Альманах "Дзьмухавец"
Свабоднае дыханне паэзіі

Ч.ыЖ

Нічым непрыкметны птах, у якім лётаюць аблокі, бо яму лянотна лётаць у іх. Галоўнае ў жыцці - шчырасць палёту.

Нарадзіўся ў верасні 1994 г. Скончыў самую звычайную школу № 213 г. Мінска. І ў 2012 г. патрапіў на філалагічны факультэт БДУ, дзе развіваюся дагэтуль. Маю адну публікацыю ў “Літаратурнай лупе” (па-мойму ліпеньскі нумар 2016-га).

Вершы пішу з дзяцінства. Заўсёды выклікалі захапленне людзі, якія ўмеюць ствараць такую прыгажосць – і я вырашыў падацца ў іх шэрагі. Зараз для мяне вершы не толькі нешта прыгожае, блізкае і духоўнае. Гэта абавязкова нешта шчырае.

…Паэзія адыходзіць ад ірацыяналізму музыкі ўплятаючы ў канву твора апроч гука яшчэ і сэнс, г.зн. нешта больш-менш аб’ектыўнае (агульнае для нейкай колькасці людзей). Аднак удалы верш умее перадаць і прыгажосць гукаў, і выразіць велічную сутнасць нейкай з’явы ў мікракосмах слоў. Таму вершы павінны быць шчырымі. Калі вершы няшчырыя – яны не маюць сэнсу існавання і знікаюць.

Пішу часам “паламаныя”, “недаразвітыя” творы. Складана правіць, бо кожны гук напісанага ўжо тэксту здаецца родным. Часам увогуле маю нейкае сваё бачанне верша, якое аб’ектыўна не выглядае ні гарманічным, ні сіметрычным. Такія вершы часам праўлю, а часам пакідаю такімі, як ёсць. Праўлю, калі яны пустыя; пакідаю, калі закранаюць.

Не шукайце шмат у гуках і сэнсах слоў маіх. Яны толькі пра мяне.

сёння бачыў...
Я сёння бачыў цела мёртвай коткі.

Яна ляжала, як дзіця
на мёртвым камяні
з цаментнай абалонкі
між пар трамвайных рэяк -
і яны,
нібы аглоблі,
нібы дзве пары ног
міналі немаўля.

Такое чорнае…
з вачыма за заслонай,
за векавой заслонаю
быцця і небыцця,
жыцця і нежыцця,
гісторыі нябыту,
гісторыі забытай -
і толькі лёс суддзя.

Такое чорнае
у павуціннях шэрсці
цела…
І лапкі, ўперад
складзенныя ў склад -
цягнуцца жыць 
і рухацца
наперад -
і аніколі…
не ісці назад.

Каця́,
шкада цябе -
маё радное,
ніколі неведомае
дзіця...
Твой шлях спыніўся -
холад восеньскай прасторы
цябе забраў у іншы свет...
Твой спеў дапет.
Хаця...

Такое чорнае,
такое цёмнае
на шэрым…
Як з плямай атраменту аркушы…
Такое мёртвае,
яно -
радное,
бо пакідае на душы
такое штосьць
самотнае,
але
жывое.

7 кастрычніка 2014 г.

Спроба пытанняў

Аб чым напісаць чалавеку,
які не хоча цябе слухаць?
Што добрае можна зрабіць таму,
хто не хоча тваёй дабрыні?

Што застаецца рабіць, 
калі неба абрынулась рэхам?
Аб чым можна шкадаваць,
ведаючы пра сваю смерць?

Каго паклікаць дадому,
дзе няма сцен?
Каму прысвяціць калыханку,
як страціш голас?

Каму ты напішаш верш,
які застанецца непрачытаным?
Каго ты пацалуеш
без кахання?

Той, хто не прачытае гэтыя радкі
застаннецца самай дарагой істотай
у маёй памяці.
Той, хто прачытае,
ведай,
ты - ёсць.

23 чэрвеня 2016 г.

СКРЫЖАВАННЕ

1.
Ў шырокую завулкавую клетку,
ў кружочках нелюдзімых плошчаў,
ў абдымках вуліц і праспектаў -
таптаўся горад не па-людску босы.

3.
Рука хлапечая шукае твар дзявочы;
а маладосць прыгожых рук
шукае моц магутных плечаў,
што зможа не пусціць і… прыгарнуць.

1.
І чалавечая натура
па ўскрайку клетак, між дамоў
ідзе на вобмацак фактураў
туды, дзе чуе рэха сноў.

3.
Дай пальцы - дотык будзе свежы:
ты не адчуеш болей страх,
які я бачу ў гэтай вежы,
ў якой схавала ты… свой смак.

1.
Дарога коціцца па плітках
і замыкае горад колам,
якім каханню ўжо абрыдла
хадзіць па стоптаных разорах.



3.
Удар ступні аб камяністы ніз прасторы;
няма прахода тут таму, хто не кахаў,
і ёсць таму, хто не глядзеў на творы,
а ўласны шлях… ствараў.

1.
Замкні мяне за павуцінне вокан,
пакінь мне толькі рух шашы -
ты, горад, што спаймаў мяне ў свой кокан:
цяпер ж - спасі і сахрані.

3.
Рука кранулася пляча дзяўчыны -
Уздых з грудзей, як пацалунак з ветрам;
ты ведаеш, - няхай і без прычыны -
твой позірк стаў… маім паветрам.

P.S. - 2. 
І водбліск заканчэннем сцежкі
за небакраем межаў
ззяе.
Але ты ведай, што нарэшце
узнеслася над вежай
знамя.

11 ліпеня 2016 г.

Монаверш
1.
Снег растаяў

Каментар да 1.
Назавіце гэту
першую страфу –
адзінокай.

Няхай гэта будзе
мой манаверш.
Няхай гэта будзе
мой манастыр.
Няхай гэта будзе
месца, ў якім
дзейнік й выказнік
аб’ядналіся
ў нешта трэцяе –
у сказ,
адзіны,
непадзельны,
шчыры
да сэнсу,
да гукаў
мяне.

А гэта ўсё –
толькі каментар
да таго адзінага
і непадзельнага,
якое значыць больш
за гэтыя наступныя
длінныя,
залішне длінныя,
словы.


2.
Снег растаяў,
і падняўся туман

Каментар да 2.
Назавіце гэтую
другую страфу –
шчаслів(іц)ай.

Складаназлучаны сказ,
з’яднаны ўзаемнасцю
сувязі,
злучаны злучнікам
не напаказ
для музеяў,
не для суда
грамадскасці,
а для таго, каб...
каб стаць
нечым большым
за тую адзіную
адзінокую
першую страфу,
якой так самотна
і холадна.

І ад прысутнасці
гэтай другой –
шчаслівай –
ёй яшчэ больш
холадна
і самотна.


3.
Снег растаяў,
і падняўся туман,
гэта ўсё – залішне знаёма

Каментар да 3.
Бязлучнікавасць косак –
адкуль і навошта?

Дзе ты, злучнік,
які з’яднаў бы
ўсё разам?!
Чаму схаваўся ты
за няўцямны шорах
інтанацыі -
пунктуацыі
голасу,
якому не гучаць,
чытаючы гэтыя строфы,
якому не гучаць
услых.

І –
жахлівы,
страшны
працяжнік,
які, як катаржнік
цягне,
цягне паўзу,
пераганяючы яе ў пропасць,
у бяздоннасць,
у ліхаманкавы жах,
у страх
ад таго,
што гэты працяжнік –
аўтарскі.


4.
Снег растаяў,
і падняўся туман,
гэта ўсё – залішне знаёма
было мне.

Каментар да 4.
Што ты робіш?!

Што ты робіш?!!
О, зменлівы час!
дзеяслоўна-абвеснага ладу!
ты чаму ўсё змяніў,
чаму ўсё сказіў –
пераставіў
усё з ног на галаву,
да гары нагамі
ты ўсё учыніў!

І было б не так страшна,
пякельна самотна
і холадна,
як той адзінай
адзінокай
першай страфе
у пачатку шляху, -
было б мо ўсё роўна,
але
гэты паскудны займеннік
зацягнуў у аповед мяне,
лір.героя зрабіўшы
аўтарам.


0.
Снег растаяў...

Каментар да 0.
Прыпыніся.

Не чытай далей.
Не пішы далей.
Хай гэта застанецца
апошняй
адзінай
страфой.
Назавіце яе –
адзінокай.

Няхай гэта будзе
мой манаверш.

6 лістапада 2016 г.

***

Слова "шчырасць",
паўторанае дзесяць разоў,
робіцца хлуснёй

ужо на другі раз;
усе астатнія –
спроба сцвердзіць тое,
што назвала першае,
і што, насамрэч,
не патрабуе таго,
каб яго называлі.

28 лістапада 2016 г.

Да вершаў Яўгеніі Пракапчук ці Таццяны Мацюхінай

Падзяліцца