Дзьмухавец

Фальклорна-этнаграфiчны i лiтаратурна-мастацкi альманах

Бажэна Мацюк. Партфоліа "Беларускія народныя загадкі"

Я лечу! Возношусь! Поднимаюсь под самые облака! Теперь я знаю, для чего живу на свете!

Карел Чапек. Семя одуванчика.

Сябры альманаха:

Рубрыка "Хуткая дапамога "

1. Шчыра кажучы, ніколі не ўмела разгадваць загадкі. Здавалася б, і творчы патэнцыял маю, і фантазія заўсёды працавала добра, але загадкі майму разуменню на паддаваліся. Вырашыла пайсці ад адваротнага: не адгадваць, а загадваць загадкі. Так з’явілася публікацыя ў часопісе “Рюкзачишка” № 1/10.

Але і на  гэтым я не спынілася: пачала разглядаць беларускія народныя загадкі. Гэтай тэме і прысвечана дадзенае партфоліо.

1.1. Агульная бібліяграфія

  • Гілевіч Н.С. Паэтыка беларускіх казак. – Мн., 1976.
  • Гурскі А.І. Беларускія загадкі: Даследаванне жанру. – Мн., 2000.
  • Журинский А.Н. Семантическая структура загадки. – М., 1989.
  • Исследования в области балто-славянской духовной культуры. Загадка как текст. М., 1994.
  • Кабашнікаў К.П. Малыя жанры беларускага фальклору ў славянскім кантэксце. – Мн., 1998.
  • Митрофанова В.В. Русская народная загадка. – Ленинград., 1978.

1.2. Хоць загадкі з’яўляюцца адным з найбольш старажытных жанраў фальклору, але ў параўнанні з іншымі жанрамі вуснай паэзіі першыя публікацыі беларускіх загадак з’явіліся дастаткова позна (1-я палова XIX ст.). Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што на загадкі мала звярталася ўвагі збіральнікамі народнай творчасці. Да найбольш ранніх адносяцца публікацыі, змешчаныя ў газеце “Могилевский губернские ведомости” (1849. № 9. 56 запісаў.

Першым найбольш грунтоўным навуковым даследаваннем беларускіх загадак з’яўляецца кніга А. Гурскага “Беларускія загадкі: Даследаванне жанру” [6].

У працы А. Гурскага даецца азначэнне жанру загадак і іх класіфікацыя, разглядаецца гісторыя іх збірання і вывучэння, генезіс, функцыянальная адметнасць, паэтычныя сродкі пабудовы мастацкага вобраза, гукапіс, граматыка, сувязь з іншымі жанрамі фальклору і інш.

Па меркаванні А. Гурскага загадка – іншасказальны твор малой формы (парэміі), у аснове якога ляжыць мастацкае параўнанне разнастайных з’яў і прадметаў рэчаіснасці на аснове іх падабенства, паэтычная дасціпная выдумка, накіраваная на ўтойванне загаданага з мэтай выпрабавання розуму, кемлівасці чалавека і яго здольнасцей да паэтычнага бачання свету.

Загадкі на пэўных этапах развіцця свядомасці і мыслення чалавека адпавядалі прыродзе яго міфалагічнага ўсведамлення, калі ж чалавек усвядоміў сваё адрозненне ад навакольнай прыроды, яго фантазія набыла канкрэтна-творчы характар. З гэтага часу ў загадкатворчасці развіваюцца свядомыя этычныя адносіны да рэчаіснасці і звычайныя прадметы становяцца не толькі сімваламі для іншых, але  ператвараюцца ў мастацкі вобраз.

Функцыі загадак звычайна падзяляюць на 6 блокаў (паводле В.Тапарова [17]):

  • Функцыі сацыялізацыі індывіда, камунікацыі, псіхатэрапеўчага ўздзеяння.
  • Логіка-гнастычная функцыя, звязаная з пазнаннем і яго лагічнай структурай.
  • Інфармацыйна-камунікатыўны
  • Лінгвістычны, моўны
  • магічная, рэлігійная, сакральная, сімвалічная і забаўляльна-гульнёвая функцыя
  • Аксіялагічная (прадстаўленне аб каштоўнасцях)

Загадка выкарыстоўвае такія моўныя сродкі, якія найлепш адпавядаюць утойванню прадмета і адначасова ствараюць яскравы паэтычны вобраз. Гэта сродкі мастацкага іншасказання – метафара, сімфара, метанімія, перыфраза, сінекдаха, аксюмаран, парадокс, параўнанне, гіпербала і літота, эпітэты і інш.

Рыфмы як рытміка-інтанацыйная арганізацыя верша ў загадках, вызначаецца разнастайнасцю і свабодай.

Такім чынам, даследаванне А.Гурскага з’яўляецца дастаткова поўным і грунтоўным, аднак, на мой погляд, было б добра падрабязней разгледзець мастацкія сродкі загадак. Найбольш праблемным колам ў даследаванні А. Гурскага з’яўляецца граматыка загадак, бо вывучэнне гэтай асаблівасці навукоўцамі, як адзначыў сам аўтар, толькі пачынаецца. Не хапае і параўнальнага аналізу ўсходнеславянскіх загадак (беларускіх з рускімі і ўкраінскімі).

2. Сярод беларускіх народных загадак больш за ўсё зацікавілі мяне загадкі-жарты і загадкі-задачы.

2.1. Асноўнай крыніцай дадзеных тэкстаў з’яўляецца том “Загадкі” серыі “Беларуская народная творчасць” [10]. Кніга з’яўляецца навуковым выданнем беларускіх народных загадак і ўпершыню выдадзены ў 1972 г.

Па структуры том падзяляецца на некалькі частак:

1. Уступны артыкул
2. Прырода і чалавек
3. Гаспадарка і матэрыяльны быт
4. Грамадскі і сямейны быт
5. Культура
6. Загадкі-жарты, загадкі-задачы
7. Загадкі савецкага часу
8. Каментарыі

Калі раздзелы 2-5 і 7 прадстаўляюць сабой тэматычны падзел загадак, то раздзел “Загадкі-жарты, загадкі-задачы” з’яўляецца дастаткова выбітным і можа характарызавацца хутчэй як жанравая разнавіднасць. Раздзел “Загадкі савецкага часу” адлюстроўвае спецыфіку з’яў рэчаіснасці гэтага перыяду.

Мною былі разгледжаны 149 загадак, з іх 47  – загадкі-задачы.

2.2. Мне здаецца, што дадзеная колькасць загадак з’яўляецца недастатковай і патрабуе пэўнага дапаўнення. Недастатковасць прасочваецца ў выніку вывучэння Інтэрнэт-крыніц, дзе колькасць, напрыклад, рускіх загадак-задач, перавышае сотні адзінак.

2.3. Асноўнай крыніцай дадатковага матэрыялу могуць, безумоўна, стаць фальклорныя адзінкі дадзенага жанру, сабраныя студэнтамі БДУ падчас фальклорнай практыкі, а таксама фальклорныя зборнікі іншых славянскіх народаў (для параўнальнага аналізу).

 

3.1. Вызначаючы тэму даследавання, я паспрабавала вызначыць, што для мяне было найбольш цікавым у загадках. Успомнілася дзяцінства: “Што важыць больш: кілаграм ваты ці кілаграм цвікоў?” Безумоўна, у мяне выклікаў непаразуменне адказ. Я вельмі доўгі час не магла паверыць, што яны важаць аднолькава, а кілаграм – ён заўсёды кілаграм.

Другой вызначальнай думкай у пошуку тэмы было тое, што праз некалькі год мне давядзецца працаваць выкладчыкам і, магчыма, у такой жартаўлівай форме навучаць дзяцей пэўным асновам не толькі філалогіі, але і іншых дысцыплін.

3.2. Менавіта па гэтых прычынах у сваім партфоліо я вырашыла спыніцца на загадках-задачах.

3.3. Такім чынам, тэма майго невялікага даследавання “Сувязь матэматыкі і філалогіі ў загадках-задачах”.

Безумоўна, міжпрадметныя сувязі вельмі актуальныя ў 21 ст. Усе навукі імкнуцца стаць адзіным цэлым, каб стварыць поўную карціну сусвету. Філалогія таксама імкнецца далучыцца да іншых навуковых дысцыплін, таму, мне здаецца, дадзеная тэмы з’яўляецца вельмі актуальнай і ў наш час.

3.4. Загадкі-задачы ўпершыню вылучаны ў асобную групу М. Драгаманавым. Гэта на пэўным этапе развіцця гісторыі беларускага грамадства была вуснамоўная народная матэматычная школа.

Мэтай даследавання з’яўляецца пошук сувязі матэматыкі і філалогіі ў загадках-задачах.

Для дасягнення мэта былі вызначаны наступныя задачы:

  • Азнаёміцца з тэкстамі загадак-задач.
  • Вызначыць тыя загадкі-задачы, дзе назіраецца сувязь філалогіі і матэматыкі.
  • Ахарактарызаваць гэтую сувязь.

 

4. Бібліяграфія па тэме

  • § Арлова Г.П. Беларуская народная педагогіка. Мн., 1993.
  • § Беларусазнаўства:  Навучальны  дапам.  БДУ /Навук.  рэд.  П.Брыгадзін.  Мн., 1998.
  • § Жытко  І. У., Бараноўская В. П., Хадановіч Л. С. Гуляем,  навучаем,  развіваем,  ці Знаёмім дзяцей з матэматыкай. Мн., 1997.
  • § Загадкі / Складальнікі М.Я.Грынблат, А.І Гурскі, уступны артыкул А.Гурскага, 2-е выданне. -  Мінск: “Бел. навука”, 2004.
  • § Лозка А. Матэматычны фальклор: Пачатковыя матэматычныя ўяўленні і навыкі сродкамі народнай педагогікі. – Мн., 2002.
  • § Салееў В.А. Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994.

4.1, 4.3. Для раскрыцця тэмы карысным было б пазнаёміцца з працай Алега Лозкі “Матэматычны фальклор: Пачатковыя матэматычныя ўяўленні і навыкі сродкамі народнай педагогікі” [13].

Кніга ўяўляе сабой зборнік так званага “матэматычнага фальклору”, прадстаўленага фальклорна-этнаграфічнымі адзінкамі ў паслядоўна-ўзрастаючай лікавай градацыі.

У кнізе прадстаўлены наступныя жанры фальклору: прыказкі і прымаўкі, фраземы, прыкметы, загадкі (асобна вылучаны загадкі-задачы), калыханкі, забаўлянкі, карагоды, жарты, гульні, апісанні святаў і прысвяткаў.

Матэрыял сістэматызаваны па раздзелах (лік 1-2, лік 3-4, лікі, большыя за 20 і г.д., а таксама па жанрах.

Як адзначае аўтар, “Выданне  ўяўляе  сабою  скарочаны  пачатковы  варыянт,  праца  над  якім працягваецца  і,  будзем  спадзявацца,  выйдзе  асобнай  кнігай”.

На мой погляд, кніга А.Лозкі пры вялікай колькасці фактычнага матэрыялу патрабуе больш грунтоўнага тэарэтычнага падмурку.

4.2. Большасць тэарэтычных прац, якія б закраналі праблему сувязі філалогіі і матэматыкі з’яўляюцца працамі па этнапедагогіцы, таму падрабязна разглядаць я іх не буду, але прывяду некаторыя цытаты (п. 4.4, 4.5). На жаль, тэарэтычных прац па канкрэтнай тэме мне знайсці не ўдалося, таму я прапаную свой погляд на праблему. Астатнія крыніцы, прапанаваныя ў бібліяграфіі (п. 4) з’яўляюцца фальклорнымі зборнікамі, у якіх загадкі-задачы з’яўляюцца адным з раздзелаў, што, на мой погляд, выклікае пэўныя непаразуменні: як можна выдзяляць раздзел, не маючы на гэта тэарэтычнай базы?

Такім чынам, з 47 прааналізаваных мной загадак-задач у 9 была знойдзена непасрэдная сувязь паміж філалогіяй і матэматыкай. Большасць з іх накіраваныя на ўвагу апанента і ў адказе маюць лічэбнік, але адна з іх мае ў сваім адказе прыслоўе: “Пералічыце пяць дзён па парадку, не называючы чыслаў і назваў дзён” (Пазаўчора, учора, сёння, заўтра, паслязаўтра). Такім чынам, загадка мае на мэце праверку багацця лексічнага запасу апанента.

Астатнія 8 загадак накіраваныя не столькі на вызначэнне матэматычных здольнасцяў апанента, колькі на яго ўважлівасць і кемлівасць.

1. Ляцела сарока, за ёю сарок. Колькі ляцела? (Двое)

2. Як і цапу, так і лапу, выбілі капу без сараку, без петаку, без пятнаццаці снапоў. Колькі яны змалацілі? (Нуль)

3. Стаяла ізба, а ў ізбе было сем акошак, а на кожным акошку сядзела сем кошак, а ў кожнай кошкі было па сем кацянят. Колькі ва ўсіх іх было ног? Увайшоў і я ў ізбу і маіх было дзве нагі. (Дзве нагі)

4. Дзве дачкі, дзве мацеры і бабулька з унучкай. Колькі ўсіх? (Трое)

5. Ішоў брат з сястрою і муж з жаною, найшлі тры сыры. Як яны падзялілі? (Па аднаму сыру).

6. Запалілі дзве свечкі, адну патушылі. Колькі засталося? (Адна)

7. Несла гаспадыня ў кошыку 10 яец, а дно ўпала. Колькі засталося? (Нуль)

8. Сядзіць у кругу чатыры кошкі, супраць кошкі па тры. Колькі было разам? (Чатыры)

Сярод прапанаваных загадак можна выдзеліць апошнюю, бо ў ёй загадзя дадзены аднак (“сядзяць чатыры кошкі”), што дае падставу сцвярджаць, што загадка накіравана выключна на вызначэнне ўважлівасці апанента.

Загадка № 7 вызначаецца тым, што яна заснавана на алафонах (“а дно”/ “адно”) і патрабуе, як і загадка № 6 жывога ўяўлення працэсу, без якога немагчыма даць правільны адказ.

Астатнія загадкі накіраваны на хуткасць успрыняцця і багацце слоўнікавага запасу апанента, бо ў іх важна не толькі ўсвядоміць лічбы, але і прасачыць сэнсавую сувязь між імі.

36 загадак-задач, якія маюць апасродкаваную сувязь з філалогіяй (фальклорны жанр і матэматычны змест), больш скіраваны на хуткасць успрыняцця і матэматычныя здольнасці апанента.

На мой погляд, загадкі-задачы – гэтага разнавіднасць загадак, якая характарызуецца пэўнай правакацыйнасцю, нечаканасцю і нават парадаксальнасцю адгадкі і змяшчаюць у сабе неабходнасць матэматычных дзеянняў, якія часта з’яўляюцца непатрэбнымі.

Такім чынам, загадкі-задачы вызначаюцца складанасцю слыхавога успрыняцця, патрабуюць канцэнтрацыі ўвагі, пэўнага каментарыя да адказу і адлюстроўваюць яскравую сувязь паміж матэматыкай і філалогіяй.

4.4.

v    “Мудрэй прыказак, загадак, загадак-задач  у набыцці пачаткаў лагічнага мыслення, бадай, не бывае” [13].

v    “Асабліва любіць народ адмыслова хітрыя, мудрагелістыя загадкі (загадкі-задачы)” [18].

v    “Загадкі-задачы, разлічаныя на праверку не толькі матэматычных здольнасцей чалавека, але і на яго лагічнае мысленне, маюць жартоўны змест” [4].

v    “Загадки – задачи, как и загадки – вопросы, – неординарны, это действительно тесты на сообразительность, они развивают, активизируют нашу мыслительную деятельность. И это объединяет между собой загадки – вопросы с загадками – задачами; Они, несомненно, в этом имеют сходство и с загадками – иносказаниями, загадками – описаниями. Ведь предлагаемые в загадках – иносказаниях и загадках – описаниях задачи требуют именно сообразительности, нестандартного мышления; увидеть в обыкновенном необыкновенное, а в необычном – обычное. Таким образом, все эти малые формы фольклора едины по своему жизненному назначению: носят обучающий характер, способствуют развитию мыслительной деятельности человека. Именно поэтому мы изучаем их в школе. Однако не только жизненное назначение объединяет эти типы загадок. Нельзя не заметить, что все они построены на парадоксе. В переводе с греческого парадокс означает неожиданное явление, резко противоречащее здравому смыслу, расходящееся с общепринятым мнением. Мы видели, что загадки строятся на необычных сопоставлениях, ожидаемые в русле здравого смысла, общепринятого мнения отгадки оказываются ложными, а правильными являются как раз самые неожиданные, но единственно верные. Загадки являются непревзойденными образцами фольклора как искусства слова” [19].

4.5.

  • “Загадка – мудрагелістае паэтычнае апісанне якога-небудзь прадмета ці з’явы, праз якое робіцца выпрабаванне кемлівасці таго, хто адгадвае” [1].
  • “З аднаго боку, у загадках, як у прыказках і прымаўках, адлюстраваўся багаты гаспадарчы і жыццёвы вопыт працоўнага народа. З другога – у іх знайшлі выражэнне творчая фантазія, кемлівасць, дасціпны гумар народа, яго паэтычныя здольнасці” [17].
  • “У беларусаў загадванне і адгадванне загадак адбывалася пераважна ў восеньскія вечары, асабліва на каляды. Загадвалі іх у форме пытанняў. З цягам часу вечары загадак гублялі сваё сур’ёзнае значэнне і ўсё больш набывалі характар забавы” [17].
  • “У вуснапаэтычнай творчасці беларускага народа ёсць нямала загадак, якія, набыўшы самабытныя рысы, маюць агульнаўсходнеславянскае паходжанне” [17].
  • “Адметнымі ўласцівасцямі загадкі з’яўляюцца яе самадастатковасць, адкрытасць, свабодны характар, імправізацыйнасць, дваістасць, гульня вераванняў, здольнасць ўзнімацца да “свяшчэннага” і спускацца да “нізкага” і смешнага” [17].
  • “Загадкі, як ніякі іншы фальклорны жанр, нясуць у сабе яскравыя рысы непаўторнай самабытнасці і нацыянальнай адметнасці як ладу жыцця і матэрыяльнай культуры беларусаў, так і іх ідэалогіі і вуснамоўнай мастацкай творчасці” [6].
  • “Эвалюцыя гісторыі загадкі вертыкальным спосабам адбіваецца ў гісторыі адной асобы. У раннім дзіцячым стане чалавек знаёміцца з народнымі загадкамі, што загадвае яму хто-небудзь са старэйшых, затым з аўтанімічнымі загадкамі, якія перадаюць яму равеснікі. У дарослых фазах загадка з’яўляецца ў выглядзе загадкі-анекдота” [15].
  • “У беларускай мастацкай культуры праекцыя нацыянальнай самасвядомасці мела той  выхад, што вядучай формай эстэтыкамастацкай дзейнасці на працягу ўсіх стагоддзяў выступае фальклор” [16].
  • “Мова – шматскладаны феномен, які адлюстроўвае адначасова і законы прыроды і законы развіцця соцыума, і духоўную самастойнасць чалавека” [16].
  • “Моўная культура беларускага народа надзвычай багатая і самабытная. Яна ўвасоблена ў поўных чароўнага хараства песнях, у афарбаваных магічнасцю легендах, паданнях і дасціпных, мудрых прыказках, у адмысловых загадках і магічна-таямнічых замовах, у трапных выслоўях і дасканалых па форме і мастацкіх якасцях казках” [3].
  • “Да сродкаў народнай педагогікі належаць і загадкі. Загадкі сціслай і дакладнай слоўнай формай падводзяць вынік назіранням за мноствам жыццёвых праяў, адзначаюць у іх характэрнае і адметнае. Яны належаць да таго жанру фальклору, дзе ў найбольшай ступені праявілася мудрасць народа, яго імкненне да ведаў, цікаўнасць, назіральнасць, кемнасць, дакладнасць і сцісласць выказвання думкі” [2].

 

1 |  


Папярэднi артыкул  |  Да зместа  |   Наступны артыкул

Пра альманах | Кантакты | ©2010 Альманах "Дзьмухавец"
Сайт создан в системе uCoz