Альманах "Дзьмухавец"
Свабоднае дыханне паэзіі

Таццяна Мацюхіна

Навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук (2013). Паэтэса, крытык.
Вершы друкаваліся ў “ЛІМ(е)”, “Скрыпторыі-4”,“Маладосці”, “Верасні”, “Газеце Слонімскай”, “Пераходным узросце”, альманаху “Панядзелак”, электронным альманаху “Дзьмухавец”; навуковыя артыкулы – у “Родным слове”, “Полымі”, “Весцях” НАН Беларусі, “Народнай асвеце”, “Беларускім літаратуразнаўстве”, “Навуковых памкненнях”, а таксама энцыклапедыі, прысвечанай М. Багдановічу. У 2015 годзе выйшлі ў свет кніга паэзіі “Адчуць гармонію душы” і манаграфія “Беларускі імпрэсіянізм”.
Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі.

БДУ

З добрых слоў, усмешкі чыстай
На філфака я ўзышла планету.
Для мяне ён стаў святла калыскай.
І апірышчам ён стаў паэту.

Храм асветы, БДУ – мая святыня
У святлістых промнях любае навукі.
Хай дасяжная твая будзе вяршыня!
Сэрцу родныя твае абрысы, знакі, гукі.

Простыя словы

Тваёй душы я ведаю адказы.
Тваёй прамовы я гукаю словы.
Сур’ёзныя для сэрца не паразы,
А вершы, што гучаць без мовы…
Цябе кахаю, але сказы разбураю.
Цябе шукаю, але моўчкі пазбягаю.
Маёй любові, бы паветра, не хапае,
А ты шукаеш толькі знакаў раю…

Элегія пяшчоты

Пяшчота пачуццяў,
бы мёд:
                у ім смак вяселля
адчуеш.
                У каханні маім
зарапад
                убачыш.
Ад болю
                ўратуеш.
Істужкаю белай
цябе
                ахутаю ў вэлюме
срэбным.
                Пяшчота пачуццяў –
рака
                ў водары кветак.
Вербным…

Ідэал паэта

Твая багіня – грацыёзная іспанка,
Якая любіць танцы, спевы і размовы.
Нібы русалка, разумее востра, тонка
Пачуцці, жарсці, нават знакі, словы.

Твая багіня – сінявокая Венера,
Якая стрэлы выпускае ў маё сэрца.
Ад яе жартаў нікуды мне не падзецца:
Душа насустрач да цябе імкнецца.

Твая багіня – неўтаймоўная сірэна,
Якая ў цянеты рыбакоў хапае
І голасам пявучым заклікае:
Да смерці, да кахання сэрца рвецца.

Беларускія мясціны

Нарачанскі бераг –
слаўныя мясціны.
Водная прастора,
сонца і пясок.
Плешчуцца ў вадзіцы
госці ўсёй краіны.
У неба ўзлятае
белы верталёт.
Мару загадаю.
Пагляджу ў неба,
дзе ў сіні воблакаў
сцежачка плыве
да маёй адметнай
і таемнай мары.
Беларусь азёрная,
я люблю цябе!

Да вершаў Яўгеніі Пракапчук ці Ч.ыЖ.а

Падзяліцца