Свабоднае дыханне паэзіі

"Но вы, мои бесценные друзья..."

Гэта радок з верша Людмілы Плотнік, бясцэннай сяброўкі, аднакурсніцы. Люда Буйкевіч перавялася да нас на другі год з завочнага аддзялення. І змянілася атмасфера на курсе. Яна стала свежай, лёгкай, творчай.

З Міколам Чарняўскім мы не былі блізкімі сябрамі. Вучыліся на розных аддзяленнях - ён на беларускім, я на рускім. Колькі гадоў прайшло, а мы абодва памятаем той дзень, калі разам цягнуліся з плошчы Свабоды па калдобінах і канавах, якія ўшчэнт зараслі моцнай ліпеньскай лебядою, да адзінокага будынка на вуліцы Дзімітрава, - студэнцкага інтэрната, куды нас, тадышніх абітурыентаў, накіравалі на пражыванне. І гэты шлях нас нібыта парадніў на ўсё жыццё. Міколу ўрэзалася ў памяць, што ён трымаў пад пахай батон. Гэты важны гістарычны факт з маёй галавы выляцеў. Затое добра памятаю радкі з яго вершаў. Яны простыя і неяк адразу ляглі на слых мне і маёй дачцэ. Свой зборнік вершаў Мікола падарыў нам з выпадку сустрэчы ў Доме друку.

Хто вы, сённяшнія юнакі і дзяўчаты? Як вы ідэнтыфікуеце сябе і як ідэнтыфікуюць вас?

А маіх аднакурснікаў Людмілу і Міколу ідэнтыфікаваць лёгка: яны з зайздростнага пакалення шасцідзесятнікаў. Іх вершы - карціна аўтарскай веры, усяго толькі фрагменты сучаснай паэзіі, але вы ўбачыце, як дзіўным чынам творы, такія розныя, складаюцца ў агульную карціну духоўнасці. Мае бесцэнныя аднакурснікі вельмі сапраўдныя - цэльныя і рознабаковыя, правільныя і смяшлівыя, высокаадукаваныя і сціплыя. Я ганаруся імі, захапляюся іх талентам, стойкасцю да разбуральных працэсаў, што закранулі грамадства, жыццёвай энергіяй, смелым і радасным успрыманнем нашага свету. Яны не заблыталіся ў маральных праблемах, не згубіліся і не разгубіліся. Іх жыццё - гэта ў поўным сэнсе сваё жыццё, непадуладнае кан'юнктурным павевам. Яны прыгожа і годна ідуць па лініі свайго лёсу разам з Беларуссю."Просто в сердце вселила к себе // Этот край "Родны кут," Беларусь" - так па-руску гаворыць Людміла Плотнік. Выразнасць жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі, ідэалаў і памкненняў аўтараў яднае паэзію Людмілы і Міколы.

І яшчэ. Мне здаецца, што сённяшні альманах "Дзьмухавец" абавязаны сваім нараджэннем і Людміле таксама. Калісьці мы, маладыя і амбітныя другакурснікі, з верай у сваё філалагічнае прызванне, натхніліся, дзякуючы імпэту Люды Буйкевіч, на калектыўную творчасць. Неяк спантанна арганізаваліся на вядзенне рукапіснага альманаха. Агульны сшытак "у клетачку" пераходзіў з рук у рукі. Бяры і пішы! Вы, сённяшнія студэнты, нават не можаце сабе ўявіць, што з намі было! Камсамольскі сход! Жудасны разнос! Выкрыванне! За што? За нейкі сшытак?! А што вы там пішаце? Вершы, прозу, эсэ? А чаму вы смеяцеся? І над чым? "Пісьменнікам" вымову! Сшытак канфіскаваць! Хочаце пісаць - пішыце ў сценгазету!

Дзе той сшытак і вершы Люды Буйкевіч, што былі ў ім? Але, відаць, і на нашым прыкладзе можна пераканацца, што сапраўды ні рукапісы не гараць, ні альманахі бясследна не знікаюць.

Тэма студэнцкага гумарыстычнага верша Люды пра Карла і Клару адгукнулася ў сённяшнім іранічным аб маравой пошасці нашых дзён - бясконцых серыялах з дурнаватымі персанажамі:

Кстати, о сериалах
Иронические стихи

У ветреной Клары Карл выкрал кораллы,
А Клара у Карла в отместку - кларнет.
С тех пор логопеды до полной победы
Твердят всем картавым нехитрый сюжет.

Но в век сериалов нам этого мало,
И мне захотелось продолжить сюжет.
Той Кларе с кларнетом вдруг встретился летом
Какой-то случайный, заезжий корнет.

Все было в корнете: играл на кларнете,
Подкручивал ус и чарльстон танцевал.
И глупая Клара поверила чарам
(почти что задаром!), но грянул скандал.

Пропали у Клары кларнет и кораллы,
А вместе с корнетом и Кларина честь
                                    (вся как есть!).
Во время обеда об этом проведал
Обид не простивший злопамятный Карл.

Он продал на рынке в бразильской глубинке
Кораллы от Клары, купил пистолет.
Он киллера нанял и отдал задаток -
Застрелен быть должен коварный корнет.

Убравши корнета, владельцем кларнета
Наш Карл без проблем становился опять.
А что же до Клары, зачем ей кораллы?
Она просто дура, ну что с нее взять?!

Хто ведае, ці з'явіўся б "Дзьмухавец!", калі б не было прэцэдэнта - таго даўняга студэнцкага альманаха. Невялікі "выдавецкі" вопыт дарма на прайшоў, і я здолела пераканаць сваіх калег-фалькларыстаў, што ўсё магчыма, што мы можам выйсці ў прастору інтэрнэта з нашым фальклорна-этнаграфічным і літаратурна-мастацкім "Дзьмухаўцом".

Нам вельмі б хацелася, каб на старонках альманаха з'явіліся прозвішчы не толькі маіх аднакурснікаў (пакуль што адгукнуўся, дзякуй яму, Мікола Маляўка), але і іншых выпускнікоў-выхаванцаў філфака БДУ.

Адгукайцеся, пішыце, дасылайце!

Рыма Кавалёва (Бурдзілава)

Сайт создан в системе uCoz