Марына Варабей
Завуць мяне Марына Варабей. Зараз я студэнтка другога курса беларускага аддзялення. Магу доўга распавядаць пра сваё яшчэ кароткае, але багатае на падзеі жыццё. Але не буду расплывацца. Напішу толькі, як дакацілася да такога :) Скончыўшы базавую школу ў в. Зані, што на Мядзельшчыне, пайшла вучыцца ў каледж, у Мінск, праз чатыры з паловай гады атрымала “корачку” фатографа. Скажу шчыра, цікавілася фатаграфіяй з дзяцінства. Праўда, амаль нічога не ўмела. Навучылася… Спярша папрацавала фотакарэспандэнтам у раёнцы, потым па размеркаванні ў атэлье (тут мае мары пра любімую творчую працу былі жорстка разбураныя !). Потым паступіла на філфак… Навошта? Проста люблю літаратуру і крышачку пішу сама (смешна, напэўна Вам чытаць пра высокае, але сапраўды так :)). І вось ужо тут хачу рэалізаваць свае былыя мэты, каб хтосьці паглядзеў праз акуляр маёй камеры на свет, каб убачыў яго так, як бачу яго я. Мабыць, гэта і не самыя мае дасканалыя працы, і далёка не ўсе. Судзіць Вам. Спадзяюся на вашую спагаду…
Гэта маленькая экспазіцыя прысвечана таму, што заўсёды побач, таму, на што мы часта не звяртаем увагі. Можна паказаць прыгожымі прыгожае, а можна і паўсядзённае… Усё і ўсіх, каго бачым мы ў сваім жыцці… Як мага далей ад горада… Спадзяюся, вы мяне зразумееце.