З вопыту арганізацыі і правядзення фальклорнай практыкі на факультэтах беларускай і рускай філалогіі і прыродазнаўства бдпу імя м. Танка
Фальклорная практыка – надзвычай важны кампанент падрыхтоўкі настаўніка-філолага. Яна дазваляе глыбей пазнаёміцца з традыцыйнай народнай культурай, лепш зразумець людзей – носьбітаў фальклорных традыцый, асэнсаваць каштоўнасць традыцыйнай спадчыны. Фальклорная практыка праводзіцца летам на першым курсе навучання студэнтаў. К гэтаму часу студэнты заканчваюць вывучэнне курса «Вусная народная творчасць», здаюць экзамен і могуць самастойна збіраць фальклорныя тэксты.
У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка фальклорная практыка праводзіцца на беларускім аддзяленні факультэта беларускай і рускай філалогіі. Згодна з вучэбнымі планамі студэнты праходзяць яе самастойна па месцы жыхарства і прадстаўляюць кіраўніку практыкі справаздачу і сабраны матэрыял, аформлены належным чынам. Такая форма практыкі, безумоўна, мае шмат станоўчых момантаў. Студэнт збірае матэрыял у той мясцовасці, дзе ён нарадзіўся, а значыць, добра ведае тых людзей, ад якіх запісвае тэксты, ведае асаблівасці гаворкі, што практычна выключае сэнсавыя памылкі пры запісах тэкстаў. У выпадках, калі студэнт не знаёмы з выканаўцамі сам, то знаёмыя з імі яго блізкія ці сябры. Пра гэта студэнты пішуць у сваіх справаздачах
У апошнія гады збіранне фальклорных твораў суправаджаецца пэўнымі цяжкасцямі. Студэнтаў-вяскоўцаў становіцца ўсё менш. Большасць – жыхары гарадоў. У многіх на вёсках увогуле няма сваякоў: «У вёсцы жыла толькі мая прабабка, але яна памерла, як я яшчэ ў школу хадзіла. А бабуля і дзядуля заўсёды жылі ў нашым горадзе». Носьбітаў традыцыйных фальклорных жанраў знайсці становіцца ўсё цяжэй. У пошуках матэрыялу студэнты накіроўваюцца ў незнаёмыя ці малазнаёмыя ім паселішчы і спрабуюць запісаць тэксты ад выпадковых людзей. Некаторыя пры гэтым задзейнічаюць сваіх бацькоў. «Маміна знаёмая на рабоце сказала, што шмат песень павінны ведаць жыхары яе вёскі, бо там яшчэ жывуць старыя людзі. Мы паехалі туды на машыне – мама, тата і я. Гэта тое, што ўдалося запісаць», – сказала студэнтка і працягнула касету і некалькі картак. На картках – адна калядная песня, адна вясельная і чатыры пазаабрадавыя. На пытанне, ці спадабаліся ёй песні, дзяўчына адказала: «Мне не вельмі. Яны сумныя. А маме спадабаліся. Яна ўсю дарогу, як вярталіся, спявала “Ня ўсе тыя сады цвітуць”, каб не забыцца мелодыю». «Мы таксама ездзілі на машыне з бацькамі, – уступіла ў гутарку другая студэнтка. – Проста селі і паехалі. Заехалі ў адну вёску, у другую. Людзі былі вельмі здзіўлены. Але сустракалі прыязна. Спяваць, праўда, не вельмі хацелі, але расказвалі шмат».
Вялікую ролю пры такой практыцы адыгрывае ступень валодання студэнтамі пытаннямі тэарэтычнага курса. Слабае веданне тэорыі, недастатковае разуменне традыцый, блытаніна ў жанрах і жанравых разнавіднасцях фальклора, нявыпрацаванасць навыкаў апытвання інфармантаў, разгубленасць перад імі прыводзіць да малой колькасці запісаў. Колькі разоў, праслухоўваючы касеты студэнтаў, натыкалася: «Раскажыце яшчэ што-небудзь. Праспявайце якую-небудзь песню. Любую. Мне вельмі трэба. Ну хоць што-небудзь. Ну хоць адну». Недастатковая падрыхтаванасць студэнтаў-першакурснікаў да самастойнага збірання, тое, што яны не могуць атрымаць кансультацыю кіраўніка падчас збірання фальклору, адмоўна адбіваецца як на колькасці, так і на якасці запісаў. Студэнтам-першакурснікам цяжка працаваць самастойна.
На факультэце прыродазнаўства на працягу амаль дзесяці гадоў вялася падрыхтоўка настаўнікаў па спецыяльнасці «Геаграфія. Беларуская мова і літаратура». У межах падрыхтоўкі па другой спецыяльнасці была прадугледжана вучэбная дысцыпліна «Беларуская вусная народная творчасць» і выязная вучэбная практыка па беларускаму фальклору. Практыка праходзіла на ўніверсітэцкай базе, якая размяшчалася каля в. Лунна Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Нам пашанцавала з месцам правядзення практыкі. Багатая гісторыя і цікавыя традыцыі. У Мастоўскім раёне знаходзяцца некалькі цікавых культурных аб’ектаў, якія варта было наведаць. Адным з іх з’яўляецца вядомы ў рэспубліцы Музей народнай культуры, створаны А. М. Белакозам. Размешчаны ён у старым будынку школы в. Гудзевічы. Студэнты былі ў захапленні ад музея і ад сустрэчы з А. М. Белакозам, чалавекам, улюбёным у народную культуру. Кожны год мы абавязкова ездзілі на магілу легендарных Яна і Цыцыліі, гісторыю жыцця якіх і дагэтуль з гонарам расказваюць жыхары в. Багатырэвічы. Дарэчы, яна адрозніваецца ад мастацкай версіі Э. Ажэшкі, прыведзенай у рамане «Над Нёманам». Нельга было абыйсці ўвагай вёску Дубна з самай вялікай на Беларусі праваслаўнай царквой XIX ст., тым больш, што знаходзілася яна недалёка, у сямі кіламетрах ад базы нашай практыкі.
Першыя гады мы працавалі па стандартнай схеме – збіралі фальклорныя адзінкі. Вяскоўцы сустракалі нас прыязна. Ім падабалася ўвага да іх «вясковых песень» з боку «гарадской моладзі». Яны чакалі нашага прыходу, стараліся ўспомніць больш песень, цікавыя гісторыі, легенды і паданні. Часам складвалася ўражанне, што некаторыя з прапанаваных твораў яны прыдумалі самі, як бы зноўку пачалі ствараць сваю мясцовую гісторыю. Ім вельмі хацелася быць цікавымі для нас.
Кожны дзень практыкі прыносіў студэнтам новыя ўражанні. Канечне, сярод студэнтаў былі такія, якіх напачатку нічога не цікавіла. Ім цяжка было наладзіць кантакт з мясцовым насельніцтвам, асабліва таму, што самім гэтага не вельмі хацелася. Намнога прасцей сказаць, што ў гэтай ці той вёсцы людзі ўжо нічога не помняць, не хочуць размаўляць і ўвогуле ніколі нічога не ведалі. Аднак паколькі ў іншых студэнтаў матэрыялу назбіралася шмат, то і гультаям прыходзілася працаваць. У гэтым вялікая перавага выязной практыкі: усе студэнты знаходзяцца ў аднолькавых умовах і кожны навідавоку. Адным можна дапамагчы, другіх паўшчуваць, трэціх паставіць у прыклад, яшчэ больш актывізаваўшы іх дзейнасць. Узнікалі розныя сітуацыі. Узгадаю некаторыя з іх.
Ліпень. Гарачыня. Сярод студэнтаў двое высокіх моцных юнакоў. У першы ж дзень практыкі яны пастрыгліся налыса. Назаўтра пайшлі збіраць фальклор. На вуліцы сустрэлі бабулю. Падышлі. Прывіталіся. Пачалі гутарку: «Мы прыехалі да вас фальклор збіраць». Бабуля, убачыўшы перад сабой двух лысых «бугаёў» у сланцах, кароткіх абшарпаных шортах, адкрытых майках з аплікацыямі рок-музыкантаў, наўрад ці зразумела сэнс сказанага і хуценька закончыла размову: «Нічога, хлопцы, не маю, ні маку, ні самагонкі. Ідзіце з Богам». Хлопцы спачатку разгубіліся. Але на наступны дзень апрануліся прыстойней, захапілі з сабой студэнцкія білеты і зноў пайшлі ў тую самую вёску. На гэты раз вынік быў іншы.
Другая група студэнтаў, разбіўшыся на падгрупы, пайшла па вёсцы Навасёлкі. Праз нейкі час усе сустрэліся каля хаты адной жанчыны, да якой накіроўвалі ўсе вяскоўцы: «Яна была спявачкай над усіх». Жанчыне ўжо было пад восемдзесят. Яна выйшла з хаты і трохі спалохана пазірала на даволі вялікі натоўп – чалавек дзевяць. «Мы прыйшлі да вас, каб апісаць вашы звычаі, традыцыі, абрады», – пачалі студэнты. Жанчына чамусьці расхвалявалася і шпарка пайшла ў хату са словамі: «Зараз я, я хутка». Праз колькі часу яна выйшла з паперамі: «У мяне ўсе дакументы ёсць. Во, глядзіце. Гэта мая хата. Не трэба апісваць. Як апішыце, дзе ж я жыць буду?» Студэнтам удалося супакоіць жанчыну, патлумачыць ёй мэту свайго прыходу, і яна яшчэ шмат разоў запрашала іх да сябе пагутарыць «пра былое».
Прыязна сустрэлі нашых дзяўчат у першы дзень практыкі жыхары Залесак. Студэнткі, мусіць, былі не вельмі ветлівымі. Патрабаванне «фальклорных адзінак» у спалучэнні з абыякавасцю да вяскоўцаў і развязнымі паводзінамі зрабілі сваю справу. На наступны дзень жыхары схаваліся ад іх. «Да якой хаты не падыйдзем – на кожнай замок вісіць. Учора не гаварылі, што сёння некуды пойдуць. Куды дзеліся? Селі на лаўку каля веснічак і чакаем: нехта ж з’явіцца калі-небудзь. Бачым, занавеска на акне кранулася, прыгледзеліся да другой хаты – тое ж самае. Значыць, нешта не так было ўчора», – падвялі вынік сваёй «актыўнай» дзейнасці дзяўчаты.
Такія выпадкі застаюцца ў памяці надоўга. Праз гады, ўбачыўшы некаторых з таго выпуска на вечары сустрэчы, спытала пра нашы заняткі. Яны ўспомнілі не лекцыі, не практычныя, а фальклорную практыку.
Для некаторых гарадскіх студэнтаў такая практыка – адзіная магчымасць бліжэй пазнаёміцца з народнай культурай, ацаніць маральную прыгажосць яе стваральнікаў.
Адна са студэнтак перад фальклорнай практыкай вельмі хвалявалася. У вёсцы ніколі не была: дачка ваеннага. Сціплая, сарамлівая, ціхмяная. Тоненькая, падобная на школьніцу. У вёсцы разгаварылася з бабуляй. Тая запрасіла яе ў хату. Хата вельмі бедная. На драўляным самаробным стале ляжыць хлеб і пячэнне. Жанчына прыносіць са склепа малако і гаворыць: «Ты, дзіця, мусіць, галодная. Я табе малака налью, суседка прынесла, і пячэнне бяры, свежае, учора купіла». Пад уражаннем гэтай сустрэчы студэнтка хадзіла некалькі дзён: «Яна ж сама нічога не мае, а аддае апошняе. Мне сорамна, я так дрэнна, з агідай паставілася да яе выгляду, асудзіла яе беднасць».
Складанасць практыкі на факультэце прыродазнаўства ў наступныя гады была ў тым, што мы па-ранейшаму выязджалі на адну і тую ж універсітэцкую базу. Калі для практык па батаніцы, заалогіі, геалогіі, тапаграфіі гэта было прыймальна (ведалі, якія рэдкія расліны можна знайсці, дзе больш выразна ўбачыць геалагічныя пласты), то для фальклорнай практыкі правільнасць такога рашэння – збіраць матэрыял на адной тэрыторыі некалькі гадоў – выглядала сумніцельнай. Якая карысць у перапісванні адных і тых жа тэктаў? Найбольш хвалявала, як паставіцца да нашага штогадовага прыезду мясцовае насельніцтва. «Вашы бабулі хутка прафесіяналкамі стануць», – жартавалі біёлагі. Паўстала пытанне аб пераводзе нашай практыкі з выязной у самастойную. Аднак, ацаніўшы вартасці і хібы, кафедра тэорыі і гісторыі культуры вырашыла захаваць выязную практыку. Асноўным аргументам на яе карысць стала вучэбная матывацыя: мы павінны не столькі збіраць новы матэрыял, колькі развіваць уменне працаваць з інфармантамі, фарміраваць навыкі збірання і апрацоўкі матэрыялу, пашпартызацыі фальклорных тэкстаў, а таксама выхоўваць у студэнтаў пачуццё далучанасці да народнай культуры. У далейшым мы ніколькі не пашкадавалі пра такое рашэнне.
У наступныя гады мы карэкціравалі праграму практыкі: рабілі фальклорна-этнаграфічныя апісанні вёсак, праводзілі анкетаванні, пісалі нарысы і, канечне, запісвалі фальклорныя тэксты. Можа падацца дзіўным, але кожны год нам удавалася запісваць новыя тэксты ці іх варыянты і нават новых інфармантаў. Так, у в. Лунна ў першы год практыкі мы пазнаёміліся з жанчынай, якая з задавальненнем паказала нам свае вышыванкі і праспявала некалькі песень. У наступныя гады яна вучыла нашых дзяўчат танцаваць, агітавала суседак далучыцца да танцаў і толькі на чацвёрты ці пяты год знаёмства прызналася, што замаўляе «ад спуду» і «ад рожы». Было вельмі прыемна, прыязджаючы ў чарговы раз, пачуць ад вяскоўцаў: «Нарэшце дзяўчаткі нашы прыехалі. Нешта вы пазней сёлета».
Падчас чарговай практыкі студэнты атрымалі заданне апісаць фальклорна-этнаграфічныя асаблівасці аднаго населенага пункта. У першы дзень пасля вяртання са сваіх вёсак студэнты актыўна дзяліліся ўражаннямі. Даследчыкі Загаран расказвалі: «Сустракаем мужчыну. Пытаемся: “Ці многа ў вашай вёсцы людзей? Можаце сказаць дакладна?” А ён, задумаўшыся на імгненне, гаворыць: “Кароў у нас дваццаць восем. На кожную карову прыкладна па два чалавекі прыходзіцца, бо ёсць адзінокія з каровамі і ёсць, што кароў не трымаюць. Выходзіць, што ў вёсцы каля шасцідзесяці чалавек”. “Ну ў вас і вёска! Кароў ведаюць дакладна, а людзей прыблізна, – абураліся студэнты з Камянчан. – Вось наша вёска – сапраўдная цывілізацыя. У нас нават магазін свой. І спіс усіх жыхароў у магазіне на сцяне прымацаваны. Навошта, спытаеце? А каб усе маглі купіць дэфіцытны тавар”. “Скажыце, што расце на агародах у вашых вёсках? – уступілі ў гаворку студэнты з Дубна. – Правільна, бульба. А ў нас – цыбуля. Уявіце сабе, ўвесь агарод засаджаны адной цыбуляй. Вяскоўцаў так і завуць – цыбульнікі. А там далей, дзе Сухінічы, жывуць часнычнікі”». Увесь той вечар гутарылі са студэнтамі пра традыцыйныя каштоўнасці, успомнілі земляробчы каляндар, песенныя вобразы Юр’я і Міколы. Аналізавалі запісы. Абмяркоўвалі план на наступны дзень. Ад’язджаючы ў той год з практыкі, студэнты прызнаваліся: «Зрадніліся мы з нашымі вёскамі. Нават плакалі, развітваючыся з жыхарамі».
Практыка патрэбна не толькі для таго, каб навучыцца збіраць фальклор, але і для таго, каб навучыцца яго выконваць, г. зн. самім стаць яго носьбітамі. Уключэнне ў праграму практыкі абавязковага выканання народных песень і танцаў прывяло да нечаканых вынікаў. Спачатку студэнты негатыўна ўспрынялі заданне. Былі спробы абыйсці яго: «У мяне слыху няма», «я саромеюся», «не магу», «не буду» і г. д. Пагроза застацца без заліку прымусіла ўсіх заспяваць і затанчыць. Працэс авалодання спеўным мастацтвам ішоў цяжка. Былі тут і слёзы, і пагрозы. Каб трохі наблізіць студэнтаў да асяроддзя бытавання народных песень і не вельмі шакіраваць іншых сваім вучнёўскім выкананнем, мы знайшлі месца на беразе Нёмана, і кожны дзень на працягу тыдня ў адзін і той жа час ішлі туды і спявалі. Прыходзіць маглі як некалькі падгруп, так і адна. У кожнай падгрупы песні былі розныя, таму слухаць іх не надакучала. І адбылося прадказальнае: студэнты палюбілі народную песню. Ім спадабалася спяваць. Яны самі выказалі жаданне паказаць сваё майстэрства аднакурснікам. І не саромеючыся, спявалі і танцавалі для ўсіх студэнтаў, выкладчыкаў і мясцовых супрацоўнікаў базы практыкі.
У гэтыя дні адбылася ў нас яшчэ адна вельмі цікавая сустрэча. Неяк раз мы затрымаліся на базе і да Нёмана не пайшлі. На наступны дзень недалёка ад месца нашых спеваў мы сустрэлі дзвюх жанчын. На нагах у іх былі гумовыя боты, самі апрануты ў спартыўныя касцюмы, у руках – вуды і невялікія вядзерцы з рыбаю. Яны першыя з намі загаварылі: «А што ж вы ўчора не прыходзілі? Мы доўга вас чакалі». Не паспелі мы здзівіцца, як яны патлумачылі: «Мы тут, у гэтым алешніку, рыбу ловім. Месца знарок выбралі ў гушчары, каб вас чуць, а вы нас не ўбачылі і не збеглі ў іншае месца. Прыгожа спяваеце. І ўсе нашы песні, якія мы ўжо амаль забыліся. Як у сваю маладосць вярнуліся». Метамарфозы нашай практыкі! Мы адчулі сябе сапраўднымі носьбітамі фальклорных традыцый. Мясцовыя жыхары ідуць да нас, каб паслухаць свае песні. Нешта ў гэтай сітуацыі вельмі кранула студэнтаў. Магчыма, яны зразумелі, якой унікальнай з’яўляецца народная культура з яе ўменнем самазахоўвацца і адраджацца нават ва ўмовах татальнай урбанізацыі і глабалізацыі, калі яны, гарадскія жыхары, змаглі за нейкі тыдзень актыўнага ўключэння ў традыцыю зліцца з ёю, стаць цікавымі для традыцыйных носьбітаў гэтых традыцый. І, напэўна, адчулі сваю адказнасць за яе будучыню. Як бы там ні было, але ўвосень амаль уся група выказала жаданне працягваць займацца народнымі песнямі і танцамі. Гэта з імі мы ўпершыню паставілі «Багач», «Каляды», «Гуканне вясны», з імі танцавалі на сцэне «Лысага» і вадзілі карагоды, выязджалі з праграмамі ў дзіцячыя дамы. Студэнты не пакідалі займацца фальклорам да апошняга курса. Думаецца, ці быў бы такі вынік без фальклорнай практыкі на першым курсе? Адказ адназначны – не. Іменна выязная практыка з яе здаровай канкурэнцыяй паміж студэнтамі, з аднаго боку, і духам калектывізму, з другога, з яе арганічным уключэннем у традыцыйнае асяроддзе магла выклікаць сапраўдную цікавасць да народнай культуры.
Фальклорная практыка патрэбна не толькі студэнтам, але і жыхарам мястэчак і вёсак. Яна абуджае памяць. Тое, што, здавалася, назаўсёды выпала з памяці, узнаўляецца. Узнікае патрэба самому даведацца пра сваю гісторыю, пра свой род і пра сябе. Невыпадкова жыхары кожны год успаміналі нешта новае. Цікавасць да мінулага прымушае задумацца і пра сучаснае, а значыць – стаць стваральнікамі новых фальклорных тэкстаў.
Па вуліцы хутка ідзе жанчына. Яна заклапочана сваімі справамі: сена высушыць, буракі прапалоць. Спыняем на адну хвілінку: «Прабачце, мы ў вашай вёсцы ўпершыню. Скажыце, чаму ваша вёска называецца Сухінічы?» Жанчына спынілася і, можа, ўпершыню сама задумалася пра гэта. Заклапочанасць на твары змянілася здзіўленнем: «А праўда, чаму наша вёска называецца Сухінічы?» У той дзень адказу мы не атрымалі, але калі б мы прыехалі туды яшчэ раз, то жанчына абавязкова прапанавала б нам сваю версію. Так ужо было. Уся Чарлёна высвятляла паходжанне назвы сваёй вёскі. Цікавыя варыянты ўзнікалі адразу ж. Але і праз год жыхары самі нагадвалі студэнтам: «Вас цікавіць, чаму наша вёска так называецца? У нас некалькі тлумачэнняў».