Дзьмухавец

Фальклорна-этнаграфiчны i лiтаратурна-мастацкi альманах

Справаздача. Фальклорны дзённiк

Я лечу! Возношусь! Поднимаюсь под самые облака! Теперь я знаю, для чего живу на свете!

Карел Чапек. Семя одуванчика.

Сябры альманаха:

Рубрыка "Хуткая дапамога "

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Беларускі дзяржаўны універсітэт
Філалагічны факультэт

 

Кафедра тэорыі літаратуры
Вучэбна-навуковая лабараторыя
беларускага фальклору

 

ФАЛЬКЛОРНЫ ДЗЁННІК
студэнткі I курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія»
Мацюк Бажэны Юр’еўны

Месцы запісаў: г. Вілейка Мінскай вобл.;
в. Давыдкі Вілейскага раёна Мінскай вобл.;
в. Касцяневічы Вілейскага раёна Мінскай вобл.;
в. Ілья Вілейскага раёна Мінскай вобл.;
Колькасць адзінак: 76
Час: 14 дзён (з 28 ліпеня па 10 жніўня 2010 г.).

 

Кіраўнік: Ківель І.У.

 

МІНСК 2010


28 ліпеня
Беларускі мастак Андрэй Бондараў пісаў:
Лабірынты нашых душ.
Лабірынты нашых думак.
Лабірынты сумненняў.
Лабірынты жыцця.
Лабірынты гартуюць дух.
Я не люблю прамых шляхоў.
Блукаю ў лабірынтах.
Прыкладна так выглядае і маё жыццё. Але на гэты раз я вырашыла пайсці прамым шляхам – фальклорную практыку прайсці дома, у Вілейскім раёне Мінскай вобласці. Як вядома, дома і сцены дапамагаюць.
Сесія здадзена, спякота завалодала зямлёю і думкі аб практыцы пачалі прыходзіць як наяве, так і ў сне.
Па шчырасці кажучы, я не вельмі ўяўляла сабе гэты працэс. Спадзявалася на тое, што мне дапаможа здольнасць знаходзіць агульную мову з рознымі людзьмі. Але за дапамогай ўсё роўна пайшла. Куды? Да самага роднага чалавека – бабулі Вербіловіч Альдоны Сцяпанаўны.
Бабуля толькі ўсміхнулася: “Фальклорная практыка? Не праблема! Зараз што-небудзь прыдумаем”.
Пакуль я паспела схадзіць на агарод і паліць кветкі, бабуля ўжо знайшла майго першага інфарманта: Барташэвіч Ганну Іванаўну (1927 г.н., бел., 7 класаў, в. Сакавічы, Вілейскі р-н, Мінская вобл., пераехала ў г. Вілейка ў 1947 г.).
Паколькі Вілейка горад невялікі, Ганну Іванаўну я ведала, але ведала як бабулю сябра майго малодшага стрыечнага брата. Давялося ж мне пазнаёміцца з ёй значна бліжэй.
Ганна Іванаўна, прыгожа апранутая, з лёгкай усмешкай на яшчэ зусім маладым твары, прыйшла ў залу і задумліва глянула на мяне:
- Фальклор? Што гэта? Я ведаю проста песні.
І тут яна заспявала.
1. “Мальчык карэглазый…”
Мальчык карэглазый,
Я цебе спаю
Пра судзьбу тваю і славу
Гордаю тваю:
Падрасцеш, вучыцца будзі,
А чым далей – болі,
А кім быць ты сам рассудзіш
Сваей добрай волей.
Хлопчык з усмехам суровым
Слухаець матулю,
І да мамкі так шчасліва
Шчочку сваю туліць.
Заўвага: сфера дзіцячага фальклору – калыханка.
У вачах, шэрых і сумных, быццам запаліўся агеньчык. Агеньчык надзеі, радасці і ўспамінаў. Яна жыла словамі песень.
Тут у залу заглянуў мой брат, і Ганна Іванаўна адразу пачала размову пра свайго ўнука Рому. Паслухаўшы крыху аповед пра творчыя здольнасці Ромы, я спытала:
А калыханкі вы ўнуку часта спяваеце?
А як жа ж? Спяваю. Вось, напрыклад.
2. “Люлі-люлі-люлі, ўсе дзеткі паснулі…”
Люлі-люлі-люлі,
Ўсе дзеткі паснулі,
Адзін тока Романчка
Ня спіць, не гуляіць.
Ня спіць, не гуляі –
Работы не маіць.
Работы не маіць –
З катком размаўляіць.
Апсік, коцік, не варчы,
А, Ромачка, спі, маўчы.
Апсік, коцік, не варчы,
А, Ромачка, спі, маўчы.
Заўвага: сфера дзіцячага фальклору – калыханка.
- Ці мая любімая, я звычайна яе спяваю, калі Рома хварэе.
3. “Люлі-люлі-люлі, падраў каршун куры…”
Люлі-люлі-люлі,
Падраў каршун куры,
Каб рана ня пелі –
Дзетак не будзілі.
Мая дзетка будзе спаць,
А я буду калыхаць.
Мая дзетка будзе спаць,
А я буду калыхаць.
Заўвага: сфера дзіцячага фальклору – калыханка.
І тут Ганна Іванаўна спытала зусім нечакана:
- Адгадай загадку:
4. Сагнуў мяне,
Касмачкі раздуў,
А салодкае выкусіў.
(Арэх)
Заўвага: малыя жанры беларускага фальклору – загадка.
Прызнаюся, не ўмею разгадваць загадкі. Здалася б, фантазія развітая, уявіць магу, што заўгодна, але загадкі мне не паддаюцца.
Ганна Іванаўна засмяялася:
Не ведаеш? Ты падумай! Гэта ж так лёгка! Арэх! Глядзі: спачатку мы згінаем галінку, потым лушчым арэх і вось – ён наш. А ўвогуле…
5. - Падружка мая,
У нас міленькі адзін:
Я ревную, ты ревнуеш –
Давай ево прададзім.

- Падружка мая,
Я ўжо прадавала:
Адна дура на базары
Тры рублі давала!
Заўвагі: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка. Складаецца ў дзвюх частак, форма – дыялагічная.
6. Ён даўно прыйшоў так
Шчыпаць мак,
Не нашчыпаў маку –
Выставіў ён сраку.
Заўвагі: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.
Заўвагі выканаўцы: пасля 3-га радка Ганна Іванаўна хуткапрамаўлянкай пракаментавала: “Тут такое, благое!” і засмяялася.
7. Калі я б была цыганка
І была красівая,
Палюбіла б я цыгана
І была б шчаслівая.
Заўвагі: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.
8. Ты да мяне передком,
Я да цябе грудзью.
Рассцегні свае парткі,
Пакажы арудзью!
Заўвагі: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.
9. Ты да мяне, я да цябе,
Болі не да кога,
Любіш мяне, а я цябе,
А болі нікога.
Заўвагі: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.
Прыпеўкі ліліся з вуснаў бабулі, яна размахвала рукамі, прытопвала нагамі… Я слухала і здзіўлялася: які звонкі, малады голас, колькі моцы і энергіі захавалася ў ім, як ажывіўся твар, вочы сталі гарэзлівымі!
Вы, напэўна, вельмі кахалі мужа?
Не!
Тут я здзіўлена падняла вочы.
Гэта ён мяне любіў. А я… Я ўвогуле нікога не любіла. Сэрца ў мяне халоднае. А ён любіў. Кожны вечар пад хату прыходзіў. Узяў, можна сказаць, настойлівасцю. Але не на дабро гэта было, ох, не на дабро. Вось мне лёс і адпомсціў: нявестка сына не любіла таксама, ён і памёр рана, мо ў Ромы ўсё добра будзе.
Я маўчала. Маўчала і Ганна Іванаўна. Кожны думаў пра сваё.
Мая бабуля ўвайшла ў залу і запрасіла Ганну Іванаўну піць гарбату. Падзякаваўшы ёй, я зноў задумалася: смех часам лечыць боль. Ці проста вымушае нас яго хаваць. Зноў успомніла самую першую песню Ганны Іванаўны. Уздыхнула. Вось яна, адна з рысаў беларускага характару: уменне маўчаць, калі баліць. Маўчаць і смяяцца.
Першы дзень. Дзень знаёмства і прыпевак.

29 ліпеня.
Безумоўна, кожны чалавек, колькі б год ён не пражыў, багаты на ўспаміны. У дзяцінстве мы часам не слухаем ці проста не запамінаем тое, што распавядаюць нам бабулі і дзядулі. Але ўжо некалькі год таму я зразумела, наколькі каштоўнымі з’яўляюцца іх успаміны. Зразумела проста таму, што мой стрыечны малодшы брат, пачуўшы фразу бабулі “Сёлета на Новы год…”, недаўменна перапытаў:
- Як гэта: летам – і на Новы год?
Стала смешна і вельмі сумна. Калі прадстаўнікі майго пакалення яшчэ могуць пачуць гісторыі мінуўшчыны з вуснаў яе відавочцаў, калі нам яшчэ гэта цікава, то наступнае пакаленне валодае іншымі катэгорыямі і прыярытэтамі.
Мая бабуля, Вербіловіч Альдона Сцяпанаўна (1936 г.н., бел., сярэдняе спецыяльнае, х. Казлова, Вілейскі р-н, Мінская вобл., пераехала ў г. Вілейка ў 2001 г.), паціху вышывала крыжыкам карціну і павольна расказвала мне пра варажбу:
10. Я знаю, што, гэта, гадалі перад Раждзеством, ну, эта, вечарам. Дык вот, дзяўчаты, асобенна і гадалі з-за чаго, ну, із-за сужанага-ражанага, патаму шта, ну. Дык вот я знаю, што хоць хто насілі драва. Ну, накладывалі там сколька дроў, не шчытаючы, там, у дрывальні, няслі ў хату. Тут пашчытаюць: еслі ў пару, значыць будзеш ў пары, ну, замуж выйдзеш, еслі, ну, палучаецца едзініца, значыць астанесся так.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
11. Бліны пяклі, аладкі, ці што і лажылі, ну, там, не помню, на што, і падходзіў ілі кот, ілі сабака. Ну, чые там, зналі ж чые. Чыё першае брала, той першы замуж пайдзёт.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
12. Ну, і за вароты башмачок тожэ кідалі. У какую сторану будзе павёрнуты, ну, наском, патаму што ж не пяткай, значыць з той стараны будзець жаніх.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
13. Ну, тады яшчэ, я не знаю, на свечку, свечка… Запальвалі свечку, ну, яна ж таіць, і тады была там вада наліта ў гэтым, ну, абычна ў тарэлку налівалі, і гэта вось, ужо як ёсць што, лілі на гэта, на ваду, і яно так палучалася хоць што: ці чалавечак там, ці, можа, двое там, выходзіць як бы пара маладая, так што так тожа гадалі.
Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.
Бабуля, а як адзначалі Вялікдзень?
Я нарадзілася ў сям’і католікаў, таму гэтае свята мы адзначалі традыцыйна: фарбавалі яйкі луской ад цыбулі, пяклі булкі з цэдрай апельсіна ў вялікай хатняй печы, хадзілі на імшу ў касцёл, а потым усе разам сядалі за стол і размаўлялі, размаўлялі, размаўлялі…
З глыбокага дзяцінства яшчэ паўстаюць пэўныя ўспаміны пра валачобніцтва, але яны нейкія цьмяныя, незразумелыя… Быццам і хадзілі мы з сёстрамі, і нешта расказвалі, і яйкі дамоў прыносілі цэлымі кошыкамі. але ці так гэта было, ці мне падалося, хто яго ведае? Вось і давялося дапасці да бабулі.
14. Вечарам усягды прыхадзілі, гэта ўсе зналі, валачобнікі, а цяпер я не знаю, як. Пелі ўсегда, ну, рэлігіозныя ўсякія песні, красівыя песні, і тады ужо ў канцы як, гэта, і такія пагаворкі тожэ, як закончаць, і тады, гэта, гаварылі там, нейкія, многа там, я знаю, што “Дай кока, каб не вылезла вока”. Ну, прыгаворкі нейкія, можа, красівейшыя былі, ну, усякія, знаю, што многа там такое, сямейнае было, падходзіла пад сям’ю і пад эта, пад празнік, усё. А песню не адну пелі, усякія пелі. Усё разно ў нас давалі, у каго што было: хто выпіць даваў, але і яйца давалі, а хто, можа і рубля, ну тады ж рублей надта не было. Вот так і празнавалі. Тады тры дні всегда празнавалі, а на чацвёрты тожэ бываець, празнавалі за гэты, ужо, як сказаць… За добры ўражай, за добрую, гэту, пагоду, за такое, каб было добрае летам. Вот так празнавалі.
Заўвага: каляндарна-святочная проза –проза перыяду Вялікадня.
Голас, які заўсёды быў для мяне самым родным, няспешна распавядаў пра мінуўшчыну. Бабуля ўспамінала сваіх бацькоў, братоў і сясцёр, суседзяў, вёску, дзе мне давялося правесці не адзін год жыцця, а я ледзьве стрымлівала слёзы. Нешта ўва мне шэптам паўтарала: “Гэтага не вернеш. Гэтага больш не будзе”. Вось і бабуля пераехала ў горад, сям’я, калі і сабярэцца разам, больш сварыцца, чым размаўляе, а тыя, хто маладзейшы за мяне ўжо нават не ўбачаць таго, што было раней. Сумна.
А дзень працягваўся вірам працы.
Другі дзень. Дзень варажбы і ўспамінаў.

1 |  2 |  3 |  4 |  5


Папярэднi артыкул  |  Да зместа  |   Наступны артыкул

Пра альманах | Кантакты | ©2010 Альманах "Дзьмухавец"
Сайт создан в системе uCoz