Прикосновение к прозе
Віктар Лупасін

Аўтар пра сябе

Генiй беларускай лiтаратуры Вiктар Мiхайлавiч Лупасiн нарадзiўся 4 траўня 1982 года, але першы твор па-беларуску напiсаў толькi ў 1997 годзе. З тых часоў друкаваўся ў часопiсах "Вясковыя могiлкi", "Хню", "Дзеяслоў", "Маладосць", газэтах "Беларусь сегодня", "Ё" i iншых, выступаў у Полацку, Гомелi, Маскве, Лiдзе, Берасцi, Шчучыне з нязменным аншлагавым посьпехам, выдаў паэтычныя зборнiкi "Асарцi" (2009), "Жэсць i свiнiнка" (2010). З'яўляецца аўтарам блiзу 1000 вершаў, некалькiх дзясяткаў паэм, у тым лiку паэмы "Купала, Колас i Лупасiн", а таксама першага беларускага вянка трыялетаў i першай беларускай касыды. Распрацоўваў традыцыю беларускага панфiля. У альманаху "Лiтаратурная карта Еўропы" опусам Лупасiна прысвечаная цэлая старонка.

БАДХІСАТВЫ

1. Вялiкi ды мудры ёг Асандхара вучыў нiколi ня стрымлiваць натуральны поклiч арганiзму. Калi ёг Асандхара iшоў па вулiцы i яму трэба было аблегчыць зямное цела ад непатрэбных субстанцый, ён нават не прыпыняў хаду. Ёг Асандхара вучыў, што ўсё непатрэбнае паступова само вывалiцца праз штанiну. Раз-пораз вялiкага ды мудрага ёга Асандхару знаходзiлi рабы Сансары, мачылi ягоныя валасы ў белую пену ды вылоўлiвалi дробных iстот, што жылi ў гармонii зь ягоным целам. Ёг Асандхара лiчыў, што жыцьцi гэтых iстот упадаюць на сумленьне рабоў Сансары.

2. Шангрыдхара 72 тысячы год медытаваў у позе Прабхта-Юга i праглынуў 25 000 сонцаў. А Свандрахштармi заглынуў 44 000 сонцаў, таму што яны былi недасканалыя. А Хвандратхора медытаваў 3 тысячы год i перарадзiўся ў маленькае жабянятка. I ўсе яны валодалi сакрэтам вечнага жыцьця, але знесьлi свой сакрэт у магiлу.

3. Вялiкi настаўнiк Махапрадхаяна мэдытаваў 91 000 год i ня еў нi расьлiн, нi жывёл. Пра яго нiхто нiколi ня чуў, бо вялiкi настаўнiк не хацеў славы. У канцы жыцьця Махапрадхаяна растварыўся ў хвалях Ганга.

4. Вялiкi настаўнiк Шыленка мэдытаваў 39 год на канапе, сузiраў экран тэлевiзара, сiлкаваўся залатым напоем з ячменю i ўсiм тлумачыў, што ён вучань самога Махапрадхаяны.

5. Свандрапхатхi мэдытаваў 10 000 гадоў, але не дасягнуў нiрваны. Тады ён мэдытаваў яшчэ 30 000 гадоў, а пасьля яшчэ 21 000. А Сэм Джонс не мэдытаваў, а праглынуў 4500 чарадзейных таблетак, але ён таксама не дасягнуў нiрваны. А цешча Валабуева...

6. Манухатра мэдытаваў 2 гады i 9 месяцаў. А Хантумадха патлумачыў яму, што гэта не мэдытацыя, надаваў па руках i загадаў больш так не рабiць.

7. Хвандрапхара ўсё жыцьцё мэдытаваў у патаемных лясах. Ён так i не даведаўся, што Манухатра няправiльна яго навучыў.

8. Джыгурда ўсё жыцьцё мэдытаваў спосабам Манухатры i ўсiм даводзiў, што гэта i ёсьць сапраўдная мэдытацыя. А Хантумадха ўжо рэiнкарнаваў у абрыкосавае дрэва i ня мог паправiць Джыгурду.

9. Бобi Блотцэр адкрыў спосаб мэдытаваць у кантакце! Сёньня больш за 300 000 чалавек мэдытуюць у кантакце! Усталёўвай праграму-мэдытатар i далучайся! Паспрабуй позу Прабхта-Юга i спосаб Манухатры! Развiвай свайго пэрсанажа!

10. Вялiкi ёг Хштумрпi валодаў тэхнiкай схаванай мэдытацыi. Ён мэдытаваў безупынна: у тралейбусе, ва ўнiвэры i нават на п'янках i ў клюбе. I ўсiм сваiм сябрам ён заўсёды распавядаў, што безупынна мэдытуе. Сябры ня верылi ёгу Хштумрпi i частавалi ёга Хштумрпi пiвам i гарэлкай.

11. Лагшмуварна еў свiнiну. За гэта ён рэiнкарнаваў у свiнню. "Хм, я адкрыў спосаб кiраваць рэiнкарнацыяй!" — падумаў Лагшмуварна i згрыз маленькага хлопчыка.

12. Лупанiшада мэдытаваў на ровары. Ён увогуле ўсё рабiў на ровары. З яго ўсе ёгi сьмяялiся, нават Хвандрапхара i Валабуеў.

13. У Руштакармы было дзьве кармы. Ён то адной пакарыстаецца, то другой, то зноў першай. А часам адну карму пазычаў ёгу Свамусвандру, калi ёг Свамусвандра не хацеў плямiць сваю.

14. Хвандрагора меў 40 000 жыцьцяў i ў кожным жыцьцi мэдытаваў 10 000 год. А Хвандрагораў кот меў 9 жыцьцяў i нi ў адным жыцьцi не мэдытаваў. Але абодва яны любiлi грэцца на сонейку.

15. Урункштабi мэдытаваў на вяршынi Джамалунгмы. Прачнецца ранiчкай, зяхне разоў тры, залезе на Джамалунгму дый мэдытуе сабе да вечара. А вечарам назад злазiў, бо халаднавата было.

16. Маршал Жукаў мэдытаваў над кветкаю лотаса. Гэта яшчэ ў пазамiнулую iнкарнацыю было, у сямнаццатым стагодзьдзi.

17. Маштрагорна мэдытаваў 55 000 год, перад тым як дасягнуць нiрваны. А кiтайцы цяперака па 200, па 300 памэдытуюць i хоп -- нiрвана. Дык махатмы з бадхiсатвамi прыдумалi, што кiтайская нiрвана ня лiчыцца.

18. Кшулпiвара мэдытаваў 500 000 год, як раптам у яго ўсё абнулiлася. Давялося мэдытаваць па новай яшчэ 200 000 год.

19. Дэн Лэйк мэдытаваў 45 год, каб патрапiць у Кнiгу рэкордаў Гiнэса. Кшулпiвара даведаўся, дык памёр ад сьмеху i рэiнкарнаваў у малпу шымпанзэ.

20. Махатма Джыджы i бадхiсатва Джыгi-Джыгi вельмi любiлi сустрэцца пасьля працоўнага дня, узяць пiва пад рыбку ды згуляць партыю ў дурня на пстрычкi i шчалбаны.

21. Гiтлер быў махатма 22-га ўзроўню i бадхiсатва 39-й ступенi. А Сталiн быў махатма 35-га ўзроўню i бадхiсатва 19-й ступенi. А Брэжнеў быў махатма 4-га ўзроўню, а затое бадхiсатва 42-й ступенi.

МАРШАЛЫ

Маршал Жукаў рабiў з пясочку пiражкi. А маршал Конеў на iх наступiў. А маршал Жукаў цюкнуў яго шуфлiкам. А мiма прабягаў нейкi гэнэрал-маёр, дык яны яго накастылялi.

Маршала Жукава спаймаў кантралёр за вуха. А маршал Конеў вырваўся i зьбёг. А мiма прабягаў нейкi гэнэрал-маёр, дык маршал Конеў яго накастыляў.

Маршал Жукаў купiў жуйку i даў палову маршалу Коневу. А маршал Конеў купiў пiсталет i даў пастраляць маршалу Жукаву. А мiма прабягаў нейкi гэнэрал-маёр, дык яны яго накастылялi.

Маршал Жукаў ездзiў на велiку. А маршал Конеў бегаў ззаду. А потым маршал Конеў стамiўся i прысеў адпачыць. А мiма прабягаў нейкi гэнэрал-маёр, дык яны яго накастылялi.

Маршал Жукаў прыйшоў да маршала Конева. А мама маршала Конева сказала, што маршал Конеў захварэў. А маршал Жукаў перадаў маршалу Коневу снiкерс i чарапашак-нiндзя. А мiма прабягаў нейкi гэнэрал-маёр, дык маршал Жукаў яго накастыляў.

Маршал Жукаў i маршал Конеў елi кашу. А каша была нясмачная. А хутка былi мульцiкi. А мiма прабягаў нейкi гэнэрал-маёр, дык яны яго не накастылялi.

Маршал Жукаў перайшоў лiнiю Манэргэйма. А маршал Конеў хацеў таксама перайсьцi лiнiю Манэргэйма, але зачапiўся. А мiма прабягаў нейкi гэнэрал-маёр, накастыляў маршала Конева i зьбёг ад маршала Жукава. А затое праз тры днi прыехаў маршал Варашылаў, яны пайшлi на лiнiю Манэргэйма, спаймалi гэнэрал-маёра i накастылялi яго аж утрох.

Маршал Жукаў закахаўся ў дзяўчынку з першага "А". А маршал Конеў закахаўся ў дзяўчынку з першага "Б". А маршал Жукаў дапамагаў яму пiсаць любоўнае пасланьне. А ў вакно зырыў нейкi гэнэрал-маёр, дык яны яго потым спаймалi i накастылялi.

Маршалу Жукаву купiлi кампутар. А маршалу Коневу купiлi прыстаўку. А ў маршала Варашылава быў вiдэёмагнiтафон i кухонны камбайн. А ў аднаго гэнэрал-лейтэнанта -- нават цэлая вiдэёкамэра.

Маршал Жукаў граў на скрыпцы. А маршал Конеў граў на баяне. А аднаму гэнэрал-лейтэнанту купiлi электрагiтару, а ён усё роўна граць ня ўмеў.

Маршал Жукаў ездзiў на "Запарожцы". А маршал Конеў ездiў на "Жыгулях". А маршал Жукаў спрачаўся, што "Запарожац" круцейшы. А адзiн гэнэрал-лейтэнант рассякаў на "Маздзе".

Маршал Жукаў i маршал Конеў паехалi за горад на дзедавым ровары. А адзiн гэнэрал-лейтэнант паехаў з iмi на нямецкiм горнiку з васямнаццацю перадачамi. А потым гэнэрал-лейтэнант стамiўся, дык давялося павярнуць назад.

Маршал Жукаў умеў варыць пяльменi. А маршал Конеў умеў смажыць яечню. А адзiн гэнэрал-лейтэнант умеў рабiць малочны кактэйль.

Маршал Варашылаў зламаў нагу. А маршал Жукаў i маршал Конеў хадзiлi да яго ў больнiцу. А адзiн гэнэрал-лейтэнант перадаваў яму ананасы.

Маршал Жукаў паступiў у музычную вучэльню. А маршал Конеў заняўся кампутарамi. А маршал Варашылаў заляцеў з дзевяцiкласнiцай i пайшоў на завод. А адзiн гэнэрал-лейтэнант зьехаў у Амэрыку па грын-карце.

Маршал Жукаў жыве на Каменнай Горцы. А маршал Конеў жыве на Лошыцы. А маршал Варашылаў жыве з бацькамi на Берасцянскай. А на шашлыкi яны ездзяць усе разам. А адзiн гэнэрал-лейтэнант усё выбiраецца да iх у госьцi.


Таццяна Мацюхіна

Сайт создан в системе uCoz