Рубрыка "Хуткая дапамога "
30 ліпеня.
Запісы свае працягну сёння невялікімі кадрамі ўласнага жыцця, бо вырашыла нікога не распытваць. Проста слухаць. Слухаць сваю разумную і кемлівую бабулю, Вербіловіч Альдону Сцяпанаўну (1936 г.н., бел., сярэдняе спецыяльнае, х. Казлова, Вілейскі р-н, Мінская вобл., пераехала ў г. Вілейка ў 2001 г.). Прыслухоўвацца.
… Мая стрыечная сястра перакопвала зямлю, збіралася перасадзіць яблыню. Бабуля, назіраючы за яе працай, як для яе характэрна, бурчала:
Нашто гэта каму? Што ты робіш? Ідзі, лепш кветкі паліваць.
Сястра, якая была яўна не ў гуморы, кінула рыдлёўку і пайшла з гарода.
Бабуля, засмяяўшыся, кінула ёй услед:
15. Злосць пенькносці шкодзі, з формы нос выходзі.
Заўвага: малыя жанры беларускага фальклору – выслоўе-жарт.
…Я старанна перабірала сабраныя чарніцы. Тэлефон пачаў граць нейкую мелодыю. Безумоўна, браць тэлефон чорнымі рукамі не хацелася, таму давялося іх вымыць. Скончыўшы размову, зноў прыйшла на кухню, уздыхнула:
Зноў рукі пэцкаць!
Сястра паглядзела чарніцы і сказала:
Дык ты не перабірай! Яны і так чыстыя.
Бабуля ж настойліва параіла:
Працягвай.
16. Як пасцелісся, так і выспісся.
Заўвага: малыя жанры беларускага фальклору – прыказка.
…Бабуля ў мяне, трэба адзначыць на язык вельмі рэзкая, за словамі ў кішэню не лезе. Калі ўжо клясці, дык клясці, калі жартаваць – дык жартаваць.
Наш чорны кот, разбэшчаны бабуляй проста бясконца, ляжаў на канапе пад дываном. Не заўважыўшы яго, бабуля села на канапу, каб павышываць і крыху патурбавала яго лапу. Кот, які гэтага не чакаў, зароў на ўсю хату. Бабуля таксама спужалася – і тут паняслося:
17. Ах, каб табе ліха!
Заўвага: малыя жанры беларускага фальклору – выслоўе-праклён.
18. Ах, каб цябе каршун падраў!
Заўвагі: малыя жанры беларускага фальклору – выслоўе-праклён. Звычайна так клялі свойскую жывёлу.
19. Ах, каб табе дзіця ў жывот!
Заўвага: малыя жанры беларускага фальклору – выслоўе-праклён. Звычайна клялі старых мужчын і жанчын.
Дарэчы, пра апошні праклён. Яго я часцей чула з вуснаў майго прадзеда, Вербіловіча Вікенція Антонавіча, ці для нас, унукаў, дзеда Вінцука. Бабуля ж успамінала яго даволі рэдка, але сёння мне пашчасціла.
…Адносіны паміж бабуляй і дзядуляй пададуцца ўсім, хто іх не ведае, дастаткова дзіўнымі. Яны амаль усё жыццё правялі ў розных населеных пунктах: спачатку бабуля жыла ў вёсцы, а дзядуля ў горадзе, потым яны памяняліся месцамі, але разам жылі яны вельмі мала. Дзядуля, кажучы папраўдзе, вельмі любіць паразмаўляць, у той час як бабуля – чалавек дзеяння. На гэтай падставе яны звычайна і сварацца. Калі ж уважліва паслухаць іх сваркі, можна знайсці выдатныя фальклорныя адзінкі.
Я не магу выконваць усе твае жаданні! – крычыць дзядуля.
На цябе…
20. Дзе сядзеш, там і злезеш.
Заўвага: малыя жанры беларускага фальклору – прымаўка.
Не размаўляй столькі па тэлефоне, - загадвае бабуля.
Чаму ж гэта? – здзіўляецца дзед. – Ты ж гадзінамі з унукамі размаўляеш.
Бабуля не здаецца:
21. Што можна ваеводзе, то не тобе, смродзе.
Заўвага: малыя жанры беларускага фальклору – прыказка.
Дзядуля раптам знікае з пакою. Праз некалькі імгненняў ён ужо стаіць каля бабулі:
Цьфу ты,
22. Выскачыў, як Піліп з канапель.
Заўвага: малыя жанры беларускага фальклору – прымаўка.
Дзядуля злуецца. Бабуля, ужо выйшаўшы з сябе, крычыць:
23. Ідзь до дупы сёрбаць крупы.
Заўвага: малыя жанры беларускага фальклору – выслоўе-ганьбаванне.
…Дзяцінства маё і стрыечнай сястры праходзіла ў вёсцы, пад пільным назіраннем бабулі. Мой стрыечны брат нарадзіўся значна пазней, але і яго выхаванне бабуля ўзяла ў свае моцныя рукі.
Седзячы за сталом, брат імкнуўся распавесці нешта вельмі цікавае пра сваіх сяброў, але быў перарваны строгім голасам бабулі:
24. Як ем, глух і нем.
Заўвага: малыя жанры беларускага фальклору – прыказка.
Пасля абеду брат замест чытання літаратуры, зададзенай на лета, уключыў музыку і пачаў прытанцоўваць. Бабуля ад каментарыя не стрымалася:
25. Танцы-танцы,
Два засранцы:
Адзін пердзі,
Другі смердзі.
Заўвага: малыя жанры беларускага фальклору – выслоўе-ганьбаванне.
…Мой стрыечны брат нарадзіўся ў Амерыцы. Мы сядзелі побач на канапе, глядзелі фотаздымкі і размаўлялі.
Раптам бабуля заспявала:
26. Гаварыла баба дзеду:
Я ў Амерыку паеду!
Ах, ты, старая карга,
Туда не ездзяць паезда.
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.
…- Хутка ўжо дзень стане зусім кароткім, - разважала бабуля.
Да, восень прыйдзе… А памятаеш, ты казала нешта пра лісток і Пятра?
Казала.
27. Прыйшоў Пятрок – апаў лісток,
Прыйшоў Ілля – апала два.
Заўвага: малыя жанры беларускага фальклору – выслоўе-прыгаворка.
… Так сярод хатняй мітусні і штодзённай працы я вышуквала фальклорныя бурштыны. Адшуквала і лавіла сябе на думцы, што і я таксама выкарыстоўваю іх у сваім жыцці. Ведаеце, усведамляць гэта прыемна, бо фальклор усё ж такі застаецца ўва мне.
Дзень трэці. Дзень звычайнага жыцця і малых жанраў фальклору.
31 ліпеня.
Чуткамі зямля поўніцца. За некалькі дзён амаль палова горада даведалася пра маю фальклорную практыку.
Мне заўсёды шанцавала на добрых людзей. Вось і зараз прачнуцца давялося ад званка мабільнага.
Добрай раніцы! Прачынайся! Сёння мы едзем за фальклорам разам.
Мой настаўнік беларускай мовы і літаратуры Кажура Віктар Віктаравіч ужо праз паўгадзіны чакаў мяне каля хаты.
Падрыхтавалася? Дыктафон узяла? Зараз едзем да дырэктара.
Ёсць асобы, якія пакідаюць у жыцці іншых вельмі значны след. Для мяне гэта менавіта тандэм Віктар Віктаравіч і Васіль Аляксандравіч Кісель, дырэктар гімназіі, якую я скончыла. Мінае час, але і зараз, калі мне дрэнна, калі няма моц, я тэлефаную ім і ведаю, што атрымаю неабходную падтрымку.
Дырэктар ветліва сустрэў нас каля двара:
Схуднела, мая дарагая. Давучылася!
Жартавалі, смяяліся, успаміналі. Я глядзела на такія знаёмыя і блізкія твары і зноў вярталася да думак пра шчырасць, дабрыню і адкрытасць сваіх суайчыннікаў. Шчасце. Менавіта такім бывае шчасце.
Васіль Аляксандравіч накіраваў мяне да былой настаўніцы Дзіны Карлаўны Квяткевіч у вёску Талуць.
Трэба адзначыць, што вёска Талуць, у адрозненні ад большасці вёсак Вілейскага раёна, не прыйшла ў заняпад: тут жыве моладзь, існуюць розныя суполкі і творчыя калектывы, хаты не развальваюцца, а пераліваюцца свежай фарбай. Вока радуецца. Але справа не ў гэтым.
Гэты аповед будзе крыху адрознівацца ад іншых, але я лічу яго вельмі важным: не будзе фальклорных адзінак, затое будзе цікавая размова. Размова пра жыццё, чалавечыя лёсы і пераемнасць пакаленняў.
Дзіну Карлаўну ведаюць жыхары ўсяго раёна. Нягледзячы на сталы ўзрост (ёй 81, ці, як яна сама смяецца, 18 гадоў), яна вельмі актыўны ўдзельнік гарадскога жыцця. Без яе не абыходзіцца ні адно свята, ні адно мерапрыемства. Пагадзіцеся, не кожны чалавек будзе з дня ў дзень вышукваць новыя цудоўныя вершы, празаічныя ўрыўкі, завучваць усё гэта на памяць і з вялікім пачуццём чытаць гэта з усіх магчымых сцэн. Віншаваць хлебаробаў – Дзіна Карлаўна, прэзентаваць кнігу – Дзіна Карлаўна.
Гэтая жанчына заўсёды смяецца. Смяецца з сябе, з іншых, з падзей. І наўрад нехта з тых, хто ведае яе сцэнічную здагадваецца, які складаны і трагічны лёс ёй выпаў.
Дзіна Карлаўна нарадзілася ў 1929 годзе. Праз год памёр бацька, маці таксама пражыла нядоўга. Зусім маладой дзяўчынай Дзіна Карлаўна сустрэла вайну.Разам з дарослымі давялося дапамагаць вайскоўцам. Рабіла, што магла: шыла кісеты, матала бінты, пякла хлеб. Хутка пасля вайны выйшла замуж. Але муж аказаўся, як кажа жанчына, “няўдалым” – пачаў піць, з ім давялося разысціся. Радавалі дзеці. Аднак і тут ёй не пашанцавала: адзін з сыноў рана памёр, другі апынуўся ў турме.
Не давала прапасці праца: маленькія дзеці (Дзіна Карлаўна – настаўніца пачатковай школы) патрабавалі шмат часу і энергіі, не давалі старэць. Але час ляціць. Пенсія. Такой дзейснай і актыўнай жанчыне трэба было шмат працы. Яна пайшла ў мясцовы клуб і стала актыўнай удзельніцай самадзейнасці.
Як не дзіўна, але менавіта старэйшае пакаленне вёскі з ахвотай хадзілі на рэпетыцыі, ездзілі па раёне, выступалі і вучылі моладзь. Моладзь жа гэтая, якая мела патрэбную адукацыю, рабіць нічога не хацела, таму вельмі хутка калектыў распаўся і Дзіна Карлаўна засталася адна.
З таго часу яна шмат чытае, вучыць на памяць вершы маіх землякоў-вілейчан і з вялікім задавальненнем дэкламуе іх са сцэны Вілейскага Палаца мастацтваў.
- Я нешчаслівая, - кажа Дзіна Карлаўна, - лёс мой незайздросны. Але я жыву так, як давядзецца, і дзякую кожнаму дню, які давялося пражыць.
Падчас размовы яна чытала вершы. Ведаеце, ніколі б не падумала, што чалавек, які чытае вершы, і чалавек складанага лёсу – адна асоба. Яна жыла паэтычнымі радкамі, яна была закаханай, шчаслівай, поўнай радасці і святла. Вочы крычалі пра тое, што яна маладая. Вочы, якія хвіліну назад былі поўныя слёз.
Менавіта да яе я звярнулася з пытаннем, якое вельмі хвалявала і турбавала мяне:
Дзіна Карлаўна, чаму сучасная моладзь не ведае фальклору?
Не ведаю. Напэўна таму, што ім нецікава. Значна цікавей уключыць камп’ютэр, пагуляць у стралялкі і пагутарыць па тэлефоне. А можа таму, што яны не ведаюць таго жыцця, якое знайшло творчае выйсце ў фальклорных творах. Іх трэба не толькі ведаць, але і добра ўяўляць, чаму яны з’явіліся на свет, чаму народ так старанна іх захоўваў, чаму любіў і шанаваў. Трэба ведаць той час.
Гэтая размова была вельмі важнай для мяне. Няхай сёння я не атрымала практычнага матэрыялу, але ў мяне была інфармацыя для роздуму. Роздуму пра фальклор і маладое пакаленне.
Дзень чацвёрты. Дзень цудоўных людзей і роздумаў.
1 жніўня
Сёння я еду ў родную вёску! Ура! Маё дзяцінства набліжаецца да мяне!
У машыне, дастаткова мірна сварачыся, ехалі бабуля, дзядуля і я. Сярод размоў пра хатняе, бытавое, дзядуля раптам спытаўся:
- А можа ў Давыдкі?
Бабуля задумалася і пацвердзіла:
А было б нядрэнна!
Я здзіўлена пераводзіла позірк з аднаго на другога і не разумела сэнсу размовы.
Дзядуля патлумачыў.
У наш касцёл ходзіць знакамітая на суседнія вёскі пяюха з Давыдак. Магчыма, яна табе дапаможа.
Вёска Давыдкі сустрэла мяне статкам кароў і цішынёй – была нядзеля, жыхары яшчэ не вярнуліся з касцёла. Але вось удалечыні з’явіўся звычайны воз з вялікай колькасцю людзей на ім. Сярод іх была жанчына з прыгожымі сінімі вачыма - Сташкевіч Веры Іосіфаўны (1941 г.н., бел., сярэдняя спецыяльная (заатэхнік), мясцовая).
Ветліва і ўважліва яна паслухала мой аповед пра фальклорную практыку і ўсміхнулася:
А ты ў мяне не першая. Калісьці яшчэ ў 90-х мая пляменніца паступіла на філалагічны факультэт, а яшчэ некалькі год таму прыходзіла дзяўчына з суседняй вёскі. Я нават саставіла спіс песень, каб лягчэй успомніць было. Пайду пашукаю.
Прыемна працаваць з чалавекам, які ўжо ўсё ведае. Вера Іосіфаўна пела, а я, заслухаўшыся, апынулася ў цудоўнай краіне фальклору.
28. “Іванка ты, Іванка…”
- Іванка ты, Іванка,
Сарочка-вышыванка,
Высокі да й страйны,
Высокі да й страйны,
Шчэ на борадзе ямка.
Высокі да й страйны,
Высокі да й страйны,
Шчэ на борадзе ямка.
- Маруся ты, Маруся,
Люблю я твайго роду.
Люблю, дзівіцеся,
Люблю, дзівіцеся,
Як ты ідзеш па воду.
Люблю, дзівіцеся,
Люблю, дзівіцеся,
Як ты ідзеш па воду.
Як ты ідзеш па воду,
А я іду з вадою.
Люблю, дзівіцеся,
Люблю, дзівіцеся,
Маруся, я табою.
Люблю, дзівіцеся,
Люблю, дзівіцеся,
Маруся, я табою.
У полі два дубочкі,
Абодва зеляненькі –
Люблю Марусю я,
Люблю Марусю я,
Абодва маладзенькі.
Люблю Марусю я,
Люблю Марусю я,
Абодва маладзенькі.
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – бытавая любоўная песня.
29. “Бабка Еўка, дзед Тамаш…”
Бабка Еўка, дзед Тамаш –
Го-го-го!
Паехалі на кірмаш –
Го-го-го!
Што павезлі прадаваць –
Го-го-го!
Мы вам можам расказаці –
Оха-оха-ха!
Дзве курачкі, петушка –
Го-го-го!
І смятанкі паў гаршка –
Го-го-го!
Гарнец мёду, часначок –
Го-го-го!
І капчоны кумпячок –
Оха-оха-ха!
Распрадаўшы свой тавар –
Го-го-го!
Зайшлі выпіць яны ў бар –
Го-го-го!
Дзед кажа: “Паўбутэлькі!” –
Го-го-го!
Баба: “Цэлую бутэльку!” –
Оха-оха-ха!
Наеліся, напіліся –
Ох-ох-ох!
Ледзьве яны пералезлі
Праз парог!
Дзед сеў за пана –
Го-го-го!
Баба села за фурмана –
Оха-оха-ха!
Як прыехалі дахаты –
Го-го-го!
Дзед тры дні быў хвараваты –
Го-го-го!
Баба каплямі лячыла –
Го-го-го!
І на дзеда ўсё сварылась –
Оха-оха-ха!
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – жартоўная песня.
- А можа цяпер тую, што падчас жніва пелі? – разважала Вера Іосіфаўна. – Ведаеш, яе яшчэ ў 40-я пелі, звычайна вечарам, калі дамоў ішлі.
30. “Пара дамоў, ды пара, пара…” (“Жніўная”)
Пара дамоў, ды пара, пара
Дамоў пара –
Сцюдзёна раса пала.
Сцюдзёна раса пала,
Сцюдзёна раса пала,
Цёмная ночка настала.
Мне дамоў ня хочыцца,
А мне дамоў ня хочыцца,
К свякроўцы варочацца –
Свякроўка не мамачка,
А свякроўка не мамачка,
Не скажыць: “Дзіцятачка”.
Не скажыць: “Сядзь, пасядзі”.
І не скажыць: “Сядзь, пасядзі”,
А скажыць: “Вады ідзі”.
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – бытавая сямейная песня.
31. “Цераз гай зеляненькі…”
Цераз гай зеляненькі,
Цераз гай зеляненькі
Ляцеў конь вараненькі,
Галоўкай махаючы,
Галоўкай махаючы,
Аброцьку зрываючы.
А за ім у пагоню,
А за ім ў пагоню
Ванечка маладзенькі:
- Марынка, душа мая,
Марынка, душа мая,
Падзяржы каня майго.
- Я б рада падзяржаці,
Я б рада падзяржаці,
Ды стаіць бацька і маці.
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – бытавая любоўная песня.
Заўвага выканаўцы: Вось так не давалі бацькі сваім дзецям кахацца, але ж мы ўсё роўна збягалі (смяецца).
32. “Мае хмарачкі, мае цёмныя…”
Мае хмарачкі, мае цёмныя,
Разыйдзіцеся рузна.
Ты не сварыся, мая мамачка,
Што я гуляю позна.
А хоць сварыся, а хоць не сварыся,
Мяне ж ты не навучыш.
Было навучаць, было разлучаць,
Як я была маленька,
А цяпер ужо, мая мамачка,
Разлучаць мяне позна.
Мяне, маладу, пашлюць па ваду,
Самі сядуць вячэраць –
Гара высока, вада далёка –
Не скора сувярнуся.
Прынёсшы вады – для сябе бяды,
Кожнаму піць падаці,
Як і старому, так і малому,
І свайму маладому.
А піць падаўшы, пасцель паслаўшы,
Сама сяду вячэраць:
Лыжачка ў раток, слёзачка ў платок –
Вось і мая вячэра.
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – бытавая сямейная песня.
33. “Камары гудуць…”
Камары гудуць –
Мне спаць не даюць.
Ой, пайду я ў каморачка,
Ды прылажу галовачку,
Ды там прызасну.
Ой, пайду я ў каморачка,
Ды прылажу галовачку,
Ды там прызасну
А свякроўка йдзе,
Як змейка гудзе:
- Санлівая, драмлівая,
Лянівая, неўдалая
Сынавая мая,
Санлівая, драмлівая,
Лянівая, неўдалая
Сынавая мая.
А свёкар ідзе,
Як голуб гудзе:
- Не санліва, не драмліва,
Не ляніва, а ўдалая
Сынавая мая,
Не санліва, не драмліва,
Не ляніва, а ўдалая
Сынавая мая.
А міленькі йдзе,
Як ветрык гудзе:
- Калі будзе здаровіцца,
Ўся работа паробіцца –
Ідзі, ляж, паляжы,
Калі будзе здаровіцца,
Ўся работа паробіцца –
Ідзі, ляж, паляжы.
Заўвага: пазаабрадавая лірыка – бытавая сямейная песня.
- А ў вас са свякроўю адносіны добрыя былі?
- Мне з ёй пашанцавала, яна ў мяне вельмі ўжо лагодная. Нават часцей на мой бок станавілася, а не на бок сына. А гэта песня, якую я ў маладосці пела часцей за ўсе.