характару народа, яго звычаі і вераванні. Эх, вось такую б няказкавую прозу дадаць у школу для вывучэння, мо і дзеці больш любілі б свой край, сваю гісторыю, сваю мову!
Дзень дванаццаты. Дзень настаўніка і легенд.
9 жніўня.
Раніцай расплюшчыць вочы ўдалося далёка не з першага разу – тэмпература. Рэжым зніжанай функцыянальнасці.
Што ж, буду афармляць.
Не ведаю, як у каго, але для мяне афармленне стала вялікай праблемай. Безумоўна, у вучэбна-метадычным даведніку падрабязна расказваецца, як павінна быць аформленая практыка, але…
І гэтых “але”, падаецца, бясконца: што рабіць, калі картка інфарманта пэўнага памеру не можа памясціць на сабе ўвесь пералік твораў? Ці можа быць розным памер карткі збіральніка? Базы дадзеных вёсак павінны быць складзены ў парадку размяшчэння твораў у праграме-апытальніку ці яшчэ і па парадку з’яўлення інфарматараў?
Праз гадзіну амаль што плачучы тэлефанавала маці. Яна, як заўсёды, супакоіла, падбадзёрыла.
Афармляю.
Дзень трынаццаты. Дзень тэмпературы і паперы.
10 жніўня.
Накіравалася да лепшай сяброўкі, вырашыла крыху заняцца і гарадскім фальклорам.
Але мне выпаў лепшы шанс – на парозе хаты сядзела яе бабуля – Раманенка Раіса Канстанцінаўна (1945 г.н., бел., сярэдняя спецыяльная, в. Ілья, пераехала ў г. Вілейка ў 1993 г.).
Адразу ж я пачула:
Вось,
71. Дыхнуць няма калі.
Заўвага: Малыя жанры беларускага фальклору – прымаўка.
З радасцю падсела да бабулі:
- Мо заспяваеце што?
- Можна.
72. “Ох, ты, міленькі, ты душа мая…”
- Ох, ты, міленькі, ты душа мая,
Ох, звёз на мяне, дзе роду няма.
Ох, ты, мілая, ты душа мая,
Цераз вуліцу ёсць кума твая,
А ў тваёй кумы растуць два дубы,
А па тых дубах два салаўі
І цалуюцца, і мілуюцца,
А з майго гора дзівуюцца.
Ой, гаруй гора, ні кажы людзям,
Насі золата, ні хіні к грудзям.
Гора гаруеш – людзям кажыцца,
Золата носячы, яно змажыцца.
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – бытавая сямейная песня.
І запомні, даражэнькая:
73. Нет той хаткі, каб не было звадкі.
Заўвага: Малыя жанры беларускага фальклору – прыказка.
74. Нада з горачкі скаціцца –
З ручая вады папіць.
Нада з міленькім сыйсціся,
Пра любоў пагаварыць.
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.
75. Ты мамачка няродная –
Вячэрачка халодная.
Што бы родная была,
Падагрэла б, падала.
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.
76. Музыканьцік малянечкі
Пабіў сабе калянечкі.
Дзеўкі Богу маліліся,
Каб каленкі гаіліся.
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.
Ну, ідзі, там ужо Ліза зачакалася.
Падзякавала Раісе Канстанцінаўне і пайшла ў хату. Яна і стала маім апошнім інфармантам.
Дзень чатырнаццаты. Дзень выпадковасці і заканчэння практыкі.
Эпілог
Распачынаючы новую справу, трэба не толькі шмат ведаць, але і ўмець гэтым карыстацца. Няхай не кожны дзень сваёй практыкі я знаходзіла новыя фальклорныя адзінкі, аднак яна навучыла мяне адкрыта і ўпэўнена ісці да людзей, яшчэ раз напомніла, што беларусы – народ гасцінны і ветлівы, які не проста ўмее размаўляць і спяваць, а робіць гэта з вялікім густам.
Ацэнка практыкі
Два тыдні прайшлі дастаткова хутка. Фальклорная практыка скончылася. Яна дазволіла мне бліжэй пазнаёміцца з малой радзімай, маімі блізкімі і суседзямі, даведацца шмат цікавага.
Аналізуючы сабраныя матэрыялы, я зрабіла наступныя вывады:
Беларускі народ багаты на фальклор, але з кожным днём яго носьбітаў становіцца ўсё менш.
На тэрыторыі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы, бытуюць шматлікія творы з паланізмамі.
Нават на тэрыторыі аднаго раёна можна праназіраць розныя дыялектычныя фанетычныя асаблівасці беларускай мовы (яканне, іканне, еканне).
Для беларусаў характэрныя творы, у якіх злучаюцца дасціпны гумар і глыбокая мараль.
Адкрытасць і гасціннасць беларусаў, безумоўна, дапамагла мне са зборамі, вялікіх цяжкасцяў не было.
Цяжкасці пачаліся з афармлення. Імкнучыся зрабіць усё як мага дакладней, давялося перарабляць ўсё не аднойчы.
На мой погляд, было б вельмі добра рабіць кансультацыі наконт практыкі ў некалькі этапаў, каб студэнты мелі магчымасць вырашаць пытанні па афармленні ўжо пасля збору твораў.
Увогуле, фальклорнай практыкай я вельмі задаволеная і спадзяюся, што яна дапаможа мне перадаць гэтыя каштоўнасці наступнаму пакаленню.
ЗМЕСТ ДЗЁННІКА
ФАЛЬКЛОРНАЯ ПРОЗА:
Каляндарна-святочная проза:
велікодная – 1
Аповед пра валачобнікаў........................................................................6
Няказкавая проза:
легендарная:
тапанімічныя легенды – 4
Сутокі............................................................................................................31
Яміна.............................................................................................................31
Царковішча...................................................................................................31
Латыгаль.......................................................................................................32
Магічная проза:
варажба:
шлюбнага характару – 4
З дапамогай дроў......................................................................................5
З дапамогай бліноў...................................................................................5
З бапамогай башмака..............................................................................5
З дапамогай свечкі...................................................................................5
МАЛЫЯ ЖАНРЫ БЕЛАРУСКАГА ФАЛЬКЛОРУ
Прыказкі – 5
“Як пасцелісся, так і выспісся”..............................................................7
“Што можна ваеводзе, то не тобе, смродзе” .....................................7
“Як ем, глух і нем” ....................................................................................8
“Сабака і на Бога брэшыць!”...............................................................27
“Нет той хаткі, каб не было звадкі”.....................................................33
Прымаўкі – 4
“Дзе сядзеш, там і злезеш” .....................................................................7
“Выскачыў, як Піліп з канапель” ...........................................................8
“Не мела баба клопату – купіла парася”............................................31
“Дыхнуць няма калі”...............................................................................32
Загадкі – 1
Арэх............................................................................................................3
Выслоўі – 11
“Злосць пенькносці шкодзі, з формы нос выходзі”............................6
“Ах, каб табе ліха!”..................................................................................7
“Ах, каб цябе каршун падраў!”................................................................7
“Ах, каб табе дзіця ў жывот!”..................................................................7
“Ідзь до дупы сёрбаць крупы” ...............................................................8
“Танцы-танцы” ........................................................................................8
“Прыйшоў Пятрок...” ...............................................................................8
“Каб табе хто добра смыльнуў!”..........................................................27
“Хвігу вам у нос!”..................................................................................27
“Зяць, каб яго ўзяць”.............................................................................27
“Каб ты ня вытрываў!”..........................................................................28
ПАЗААБРАДАВАЯ ЛІРЫКА
Бытавыя песні:
- любоўныя песні – 11
“Іванка ты, Іванка...” .............................................................................11
“Цераз гай зеляненькі…”......................................................................13
“Зорька золотая…”................................................................................15
“Ой, дзяўчына, шуміць гай…”..............................................................17
“І туды гара, і сюды гара…”..................................................................18
“То ли встречу, то ль не встречу…”....................................................22
“Ці ўсе лугі пакошаны…”......................................................................22
“Полюбила я некрасивого”...................................................................23
“Ой, сівы конь бяжыць…”.....................................................................25
“Рана вічарэе…”.....................................................................................26
“Каля грэблі...” .......................................................................................29
сямейныя песні – 10
“Пара дамоў, ды пара, пара…” (“Жніўная”) ......................................13
“Мае хмарачкі, мае цёмныя…”...........................................................13
“Камары гудуць…”................................................................................14
“Біла ж мяне маці...”...............................................................................16
“Зялёная вішня з-пад кораня выйшла…”..........................................18
“Чаму ня прыйшоў…” (“Зязюля”)........................................................19
“Касіў Ясь канюшыну…”......................................................................20
“Дзе б я ні ехала…”................................................................................24
“А ў лузе касец косіць...”.......................................................................30
“Ох, ты, міленькі, ты душа мая…”.......................................................32
Жартоўныя песні – 3
“Бабка Еўка, дзед Тамаш…” ...............................................................12
“А ты ехаў, ехаў, ехаў…”......................................................................15
“На дварэ дожджык…”..........................................................................25
Прыпеўкі – 19
“Падружка мая...”.....................................................................................4
“Ён даўно прыйшоў так...”......................................................................4
“Калі б я была цыганка...” ......................................................................4
“Ты да мяне передком...” .......................................................................4
“Ты да мяне, я да цябе...” ......................................................................4
“Гаварыла баба дзеду” ..........................................................................8
“Я на пенсію пашла”..............................................................................26
“Усё, што хочаш, ўсё рабіць...”.............................................................27
“Лезу, лезу на бярозу...” ........................................................................28
“Вы не ідзіце, дзеўкі, замуж...” ............................................................28
“Мне не нада пуд гароху...” ..................................................................28
“Ой, да пад мостам...”............................................................................29
“Адна зорка ў тым канцы...” .................................................................29
“З неба зорачка упала...”.......................................................................29
“Ня стой пад вокнамі...”.........................................................................29
“Мой муж да нядуж...”.............................................................................31
“Нада з горачкі скаціцца...” ..................................................................33
“Ты мамачка няродная...” ....................................................................33
“Музыканьцік малянечкі...” ..................................................................33
СФЕРА ДЗІЦЯЧАГА ФАЛЬКЛОРУ
Калыханкі – 3
“Мальчык карэглазый”...........................................................................2
“Люлі-люлі-люлі, ўсе дзеткі паснулі...”................................................3
“Люлі-люлі-люлі, падраў каршун куры...”...........................................3