Асобы
Васіль Ліцьвінка

Благаславенне на працу…

Шчаслівыя тыя людзі, на жыццёвым шляху якіх сустракаюцца асобы – вызначальнікі лёсу, здольныя ўбачыць іх патэнцыял і накіраваюць яго ў плённае рэчышча. І я як раз такі шчаслівы чалавек, таму што на маім жыццёвым шляху такіх АСОБ было дзве: Васіль Дзмітрыевіч Ліцьвінка і Рыма Мадэстаўна Кавалёва. Усё, што я сёння маю як выкладчык, як загадчык, як прафесіянал, – гэта найперш ваша, мае паважаныя настаўнікі, заслуга.

А пачалося ўсё з 1 курса філалагічнага факультэта, падчас лекцый па вуснай народнай творчасці, якія чытаў нам Васіль Дзмітрыевіч Ліцьвінка. Як сёння памятаю, з якім захапленнем распавядаў ён пра народныя песні, з якім смакам сыпаў прыказкамі “да месца”, як мякка і замілавана спяваў “А ў полі вярба нахілёная // – Маладая дзяўчынонька заручоная…” Яго лекцыі можна параўнаць з тэатрам аднаго акцёра: у цэнтры асоба, якая пражывае жыццё на сцэне, аддаючы сябе да кропелькі, заахвочваючы сваім прыкладам да нечага важнага, неабходнага.

Так сталася, што сваю фальклорную практыку я праходзіла пад кіраўніцтвам Васіля Дзмітрыевіча. Калі я прывезла са сваёй малой радзімы, вёскі Пярэдзелка Лоеўскага раёна, касету з песнямі нашай знакамітай спявачкі Ніны Адамаўны Рэвянок, Васіль Дзмітрыевіч так захапіўся гэтым матэрыялам, што пакінуў аўдыёкасету з запісамі ў сябе, і я яшчэ не раз чула голас Ніны Адамаўны ў яго кабінеце. Дарэчы, прызнаюся: аформіла я тады сваю справаздачу па фальклорнай практыцы не належным чынам (прывезла расшыфраваныя запісы ў дзённіку, саму касету, але папку не афармляла – ужо не памятаю, чаму так атрымалася: ці то я не зразумела, як трэба было зрабіць, ці то зусім не ведала. Адным словам, была студэнткай 1 курса). Як раз тады, пасля практыкі, Васіль Дзмітрыевіч запрасіў папрацаваць у архіве па прыёмцы новых фальклорных матэрыялаў на пасадзе лабаранта без катэгорыі. Я згадзілася і працавала ў лабараторыі пасля заняткаў увесь першы семестр ІІ курса. Тады ж Васіль Дзмітрыевіч заахвоціў мяне напісаць па выніках фальклорнай практыкі артыкул, нават параіў абраць аб’ектам зафіксаваны ў вёсцы Дзяражычы Лоеўскага раёна абрад “Провады русалкі”. Калі я прынесла яму тое, што ў мяне атрымалася, ён сказаў: “А вы ўмееце пісаць”, і прапанаваў аднесці артыкул у часопіс “Роднае слова” да самога галоўнага рэдактара, яго добрага знаёмага спадара Шавыркіна. Так, з лёгкай рукі Васіля Дзмітрыевіча, пабачыла свет мая першая публікацыя – артыкул “Ах, мая русалачка, летні ты цвяточак… Абрад “Провады русалкі” ў сучасным выяўленні”.

Тады ж я ўпершыню папрысутнічала на абароне кандыдацкай дысертацыі ў Акадэміі навук, куды запрасіў мяне Васіль Дзмітрыевіч. Абаранялася Вольга Віктараўна Прыемка, мая сённяшняя калега па кафедры тэорыі літаратуры. Памятаю, як натхнілася я тады самой атмасферай навукі, як на крылах ляцела з пасяджэня Вучонага савета па абароне дысертацый ІМЭФ, адчуваючы неверагодны ўздым і жаданне да новых здзясненняў.

На працягу майго навучання на філалагічным факультэце я не раз прыходзіла ў лабараторыю фальклору да Васіля Дзмітрыевіча абмеркаваць штодзённыя праблемы, параіцца, проста паразмаўляць з цікавым чалавекам. Неяк на курсе 4-5 падчас такіх размоў Васіль Дзмітрыевіч нечакана запытаўся: “Ці не згадзіцеся вы з часам замяніць мяне на пасадзе загадчыка лабараторыі?” Прызнаюся, пытанне здзівіла, і я нават разгубілася, але сказала, што згодна, і падзякавала яму за давер. Хто б мог падумаць, што праз нейкія там 7-8 гадоў усё так і будзе?! Я ж тады толькі заканчвала ўніверсітэт, і мая будучыня яшчэ была зусім цьмянай. Але не для Васіля Дзмітрыевіча: яго прадбачлівасць крочыла далёка наперад.

Вось такой атрымалася мая сцежачка ў абдымкі фалькларыстыкі, а дапамог мне яе праторыць яшчэ на І курсе менавіта Васіль Дзмітрыевіч. Дзякуй вам, паважаны настаўнік, за гэта. І ведайце: справа вашага жыцця – фальклорны архіў БДУ – у надзейных руках вашых спадкаемцаў.

Таццяна Марозава,
загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору філфака БДУ,к.ф.н., дацэнт

Сайт создан в системе uCoz