Альманах "Дзьмухавец"
Весткі з аўдыторый
Максім і Яўгенія: паэтычны масток праз стагоддзе

У межах майго спецсемінара “Беларуская класічная літаратура XVI–XIX стст. у кантэксце герменеўтычнага і гендарнага літаратуразнаўства” я расказвала студэнтам пра версіфікацыйныя штудыі часоў Рэнесансу і Барока. У XVI ст. з навукай вершаскладання мелі шчыльнае дачыненне маладыя беларусы, якія здабывалі веды ў сцянах каталіцкіх школ, перадусім у Віленскай езуіцкай акадэміі. Асноўным, як цяпер кажуць, адукацыйным кампанентам у той час былі заняткі па граматыцы, паэтыцы і рыторыцы. А што такое заняткі па паэтыцы, калі не складанне ўласных вершаў? Як вынік такіх практыкаванняў узнікалі не толькі маленькія паэтычныя сачыненні (часцей за ўсё на лацінскай мове), але і цэлыя паэмы. Так, стараста Мінскі і Браслаўскі Хрыстафор Завіша (1577–1670), прайшоўшы ў маладыя гады курс паэтыкі ў віленскіх езуітаў, не страціў сувязяў з alma mater і ў больш сталым узросце. У 1606 г. у друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі выйшла з друку яго паэма на лацінскай мове “Караламахія”, прысвечаная перамозе над шведамі пад Кірхгольмам, здабыткай вялікім гетманам Янам Каралем Хадкевічам.

Якім чынам звычайным студэнтам удавалася зрабіцца сапраўднымі паэтамі? Канешне, паэтычным талентам – і ў мінулыя часы, і сёння – адораны далёка не кожны. Ведаючы гэта, настаўнікі-езуіты выпрацавалі разнастайныя метадычныя прыёмы, з дапамогай якіх навучэнцам лягчэй было “торыць дарогу на Парнас”. Заданне магло фармулявацца не проста як “напісанне верша на пэўную тэму”. У якасці адпраўнога матыву спрактыкаваны выкладчык паэтыкі мог прапаноўваць радок з вядомага тэкста (часцей за ўсё – з псальма), мог адпаведным чынам падбіраць лексіку, нават дапамагаць вучню ў той ступені, у якой яму гэта было неабходна. Хутчэй за ўсё, Хрыстафору Завішу ў яго паэтычнай працы дапамагаў яго настаўнік, прафесар паэтыкі Лаўрэнцій Боер.

У захапленні ад гэтага выдатнага паэтычна-педагагічнага вопыту, я прапанавала маім студэнтам наступнае заданне: абапіраючыся на рыфмы класікаў, сачыніць уласны верш. У якасці “апоры” я выбрала вершы Максіма Багдановіча і Янкі Купалы. На наступных занятках усе студэнты прадставілі свае сачыненні. Усе былі годныя ўхваленняў. Аднак пры агульнай згодзе было прызнана, што найбольш удалая спроба належала Яўгеніі Пракапчук, якая на аснове рыфмаў з верша Максіма Багдановіча напісала не адзін, а цэлыя тры вершы.

Вось як выглядала Жэніна “аснова”:

…(у) полі
…у паўсне.
…знік паволі…
…неяк мне!..
…сабою
…пакрыць, –
…пад ёю,
…гарыць…
…шэры(х),
…ўвесь час,
…веры, –
…не згас!

Вось што атрымалася ў Жэні:

1)
Праўда ходзіць у полі
Покуль люд ў паўсне.
Знак святла знік паволі -
Ды прачнецца ўва мне.
              Крыж узняць над сабою.
              Хусткай голаў пакрыць.
              Вось зямля, а пад ёю
              Колькі душаў гарыць?
Прывід пацераў шэрых
Будзе ў сэрцы ўвесь час,
Покуль роспачнай веры
Прысак палкі не згас.

2)
Звонкі вечар свішча ў полі.
Землі ціхія ў паўсне.
След тумана знік паволі,
Цёплы шэпт пакінуў мне.
              Мжа сіверная сабою
              Зёлкі тчэ. Зямлю б пакрыць
              Хусткай матчынай. Пад ёю
              Хай зямлі жыццё гарыць.
А пад небасхілам шэрым
Людзі рупяцца ўвесь час.
Хтось чытае "Сімвал Веры",
Сочыць хтось, каб ён не згас.

3)
Колькі, як вецер у полі,
Долі шукалі ў паўсне?
Лёс не змяніць нам паволі.
Вы ці паверыце мне?
              Смеламу сэрцу сабою
              Кволай зямлі не пакрыць.
              Зорка заззяе! Пад ёю
              Хай наша песня гарыць!
Зрынецца прыцемак шэры!
Будзе святло на ўвесь час.
Зорку чакаем і верым:
Дух беларускі не згас.

А вось як выглядаў першапачатковы верш – Максіма Багдановіча:

***

Халоднай ноччу я ў шырокім, цёмным полі
Каля агнішча лёг і сціхнуў у паўсне.
Агонь усё слабеў… урэшце знік паволі…
І ўраз зрабілася вясёла мне!..
              Хай, шэры попел, ты агнішча ўсё сабою
              Ў нядоўгі час здалеў, як рызаю, пакрыць, –
              Я ведаю, што там агонь дрыжыць пад ёю,
              Я ведаю, што там чырвоны жар гарыць…
Хай чарада гадзін панурых, нудных, шэрых,
Як попел, на душу мне клалася ўвесь час,
Хаваючы сабой агонь гарачы веры, –
Хай не відаць яго… а ўсё ж ткі ён не згас!

Няхай шаноўныя чытачы “Дзьмухаўца” ацэняць плён творчасці студэнткі другога курса філалагічнага факультэта БДУ Яўгеніі Пракапчук. Няхай душа вялікага беларускага паэта парадуецца, што перакінуўся паэтычны масток з пачатку ХХ у пачатак ХХІ стагоддзя і ў асобе Жэні ён мае старанную і таленавітую паслядоўніцу. Мы ж следам за Багдановічам маем падставы для таго, каб падтрымаць і у сабе “агонь гарачы веры”, чытаючы шчырыя дэкларацыі маладой паэткі: “Хай наша песня гарыць!” ды “Дух беларускі не згас.”

Жанна Некрашэвіч-Кароткая,
прафесар кафедры гісторыі
беларускай літаратуры

Падзяліцца