Рубрыка "Хуткая дапамога "
46. Пазаабрадавая лірыка.
Жанр – бытавая сямейная песня.
“Чаму ня прыйшоў…” (“Зязюля”)
- Чаму ня прыйшоў,
Як месяц ўзышоў,
Як я цябе ждала?
Ці часу не меў,
Ці каня жалеў,
Ці мамка не пускала?
Ці часу не меў,
Ці каня жалеў,
Ці мамка не пускала?
- І часу я меў,
Каня не жалеў,
Мамка выпраўляла.
Старшая сястра –
Каб ты не ўзрасла! –
Яна не пускала.
Старшая сястра–
Каб ты не ўзрасла! –
Яна не пускала.
Старшая сястра
Сядзельца знайшла,
Каня зауздала.
- Паязжжай, мой брат,
Да той дзеванькі,
Каторая ждала.
Паязжжай, мой брат,
Да той дзеванькі,
Каторая ждала.
Вось пражыла год,
Вось пражыла два,
Болей не сцярпела:
Абярнулася
Шэрай зязюляй –
К мамцы паляцела.
Абярнулася
Шэрай зязюляй –
К мамцы паляцела.
Лесам ляцела–
Голле ламала
Буйнымі крыламі.
Полем ляцела –
Землю крэпіла
Горкімі слязамі.
Полем ляцела –
Землю крэпіла
Горкімі слязамі.
Прыляцела ў сад,
Села на сучок,
Стала кукаваці
Стала кукаваць –
Жалю задаваць,
Каб пачула маці.
Стала кукаваць –
Жалю задаваць,
Каб пачула маці.
Сядзіць маменька,
Сядзіць родная,
Рушнік вышывае.
Старшы брацейка
Па двару ходзіць,
Ружжо заражае.
Старшы брацейка
Па двару ходзіць,
Ружжо заражае.
- Дазволь, маменька,
Дазволь, маменька,
Ту зязюлю ўбіці.
- Не дазволю я,
Не дазволю я,
Бо ёй цяжка жыці.
Бо той зязюлі,
Як маёй дачцэ,
Вельмі цяжка жыці.
47. Пазаабрадавая лірыка.
Жанр – бытавая сямейная песня.
“Касіў Ясь канюшыну…”
Касіў Ясь канюшыну,
Касіў Ясь канюшыну,
Касіў Ясь канюшыну –
Паглядаў на дзяўчыну,
Касіў Ясь канюшыну –
Паглядаў на дзяўчыну.
А дзяўчына жыта жала,
А дзяўчына жыта жала,
А дзяўчына жыта жала
І на Яся паглядала,
А дзяўчына жыта жала
І на Яся паглядала.
- Ці ты Ясь, ці ты не,
Ці ты Ясь, ці ты не,
Ці ты Ясь, ці ты не –
Спадабаўся ты мне.
Ці ты Ясь, ці ты не –
Спадабаўся ты мне.
Кінуў Ясю касіць,
Кінуў Ясю касіць,
Кінуў Ясю касіць –
Стаў ён мамку прасіць.
Кінуў Ясю касіць –
Стаў ён мамку прасіць:
- Люба мамка мая,
Люба мамка мая,
Люба мамка мая,
Ажані ж ты мяне,
Люба мамка мая,
Ажані ж ты мяне.
- Дык бяры Станіславу,
Дык бяры Станіславу,
Дык бяры Станіславу,
Каб сядзела на ўсю лаву,
Дык бяры Станіславу,
Каб сядзела на ўсю лаву.
- Станіславу не хачу,
Станіславу не хачу,
Станіславу не хачу,
Бо на лаву не ўсаджу,
Станіславу не хачу,
Бо на лаву не ўсаджу.
- Дык бяры ж ты вунь Яніну,
Дык бяры ж ты вунь Яніну,
Дык бяры ж ты вунь Яніну,
Працавітую дзяўчыну,
Дык бяры ж ты вунь Яніну,
Працавітую дзяўчыну.
- За Яніну, мама, дзякуй,
За Яніну, мама, дзякуй,
За Яніну, мама, дзякуй,
Не хачу цяпер ніякай,
За Яніну, мама, дзякуй,
Не хачу цяпер ніякай.
48. Пазаабрадавая лірыка.
Жанр – бытавая сямейная песня.
“Дзе б я ні ехала…”
Дзе б я ні ехала, дзе б я не йшла,
Я табе, тата, не дзякавала.
Дзякую табе, тата,
Што была вясёлай хата,
Што была вясёлай хата.
Дзякую табе, тата,
Што была вясёлай хата,
Што была вясёлай хата.
Дзе б я ні ехала, дзе б я не йшла,
Я табе, мама, не дзякавала.
Дзякую табе, мама,
Што будзіла мяне рана,
Што будзіла мяне рана.
Дзякую табе, мама,
Што будзіла мяне рана,
Што будзіла мяне рана.
Дзе б я ні ехала, дзе б я не йшла,
Я ж вам, парогі, не дзякавала.
Дзякую вам, парогі,
Што збівалі хлопцы ногі,
Што збівалі хлопцы ногі.
Дзякую вам, парогі,
Што збівалі хлопцы ногі,
Што збівалі хлопцы ногі.
Дзе б я ні ехала, дзе б я не йшла,
Я ж вам, вароты, не дзякавала.
Дзякую вам, вароты,
Дзе стаялі хлопцы ротай,
Дзе стаялі хлопцы ротай.
Дзякую вам, вароты,
Дзе стаялі хлопцы ротай,
Дзе стаялі хлопцы ротай.
Дзе б я ні ехала, дзе б я не йшла,
Я ж вам, таполі, не дзякавала.
Дзякую вам, таполі –
Нагулялась я даволі,
Нагулялась я даволі.
Дзякую вам, таполі –
Нагулялась я даволі,
Нагулялась я даволі.
№ 41 – 48 запісала студэнтка І курса беларускага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ Мацюк Бажэна Юр’еўна ў в. Давыдкі Вілейскага раёна Мінскай вобласці ад Сташкевіч Веры Іосіфаўны(1941 г.н., бел., сярэдняя спецыяльная (заатэхнік), мясцовая).
49. Пазаабрадавая лірыка.
Жанр – жартоўная песня.
“Бабка Еўка, дзед Тамаш…”
Бабка Еўка, дзед Тамаш –
Го-го-го!
Паехалі на кірмаш –
Го-го-го!
Што павезлі прадаваць –
Го-го-го!
Мы вам можам расказаці –
Оха-оха-ха!
Дзве курачкі, петушка –
Го-го-го!
І смятанкі паў гаршка –
Го-го-го!
Гарнец мёду, часначок –
Го-го-го!
І капчоны кумпячок –
Оха-оха-ха!
Распрадаўшы свой тавар –
Го-го-го!
Зайшлі выпіць яны ў бар –
Го-го-го!
Дзед кажа: “Паўбутэлькі!”–
Го-го-го!
Баба: “Цэлую бутэльку!” –
Оха-оха-ха!
Наеліся, напіліся –
Ох-ох-ох!
Ледзьве яны пералезлі
Праз парог!
Дзед сеў за пана –
Го-го-го!
Баба села за фурмана –
Оха-оха-ха!
Як прыехалі дахаты –
Го-го-го!
Дзед тры дні быў хвараваты –
Го-го-го!
Баба каплямі лячыла –
Го-го-го!
І на дзеда ўсё сварылась –
Оха-оха-ха!
50. Пазаабрадавая лірыка.
Жанр – жартоўная песня.
А ты ехаў, ехаў, ехаў…”
- А ты ехаў, ехаў, ехаў,
Чаму ў сваты не даехаў?
Ў мяне воз, ў мяне хата,
А я дзеўка зухавата,
Ў мяне воз, ў мяне хата,
А я дзеўка зухавата.
Як ты ехаў, то я спала,
Як прыехаў, то я ўстала,
Як ты крыкнуў на каня,
Я й галоўку падняла,
Як ты крыкнуў на каня,
Я й галоўку падняла.
- Дзяўчыначка, люблю цябе,
Ня еш хлеба – вазьму цябе,
Ня еш хлеба, ня пі воды –
Вазьму цябе для выгоды,
Ня еш хлеба, ня пі воды –
Вазьму цябе для выгоды.
Дзяўчыначка паслухала,
Тры дні хлеба не ядала –
На чацвёрты, як дапала,
Цэлы бохан сказытала,
На чацвёрты, як дапала,
Цэлы бохан сказытала.
51. Пазаабрадавая лірыка.
Жанр – жартоўная песня.
“На дварэ дожджык…”
На дварэ дожджык, а у хаце лужа –
Загневалася жонка на мужа.
Загневалася жонка на мужа –
Легла на печы, сказала “Нядужа”.
Міленькі ходзіць, ручанькі ломіць –
Міла на печы ніц не гаворыць.
Уставай, міла, прынёс табе піва.
Дай ты мне спокуй, я ўжо ледве жыва.
Міленькі ходзіць, ручанькі ломіць –
Міла на печы ніц не гаворыць.
Уставай, міла, я прынёс гарэлку.
Дай ты мне спокуй, шукай сабе дзеўку.
Уставай, міла, я прынёс дубіну,
Я прынёс дубіну ды на тваю спіну.
Мілая ўстала, як і не ляжала,
Абняла мілога і пацалавала.
- Дзякуй табе, мілы, што ты дагадаўся –
На маю хваробу спосабу стараўся.
№ 49 – 51 запісала студэнтка І курса беларускага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ Мацюк Бажэна Юр’еўна ў в. Давыдкі Вілейскага раёна Мінскай вобласці ад Сташкевіч Веры Іосіфаўны(1941 г.н., бел., сярэдняя спецыяльная (заатэхнік), мясцовая).