"Прынясі мне хоць пад языком"
Вячаслаў Рагойша
Вячаслаў Рагойша, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры.

ТАК “ПРЫХОДЗЯЦЬ” ПЕРАКЛАДЫ

Кафедра наша, як і любая ўніверсітэцкая кафедра, – установа навуковая і, здавалася б, далёкая ад “чыстага” мастацтва. Тым не менш, без мастацкай творчасці, у чым бы яна ні выяўлялася – у спевах, у танцах, у вершаванні і г. д., – не абыходзіцца, бадай, ніводны чалавек з нашага калектыву. Дастаткова сказаць, што тры сябры кафедры – прафесары А. М. Андрэеў, В. П. Рагойша і дацэнт М. П. Кенька – члены пісьменніцкіх Саюзаў…

Што датычыць вашага пакорнага слугі, то яшчэ са школьных гадоў да мяне “прыходзяць”, часам зусім нечакана, вершы. Асобныя з іх увайшлі ў кніжку “Полюс цяпла” (2007). Часам “прыходзяць” не толькі ўласныя вершы, але і пераклады вершаў іншых паэтаў. “Прыходзяць” дзякуючы падчас зусім нечаканым сустрэчам з яскравымі арыгіналамі, а таксама з творцамі гэтых арыгіналаў. Маю на ўвазе перш за ўсё паэтычныя пераклады, якія склалі маю кніжку “Вочы ў вочы, мыслі ў мыслі” (2013)…

Несумненна, калі б у канцы 1974 года пісьменніцкі лёс не закінуў мяне на стажыроўку ў газету Сярэднеазіяцкай вайсковай акругі “Боевое знамя”, рэдакцыя якой, як і штаб акругі, месцілася ў тагачаснай сталіцы Казахстана Алма-Аце (так тады называўся Алматы), не было б і маіх перакладаў, якія я прапаную сёння “Дзьмухаўцу”. Як не было б, відавочна, сустрэчы, знаёмства, а пасля і шматгадовага таварышавання з іх аўтарам – вядомым казахскім пісьменнікам і літаратуразнаўцам Сагінгалі Сяітавым.

А пазнаёміцца з ім, як з яшчэ з двума выдатнымі літаратарамі, што ў час Вялікай Айчыннай вайны ваявалі ў Беларусі – празаікам Адзіем Шарыпавым і паэтам Джубанам Мулдагаліевым, параіў мне намеснік галоўнага рэдактара “Боевого знамени”, беларус з Магілёўшчыны палкоўнік Дзмітрый Післякоў. “Ці не хацелі б вы сустрэцца з казахскімі пісьменнікамі, якія ваявалі ў Беларусі? – спытаўся Дзмітрый Яфімавіч, які ўвесь пасляваенны час праслужыў у Сярэдняй Азіі і Казахстане і быў знаёмы ледзь не з усімі мясцовымі майстрамі пяра. – Я магу дапамагчы ў гэтым”. Зразумела, хацеў. І ўжо праз некалькі дзён я расчыняў дзверы акадэмічнага Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. Аўэзава, дырэктарам якога тады працаваў Адзій Шарыпаў, а загадчыкам аддзела тэксталогіі і рукапісаў – Сагінгалі Сітаў…

Праўда, перад тым як сустрэцца з Сяітавым, я наведаў гарадскую бібліятэку: асабістае знаёмства з пісьменнікам, гутарку з ім трэба пачынаць са знаёмства з яго творчасцю, з тым, што напісана пра яго. З рускамоўнага перыядычнага друку, некалькіх зборнікаў яго вершаў, перакладзеных на рускую мову, я зразумеў: хутка я ўбачу стваральніка прачулых лірычных твораў з выразнай грамадзянскай, маральна-этычнай пазіцыяй, былога салдата, пасля – карэспандэнта газеты Паўночна-Заходняга фронту “За Родину”…

Вось так “прыйшлі” гэтыя пераклады.

САГІНГАЛІ СЯІТАЎ
(1917 – 2007)

МАЯ АНКЕТА
          Жыццё сваё ў анкету я пішу.
Гады, імёны, даты варушу.
Адкрыю вам шматлікія падзеі,
Ды як адкрыць мне вам сваю душу?
          У той анкеце – маці, жонка, сын,
Прафесія і праца – жумысым.
Але скажыце, як занатаваць мне
Надзеі і тугу маіх сівін?
          І там, дзе шлях жыццёвы – нібы дым,
Дзе лічбамі, бы ў арміі, стаім,
Скажыце, ці магчыма на паперы
Змясціць мае жаданні – арманым?
          Анкеты… Божа, як жа многа іх!
На здымках бесклапотна я прыціх.
Ды жарсць маёй душы шукайце, людзі,
Ў залатаносных жылах строф маіх!

БРЭСТ
Гэты горад я ў сэрцы сваім берагу,
Я дагэтуль забыць пра яго не магу.
Помню, як баранілі мы родныя сцены,
Як па ворагу цэліўся я з трыснягу.

Грукаталі грамы, выў шалёна метал.
Помню добра фашыста звярыны аскал,
Помню прысак, што клікаў да помсты, і помню,
Як стаялі на смерць мы за кожны квартал.

Я астыць ад агню, супакоіць свой гнеў
Не магу і дасюль ні на яве, ні ў сне.
І ляцяць з тых пажараў пякучыя іскры,
Паляць сэрца і ярасць зноў будзяць ва мне.

КАНСТАНЦІН ЗАСЛОНАЎ
          Мой любы сабрат, беларускі Каўпак,
Не веру, – жыццё не спыняецца так:
Сцяною разбуранай, зрэзаным дрэвам,
Патушаным воклічам даўніх атак.
          Душа не згаджаецца з чорнай каймой.
Заслонаў, ты зноў узнімаешся ў бой!
Прарваўшы блакаду жалобнае рамкі,
На Оршу і Гомель вядзеш за сабой.
          Усюды – сябры. Дык вядзі ж, камандзір!
Пра подзвіг твой песні гайдаюць эфір,
І нават у сне нашы ворагі помняць,
Як біўся Заслонаў, народны батыр.
          У скверыку тым, дзе спакой, цішыня,
Ты свет азіраеш з граніту штодня.
І хоць ты застыў з неўзарванай гранатай –
Асколкі ад выбуху й сёння звіняць…

УЗГОРАК
          Ты не значыўся ў зводках ніколі.
Не сяло і не горад ты,
А ўсяго толькі ўзгорак у полі,
Дзе раслі трава і кусты.
          Не заўважыш цябе на карце,
І не мог пра цябе я знаць.
Ні адзін журналіст не страціў
І хвіліны – цябе апісаць.
          Толькі ты даражэй мне стократна
Многіх вёсак, што з ходу ўзялі.
Кроў мая і сяброў маіх ратных –
У тваёй,
У свяшчэннай зямлі.

МАЁ ІМЯ
          Не моўк тры дні артылерыйскі хор.
К зямлі агнём прыпаяна пяхота.
Нарэшце уляцела, як віхор,
У беларускі горад наша рота.
          Мы з боем здабывалі кожны дом,
Гула наўкол атака штыкавая.
І тут з руін, знявечаных суздром,
Да нас дзяўчына выбегла сівая.
          Ад радасці заплакала наўзрыд
І раптам чайкай мне на грудзі ўпала.
О колькі болю і пякучых крыўд
У выцвілых вачах яе палала!
          Свіціўся кос яе бялявы шоўк,
Іскрылася на твары слёз шрапнеля.
– О родны мой!
Нарэшце ты прыйшоў! –
Шаптала мне, прыпаўшы да шынеля.
          Скрозь грукат бою, перасыкі куль
Яна казала, тулячы салдата:
– Хоць я не знаю, хто ты і адкуль,
Ты брат мне сёння, й застанешся братам!
          Калі зямля ў пажарах і крыві,
Становяцца мацней братэрства ніці.
Прашу: імя сваё мне назаві,
Мой браце,
Мой заступнік,
Мой збавіцель! –
          Вайна дарэшты надаела мне,
Салдацкі лёс дашчэнту перамучыў,
Ды глянуў на дзяўчыну ў сівізне –
Вінтоўку сціснуў і сказаў рашуча:
          – Фашысцкі звер спаліў твой родны дом.
За кроў і слёзы нашага народа
Мы звера ў берлагу яго даб’ём!
А як завуць?
Мяне завуць… Свабода!!!

* * *
          Там, дзе, здавалася б, смерць не міне –
Смерці кажу: “Пастой!..”
Дзесьці пад Мінскам дагнаў мяне
Канверцік трохкутны твой.
          Колькі трывогі за долю маю
У кожным радку пісьма!..
Смерць сцеражэ салдата ў баю,
Ты разумееш сама.
          Фронт і вайна – не святочны той.
А я не змяніўся, не!
Я ім застаўся – самім сабой –
Нават тут, на вайне.
          Праўда, дзе ўсмешка была,
На твар
Лютасць лягла таўром.
Ды не счарсцвела душа, як сухар,
І пад пякельным агнём.
          Толькі пабачу трохкутны канверт –
І на душы кветабой.
Любая! Я адгароджан ад бед
Каханнем тваім.
Табой.

МІНСК
          Дарога з Мінска на Маскву.
І шлях прамы, не коўзкі.
Але не хутка наяву
Я ўбачу край бацькоўскі.
          Сасна махае мне здаля,
Бягуць прысады цугам –
Так беларуская зямля
Развітваецца з другам.
          Я думкаю – дзе гэта шыр.
Тут пáлі ў бітве смела
І Ескаліеў – наш батыр,
І беларус Гастэла.
          З казахскім іменем Джакып –
У сэрцы верш Якуба.
Ягонай мовы кожны зык,
Як і маёй,
Мне любы.
          Краіна вольная пяе.
Напевы ў даль марскую
Адносіць Свіслач.
Пра яе,
Яе салдат,
Сумую.
          О Мінск!
Я ў мужнасці тваёй –
І памяццю, і верай.
Ты ў біяграфіі маёй –
Радок, вайной завераны.
          Каб красаваў сягоння ты,
Ішоў у бой крывавы я.
Відаць мне нат з Алма-Аты
Тваё начное зарыва.