Рыхтуем да выдання
Арыенцір – «Поўнач-Поўдзень»

Зверымся з паказаннямі бартавога камп’ютара. Наш сённяшні арыенцір – «Поўнач - Поўдзень»!

Сёння ў нашай рубрыцы прапануецца Вашай увазе зборнік «Поўнач-поўдзень: абрысы каляндарна-абрадавай песеннай традыцыі». Апрача багатага ілюстрацыйнага матэрыялу ў зборніку будуць змешчаныя таксама і метадычныя ўказанні і рэкамендацыі па збіранні фальклорных адзінак, апрача таго – некаторыя цікавыя факты. Спецыфіка канкрэтна гэтага выдання ў тым, што зборнік утвораны з дзвюх узаемадапаўняльных структурных частак – уласна, «Поўнач» і «Поўдзень». Матэрыял кожнага з раздзелаў рэпрэзентуе адметныя рэгіянальныя асаблівасці – на моўным, сюжэтным і жанравым ўзроўнях. Кніга падрыхтавана ў плённым супрацоўніцтве розных вышэйшых навучальных устаноў, што, такім чынам, дазваляе зірнуць на фальклор ува ўсёй яго шматграннасці. Так, рэдактарамі праекта выступаюць кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэорыі літаратуры БДУ Рыма Кавалёва і прафесар БДАМ Ларыса Касцюкавец. Складальнікамі выдання, адказнымі за падбор твораў, з’яўляюцца кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэорыі літаратуры БДУ Вольга Прыемка і супрацоўнік ВНЛ «Беларускі фальклор», магістр філалогіі Маргарыта Латышкевіч; музыкальныя ж частка складзена намаганнямі кандыдата мастацтвазнаўства, супрацоўніка кабінета народнай музыкі БДАМ Лілія Баранкевіч. Усе выкарыстаныя музычныя матэрыялы зберагаюцца ў кабінеце народнай музыкі БДАМ, загадчыкам з’яўляецца кандыдат мастацтвазнаўства Таццяна Бярковіч.

Асобна варта адзначыць дапамогу выпускніцы БДАМ, студэнткі БДУКМ Веранікі Анцілеўскай, якая займалася камп’ютарным наборам нот у «Дадатку» і зараз працягвае плённа супрацоўнічаць з ВНЛ «Беларускі фальклор», дапамагаючы з захаваннем і ўпарадкаваннем аўдыёматэрыялаў лабараторыі.

Першая кніга серыі будзе прысвечана веснавым песням і дазволіць параўнаць спецыфіку святкаванняў вясны на Поўдні і Поўначы.

Зборнік, несумненна, зацікавіць як студэнтаў, так і ўвогуле аматараў народнай творчасці любога ўзросту.

У якасці ілюстрацыі мы абралі арт з серыі «Беларускі каляндар 2008. Неба і зямля: спевы краю» мастачкі Яўгеніі Сухаверхавай, які непроста ўпрыгожвае наш электронны альманах, але і выдатна ілюструе зборнік.

Таму вызначайце курс, капітан. Наш арыенцір - «Поўнач - Поўдзень».

Курс пракладала Маргарыта Латышкевіч

Сайт создан в системе uCoz